хапа́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. за што. Браць, хапаць рукой (рукамі) каго‑, што‑н. Варанецкі хапаецца за вілы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт апраметных коней. Дуброўскі. Дунаеў учэпіста хапаецца за бервяно, падцягваецца і спрабуе нагой намацаць апору. Шыловіч. // Паспешліва прыкладаць руку (рукі) да чаго‑н., да якога‑н. месца. Мужчыны прысядалі і хапаліся за балючае, рассечанае плёткай месца. Крапіва. Раз-пораз я хапаўся за левую кішэньку, дзе ляжаў партыйны білет — як бы правяраў, ці не згубіў. Сабаленка.
2. за што. Паспешліва брацца за які‑н. інструмент, зброю і пад., каб выконваць адпаведную работу, дзеянне. Аднак усё адно дзяўчаты адставалі, і Максім зноў хапаўся за лапату. Шамякін. Хлопцы разгубіліся. Адны кінуліся ўцякаць. Другія хапаліся за калы. Якімовіч. [Гаспадар:] — Вайна то вайна, але і да вайны такіх гарачых шмат было. А ты раскажы, сумненні развей. За наган хапацца прасцей простага. Асіпенка. // перан. Ахвотна прымаць што‑н., згаджацца з чым‑н., выкарыстоўваць што‑н. Хапацца за новыя ідэі.
3. перан.; за што і з інф. З жаданнем брацца за якую‑н. справу, старацца зрабіць што‑н. — І чаго вам так хапацца за гэту гаспадарку? — пачаў Юрка: — усё ж роўна нас адгэтуль выпруць. Колас. [Пяхота:] — Я хапаюся толькі за зямлю і хачу, каб яна мяне ўзнагародзіла. Пестрак. // з інф. Паспешліва пачынаць рабіць што‑н. Хапацца распрагаць коней. // Старацца рабіць усё без разбору. [Чычын:] — Ён [Чмаруцька] і вёдры ладзіць, і запальнічкі майструе, і за што толькі не хапаецца, але каму патрэбны яго запальнічкі? Лынькоў.
4. Разм. Кляваць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). [Казімір:] — Шчупакі тады на белую блешню добра хапаліся. Савіцкі.
5. Абл. Спяшацца рабіць што‑н. Кожны зручны момант хапаліся з лугу, з поля ў лес і жанкі і мужчыны, працаўнікі, — у лесе цяпер была важная праца. Мележ. Хомка і сам хапаецца, каб не спазніцца. Не рана ўжо... Гарэцкі.
•••
Хапацца за бокі (за жывот) — тое, што і брацца за бокі (за жывот) (гл. брацца).
Хапацца за галаву — праяўляць вялікую заклапочанасць, здзіўленне, глыбокае хваляванне. Некаторыя [выхаванцы] і падурэць любяць, і двойкі атрымліваюць, і часам такія штукі адпальваюць, што выхавацелі за галаву хапаюцца. Рунец.
Хапацца загрудкі (за чубы) — тое, што і брацца загрудкі (за чубы) (гл. брацца).
Хапацца за саломінку — спрабаваць выратаваць сябе ці якую‑н. справу, ускладаючы надзею на сродкі, што дапамагчы не могуць.