начо́ўкі, ‑човак; адз. няма.
Прадаўгаватая драўляная або металічная пасудзіна для мыцця бялізны і іншых гаспадарчых патрэб. Немаладая жанчына ў белай хусцінцы, нацягнутай на лоб, мыла штосьці ў начоўках. Хадкевіч. Тацяна пачала купаць Віктара. Хлапчук радасна плёскаўся ў начоўках і смяяўся. Шамякін. У маленькіх начоўках ляжалі два ладныя язі і залацісты, тоўсты лінь. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таз 1, ‑а, м.
Шырокая і неглыбокая круглая металічная або пластмасавая пасудзіна. Маці вынесла ў тазе на балкон сала, масла і прыкрыла газетай. Даніленка.
таз 2, ‑а, м.
Частка шкілета чалавека і жывёлін — касцявы пояс, які апіраецца на ніжнія (у жывёлін — на заднія) канечнасці і з’яўляецца апорай для пазваночніка.
таз 3,
гл. тазы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ба́нькі ’вочы’ (Нас.). Укр. ба́ньки ’выпучаныя вочы’, ба́нька ’бялок вока; крышталік вока’, банька́тий ’з выпучанымі вачыма’, банька́ч ’тс’. У рус. мове ба́нька ’вочы’ толькі ў зах. і паўд. гаворках. Бясспрэчна, ад ба́нька шкляная пасудзіна; бурбалка, пузыр і г. д.’ (так ужо меркаваў Даль).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мазні́ца, мазьні́ца, мазны́ця ’пасудзіна для калёснай мазі, дзягцярка’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Растарг., драг., З нар. сл.; стол., Нар. лекс., Сл. ПЗБ, ТС), ’посуд для смалы’ (Маш.). Укр. мазниця, рус. мазница, польск. maźnica, чэш. maznice, славац. maznica. Паўн.-слав. ўтварэнне mazʼьnica. Да ма́заць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жлу́кта 1 ’драўляная пасудзіна’. Рус. дыял. смал., паўд., зах., кур., белгарад. жлу́кта ’тс’, укр. жлу́кто ’тс’, польск. żłukto з літ. žlùgtas, žlùktas ’пасудзіна, у якой мыюць бялізну’ і ’намочаная бялізна’ (Буга, Rinkt., 2, 685–688; Міклашыч, 412; Фасмер, 258; Кіпарскі, Аткупшчыкоў, Талстой у кн. Лексічныя балтызмы 14, 32, 48; Урбуціс, Baltistica, V, 1, 60). Сумненні Праабражэнскага (1, 234–235) пра балт. паходжанне слова наўрад ці апраўданы. Пра этымалогію балт. слова гл. Фрэнкель, 1318.
Жлу́кта 2 ’той, хто многа п’е’ (ТСБМ). Рус. дыял. кур., смал. ’тлусты, неахайны чалавек; хто многа п’е’. Перанос значэння з жлукта 1 (гл.). Ва ўкр. засведчана такая магчымасць шляхам параўнання (Сл. укр. мови): круглий, як жлу́кто.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вушня́к ’вушак’ (Шатал., Жд., 3, Мат. Гом.). Відаць, мясцовае ўтварэнне ад вушны́ (слуп?), г. зн. які мае ву́шы ’правушыны, выразы і пад.’; цікавай паралеллю да гэтага можа быць серб.-харв. дыял. ушни̑к ’нейкая дэталь’ («уда̏рно у ушњни̑к», СДЗб. 17, 47), польск. uszniak ’пасудзіна з вухам’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суля́к ’нейкая пасудзіна’: “складаючы ім у сулякі масла, сыры, гародніну сваю на доўгую зіму” (М. Вайцяшонак, ЛіМ, 1996, 8 лістап.). Параўн. польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnica ’біклага, бочачка’, славен. sülj ’ражка’; апошняе Скок (3, 360) выводзіць з лац. solium ’карыта, жолаб, чан’. Параўн. суляя, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарэ́лка ’талерка, металічны абажур’ (Сцяшк.), ’талерка’ (Ян.; дзятл., астрав., Сл. ПЗБ), тарэ́лка, тары́лка ’фарфоравая ці металічная (раней і драўляная) пасудзіна для яды’ (брэсц., гом., З нар. сл.), тарэ́лка, таре́лка, тарэ́лочка ’неглыбокая міска, талерка’ (Вярэн.). З метатэзай да талерка (гл.) або пазнейшыя запазычанні з рускай мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ты́гель, ‑гля, м.
1. Пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў. На падлозе, каля пячэй .. — тыглі, ліцейныя формачкі, не завершаныя апрацоўкай металічныя рэчы і шмат адходаў, галоўным чынам аплаўленая бронза і бронзавыя пласціны. «Помнікі».
2. Спец. Металічная пліта друкарскага станка або тыгельнай машыны для прыціскання паперы да пакрытай фарбай друкарскай формы.
[Ням. Tiegel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кацёл, катла, м.
1. Металічная пасудзіна акруглай формы і розных памераў для награвання вады, гатавання ежы і пад. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Чвэрць кухні займала нізкая ёмкая печ з двума ўмураванымі катламі для награвання вады і для варкі бульбы. Колас. // Пра харчаванне з агульнай кухні. Партызанскі кацёл. Армейскі кацёл. □ Побач .. спрачаліся дзве кабеціны: рэзаць цяля для агульнага катла на сенакос ці не. Ваданосаў.
2. Закрытая пасудзіна для выпрацоўкі пары. Паравы кацёл. □ А ўжо з катлоў, зноў-такі па трубах, вада, ператвораная ў сухую пару, пойдзе ў турбіну. Краўчанка.
3. Поўнае акружэнне вялікіх варожых групіровак. Папасці ў кацёл. Бабруйскі кацёл.
•••
Як піўны кацёл — вельмі вялікіх памераў (пра галаву чалавека).
Як у катле кіпіць гл. кіпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)