паву́к, ‑а, м.

1. Членістаногая жывёліна, якая пляце павуціну. Ядавіты павук. Павук-крыжавік. □ Цікавым прадстаўніком жывёльнага свету, які насяляе хмызнякі нашых азёр, рэк і сажалак, з’яўляецца вадзяны павук. «Беларусь».

2. перан. Разм. Той, хто эксплуатуе каго‑н. У газетах, якія прынёс дзядзька Янук,.. [Санька] вычытаў, што буржуі і паны — павукі, крывасмокі. Якімовіч.

3. Абл. Род рыбалоўнай снасці. Я ніколі ў жыцці не бачыў, як ловяць рыбу павуком, але не распытваў. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Вузкая палоска зямлі паміж суседнімі воднымі масівамі, паглыбленнямі і пад. Капаць канаву з перамычкамі. □ Нарач аддзяляецца ад суседняга возера Мястра вузкай перамычкай з пралівам. «Беларусь».

2. Часовая плаціна, гаць. Перакрыць раку перамычкай. □ Калі канал будзе гатоў, перамычку ўзарвуць, і воды .. хлынуць па каналу. Дуброўскі.

3. Спец. Праваднік, які злучае два электрычныя ланцугі.

4. Спец. Аконнае або дзвярное перакрыцце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сатле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Гніючы, разбурыцца; згнісці, струхлець, спарахнець. Труп сатлеў ужо напалову, час знішчыў рысы твару. Лынькоў. Дакументы настолькі сатлелі, што прачытаць іх было амаль немагчыма. «Беларусь».

2. Тлеючы, згарэць, ператварыцца ў попел. Старая [лазня] згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста — так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сле́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. слеп, ‑ла; незак.

Рабіцца сляпым; траціць здольнасць бачыць. Румба слепла, працаваць яна не магла ўжо зусім. Навуменка. [Юстына:] — Пахавала дачок, дый Гарбуна старога. Ой, колькі я выплакала тады, ажно слепнуць стала. Гурскі. // Часова не бачыць (ад дыму, моцнага святла і пад.). Беларусь — мая маці і мова, паветра і хлеб! Гэта ўзважана сэрцам, на нервах расстайных дарог, дзе не раз пад агнём задыхаўся ад дыму і слеп. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапо́ля, ‑і; мн. тапо́лі, ‑яў; ж. і то́паль, ‑я і ‑ю; мн. то́палі, ‑яў; м.

1. ‑і, ж. і ‑я, м. Дрэва сямейства вярбовых. Пірамідальная таполя. □ Ціха пашумлівала .. лістамі маладая таполя. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Лабановіч] заўважыў: летам у гарачы дзень падае снег! Гэта цвілі таполі і іх белы пух плаваў на ветры. Колас. Топаль, хоць і цвіце, насення не дае. «Беларусь».

2. ‑і, ж. і ‑ю, м.; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа служыць прыкладам для іншых; дасканалы, паказальны. Узорны парадак. Узорная школа. □ — Дзякуй, дачка, за ўзорную службу, — па-бацькоўску павіншаваў .. [Кацю] генерал. Алешка. Куды ні зірні: на кухню, дзе рыхтуецца корм жывёле, у кароўнік, у цялятнік — усюды ўзорная чыстата і парадак. «Беларусь».

2. Разм. Тое, што і узорысты. Жалеза з узорным ліццём Абнесла тут ліпы і клёны. Калачынскі. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармо́вачны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для фармоўкі, звязаны з фармоўкай. Фармовачны прэс. □ [Багданоўскі:] — Трэба пусціць.. канвеер, зрабіць механізаваную землечарпалку, паваротныя фармовачныя машыны. «Беларусь». Ланге трапіў на завод з паўднёвага боку. Праз разбураны бомбамі фармовачны цэх выйшаў на вузкі дворык. Асіпенка.

2. Які выкарыстоўваецца пры фармоўцы, адліўцы вырабаў у формах і пад. Фармовачныя сумесі. □ Каля машын і на пралёце валяліся .. пліты, апокі, скрынкі з-пад стрыжняў, чарнелі кучы фармовачнай зямлі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мясі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай колькасцю мяса, які дае многа мяса.

2. Разм. Тоўсты, поўны (пра чалавека або часткі яго цела). У невялічкім калідорчыку, дзе пад самай столлю цьмяна свяціла лямпачка, нас сустрэў мясісты, з тварам, як альховы чурбак, чалавек. Сабаленка. Паўз бярэзнік ішоў Арцём Серада, круцячы доўгім мясістым носам, відаць, нечым нездаволены. Бажко.

3. З тоўстай сакавітай мякаццю (аб раслінах, пладах). Нават у верасні.. [кусты] густа ўсыпаны буйнымі мясістымі ягадамі. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэ́ма, ‑ы, ж.

1. Вялікі вершаваны твор з апавядальным або лірычным сюжэтам. Лірычная паэма. □ У першапачатковы варыянт паэмы «Сцяг брыгады» была ўключана невялікая песня-легенда пра музыку-цымбаліста. Гіст. бел. сав. літ.

2. перан. Пра што‑н. прыгожае, велічнае, незвычайнае. Нашы дні — паэмы-былі, Сказ нідзе нячуты. Колас. Сама ты, радзіма, жывая паэма. Глебка.

3. Музычны твор свабоднай формы з лірычным зместам. У канцэртах аркестра гучалі ўсе сімфоніі Чайкоўскага, яго ўверцюры, паэмы. «Беларусь».

[Грэч. póiēma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пладаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае многа пладоў (у 1 знач.). Каб была пладавітай зямля, Каб гарэлі зарніцы над краем, Каб радзіма мая расцвіла Багацейшым у свеце ўраджаем, Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле. Астрэйка. // Які хутка размнажаецца, нараджае вялікае патомства. Трусы вельмі пладавітыя.

2. перан. Які напісаў многа мастацкіх ці навуковых твораў. Прынамсі, у галіне, у якой ён [Шчакаціхін] працаваў, Беларусь таго часу не мела больш пладавітага і больш самаадданага працаўніка. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)