Руль1 ’прыстасаванне для кіравання рухам’ (ТСБМ). Праз рус. руль ’тс’ з нідэрл. roêr [rur] ’руль’. У выніку міжскладовай дысіміляцыі плаўных р > л у рускай мове, як у рус. февраль ’люты’ < феврарь < лац. februārius ’тс’ (Чарных, 2, 127). Не выключаны таксама ўплыў польск. rudel ’стырно’ (з нова-в.-ням. Ruder, гл. Нававейскі, Zapożyczenia, 143, 261), дзе, асабліва ва ўскосных склонах, спалучэнне ‑dl‑ магло быць заменена беларускім лʼ.

Руль2 ’крывулька, кіёчак з сучком, на які вешаюць пасудзіну над агнём’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з наступным словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скі́нуцца ‘распрануцца’, ‘прыкінуцца’ (Ян.), ‘распрануцца да галізны, поўнасцю распрануцца’ (Янк. 3.), ‘ператварыцца (у што), пераварочвацца (у каго)’ (Нар. Гом., Растарг.), ‘падскочыць, ускінуцца’, ‘перакінуцца, ператварыцца’ (ТС). Паводле Янкоўскага (Янк. 3., 117), звязана з тэхналогіяй пераўвасаблення праз Тв. скл. т. зв. скідвання — ператварэння, што грунтуецца на змешванні, параўн. ячмень аўсом скінуўся (там жа), г. зн. ‘моцна засмечаны аўсом’, параўн. скинимся травинаю (Растарг.), воўком мог скінуцца (ТС) і пад. Да скінуць, кінуць (гл.); Санько (Крыўя, 1996, 1, 91) мяркуе, што тут назіраецца ўплыў літ. kisti (kiñto, kito) ‘мяняцца, змяняцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стальма́х і стэ́льмах ‘майстар, які робіць калёсы, сані’ (ТСБМ, Нас., Касп., Варл., Байк. і Некр., Жд. 2, Сл. ПЗБ), стэ́льмах, штэ́льмах ‘тс’ (Маслен.), сто́льмах ‘сталяр’ (Жд. 2), стальма́к (Гарэц.). Праз польск. stelmach, stalmach, sztalmach ‘тс’ з ням. Stellmacher ‘майстар, які робіць экіпажы’; гл. Карскі, Белорусы, 157; Кюнэ, Poln., 99; аб польскім слове гл. Брукнер, 512. Ст.-бел. стельмахъ (стальмахъ, сталмахъ, столмахь) ‘стальмах’ з ст.-польск. stellmach, stalmach (Булыка, Лекс. запазыч., 89). Сюды ж стальма́шня ‘майстэрня, дзе робяць вазы, сані, прылады для вупражы’ (Сцяшк., Янк. 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трук ‘лоўкі, эфектны прыём, нумар’ (ТСБМ). Запазычана праз рускую мову (трюк) з франц. truc ‘спрытнасць’, якое з праванс. truc ці з італ. trucco ‘палка’. Фасмер (4, 112) выводзіць рус. трюк з англ. trick ‘фокус, трук, спрытны прыём’, параўн. трык ‘trick artifice’ ў “Беларуска-ангельскім слоўніку” Я. Пятроўскага, выдадзеным у Лінцы ў 1946 г. (перавыданне — гл. Пятр.). Крыніцай запазычання англ. trik з’яўляецца ст.-франц. trique, якое з лац. tricae мн. л. ‘інтрыгі’ (Голуб-Ліер, 489; ЕСУМ, 5, 662). Сюды ж трука́цкі, тру́кавы, трука́цтва, трука́ч (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́маль ‘бітон’, труме́льчык ‘невялікая каструлька з ручкай’ (Рэг. сл. Віц.), сюды ж тру́ман ‘паходны жалезны чайнік з вузкім горлам і шырокім дном’ (Касп.), параўн. рус. пск. тру́моль ‘чайнік’. Рэгіянальнае запазычанне з лат. trumulis ‘конусападобны бляшаны сасуд, банка, чайнік’, якое з н.-ням., усх.-фрыз. trummel ‘барабан або іншы шумны моцны інструмент’, ‘бляшаны посуд з накрыўкай’, параўн. таксама ням. Trommel ‘барабан, вал, цыліндр’, якія праз ст.-в.-ням. trumba ўзыходзяць да франц. trompe ‘медны рог, труба, горн’ < італ. tromba ‘труба’ (Каруліс, 2, 432; Васэрцыер, 237).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́н ‘назвы розных службовых асоб у Старажытным Рыме’, ‘грамадскі дзеяч — выдатны прамоўца і публіцыст’ (ТСБМ), ст.-бел. трибунъ ‘службовая асоба ў Старажытным Рыме’ (XVII ст.). Са ст.-польск. trybun < лац. tribūnus ‘чыноўнік’ < tribus; ст.-бел. трибусъ ‘выбарчая акруга ў Старажытным Рыме’, запазычана ў XVI ст. праз ст.-польск. trybus ‘тс’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 36. Лац. tribūnas роднаснае умбр. trifu < іт. tribhu ‘траціна’ < *tri ‘тры’ (спачатку было тры часткі насельніцтва) і і.-е. *bhū̆/bheu̯‑ ‘быць’ (SWO, 1980, 680–681; Чарных, 2, 262; ЕСУМ, 5, 634).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туале́т ‘адзенне, убранне’, ‘прывядзенне ў надежны стан свайго выгляду’, ‘прадметы касметыкі, гігіены’, ‘столік з люстэркам’, ‘прыбіральня’ (ТСБМ), ‘убранне, уборы, строі’ (Некр. і Байк.). Запазычана праз рус. туалет у XVIII ст. з франц. toilette ‘акравак тканіны’, ‘ручнічок’ — памяншальнае ад toile ‘палатно’, якое з лац. tēla (< *tex‑la) < texere ‘ткаць’, ад якога таксама тэкстыль (гл.). Адсюль развіццё значэнняў: ‘тое, што зроблена з тканіны, палатна’ > ‘ручнічок на туалетным століку’ і г. д. (Голуб-Ліер, 483; Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 268; ЕСУМ, 5, 666; Арол, 4, 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тужу́рка ‘двухбортная форменная або дамашняя куртка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.; віл., Сл. ПЗБ), ‘скураная куртка’ (Растарг.). Запазычана з рускай мовы (Сл. ПЗБ, 5, 114), у якой тужу́рка спачатку абазначала ‘будзённае, хатняе адзенне’. Узыходзіць да франц. toujours ‘заўсёды’, ‘штодня’ (Фасмер, 4, 115; Чарных, 2, 269; ЕСУМ, 5, 669). Па фармальных і семантычных прычынах малаверагодна запазычанне праз польск. tużurek ‘доўгі чорны сурдут для візітаў і ўрачыстых выпадкаў’, якое паходзіць ад спалучэння франц. robe de toujours ‘штодзённае адзенне’ (ад tour jour ‘кожны дзень’), гл. Брукнер, 586; Арол, 4, 114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тура́ ‘ладдзя (фігура, якая мае форму вежы)’ (ТСБМ, Янк. 3.). Праз рускую мову (тура́) з франц. tour ‘вежа’ < лац. turris ‘тс’, ж. р. якога абумовіў канчатак ‑а. Ст.-бел. тура ‘вежа, асадная вежа’ (1563) запазычана са ст.-польск. tura ‘тс’, якое з франц. tour ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 67). Гарбуль (Семант. полонизмы, 394) ставіць пад сумненне такі шлях запазычання.

Ту́ра ‘група, партыя’ (мядз., Сл. ПЗБ). З польск. tura ‘чарга, круг, тур’, якое з франц. tour, што з сярэднявечнага лац. turnus ‘вярчальны рух’ (SWO, 1980, 783).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыры́б ‘прасека праз лес’ (кобр., Ск. нар. мовы). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад мясцовага дзеяслова тырыбэ́тэ ‘церабіць (лес)’, гл. церабіць. Параўн. рус. арханг. те́реб ‘расчышчаная ад кустоў зямля пад раллю’, алан. теребе́ ‘пакосы, лугі’, якія ўзыходзяць да теребить ‘церабіць’, апошняе звязваюць з тереть, тру (Фасмер, 4, 45–46). Значэнне, магчыма, пад уплывам трыба1, гл. Сюды ж утварэнне тырыбі́ж ‘расцяроб’ (кобр., ЛА, 2) з суф. іж‑, што адпавядае суф. ‑еж у прасторавым значэнні (Сцяцко, Афікс, наз.), суадноснае з церабе́ж ‘тс’, укр. теребі́ж ‘месца, ачышчанае ад кустоў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)