стра́ціцца, страчуся, страцішся, страціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згубіцца, знікнуць. Здароўе страцілася. □ А тут яшчэ здарыўся выпадак адзін, праз які страцілася ў Міколкі ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Лынькоў. Можна было думаць, што ўжо скора вечар, а можа толькі і першая раніца. Адчуванне часу страцілася зусім. Чорны.

2. Патраціцца, растраціцца. [Маці:] — Тады хацела ў горад паехаць, праз яе [Надзю] страціліся, дык, мусіць, і не хоча зараз казаць нічога... Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на сухоты. Стаяў мокры, відаць, сухотны, італьянец, прадаваў з латка гіпсавых напалеонаў. Караткевіч. / у знач. наз. сухо́тны, ‑ага, м.; сухо́тная, ‑ай, ж. Вясна для сухотных — не радасць, Вясна для сухотных — праверка. Жычка.

2. Такі, што бывае пры сухотах. Сухотны кашаль. □ Дзве слязінкі ўпалі На матчыну скронь, На сухотнае ўпалі аблічча... Трус. Твар вельмі бледны, малочна-белы, толькі на скулах ружавеюць дзве плямы сухотнага румянцу. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́чча, ‑а, н., зб.

Сукі. Апалае лісце пазграбана ў кучкі, на іх ляжыць зрэзанае сухое сучча. Грахоўскі. Цяпер не стала і бяроз. Абгарэлае, абпаленае сучча нязграбна чарнела на вячэрнім блакіце неба. Лынькоў. // Тое, што і галлё. Распусціўшы сучча, У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён На далёкім полі. Купала. // Тое, што і хвораст. Толькі назад ішла .. [Іваніха] яшчэ цішэй, і за спінай у яе пагойдвалася ў такт хадзе вязанка дробнага сучча. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сямёра, семярых, ліч. зб.

Сем. Ужываецца: а) з назоўнікамі агульнага роду, якія абазначаюць асоб. Сямёра сірот; б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужч. і жан. полу. Адзін з сошкаю, а сямёра з ложкаю. Прымаўка. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот. Сямёра шчанят; г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Сямёра сутак; д) з асабовымі займеннікамі ў множным ліку. Іх было сямёра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапо́ля, ‑і; мн. тапо́лі, ‑яў; ж. і то́паль, ‑я і ‑ю; мн. то́палі, ‑яў; м.

1. ‑і, ж. і ‑я, м. Дрэва сямейства вярбовых. Пірамідальная таполя. □ Ціха пашумлівала .. лістамі маладая таполя. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Лабановіч] заўважыў: летам у гарачы дзень падае снег! Гэта цвілі таполі і іх белы пух плаваў на ветры. Колас. Топаль, хоць і цвіце, насення не дае. «Беларусь».

2. ‑і, ж. і ‑ю, м.; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уберагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца; пр. убярогся, убераглася, ‑лося; заг. уберажыся; зак.

Уберагчы сябе, пазбегнуць чаго‑н. (непрыемнага, небяспечнага, непажаданага). Фельчар загаварыў пра тыфус, пачаў тлумачыць жанчынам, як ад яго можна ўберагчыся. Галавач. [Алешын:] Прынёс ты вызваленне, ды не ўбярогся толькі сам. Бачыла. Тыя з падпальшчыкаў, якія ўберагліся ад арышту, хаваліся, дзе хто мог. Новікаў. // Унікнуць чаго‑н. [Паэт] ўбярогся і ад схемы, якая адмоўна сказалася на паэме «Аманал». Клімковіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак., на каго-што.

Накіраваць (накіроўваць) дзеянне, зрабіць (рабіць) уплыў. Уздзейнічаць на рост раслін. Уздзейнічаць асабістым прыкладам. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне. Каваленка. [Дырэктар:] — Магчыма, знойдуцца людзі, якім не захочацца саджаць ручкі ў снег, у гразь... Вы павінны ўмець уздзейнічаць, арганізаваць працу... Васілевіч. Рэвалюцыйны рух .. уздзейнічае на масы не толькі праз падзеі, але і праз людзей. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Хаваючы, зберагчы што‑н. — Дык і хлеб жа ваш згарыць. — Не згарыць. Мы ведаем, як яго ўхаваць, — у снег пазакопваем, і ён мёрзлы там да вясны можа праляжаць. Сабаленка. // Прыхаваць што‑н. [Глушак:] — Толькі і ўхаваў, што пяць мяшкоў на картаплянішчы за грушай. Мележ.

2. Утаіць што‑н. ад каго‑н. [Каваль:] — Мае грахі вядомы, але ён [Валодзька] свае чаго хавае? Усё адно не ўхавае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фрагме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Асобная частка, урывак якога‑н. кампазіцыйнага цэлага (звычайна пра творы мастацтва). Фрагменты насценных роспісаў. □ Відны [на карціне] фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». Пейзажныя фрагменты ў вершах Танка перыяду «Нашай волі» падпарадкаваны грамадскай тэме. У. Калеснік. У старадаўняй Русі летапісы.. вяліся ва ўсіх колькі-небудзь значных гарадах, але ад Полацкага летапісання.. асталося толькі некалькі фрагментаў у складзе Іпатаўскага летапісу. «Полымя».

[Ад лац. fragmentum — абломак, кавалак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха 1, нескл., н.

Назва літары «х».

ха 2, выкл.

Разм. Выказвае нязгоду з чым‑н., абурэнне з прычыны чаго‑н. (часам з адценнем іроніі, знявагі). — Не спраўлюся я, Максім Рыгоравіч. — Ха! — Мароз выцяў Гаварушку па плячы. — А хто ж справіцца? Лобан. — А злоты нам, дзед, усё-такі заплаціш, — пагразіў Том. — Ха, спадзявайцеся. Многа я іх назапасіў вам. Пальчэўскі. Волька пакрыўджана надзімае губы. Яна выдумала?! Ха, вы толькі паглядзіце! Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)