Касе́та ’касета’ (ТСБМ). Рус. кассе́та, укр. касе́та. Запазычанне, мабыць, праз рус. кассе́та, з еўрапейскіх моў. Крыніцай для рус. слова з’яўляецца, як можна меркаваць, англ. cassette ’касета’, ’шкатулка’ < франц. cassette < італ. cassetta. Гэта апошняе з’яўляецца памяншальнай формай ад cassa ’скрынка, скрыня’. Паводле Шанскага, 2, К, 85, упершыню слова кассета фіксуецца ў рус. мове ў канцы XIX ст. Яно шырока вядома і ў іншых еўрапейскіх мовах. Параўн. укр. касе́та, польск. kaseta, чэш. kaseta, славац. kazeta, балг. касетка, серб.-харв. касета, славен. kaséta.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Катастро́фа ’катастрофа’ (ТСБМ, БРС). Рус. катастро́фа, укр. катастро́фа. Запазычанне, магчыма праз пасрэдніцтва зах.-еўрап. моў з грэч. мовы. Параўн. рус. катастро́фа, якое, паводле Фасмера, 2, 209, узята непасрэдна з ням. мовы (Katastrophe < грэч. καταστροφή ’паварот, паваротны момант справы’). Але Шанскі (2, К, 93) лічыць рус. слова непасрэдным запазычаннем з франц. мовы ў першай палавіне XIX ст. (< франц. catastrophe < лац. catastropha < грэч.). Такія тлумачэнні, якія досыць істотна адрозніваюцца адно ад другога, сведчаць аб недастатковасці адных толькі этымалагічных меркаванняў і нераспрацаванасці гісторыі лексікі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сары́ч ’драпежная птушка сямейства ястрабіных; тое, што і канюк’ (ТСБМ). Праз рус. сары́ч ’тс’ з цюркскіх моў; параўн. паўн.-цюрк. saryča ’парода паляўнічых сакалоў’, тур. saryǯa ’жаўтаваты’, saryǯyk ’нейкая птушка’ (Радлаў, 4, 325). Назва птушкі ўтворана ад назвы колеру, параўн. уйг. saryɣ ’жоўты’, тур. sary ’тс’, чагат. sar ’шуленак, каршун’, манг. sar, калм. sar (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 152; Праабражэнскі, 2, 253). Версія аб роднаснасці са ст.-інд. sā́ram ’драўніна, стрыжань дрэва’, арм. uruk ’пракажоны’ абвяргаецца Фасмерам (3, 564).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скло́ннасць ‘схільнасць, дар, талент’, ‘прыхільнасць’ (Ласт.), сюды ж скланяць ‘схіляць у карысць каго-небудзь ці чаго-небудзь’, скло́нны ‘прыхільны’ (там жа), ст.-бел. склонити ‘схіліць’ (Альтбаўэр), параўн. рус. скло́нность, склоня́ть, скло́нный ‘тс’. Паводле Кохмана (Stosunki, 125–126), насуперак Фасмеру (3, 642: калька франц. inclination ‘схільнасць’), з польск. skłonność — калька з лац. inclinatio ‘тс’, што трапіла ў рускую мову праз старабеларускую, гл. таксама Віткоўскі, Słownik, 173. У сучаснай літаратурнай мове калькуюцца ўтварэннямі з коранем ‑хіл‑, што не выключае захавання народных форм ад кланіць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скундзя́біцца ‘сагнуцца’ (Сл. Брэс.), скундзя́біцца, скондзя́біцца ‘змарнець, зніякавець’ (ТС), скундзёбіцца ‘сагнуцца’ (Сцяшк. Сл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з няяснай зыходнай формай, параўн. кундзя́баць ‘шкандыбаць’, што, відаць, праз стадыю *кундзяба ўзыходзіць да кундзя ‘тоўстая непаваротлівая жанчына’, ку́ндзеву, ку́ндавы ‘худы, змарнелы’ (ТС), паходжанне якіх спрэчнае (гл.). Параўн. укр. скандзю́бити ‘скурчыць, звесці’, якое прыводзіць у сваім «Словаре украинского наречия» Шымкевіч, відаць, з с‑ка‑н‑дзюба (гл. дзюба), дзе с‑ і ка‑ прыстаўкі, а ‑н‑ — інфікс. У беларускім слове адбылася метатэза а — у → у — а.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Смара́гд ‘назва некаторых мінералаў зялёнага колеру’, ‘ізумруд’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. смарагдъ, измарагдъ ‘тс’ (Булыка, Запазыч., Ст.-бел. лексікон). Параўн. стараж.-рус. смарагдъ, измарагдъ, укр. смарагд, шмарагд, рус. смара́гд ‘тс’ з грэч. σμάραγδος, ξμαραγδος, для якіх мяркуецца царкоўнаславянскае пасрэдніцтва, гл. ЕСУМ, 5, 316; Праабражэнскі, 2, 334. Ст.-бел. шмарагдъ, шмаракгдусъ, смаракгдъ праз польск. szmaragd, smaragd узыходзіць да той жа крыніцы; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 141. Пасрэдніцтва ід. Smaragd ‘тс’ для сучаснага слова (Шульман, Полымя, 1926, 8, 213) не з’яўляецца абавязковым.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трупі́знік ‘малы лясок, маладняк’ (Ян.). Няясна; відаць, звязана з укр. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’ няяснага паходжання (ЕСУМ, 5, 640); сюды ж, магчыма, трэбэза́ ‘густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.), trapeza, trepeza ‘ламачча, хвораст’, ‘багна’ (гл. трапеза 1). Апошнія Лапіч (БЛ, 11, 64) звязвае з літ. trapus ‘крохкі, слабы’, што праз літ. traupùs ‘рэдкі, няшчыльны’, trupėti ‘крышыць, драбіць’ дае магчымасць узвесці да прасл. *trupiti, утворанага ад *trupъ (гл. труп). Аднак фанетычныя і семантычныя адрозненні не дазваляюць аб’яднаць названыя словы этымалагічна. Гл. таксама трапяза.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трыбу́на ‘ўзвышэнне для выступлення прамоўцы’, ‘месца, дзе праходзіць грамадская дзейнасць каго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘месца для выступоўца’ (Вруб.), трібу́на ‘тс’ (Бяльк.). Праз рускую ці польскую мовы запазычана з франц. tribune ці італ. tribuna, якое з с.-лац. tribuna ‘трон епіскапа’, а апошняе — з лац. tribūnal ‘вышэйшае, узнятае месца для абвяшчэння прамоў’, ‘трыбуна суддзі, правадыра’ < tribūnus ‘начальнік гарадскога квартала, які ў Старажытным Рыме называўся tribus ‘чыноўнік, народны трыбун’ (Чарных, 2, 262; Голуб-Ліер, 489; SWO, 1980, 779; ЕСУМ, 5, 634).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́лава, ту́лува, ту́лаў ‘цела чалавека або жывёліны без галавы і канечнасцей’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ту́лавішча (туловище) ‘тс’ (Сержп. Грам.), туло́вішче ‘тс’ (Вруб.), памянш. ту́лаўца ‘тс’ (Нар. Гом.). Адпаведна ту́лава (стараж.-рус. тулово) і ту́лаў (якое, відаць, з польск. tułów ‘тс’) з’яўляюцца субстантывізаванымі формамі прыметніка *tulovъ м. р., *tulovo н. р. (Борысь, 654). Вытворнае ту́лавішча ‘тулава’ (Брасл. сл.; Сл. ПЗБ), хутчэй за ўсё, пад уплывам рус. ту́ловище ‘тс’; адаптаванае туло́вішче ‘тс’ (Вруб.) — праз укр. туло́віще ‘тс’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Туля́ка ‘бадзяга, валацуга’ (Нас., Некр. і Байк., Янк. 3.), ‘палахлівец’ (Ф. Янкоўскі), ст.-бел. тулакъ ‘бадзяга’ (ГСБМ). Параўн. польск. tułák ‘тс’ (з чэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), дыял. tulak ‘балван, дурань’, в.-луж. tulak ‘праныра’, чэш. tulak ‘бадзяга, валацуга’. Відаць, незалежныя ўтварэнні ад *tulati sę, гл. туляга, туляцца, акрамя старабеларускага, якое, хутчэй за ўсё, праз польскую мову з чэшскай. Варыянтнасць канца слова адлюстроўвае сінанімію суфіксаў у беларускай мове, што датычыць назоўнікаў агульнага роду на ‑яка і ‑яга, гл. Сцяцко, Афікс, наз., 176–179.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)