палі́тык, ‑а, м.

1. Палітычны дзеяч. Дальнабачны палітык. □ [Шафёр] кіўнуў галавой у бок парламента і кінуў кароткае слова: — Па-а-літыка!.. І тут жа, нібы схамянуўшыся і як бы апраўдваючыся, ён пачаў ужо зусім другім тонам: — Я не палітык... Мы людзі маленькія, у нас свае справы... Лынькоў. // Разм. Той, хто цікавіцца пытаннямі палітыкі, хто любіць пагаварыць, паразважаць аб палітыцы. Іван Васілёк — Танін бацька — палітык. Ён хоць і аднаасобнік, а выпісвае і чытае «Звязду». Васілевіч. Тут былі прадстаўлены ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя, або, як называлі іх у турме, палітыкі. Колас.

2. Разм. Чалавек, які выяўляе такт і ўменне ў адносінах з іншымі людзьмі. Цімох Бабура быў хітры чалавек і тонкі палітык.. Да Высокім Доле ён пусціў моцныя карэнні. Колас.

3. Уст. Палітычны зняволены.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паліты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які звязаны з палітыкай (у 1 знач.); заснаваны на палітыцы. Палітычная барацьба. Палітычная актыўнасць мае. Палітычная партыя. □ Замест абразоў на сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячоў. Колас. Камісар пакінуў упраўленне палітычнай прапаганды фронту, каб прасачыць за пераправай. Лынькоў. // Дзяржаўны, грамадзянска-прававы. Палітычная ўлада. □ Прыгонныя сяляне ў галіне ўсякіх палітычных правоў былі выключаны абсалютна. Ленін.

2. Які мае адносіны да палітыкі (у 3 знач.). Палітычны зняволены. Палітычная ссылка. / у знач. наз. паліты́чны, ‑ага, м.; паліты́чная, ‑ай, ж.

3. Уст. Дыпламатычны, прадбачлівы. Васіль .. уголас не выказаў свае думкі, бо .. быў чалавек палітычны і спрытны. Колас. // Умела разлічаны (аб учынках, паводзінах і пад.). Палітычнае абыходжанне.

•••

Палітычная смерць гл. смерць.

Палітычная эканомія гл. эканомія.

Палітычны крызіс гл. крызіс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўгамо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, утаймавацца; вельмі рухавы. Неўгамонныя дзеці. □ Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню. Колас. Дагасалі ліхтарыкі светлякоў, неўгамонныя матылі кідаліся над вогнішчам і трапяткімі пялёсткамі падалі на росную траву. Самуйлёнак. // Які не спыняецца, не змаўкае. Цішыня, толькі неўгамонны шум мора і соснаў парушаюць яе. Хадкевіч.

2. Неспакойны, турботны. Пасёлак спіць, і ціха ўсюды, Хіба што ў хаце дзе якой Дзіця заплача з перапуду Ці птушка свісне за ракой. І толькі ў дзедавай каморы У тон знямелае цішы Дзве неўгамонныя душы Вядуць сакрэтна разгаворы. Колас. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Адноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празаі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прозы (у 1 знач.). Побач з паэзіяй і драматургіяй усё большае развіццё атрымліваюць празаічныя жанры, асабліва раман. Адамовіч.

2. Будзённы, абмежаваны вузка практычнымі інтарэсамі. Якая там можа быць рамантыка, калі перад табой такія празаічныя турботы! Шамякін. Калі парыў самахвалення Улёгся ў Вогуце, апаў, Ён перайшоў ад летуцення Да празаічных, шэрых спраў. Колас. // Пазбаўлены паэтычнасці, узнёсласці. Кожнаму з нас даводзілася бачыць, як адзін самую, здавалася б, празаічную працу робіць з душой і натхненнем, а другі нават там, дзе без натхнення ніяк не абысціся, працуе як мокрае гарыць. Шкраба. [Зоя] прынцыпова не хацела гуляць з хлопцамі са свайго курса інстытута — лічыла іх вельмі празаічнымі. Арабей.

3. Дзелавы, практычны. Анцыпік быў чалавек празаічны, практычнага складу характару. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праці́ўнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які адносіцца варожа ці адмоўна да каго‑, чаго‑н. Селянін Сцёпка Ляўшун смела выступаў супраць крыўд сельскай грамады, на сходах быў першым праціўнікам начальства. Пшыркоў. Сярод клінкоўскай беднаты знайшліся і праціўнікі калектывізацыі. Колас.

2. Чалавек, які імкнецца перамагчы другога (у спрэчцы, сутыкненні, бойцы); сапернік. Маім адкрытым праціўнікам стаў Васіль. Кавалёў. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. // Удзельнік гульні, спартыўнага спаборніцтва (у адносінах да другога, другіх удзельнікаў). Мячык быў перахоплены праціўнікам. Гамолка.

3. зб. Варожыя ўзброеныя сілы; вораг. Вагонаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Брыгада несла цяжкія страты, адступаючы пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партрэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.

1. Малюнак, рысунак, вялікая фатаграфія чалавека або групы людзей. Скульптурны партрэт. □ На адной сцяне віселі партрэты Карла Маркса і Леніна. Колас. Змітрок і Таня разам глянулі на сцяну, дзе побач з партрэтам бацькі з нядаўняга часу вісеў і матчын партрэт. Ваданосаў. // Разм. Пра таго, хто вельмі падобны да каго‑н. — [Дачка] у яго адна была і, акрамя таго, — выліты партрэт нябожчыцы-жонкі. Мележ.

2. Апісанне знешнасці персанажа ў літаратурным творы. Вось як жывога, дзядзьку бачу. Я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак. Колас. // Характэрныя рысы, агульная характарыстыка каго‑, чаго‑н. Часта з адзінкавых трапных дэталей або асобных персанажаў ствараецца калектыўны партрэт воінскай масы, народа. Дзюбайла.

•••

Кабінетны партрэт — фатаграфія пэўных памераў (18×24); невялікі партрэт.

[Фр. portrait.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэ́зія, ‑і, ж.

1. Мастацкая, пераважна вершаваная, творчасць. Асветленая і сагрэтая полымем рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, паэзія Янкі Купалы стала голасам беларускага народа. Палітыка.

2. Творы, напісаныя вершаванай мовай; проціл. проза. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам, хіба толькі аматары паэзіі ўспомнілі невялікую кніжку ў блакітнай вокладцы — першы яго зборнік. Хадкевіч. [Сцёпка:] — І адкуль ты ўзяў, што я паэзіі не люблю? Сапраўдную паэзію ўсе любяць. Колас. // Сукупнасць вершаваных твораў якога‑н. народа, эпохі і пад. Пралетарская паэзія. Рамантычная паэзія.

3. перан. Што‑н. прыгожае, велічнае, узвышанае, што хвалюе, уздзейнічае на пачуцці. Паэзія прыроды. Паэзія працы. □ І гэты ясны дзень, і гэтыя краявіды, поўныя паэзіі, і гэтыя весткі аб новым месцы, сабраныя ў дарозе, — усё гэта памацняла той добры настрой, у якім пад’язджаў Лабановіч да Пінска. Колас.

[Грэч. póiēsis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удо́ўж, прысл. і прыназ.

1. прысл. У даўжыню, па даўжыні. Тры лініі мераюць мой пакой удоўж, ушыркі і ўвысь. Арочка. Я пачаў дзяліць загон упоперак, а .. [бацька] папрасіў падзяліць яго ўдоўж. Сяргейчык. [Юрка:] — Збоку кожны [свінню] пераскочыць. Ты ўдоўж паспрабуй. Скрыпка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «удоўж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па даўжыні чаго‑н., а таксама на размяшчэнне чаго‑н. па даўжыні якога‑н. прадмета. Удоўж сцен стаялі лавы. Колас. Неўзабаве адхілілася шырмачка з квяцістай фасолькай удоўж столак і ў пакой заглянула Алеся. Кулакоўскі.

•••

Удоўж і ўпоперак — а) ва ўсіх напрамках, усюды. Удоўж і ўпоперак луг перасякаўся вузкімі, доўгімі і глыбокімі тонямі, заросшымі аерам. Колас; б) вельмі добра, да дробязей (ведаць каго‑, што‑н. і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трос1 ‘канат з пянькі або са стальнога дроту’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘карабельная вяроўка’ (Некр. і Байк.), ‘якарны канат’ (ТС), ‘ліна, якой звязваюць звенні плыта’ (дзісн., Бел. дыял. 3), троса́ ‘тс’ (петрык., З нар. сл.). Праз рускую мову з нідэрл. tros ‘трос, ліна’, якое разам з с.-н.-ням. trosse, ням. Troß, Trosse ўзыходзяць да франц. trousse < trousser ‘круціць’ < с.-лац. tortiare ‘тс’ (Фасмер, 4, 106; Duden. Etymologie, 867).

Трос2колас’ (Сцяшк. Сл.). Адзінкавая фіксацыя не дае падстаў для надзейнай этымалогіі. Можна параўнаць з чэш. trs ‘сцябло, мяцёлка расліны’, ‘вінаградная лаза’, славац. trs ‘наземная частка некаторых раслін’ (з чэш., Кралік, 630), славен. tȓs ‘вінаградная лаза’, серб. трс, харв. tȓs, tȑs ‘сцябло, вузел, вінаградная лаза’, ст.-слав. тръсиѥ ‘вінаград’. Прасл. *trьsъ ‘сцябло, вінаград’ (Глухак, 640), параўноўваюць з грэч. θρινία ‘адростак, парастак’, алб. trishë ‘тс’ (Скок, 3, 509) або разглядаюць у якасці запазычання з с.-лац. tirsus, trisus ‘сцябло’ (Махэк₂, 654). Магчыма, на Балканах першасная назва перанесена на вінаград (Лома, Зб. ФЛ, XLV/1, 94); няясныя адносіны да макед. дыял. тросук ‘пырнік’, балг. дыял. тро́сък ‘від пустазелля’, параўн. троскат, гл.

Трос3, ст.-бел. тросъ ‘скураная торба або пояс для грошай’ (1585 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trzos, czrzos ‘тс’, якое ўзводзіцца да прасл. *čersъ, параўн. каш. třos ‘гасцінец, чаявыя’, рус. че́рес, че́рез ‘шырокі скураны пояс на грошы’, укр. че́рес ‘тс’, роднасныя ст.-ірл. criss ‘пас, пояс’, шатл. crioss ‘тс’, ‘паўпасак’, вал. crys ‘кашуля, сукенка’, ‘адзенне з фалдамі’ < і.-е. *kerd‑ ‘пас; падпяразвацца поясам’ (Борысь, 651). Звязана з польск. trzosła (XVI ст.) ‘паясніца’, гл. чарасло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адамкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Адчыніцца; стаць незамкнутым. Замок адамкнуўся. Дзверы адамкнуліся.

2. Адчыніць памяшканне, у якім знаходзішся; зрабіць свабодным уваход да сябе. Дзікі, прарэзлівы голас, поўны роспачы, выгукваў: — Адчыні! Адамкніся! Колас.

3. перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Спяць дзяды — ім былое абрыўкамі сніцца: адамкнуўся для іх зачараваны сад. Дудар.

•••

Рай адамкнуўся каму гл. рай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)