знайсці́, знайду, знойдзеш, знойдзе; пр. знайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. знайдзі; зак., каго-што.

1. У выніку пошукаў выявіць, адшукаць. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры. Колас. У горадзе, зразумела, можна было б знайсці хірурга. Якімовіч. // Падшукаць, падабраць. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка. [Сястра] не ведае, што адказаць. Тузаецца, не можа знайсці слоў. Скрыган. // Прыдумаць (у выніку разважання). Знайсці выхад з цяжкага становішча. // (у спалучэнні з інф. і словамі «чым», «чаму», «за што» і пад.). Ужываецца для выражэння іранічных адносін да выказвання; роўна па значэнню адмоўным канструкцыям: нечым, нечаму, няма за што і пад. Знайшла чым хваліцца. Знайшоў чаму радавацца. □ — Знайшлі за што сварыцца, — умяшаўся Карусь. Колас. // Выявіць у выніку спецыяльных пошукаў, даследаванняў; адкрыць, вынайсці. Знайсці новыя залежы каменнага вугалю. Знайсці новы спосаб рашэння задачы. // Вызначыць шляхам вылічэнняў, вывадаў. Знайсці суму двух лікаў. Знайсці корань слова. // Выбраць, удзяліць для чаго‑н. (які‑н. адрэзак часу). Знайсці вольную хвіліну. □ Калі час толькі вольны знайду — Збіраюся ў падарожжа! Нядзведскі.

2. Выявіць, убачыць, заўважыць. — Надоечы мы знайшлі ў алешніку прыкрытую ламаччам яму. Бажко. // (звычайна ў пытальнай канструкцыі са словам «што»). Выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. якія‑н. уласцівасці, якасці. — Што ты смешнага тут знайшоў, супастат? Лынькоў. — Што ты з мяне, старога, кпіш, знайшоў таварыша!.. Чорны. // Застаць, заспець. Прыйшлі і не знайшлі цябе.

3. Атрымаць, набыць. Знайсці прымяненне. Знайсці адлюстраванне. □ [Білецкі:] Ты памятаеш, Сцяпан, — я не дрэнна страляю і, можаш не сумнявацца, кожная выпушчаная мною куля знойдзе свой адрас. Маўзон. Разбіты граніт Знойдзе месца сваё ў адбудове. Танк. // у кім-чым. Сустрэць з боку каго‑н. якія‑н. адносіны, пачуцці; адшукаць у кім‑, чым‑н. крыніцу якіх‑н. пачуццяў, адчуванняў. Сямён рашыў пайсці да Булая. Не затым, каб паскардзіцца на каго-небудзь. Проста хацелася раскрыць сваю душу, знайсці спачуванне. Шыцік.

4. са злучн. «што». Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Ва ўрадніка пранеслася ў галаве думка: арыштаваць і папа за пакрыванне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што не варта. Колас. // Палічыць, прызнаць. Знайсці неабходным паведаміць аб прыездзе.

•••

(Днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш — пра што‑н. далёка закінутае, схаванае.

Знайсці агульную мову — дасягнуць узаемаразумення, узгодненасці.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу — выклікаць у каго‑н. да сябе любоў, сімпатыі.

Знайсці канец (канцы) — разабрацца ў чым‑н., даведацца пра што‑н.

Знайсці смерць (магілу) — загінуць, памерці.

Знайсці сябе — правільна вызначыць свае схільнасці, зразумець сваё прызванне.

Знайшоў (знайшлі) дурня (іран.) — выражэнне нязгоды з кім‑, чым‑н., адмаўлення ад чаго‑н.

На дне мора знайсці — адшукаць у любым выпадку, незалежна ад абставін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяза́ць, звяжу, звяжаш, звяжа; зак., каго-што.

1. Змацаваць, злучыць канцы чаго‑н., завязаўшы вузлом або прывязаўшы адзін да аднаго. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышлася без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. Кажуць, нехта спрабаваў змераць .. глыбіню [вадаёма], чацвёра лейцаў звязаў, ды так і не дастаў да дна нават ля берага. Шашкоў.

2. Змацаваць якія‑н. прадметы, перавязаўшы або абвязаўшы іх чым‑н.; перавязаўшы, злучыць у што‑н. Звязаць сноп. Звязаць венік. □ З вялікай вадой трэба было ўправіцца звязаць плыты і адагнаць іх на Вілію, а там у Вільню ці далей... С. Александровіч. // Сабраўшы разам, увязаць у што‑н. [Лёдзя] звязала сваю вопратку ў клуначак, перадала маці, пацалавалася з ёю і ступіла за страшныя дзверы. Карпаў.

3. Спец. Змацаваць (часткі, дэталі чаго‑н.) вяжучым рэчывам або пры дапамозе рубкі. Звязаць гальку вапнай. Звязаць кроквы.

4. Прывязаць адну да другой рукі, ногі, пазбавіўшы каго‑н. свабоды рухаў. Ліда адшпіліла ад сукенкі свой пояс, і Данька звязаў ім Ляксею на спіне рукі. Ермаловіч. // перан. Пазбавіць магчымасці свабодна дзейнічаць; паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Звязаць чыю‑н. ініцыятыву. Звязаць сябе сям’ёй.

5. Наладзіць зносіны паміж чым‑н. з дапамогай сродкаў сувязі або дарог. Звязаць вёску тэлефоннай сувяззю з райцэнтрам. □ Мы цуды стваралі: раскінулі стужкі наўкол магістраляў, было ў нас багата і хлеба, і сталі. Мы Волгу з Масквою навекі звязалі... Машара. // З’явіцца, стаць сродкам сувязі паміж чым‑н. Ленінскі праспект звязаў сістэму цэнтральных плошчаў з плошчай ля Дома ўрада. Карпаў.

6. Наладзіць сувязь каму‑н. з кім‑, чым‑н. Мяне звязалі з адным нашым чалавекам, падпольшчыкам, які жыў у невялікім чыгуначным гарадку. Навуменка. — Звяжыце мяне з партызанамі. Мне трэба перадаць ім важную вестку, трэба папярэдзіць іх, — нарэшце выказала сваю просьбу Галіна Якаўлеўна. Шахавец. // Цесна аб’яднаць, стварыць з кім‑н. што‑н. агульнае. Звязала.. [Авяліна] свой лёс з панам Булыгам, кажуць, па разліку. Бажко.

7. Аб’яднаць чым‑н. у адно цэлае. Звязаць навелы адзіным сюжэтам. // з чым. Спалучыць як часткі аднаго цэлага. Звязаць асабістыя інтарэсы з грамадскімі. Звязаць навуку з практыкай.

8. Паставіць у якую‑н. залежнасць ад чаго‑н., у якія‑н. адносіны да чаго‑н. Звязаць развіццё вытворчасці з патрэбамі спажывання. // перан. Аб’яднаць у думках, вызначыць якую‑н. залежнасць паміж адным і другім. [Нічыпара] прызначылі загадчыкам млына. Гэтае павышэнне Нічыпар звязаў з заметкай у газеце. Асіпенка.

9. Зрабіць што‑н. вязаннем. Звязаць рукавіцы. Звязаць панчохі.

10. У хіміі — вывесці са свабоднага стану. Звязаць свабодны азот атмасферы.

•••

Двух слоў не звяжа — пра таго, хто не ўмее прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму — пазбавіць магчымасці дзейнічаць свабодна.

Звязаць сябе вузамі Гіменея — уступіць у шлюб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́раз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «цераз» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. прасторы, месца і пад., упоперак якіх што‑н. размяшчаецца, з аднаго боку на другі, ад аднаго краю да другога адбываецца рух, дзеянне. Правесці атрад цераз балота. Перайсці цераз вуліцу. Пераплыць цераз мора. □ Колькі сілы цягнуць санкі Цераз пушчы, цераз горы, Цераз рэкі і азёры, Без дарогі, без шляхоў Адзінаццаць пар ласёў. А. Александровіч. Вялі прасторныя шляхі Цераз балоты, Цераз нетры, Цераз пяскі пустынь сухіх. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. на тых або іншых прамежках прасторы. Слупкі стаялі цераз кожныя пяць метраў. / У выразах «цераз плячо», «цераз плечы», «цераз спіну» і пад. Перакінуў цераз плечы ранец І падаўся доктар са двара. Звонак. Няцяжка.. [Нікіфаровічу] ўявіць і сябе малога, з парэпанымі нагамі, у зрэбных штоніках і з зашмальцаваным паскам цераз спіну. Броўка.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і пад., паверх якіх накіравана дзеянне або рух. Пераскочыў цераз ручаёк. Перакінуць цераз мяжу. Пераляцець цераз дах. □ Вялікі каменны мост цераз раку быў узарваны. Лынькоў. // (у спалучэнні з наз. «мера», «сіла» і пад.). Ужываецца для абазначэння звыш нормы, меры, мяжы і пад. Падняць цераз сілу. □ Цераз сілу і конь не вязе. З нар. // Паверх краёў. Цераз халяўкі набераце вады поўныя чаравікі. Калюга.

3. Ужываецца пры назвах асяроддзя, прадмета, праз якія хто‑, што‑н. праходзіць, пранікае. Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Шамякін. Непрыветна цераз вокны ночка пазірае. Колас.

Часавыя адносіны

4. Ужываецца пры ўказанні на прамежак часу, пасля якога што‑н. адбываецца. Прыехаў цераз два гады. Цераз пяць мінут перапынак скончыцца. □ Гэта к ёй [Карменсіце] — Недаступна далёкай — Як бацькоўскі да сына доўг, Незвычайныя словы Блока Перайшлі цераз горы гадоў. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. у тыя або іншыя прамежкі часу. Дзяжурыў цераз дзень.

5. Абл. Ужываецца для абазначэння часу ў адносінах да пары сутак. У той дзень у нас на полі работы не было: з самага рання і аж цераз поўдзень ішоў дождж перагонамі. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

6. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, з дапамогай або пры пасрэдніцтве якіх што‑н. адбываецца. Перадаць цераз суседа. □ Шлях ваш у заўтра — цераз калгас. Крапіва.

Прычынныя адносіны

7. Ужываецца для ўказання на прычыну ці падставу чаго‑н. Аслабеў цераз хваробу. □ [Пракоп:] — Які з майго Яўгена мужчына. Ажаніўся і тое, можна сказаць, цераз мяне. Баранавых.

•••

Пятае цераз дзесятае гл. пяты.

Цераз верх наліць (насыпаць) гл. паліць.

Цераз верх перці гл. перці.

Цераз галаву чыю гл. галава.

Цераз горла валіцца гл. валіцца.

Цераз край гл. край ​1.

Цераз пень калоду гл. пень.

Цераз сябе браць гл. браць.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варушы́цца, ‑рушу́ся, ‑ру́шышся, ‑ру́шыцца; незак.

1. Прыходзіць у ледзь прыкметы рух ад чаго‑н. Ледзь варушылася лісце ліпавых прысад — кроны іх цямнелі ў святле электраліхтароў. Хадкевіч. // Рабіць рухі, шавяліцца. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На губах настаўніка заўсёды блукае стомленая ўсмешка, і ён стараецца захаваць яе, і ад гэтага варушыцца левы вус. Чарнышэвіч.

2. Кішэць, знаходзіцца ў хаатычным руху (пра вялікую колькасць людзей, жывёл). Каля.. [негра] стаяў кошык, у якім варушыліся ядавітыя змеі. Арабей. // Праяўляць прыкметы ажыўлення. Перон варушыўся, нібы муравейнік. Васілевіч.

3. перан. Разм. Займацца чым‑н., актыўна дзейнічаць. Калі трэба было рабіць што ў полі, ці з’ездзіць куды на людзі, то гэтым займаўся бацька: не такі ўжо і стары, варушыўся яшчэ як мае быць. Скрыган. // Ажыўляцца, праяўляць актыўнасць (пра думкі, пачуцці і пад.). Першы момант анямення .. прайшоў, і думкі мае пачалі крыху варушыцца. Колас. І толькі недзе там, у глыбіні душы, балюча варушылася ўчарашняя крыўда. Гамолка.

4. Разм. Ехаць, ісці (звычайна павольна). Тралейбус, здавалася, ледзь варушыўся, а прыпынкі былі доўгія, як знарок. Дамашэвіч.

5. заг. варушы́(це)ся. Разм. Ужываецца пры пабуджэнні да дзеяння. [Скіба:] Варушыцеся, не давайце сябе ў крыўду, не забывайце, што вы — людзі. Крапіва. — Но-о, гняды, варушыся! — ляснуў ляйчынаю стары. Гурскі.

6. Зал. да варушыць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

душы́ць 1, душу, душыш, душыць; незак., каго-што.

1. Пазбаўляць каго‑н. жыцця, сціскаючы горла, насільна спыняючы дыханне. [Ваўкі] часта падкопваліся пад хлявы і душылі авечак. Бядуля. // Наваліўшыся на каго‑н., моцна прыціскаць, прычыняць боль. Паліцэйскія з дзікай лютасцю накінуліся на Петрычука і пачалі біць, душыць яго. Анісаў. // перан. Прыгнятаць, не даваць развівацца чаму‑н. Царызм жорстка душыў культуру прыгнечаных народаў, падаўляў іх імкненне да нацыянальна-культурнага развіцця. Казека.

2. Перашкаджаць дыханню. Душыў каўнер нявыбеленае сарочкі, адчуваліся лёгкія мурашкі ўздоўж потнай спіны. Нікановіч. // Падступаць пад горла, пазбаўляючы магчымасці свабодна дыхаць (пра смех, кашаль і пад.). Кашаль душыць. // перан. Моцна ўзбуджаць (пра пачуццё злосці, гневу і пад.). Нянавісць да Стафанковічаў душыла Любу. Чорны.

3. перан. Прыгнятаць, гнясці, мучыць (пра думкі, перажыванні і пад.). Міколу душыла трывога за брата. Якімовіч. — Нейкая туга на дзеўку навалілася. Нешта душыць яе. Памізарнела, аж страх бярэ, — скардзіцца маці суседкам. Бядуля.

4. Заглушаць, не даючы праявіцца. Нехта ўсхліпвае побач, нехта душыць прыглушаныя слёзы. Лынькоў.

5. перан. Разм. Карміць пастаянна адной і той жа стравай. А гаспадыня ўсё нас бульбай з кіслым малаком душыць. Крапіва.

6. Мяць, расплюшчваць. Душыць ягады. // Расплюшчваючы, знішчаць. Душыць вусеняў. // Збіваючы з ног і падбіраючы пад сябе, калечыць, нішчыць. Танк душыў ворагаў.

душы́ць 2, душу, душылі, душыць; незак., каго-што.

Апырскваць або націраць духамі, адэкалонам. Душыць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. увайсці куды‑н., апынуцца дзе‑н. Загнаць кароў у хлеў. □ Самая цяжкая справа была — загнаць апошніх звяроў у клетку. Маўр. — О, трэба было бачыць, як наш Гектар сёння чорнага ката загнаў на яблыню! — прамовіла Дануся. Карпюк. // Вымусіць апынуцца дзе‑н. далёка. [Мікуця] калісьці загналі былі ў Ашхабад. Чорны. // Перамясціць, адагнаць у пэўны пункт (машыну, калёсы, човен і пад.). Загнаць машыну ў гараж. Загнаць лодку ў чарот.

2. Замучыць хуткай яздой. Загнаць каня.

3. Убіць, забіць, увагнаць з сілай. Загнаць цвік у сцяну. □ [Ляснік] у пень загнаў сякерку, Дубальтоўку зняў з пляча. Грахоўскі. Я пазіраю на дзядзьку ды і кажу: — У мяне нага, мусіць, будзе нарываць. Стрэмку, ці што, загнаў пад пазногаць. Баранавых.

4. Разм. Прадаць, збыць. Загнаць боты на рынку. // Страціць, расходаваць. Загналі ўсе грошы на машыну.

5. Абл. Перамагчы, узяць верх над кім‑н. Застаўшыся ўдвух, Іван з Федзем непрыкметна для сябе паскорылі крок. Ішлі, быццам стараліся загнаць адзін аднаго. Кудравец.

•••

Загнаць запас — назапасіць.

Загнаць клін — тое, што і забіць клін (гл. забіць ​1).

Загнаць у казіны рог — паставіць у бязвыхаднае становішча, узяць верх (у бойцы, спрэчцы).

Загнаць (увагнаць, звесці) у магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) — давесці да смерці, звесці са свету.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Ступіўшы назад, убок, аддаліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Сяўрук ужо адступіў крыху назад, бо нехта, мусіць знячэўку, разоў два сыпануў яму на ногі мокрай, напалам з глеем зямлі. Кулакоўскі. — Кр-рам-нёў? — усклікнуў Алік і адступіў на крок назад, нібы хацеў лепш разгледзець хлопца. Шашкоў. // перан. Стаць больш аддаленым ад чаго‑н., адсунуцца. Паплылі сіняватыя дымкі, весела затрашчала, разгараючыся, сучча. Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі. // перан. Стаць менш важным, менш значным. Адступіць на задні план.

2. Адысці назад пад націскам праціўніка, пакінуўшы свае ранейшыя пазіцыі. Чые гарматы страляюць, .. [Пракоп] не ведаў, але цяпер ён быў упэўнены, што нашы не адступілі. Якімовіч.

3. перан. Адмовіцца ад сваіх намераў, задум; спасаваць. Тыя ж людзі, што зрабілі.. [шлях], праявіўшы ў працы сапраўдны подзвіг, у другой справе здаліся, адступілі перад значна меншым і цяпер, выходзіць, смяяліся самі з сябе. Ракітны. Я ўжо рашыў дазволіць.. [жанчыне] спатканне, але нешта ўстрымлівала мяне сказаць ёй пра гэта адразу, адразу адступіць перад ёю. Васілевіч.

4. перан. Перастаць прытрымлівацца чаго‑н.; парушыць што‑н. прынятае, устаноўленае. Адступіць ад жыццёвай праўды. Адступіць ад плана.

5. Разм. Паменшыцца; адлегчы; спасці. Нарэшце мароз адступіў — сад дацвітаў. Васілевіч.

6. Пішучы, друкуючы, пакінуць месца ад краю ліста. Адступіць на 2 сантыметры ад краю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аказа́цца, акажуся, акажашся, акажацца; зак.

1. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Паліна, вясёлая і рухавая, адразу ж аказалася ля механізмаў. Кавалёў. Гомель, у якім у той час жыла.. сям’я [Кавалёвых], аказаўся на крыжавых дарогах рэвалюцыі. Дуброўскі. // Апынуцца ў якім‑н. становішчы. Аказацца на волі. Аказацца ў небяспецы.

2. Стаць, з’явіцца на справе, у сапраўднасці якім‑н., кім‑, чым‑н. [Страмілін:] Там будзе відаць, чыё асвятленне акажацца больш правільным. Крапіва. Пятро аказаўся чалавекам гаспадарлівым. Пальчэўскі. // безас. Стаць вядомым, відавочна выявіцца. У .. [Савося і Аксені], аказалася, было даўнішняе, старое каханне. Гамолка.

3. Знайсціся, быць у наяўнасці. Чыстай паперы за вокладкамі не аказалася. Лобан.

4. Падаць голас, вестку; азвацца, загаварыць. Старая, відаць, разы са два збіралася загаварыць з палякам, глядзела нават на яго, нямогла трасучы падбароддзем, ды так дагэтуль і не сабралася аказацца. Брыль. [Астаповіч:] — Можа.. [Вялічка] там жыве сабе шчасліва. І табе, адзінокаму бацьку, калі-небудзь акажацца. Чорны. // Адгукнуцца, прагучаць. Вось аказаўся і гудок цягніка, у якім апынулася Марылька. Якімовіч. // Выдаць сваю прысутнасць. Мне здавалася, што калі б я не ўстаў сам з-за стала, не аказаўся, дык яна б магла мяне замкнуць на ўсю ноч. Сабаленка. // Напомніць пра сябе, паявіцца зноў. Пройдуць гады, а старыя звычаі, як тая хранічная хвароба, не-не ды і акажуцца. Асіпенка.

•••

Аказацца за бортам — тое, што і апынуцца за бортам (гл. апынуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кармі́ць, кармлю, корміш, корміць; незак., каго-што.

1. чым і без дап. Даваць корм, ежу. Святланка і карміла, і паіла, і гладзіла казулю. Юрэвіч. Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою. Прыказка. // Уводзіць ежу ў рот (таму, хто не можа есці самастойна). Карміць хворага. □ [Арлоўскага] ўсё яшчэ былі вымушаны карміць, як малое дзіця, з лыжачкі!.. Апранаць, абуваць!.. Паслядовіч. // Выкормліваць дзіця сваім малаком. Карміць грудным малаком. □ [Таццяна] хутка ўзяла дзіця да сябе і сказала: — Я... я не кармлю яго... Шамякін. // Адкормліваць на забой. Карміць кабана на сала.

2. перан. Забяспечваць сродкамі да жыцця; мець каго‑н. на сваім утрыманні. Карміць старых бацькоў. □ — Хлопец працуе на заводзе, корміць усю сям’ю! Ваданосаў. Цяпер па просьбе Андрэя Драчуна [Яўхім] жыў у яго жонкі. Памагаў засяваць ёй шнуры і карміць дзяцей... Чарот. // Служыць сродкам для пражыцця, крыніцай даходу. Засталася там ніва, Што адмалку карміла, Засталася крыніца, Што вадою паіла. Броўка. Ваўка ногі кормяць. Прымаўка. Летні дзень год корміць. Прымаўка.

•••

Карміць абяцаннямі — даваць абяцанні зрабіць што‑н., але не выконваць іх.

Карміць блох (клапоў, вошай) — знаходзіцца ў такіх умовах, пры якіх даводзіцца пакутаваць ад насякомых-паразітаў.

Карміць хлебам — забяспечваць сродкамі для існавання.

Карміць чарвей — быць забітым, гнісці ў зямлі.

Паіць і карміць гл. паіць.

Хлебам не кармі каго — нічога не трэба каму‑н., толькі дай яму магчымасць зрабіць тое, да чаго ён мае вялікую схільнасць, ахвоту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ківа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Рухаць з боку ў бок або зверху ўніз; пахістваць. Тут ветрык, як хлопчык, Ківае, трасе Бярозку крывую У дробнай расе. Бядуля.

2. чым. Утвараць хістальныя рухі чым‑н. Ківаць нагой. □ Толькі дрэвы ківаюць верхавінамі, .. вядуць сумную, нікому незразумелую гутарку. Шынклер.

3. Рабіць лёгкія рухі галавой у знак прывітання, адабрэння, нязгоды і пад. Шнітава дырэктар чамусьці не перапыняў, а пры кожным яго слове ўхвальна ківаў галавою. Хадкевіч. Калі Сашу гаварылі, што з ім пойдзе Аляксей, той толькі моўчкі ківаў галавой у знак згоды. Новікаў.

4. Рухам галавы, пальца падзываць каго‑н. да сябе, падаваць якія‑н. знакі. Убачыць .. [Уладзіка] Трахім Сталяровых на прыгуменні, ківае каравым тоўстым пальцам і кліча. Крапіва.

5. Паказваць на каго‑, што‑н. рухам галавы. Шафёр круціць абаранак, думае аб здзіўляючай ўпартасці хлапца і, азірнуўшыся, ківае на яго забінтаваныя рукі. Ракітны. // перан. Разм. Намякаць на каго‑, што‑н. [Лабановіч] ведае, на што ківае пісар, але хоча парушыць упэўненасць, з якой гаворыць той аб «цёмнай» рабоце. Колас. // перан. Разм. Даводзіць, што вінаваты не сам, а хто‑н. іншы. — Мядзведзь і ёсць мядзведзь... І прозвішча ж яго такое! — На Мішку люд лясны ківае. Маеўскі.

•••

Нечага (няма чаго) на бога ківаць — не варта апраўдвацца, звальваць віну на другіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)