карміць, кармлю, корміш, корміць; незак., каго-што.
1. чым і без дап. Даваць корм, ежу. Святланка і карміла, і паіла, і гладзіла казулю. Юрэвіч. Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою. Прыказка. // Уводзіць ежу ў рот (таму, хто не можа есці самастойна). Карміць хворага. ▪ [Арлоўскага] ўсё яшчэ былі вымушаны карміць, як малое дзіця, з лыжачкі!.. Апранаць, абуваць!.. Паслядовіч. // Выкормліваць дзіця сваім малаком. Карміць грудным малаком. ▪ [Таццяна] хутка ўзяла дзіця да сябе і сказала: — Я... я не кармлю яго... Шамякін. // Адкормліваць на забой. Карміць кабана на сала.
2. перан. Забяспечваць сродкамі да жыцця; мець каго‑н. на сваім утрыманні. Карміць старых бацькоў. ▪ — Хлопец працуе на заводзе, корміць усю сям’ю! Ваданосаў. Цяпер па просьбе Андрэя Драчуна [Яўхім] жыў у яго жонкі. Памагаў засяваць ёй шнуры і карміць дзяцей... Чарот. // Служыць сродкам для пражыцця, крыніцай даходу. Засталася там ніва, Што адмалку карміла, Засталася крыніца, Што вадою паіла. Броўка. Ваўка ногі кормяць. Прымаўка. Летні дзень год корміць. Прымаўка.
•••
Карміць абяцаннямі — даваць абяцанні зрабіць што‑н., але не выконваць іх.
Карміць блох (клапоў, вошай) — знаходзіцца ў такіх умовах, пры якіх даводзіцца пакутаваць ад насякомых-паразітаў.
Карміць хлебам — забяспечваць сродкамі для існавання.
Карміць чарвей — быць забітым, гнісці ў зямлі.
Паіць і карміць гл. паіць.
Хлебам не кармі каго — нічога не трэба каму‑н., толькі дай яму магчымасць зрабіць тое, да чаго ён мае вялікую схільнасць, ахвоту.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)