ця́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Гіст. Абкладзены цяглом. Акрамя цяглых, службовых і рамесных сялян, сельскую мясцовасць Вялікага княства Літоўскага насялялі іншыя групы сялянства. Булыка.
2. Гіст. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай. Больш чым у палавіне маёнткаў сяляне працавалі на памешчыка па З дні цяглых і па З дні пешых у тыдзень. Лушчыцкі.
3. Разм. Стромкі, высокі (пра дрэвы). Я свой парус узняў, і знікае За ўспененай хваляй сівой Цаласа галькі берагавая, Дзе стаіш ты пад цяглай сасной. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́льда, ‑ы, М ‑дзе, ж.
Дошка з надпісам назвы ўстановы, прадпрыемства і пад.; вывеска. Ходзячы каля прыстанцыйных будынкаў, заўважыў [Анатоль] на адным з іх шыльду «Пошта», зайшоў туды. Пальчэўскі. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман; знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. // перан. Знешні, паказны бок каго‑, чаго‑н. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала. Колас. Лозунг беспартыйнасці быў для.. [буржуазіі] толькі шыльдай, якой яна крывадушна прыкрывала сваю контррэвалюцыйную сутнасць. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Падаплёка ’падбіўка ў (мужчынскай) сарочцы’ (Бяльк., Касп., Мат. Гом., Малчанава, Мат. культ.). Рус. літар. подоплёка ’унутраны сэнс’, дыял. ’падбіўка ў сялянскай кашулі’, укр. підіпле́чка ’падаплёка’. Ад пад і плячо (Фасмер, 3, 299). Гродз. падапле́чка ’накладка з ваты на плечы’ (Сцяшк.), відаць, пад семантычным уплывам пле́чыкі ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяшчэ́ль ’вяшчун’ (Крывіч). Ад вяшчаць з суф. ‑ель. Прымаючы пад увагу архаічны характар суфікса (параўн. Слаўскі, SP, 2, 108) і запазычанасць утваральнай асновы, магчыма бачыць тут штучнае ўтварэнне «пад старажытнасць». Не выключаны таксама ўплыў суфіксацыі ‑цель; параўн. рус. дыял. богатель, гл. аб апошнім Слаўскі, SP, 107.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пудаўня́ ’вялікае халоднае памяшканне’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, ад пудаўня ’мерка, у якую змяшчаецца пуд сыпкіх рэчываў’, гл. пуд], з абагульненнем, выклікаеш суфіксацыяй ’ёмістасць’ — ’памяшканне’, параўн. вагаўня ’памяшканне для ўзважвання’ і пад., магчыма, пад уплывам ваўкаўня (гл.) на базе фразеалагізма хоць ваўкоў ганяй (пра вельмі халоднае памяшканне).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вы́везці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак., каго-што.
1. Забраць адкуль‑н. і прывезці. Вывезці бярвенне з лесу. □ Калгаснікі спяшаюцца вывезці на поле як мага больш угнаення, пакуль не папсавалася дарога. Пестрак. // Выкаціць, выцягнуць адкуль‑н. (калёсы, воз, вагоны і пад.). Вывезці воз на дарогу. □ Макар неяк спалохана сцяўся і доўга маўчаў, аж пакуль паравоз не вывез вагонаў у поле. Асіпенка.
2. Адправіць, перавезці куды‑н. На нейкі час мяне з-пад фронту вывезлі аж у Ліпецк. Таўлай.
3. Прадаць тавар у іншую краіну; экспартаваць. Вывезці партыю абутку.
4. перан. Разм. Дапамагчы выбрацца з цяжкага становішча; выручыць. Вывез шчаслівы выпадак. □ Раней.. [Турбіну] ніколі не пакідала надзея, што жыццё вывезе. Навуменка.
•••
Вывезці на сабе (на сваіх плячах, спіне) — вынесці на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. працы, справы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкасі́ць, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., каго-што.
1. Падрэзаць (касой, касілкай і пад.).
2. перан. Зваліць, збіць з ног. Трапны Цішкаў стрэл падкасіў драпежніка. Пальчэўскі. — Здарылася няшчасце. Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. // Адняць сілы, здароўе, бадзёрасць і пад. Падкасіла старога настаўніка хвароба пасля смерці жонкі, з якой ён прайшоў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін. Была ціхая хвіліна, калі ўсе думалі пра нягаданае гора, што прыйшло ў Анэціну хату і падкасіла жанчыну. Пташнікаў. / Пра ногі, калені. Слабасць падкасіла ногі. / у безас. ужыв. Старавойтава нібы падкасіла, ён пахіснуўся, ухапіўся за нары і цяжка асеў. Гурскі.
3. і чаго. Накасіць у дадатак да накошанага; укасіць. Зрэдку наведваўся ў вёску да старой Сяргей Кірылавіч першыя гады. Сена падкосіць, дроў наколе. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лю́стра 1, ‑а, н.
1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй. Алёша спыніўся ў вестыбюлі перад вялікім люстрам і спачатку нават не пазнаў сябе. Васілевіч. // перан., чаго. Спакойная, гладкая паверхня вады. Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Шамякін.
2. перан.; чаго. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх‑н. з’яў, працэсаў і пад.; адбітак. Паэзія, па думцы Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа. Івашын.
3. Спец. Паверхня, плошча чаго‑н. Люстра гарэння. Люстра цыліндра.
лю́стра 2, ‑ы, ж.
Падвесны асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла (электралямпамі ці свечкамі) і аздобленай арматурай. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
[Фр. lustre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кацёл, катла, м.
1. Металічная пасудзіна акруглай формы і розных памераў для награвання вады, гатавання ежы і пад. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Чвэрць кухні займала нізкая ёмкая печ з двума ўмураванымі катламі для награвання вады і для варкі бульбы. Колас. // Пра харчаванне з агульнай кухні. Партызанскі кацёл. Армейскі кацёл. □ Побач .. спрачаліся дзве кабеціны: рэзаць цяля для агульнага катла на сенакос ці не. Ваданосаў.
2. Закрытая пасудзіна для выпрацоўкі пары. Паравы кацёл. □ А ўжо з катлоў, зноў-такі па трубах, вада, ператвораная ў сухую пару, пойдзе ў турбіну. Краўчанка.
3. Поўнае акружэнне вялікіх варожых групіровак. Папасці ў кацёл. Бабруйскі кацёл.
•••
Як піўны кацёл — вельмі вялікіх памераў (пра галаву чалавека).
Як у катле кіпіць гл. кіпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плява́ць, плюю, плюеш, плюе; плюём, плюяце; незак.
1. Выкідваць, выдаляць з рота сліну, макроту і пад. Дубовік ведаў, што Доўнар ненавідзіць яго, таму і ішоў ззаду, каб не пападацца яму на вочы, а той штохвілінна азіраўся, зняважліва пляваў на снег і мармытаў нешта ўпаўголаса. Чарнышэвіч. [Стары] курыў і пляваў сабе пад ногі. Чорны.
2. перан.; на каго-што. Разм. Адносіцца да каго‑, чаго‑н. з пагардай, зусім не лічыцца з кім, чым‑н. Наогул, як гэта можна пляваць на тое, што зрабіў рабочы чалавек! Шахавец. // інф. пляваць у знач. безас. Усё адно, усё роўна. — У-у, зараза! — прасіпеў Ягор услед Піню. — Што чалавек загінуў, яму пляваць. Каня шкадуе. Корбан.
•••
Пляваць у вочы — зневажаць каго‑н.
Пляваць у столь — нічога не рабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)