Ко́рга ’старая жанчына’ (Нас., З нар. сл.). Наўрад ці звязана з рус. карга, корга ’варона’ (насуперак Фасмеру (2, 323) і іншым прыхільнікам гэтай этымалогіі). Карга ’варона’ запазычанне з цюркскіх моў. Гл. карга, у якім адбылася кантамінацыя з корга ’старая’. Больш верагоднай здаецца сувязь з рус. корга ’крывое дрэва, дуга’, якое звязана з рус. коржавый ’скурчаны, зморшчаны’. Параўн. серб.-харв. кржљав ’каравы, чэзлы, змарнелы’, славен. kržljav ’каржакаваты, прысадзісты’ (Міклашыч, 132; Безлай, 2, 105). Тое, што корга ’старая жанчына’ звязваецца са значэннем ’сагнутая’, пацвярджаецца ілюстрацыйным матэрыялам: «Сагнулася як корга» (Нас., 246).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвя́каць ’шумна перажоўваць’ (ТСБМ). Рус. жвакать, дыял. пск., смал., калін., кастр. жвякаць ’есці, жаваць, жвякаць, гаварыць’, укр. жвакати ’гучна перажоўваць’, польск. żwakanie śledziony ’гук, які ствараецца селязёнкай каня’ (у Сянкевіча, магчыма, з усх.-слав.). Чэш. žvýkati, славац. žviakať, ’перажоўваць, балбатаць’, в.-луж. žwakać, н.-луж. žwakaś ’перажоўваць’, балг. жвакам ’жаваць’, макед. жвака, џвака ’жаваць, балбатаць’, серб.-харв. жва́кати ’тс’, славен., žvekáti ’тс’. Кантамінацыя гукапераймальнага дзеяслова, на што ўказвае суфікс ‑ка‑, і кораня, прадстаўленага ў жаваць: *žьv‑, які, відаць, мог спалучацца як з тэмай ‑a‑, так і з інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́твералы ’дыяфрагма (анат.)’ (воран., Сл. паўн.-зах.). Паводле Грынавецкене і інш., з літ. дыял. žutvėralaĩ (ažutvėralaĩ ці užutvėralaĩ) ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 258; Лаўчутэ, Сл. балт., 73). Трэба, аднак, улічыць ст.-польск. zatwierać ’зачыняць’ кантамінацыя zawierać, zatworzyć, otwierać, на базе чаго магло ўтварыцца з суф. ‑л‑ слав. слова zatwierała (затвера́ла); параўн. падмятала, танцавала (Сцяцко, Афікс. наз., 48). Таму балт. паходжанне не абавязкова для тлумачэння, а паколькі агентыўнае значэнне, здаецца, больш тыповае для слав., а не для балт. утварэнняў, можа дапускаць дыял. бел. утварэнне (на базе запазычанага польск. дзеяслова) ці запазычанне з польск. дыял.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыўкра́сны ’прыгожы’ (Караткевіч), прывукра́сны ’тс’ (рагач., Мат. Гом.). Рус. смал. привукра́сить ’упрыгожыць’, пск. преукрасе́я ’прыгажуня’. Лічыцца вытворным ад дзеяслова, запазычанага з рус. приукра́сить ’упрыгожыць’ (Пацюпа, Гармонія, 25). Інакш Карскі (2–3, 51), які ў адносінах да дыял. прыўкрасны (привкрасный) (себеж., Мат.) дапускае трансфармацыю ст.-бел. пре‑ ў при‑ (гл. пры‑) па фанетычных прычынах ці па аналогіі, параўн. ст.-слав. прѣоукрасити ’ўпрыгожыць’ прыоукрасити: оукрасивъ сѧ ’ўпрыгожыўся’, гл. таксама ўкрасіў: хлапец няўвошта ўкрасіў (“Энеіда навыварат”). Магчыма, таксама кантамінацыя прыго́жы і *украсны (дзеепрыметнік ад украсіць, гл.), падрабязна гл. Цыхун, Супр. чыт., III, 130–131.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нім ’перш чым, пакуль’ (Федар., Чачот), укр. пім ’тс’, польск. nim ’тс’. Паводле Карскага (2–3, 84), паходзіць з ускоснай склонавай формы займенніка *jь (гл. ён); таксама адносна польскага злучніка гл. Брукнер (204, 364). Апошні разглядаецца і як вынік кантамінацыі: nim < niż×im (ESSJ SG, 2, 498 з адпаведнай літ-рай). Нягледзячы на фіксацыю яшчэ ў Бярынды, бел. пім хутчэй за ўсё запазычана з польскай, параўн. Булахаў, Развіццё, 27, а таксама Карплюк, Paralele w rozwoju słownictwa języków słowiańskich. Wrocław etc., 1989, 161–170. Няяснага паходжання мін. пім ’як бы, быццам’ (Сл. ЦРБ), фармальна ідэнтычнае разгледжанаму раней (кантамінацыя нібы×быццам?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бамбэ́лак невялікі барабан з бразготкамі’; пераносна ’жывот’ (Янк. Мат.). Запазычанне з польск. bąbel, bębel ’пухір, бурбалка’, памянш. bąbelek, кантамінаванага з польскім bębenek ’бубен, барабан’ (першае — да слав. асновы bǫb‑, другое — таксама да bǫb‑; экспрэсіўна-гукапераймальныя асновы, гл. Слаўскі, 1, 29, 31). Кантамінацыя мела месца, мабыць, ужо ў бел. мове. Але не выключаецца, што бамбэ́лак проста з польск. bąbelek ’бразготка’. Параўн. значэнне бел. слова: ’невялікі барабан з бразготкамі’ (!). Параўн. укр. бамбу́лька ’круглая ягада (бульбы)’ < польск. Да фанетыкі такіх запазычанняў гл. Зілынскі, PF, 12, 376. Пра магчымасць захоўвання групы ‑ом‑ (< прасл. — ‑ǫ‑) у слав. мовах гл. Махэк₂, 44 (але непераканаўча).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кляпа́ць 1 ’вастрыць лязо касы ўдарамі малатка’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Грыг., Яруш., Выг.). Укр. клепати, рус. клепать ’тс’, балг. клепя, макед. клепа, серб.-харв. кљѐпати, славен. klépati ’тс’, польск. klępaćy чэш. klepati, славац. klepať, в.-луж. klepać ’тс’. Значэнне ’вастрыць лязо касы ўдарамі малатка’, зыходзячы з агульнага яго распаўсюджання, праславянскае і з’яўляецца праславянскай інавацыяй. Корань дзеяслова гукапераймальны.

Кляпа́ць 2 ’паклёпнічаць’ (Нас., Мат. Гом., Сцяшк.). Гэта значэнне яшчэ праславянскае, паралельнае з кляпаць 1 (гл.).

Кляпа́ць 3 ’ляпаць, удараць’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Др.-Падб.), ’плёскаць, падаць на ваду’ (Нар. словатв.). Гукапераймальнае. Кантамінацыя з ляпаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апара́т, апара́ты ’царкоўныя рэчы, у тым ліку адзенне свяшчэнніка’ (Нас.); аднак ужо ў аповесцях XVI–XVII стст. апаратъ военныи (Шакун, Гісторыя, 106). У старабеларускай мове як царкоўны, так і ваенны апарат з XVI–XVII стст. з лац. apparatus (Курс суч., 172; Гіст. лекс., 111), магчыма (але не абавязкова), праз польскую. Наўрад ці трэба лічыць, што на пачатку XX ст. слова апарат было другі раз запазычана ў беларускую мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. мовы, 2, 147; Гіст. лекс., 245), хутчэй за ўсё тут можна гаварыць толькі аб пашырэнні значэння ўжо ўжыванага слова; апарат ’ваенны парад’ (Нас.) кантамінацыя парад і апарат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвялі́ць ’бяззуба, комкаючы есці’ (мсцісл., Юрч. Сін., 80), жвяль, жвель ’выклічнік пра павольную яду’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). В.-луж. zwalić ’гаварыць глупства’, славен. žveljáti ’есці марудна, перажоўваючы; нешта рабіць марудна’, серб.-харв. жва̀лити ’зацягваць цуглі; слінявіць, трымаючы ў губах (напр., люльку)’, балг. дыял. жваля ’перажоўваць’, жви́лим ’церці; піць’. Параўн. літ. žvelgseti ’многа гаварыць’ (Шырвід), лат. zvalkšét ’балбатаць, рабіць гук (пра падзенне прадмета і інш.)’ (Мюленбах-Эндзелін). У корані адлюстроўваецца, відаць, тое ж *žьv‑, што і ў жаваць (гл.), але адбывалася і кантамінацыя з гукапераймальным *žv‑ (параўн. жвякаць), прычым аснова ўтвараецца з рознымі галоснымі (a‑, ‑ě‑, ‑i‑) і зычным ‑l‑ (дэтэрмінатывам?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́хмалка груб. ‘твар’: даць у тухмалку (мёрск., ЖНС; Рэг. сл. Віц.). Няясна; пачатак слова падобны да рус. смал. ту́хман ‘удар рукой, тумак’, ту́хманка ‘тс’, ярасл. задаць ту́хманку ‘пабіць’, цвяр. дать ту́хменку ‘стукнуць’ (СРНГ), што, магчыма, сведчыць пра другасны характар семантыкі беларускага слова. Відаць, вытворнае ад ту́хаць ‘стукаць, тупаць’ (гл.) праз прамежкавую форму *тухма (тухаць), аналагічна да рус. тукма́нка ‘ўдар кулаком’, якое Фасмер (4, 117) прапануе выводзіць з ту́каць ‘стукаць’, адначасова ставячы пад сумненне мажлівасць кантамінацыі з токмач, тукмач ‘удар кулаком’, ‘калатуша’, што тлумачыць другую частку слова; паводле Анікіна (561), хутчэй кантамінацыя з тумак ‘удар кулаком’. Параўн. тухляк 1 ‘штурхаль, штуршок’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)