адбі́цца, адаб’юся, адаб’ешся, адаб’ецца; адаб’ёмся, адаб’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адкалоцца, адламацца. Ад кубка адбілася ручка.

2. Даючы адпор, абараніцца ад нападу, ад чыіх‑н. непрыязных, варожых дзеянняў. Неспакой узрастаў. Чорт яго ведае, ісці ці не?.. Падумаў: «Калі правакацыя, адаб’юся. Не так проста ўзяць Галая». Асіпенка. // Абараніцца, вызваліцца. Не паспеў адбіцца ад адной [пчалы], як зараз жа цэлая плойма густой сеткай замільгацела ў вачах. Дуброўскі. // Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Нельга адбіцца ад думкі, што гэтыя дзве хаты, нібы тыя заядлыя маладзіцы-суседкі, пасварыліся і паадварочваліся адна ад адной. Сабаленка.

3. Адстаць ад тых, з кім быў разам. Гэта было маленькае дзікае качанятка, якое, відаць, адбілася ад чародкі. Краўчанка. [Эміль Клебер] не мог нікога знайсці з сваіх таварышаў. Ён ведаў, што некаторыя з іх забітыя тут дзесьці ляжаць. А жывыя напэўна адышлі кудысьці, і ён адбіўся ад іх. Чорны.

4. Аддаліцца, парваць сувязь з кім‑, чым‑н. Адбіцца ад дому. // Перастаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. □ Няма яму [Міхалу] нядзелькі, свята — Ідзе ды йдзе ён, як закляты; У шчэпку высах з той хады, Ад сну адбіўся, ад яды. Колас.

5. Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамені і пад.). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал. Маўр.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні. Да берага Нёмана прарваўся першы бранявік. Нават нахабна адбіўся ў спакойнай.. вадзе. Брыль. // перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).

7. Выявіцца, атрымаць вонкавае праяўленне (пра пачуцці, стан і пад.). Трывога адбілася ў .. [Аксені] на твары, і рукі ўжо неяк неахвотна гарнуліся да працы. Пестрак.

8. Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё, адчуванне; адазвацца. Потым надыдзе зіма, прыйдзе вясна, вернецца лета і зноў настане восень, залатая і непаўторная, зменяцца далягляды і адаб’юцца навек у душы чалавека. «Маладосць».

9. Зрабіць уплыў, уздзеянне на каго‑, што‑н. Частыя ўзлёты і падзенні адбіліся на здароўі.. Скашынскага. Чарнышэвіч. Адмоўна адбілася на развіцці байкі і іншых сатырычных жанраў блытаніна, якая яшчэ не так даўно мела месца ў поглядах на сатыру. Казека.

10. Астацца пасля каго‑, чаго‑н., пакінуць адбітак. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага. В. Вольскі. // перан. Захавацца ў памяці.

•••

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, перастаць падпарадкоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуўшы, перамясціць убок, назад, наперад. [Карн] папляваў у далоні, глыбока капнуў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок. Шамякін. // Рэзка, з сілай адштурхнуць, адвесці ад сябе каго‑, што‑н. [Лёдзя] адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад акна. Карпаў. / у безас. ужыв. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад. Гамолка. // перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго‑н. А вайна ўсё адкінула назад, сям’ю па свеце раскідала. Кавалёў.

2. Атакаваўшы, прымусіць адступіць. Натхнёныя першай удачай, танкісты Анішчанкі кінуліся ў атаку і пасля кароткага жорсткага бою адкінулі ворага. Гурскі.

3. Не прыняць чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. Ці ж кепска ў свой мізэрны бюджэт уключыць рублёў пятнаццаць за скуру ліса.. Хто ж адкіне гэта? Шынклер. [Стафанковіч унуку:] — Я табе прынясу, .. падарую, рабі, што сабе хочаш, такія рэчы, што ніхто не адкіне. Чорны. // перан. Вызваліцца, адмовіцца ад якіх‑н. прывычак, думак, пачуццяў і пад. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк. Перш за ўсё, як зусім Непатрэбную рэч, Жаль, што сэрца сціскаў мне, Адкінуў я прэч. Куляшоў.

4. Адвесці ўбок ці апусціць уніз што‑н., замацаванае адным краем. Хвошч адамкнуў куфэрак, адкінуў вечка і задаволена пацёр твар абедзвюма рукамі. Лупсякоў. // Рэзкім рухам адвярнуць, адагнуць край чаго‑н., што звісае, пакрывае. Адкінуць з грудзей коўдру. □ Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка. // Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той тру-гу-гу. Колас.

5. Зменшыць на пэўную колькасць пры адыманні; адняць. Адкінуць сем ад пятнаццаці. // Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго‑, чаго‑н. Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.

6. Вярнуць чужое (знойдзенае, украдзенае і пад.); падкінуць.

7. безас. Вярнуцца (пра хваробу). Ён быў прастудзіўся, не вылежаў, пайшоў рамантаваць свой грузавік, і яго адкінула зноў. «Работніца і сялянка».

8. Адбіць, стварыць (цень, водсвет і пад.). Электрычнае святло адкінула роўны водсвет на людскія твары. У стэпе, залітым месячным святлом, курган адкінуў густы цень.

•••

Адкінуць хвост (ногі, капыты) — захварэць, памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асе́сці, асяду, асядзеш, асядзе; зак.

1. Знізіцца, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся. На дварэ стаяла адліга. Волкі, цеплаваты вецер гнаў па небе шэрыя хмары. Снег за ноч асеў. Асіпенка. Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засыпала пляцоўку. Савіцкі. [Сцяпану] ветліва растлумачылі, што дом толькі што пабудаваны і атынкоўваць яго адразу нельга, трэба пачакаць з год, каб аселі сцены. Шамякін.

2. Падаючы, апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго‑н. [Геня] стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута. Якімовіч. На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы. Чарнышэвіч. Даўно асеў на лісце дрэў, на зеляніну агародаў пыл, узняты статкам. Пальчэўскі. // Апанаваць, апусціцца, ахінуць з усіх бакоў (пра цішыню, цемень і пад.). Над лугам — ад лесу да самай чыгункі — ізноў асела цішыня. Брыль. Змрок асеў на пагосце. Смагаровіч. // Апусціцца ніжэй. Памалу хмары аселі над кругаглядам. Чарнышэвіч. // перан. Зрабіць уплыў на псіхічны стан, настрой. У момант згінуў яго [Лясніцкага] радасна-ўзняты настрой, асела на сэрцы нешта цяжкае, даўкае. Зарэцкі.

3. Апусціцца на што‑н., сесці ад страты сілы, ад знямогі. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву і стомлена асеў на ўслон. Мележ.

4. Перастаць лётаць, сесці на што‑н. (пра насякомых, птушак). На дрэве асеў рой. □ Стогнуць за лесам Доўгія балоты — там аселі журавы. Пташнікаў.

5. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог. Чарнышэвіч. Сяліліся тут часцей маладажоны — прымакі, механізатары, настаўнікі, якія вырашылі асесці ў вёсцы назаўсёды. Ракітны. Хадзілі чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы. Чорны. // Знайсці недзе прыпынак на некаторы час ці на пастаянна; не вярнуцца на ранейшае месца пасля працяглых блуканняў. [Авяр’ян:] — Сам знаеш, колькі закалюжанцаў ды грынёўцаў асела па заводах у горадзе за тыя гады. Пташнікаў. // перан. Затрымацца, замацавацца (пра свядомасць, памяць). Радкі з паэмы аселі ў памяці. Савіцкі. «Дадому», — неяк адразу асела ў свядомасці. Кулакоўскі.

6. перан. Пасля ўзбуджэння раптам аціхнуць; спыніць актыўную дзейнасць. Бачачы, што з усіх бакоў пачалі збягацца падзёншчыкі, гаспадар асеў і, брыдка вылаяўшыся, заспяшаўся ў свае пакоі. Бажко. Выслухаўшы Жывіцкага, [Сяргей] раптам змоўк, нейк асеў, нават як бы збянтэжыўся. Чорны.

7. Страціць сілу, паслабець. — Ужо? — асеў у.. [Мані] голас, прагучаў ненатуральна квола. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падысці́, падыду, падыдзеш, падыдзе; пр. падышоў, ‑шла, ‑ло; заг. падыдзі; зак.

1. Ідучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў. Ноччу, павольна пасоўваючыся,.. [зубры] падышлі непрыкметна пад самы лагер. В. Вольскі. // Пад’ехаць, наблізіцца (пра машыну, поезд і пад.). [Задруцкі] падаўся да экскаватара — падышоў чарговы самазвал. Дадзіёмаў. [Нілаўна:] — Тузануць за шнур я павінна была тады, калі падыдзе поезд. Якімовіч. // Разм. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Тым часам падышлі яшчэ трое чыгуначнікаў з вакзала ды два хлапцы з горада. Мурашка. Час ад часу.. [Мартын] пазіраў у акно і хваляваўся. Павінен быў падысці сын. Ракітны. // перан. Надысці, настаць (пра час, падзею і пад.). Хлеб запах суха і кісла — так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны. Неўзаметку падышлі экзамены. Васілевіч.

2. Прайсці крыху. За.. [Грушэўскім] крыху падышлі сябрукі, але хутка адсталі: ён ім больш не таварыш! Карпюк.

3. Прыблізіцца да чаго‑н., дайсці да мяжы чаго‑н. (пра дарогу, раку, ваду і пад.). Вада падышла да агародаў. □ Хмызняк бліжэй падышоў да рэчкі, голыя мясціны пакрыліся асакой. Дуброўскі.

4. перан. Прыступіць да чаго‑н., узяцца за якую‑н. справу. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. // Паставіцца пэўным чынам да чаго‑н. — Як бачыце, таварышы, справа вельмі сур’ёзная і падысці да яе мы павінны па-сур’ёзнаму. Васілевіч.

5. Здолець заваяваць чыё‑н. давер’е, выклікаць прыхільнасць каго‑н. да сябе. Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас. [Чубок:] — Пагавары з Кацяй, парай ёй не спяшацца. Далікатна падыдзі да яе... А там відаць будзе. Гаўрылкін.

6. Падняцца, павялічыцца (пра цеста). [Цеста] падышло, паднялося над дзежамі і нагадвала вялізныя шапкі грыбоў. Васілеўская. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто.

7. Быць прыдатным, адпаведным каму‑, чаму‑н. па сваіх памерах, якасці, форме. Кажуха ў мяне не было. Але мне добра падышла матчына куртка на ваце. Якімовіч. Хоць з бядой папалам, аднак падышла да галавы кепачка дзесяцігадовага Алёшкі. Брыль. [Сашка] падумаў аб сабе, што яму бадай лепш падышла б не цывільная, а вайсковая адзежа. Чорны.

•••

Гады падышлі гл. год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куды́, прысл.

1. пытальнае. У якім напрамку?, у якое месца? — Куды, дзядзька, ідзеш? — спытаў яго вартавы салдат. Якімовіч. — А цяпер куды? — спытала Святланка. — Дзе тое метро? Васілёнак. // У пытальна-клічных сказах, калі імкнуцца спыніць каго‑н. — Куды лезеш? Назад!

2. пытальнае. Разм. На што?, для якой мэты? Куды столькі грошай патрацілі?

3. неазначальнае. Разм. У якое-небудзь месца, куды-небудзь. — Дзе хлопцы? — Пайшлі ў кіно, а можа яшчэ куды падаліся.

4. адноснае. Ужываецца ў якасці злучніка: а) у даданых сказах месца (часам з суадноснымі словамі «туды», «там» у галоўным сказе). Святлела неба, і недзе там, куды бег паравоз, разгараўся ўжо новы дзень. Асіпенка. Куды вецер вее, туды галлё гнецца. З нар.; б) у даданых дапаўняльных сказах (часам з суадносным словам «тое» ў галоўным сказе). — Хто ведае, куды вядзе вось гэта шэрая вузкая дарога? Галавач; в) у даданых азначальных сказах. Усе чамусьці павярнулі галовы ў той бок, куды накіраваўся Грышка. Чарот; г) у даданым уступальным сказе ў спалучэнні з часціцамі «ні», «б ні». [Пытляваны:] А мяне куды ні пастаў, дык я ўсюды харош. Крапіва.

5. у знач. часціцы. Разм. У спалучэнні з вышэйшай ступенню прыметнікаў і прыслоўяў абазначае: значна, намнога. Гэта кніга куды цікавейшая за тую. □ — Гляджу я на нашу моладзь, і сэрца радуецца, — кажа ён. — Такія ўмовы для яе ўсюды створаны. Нам было куды цяжэй... «Звязда».

6. у знач. часціцы. Ужываецца пры пярэчанні або пры ўнясенні паправак да сваіх слоў (звычайна з паўтарэннем слова, якое аспрэчваецца). — Паедзеш у горад? — Куды там у горад! Працаваць трэба. // З давальным склонам асабовага займенніка і звычайна з інфінітывам ужываецца для вырашэння немагчымасці чаго‑н. Куды вам да яго! □ — Ай-ёй, куды яму беднаму без нагі... — пачала маці, але Міхась перапыніў яе. Брыль. А яму, дзеду Лукашу, куды было цягнуцца пехатою за блізкі свет. Якімовіч.

•••

Куды вочы глядзяць гл. вока.

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Куды каторы гл. каторы.

Куды ні кінь вокам гл. кінуць.

Куды ногі нясуць гл. нага.

Куды папала гл. папасці.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) гл. ведаць.

Хоць куды (у знач. вык.) — добры ва ўсіх адносінах, да ўсяго прыгодны. Гэта ж не дом, а звон. Ды і астатнія пабудовы — хоць куды. М. Ткачоў.

Хто куды гл. хто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Чалавечны, пачцівы. Людскае абыходжанне.

2. Такі, як трэба; прыстойны. Максіму крыўдна станавілася за сваё жыццё, за тое, што ў яго і касцюма няма людскага, бо ўсе грошы забірае мачыха. Дайліда. [Тварыцкі:] — Каб людская жонка, можна было б разам з ёю рабіць усё, а то туляйся, як ад ворага. Чорны. / у знач. наз. лю́дскае, ‑ага, н. [Зіна:] Каб яе перуны высмалілі гэту вайну. Цяпер будзеш чакаць Івася можа тры гады... А колькі таго жыцця ў чалавека, а маладосці яшчэ менш. Ды я яшчэ людскага і не зазнала ў жыцці. Кучар.

3. Добры, прыгодны для чаго‑н. [Колас:] Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі. Лужанін. За кузняй сапраўды дзірванеў пустыр.. Яма на яме і адно каменне з жарствою. Там нават трава людская не расце. Якімовіч.

людскі́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да людзей, належыць людзям (у 1 знач.). Дзе-нідзе праснуе людская фігура і зараз жа знікне невядома куды. Колас. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы. В. Вольскі. Знаць не знаў Паўночны полюс Урачыстасці такой. Тут спакон вякоў, ніколі Не было нагі людской. А. Александровіч. // Які складаецца з людзей. Людскі паток. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін. // Які робіцца, ажыццяўляецца чалавекам, людзьмі. Людскія справы. □ Маўчыць усё навокала, не чутна гамонкі людской. Нікановіч.

2. Уласцівы людзям (у 1 знач.); чалавечы. Людскі лёс. Людская памяць. □ Вынікла новае мора, Пакорнае волі людской. Колас. [Салігорцы] шануюць слаўную памяць аб героях партызанах, якія аддалі тут сваё жыццё за шчасце людское. Кулакоўскі.

3. Які мае адносіны да людзей (у 2 знач.); іншы. — Хадзі ў калгас на работу, як людскія жонкі, будзеш мець і грошы і хлеб. Пальчэўскі.

4. Уст. Прызначаны для прыслугі. Запас .. [сухароў] Язэпка рабіў два апошнія дні — па кавалачку ад скупых лустак, што перападалі яму на людской кухні і ў лесарубнай арцелі. Якімовіч.

5. у знач. наз. людска́я, ‑ой, ж. Уст. Памяшканне для прыслугі пры панскім маёнтку. Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі.., а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы: — Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і пюць, як перад пагібеллю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́ць, разаб’ю, разаб’еш, разаб’е; разаб’ём, разаб’яце; заг. разбі; зак., каго-што.

1. Ударам (ударамі) раскалоць, парушыць цэласць чаго‑н. Разбіць шклянку. Разбіць яйцо. □ Аднае раніцы.. Янка разбіў гліняны кубак, якім пілі ваду з вядра. Пальчэўскі. Раз’юшаны кашалот раптам рэзка павярнуў назад і кінуўся на шлюпку. Моцным ударам хваста ён ушчэнт разбіў яе. Матрунёнак. / у безас. ужыв. Па дарозе я забег у Даўгінава паглядзець на Мітрафанаву ліпу, якую разбіла маланкай. Бажко. // перан. Разбурыць, загубіць. Разбіць жыццё. Разбіць дружбу. Разбіць сям’ю. □ Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам. Колас.

2. Пашкодзіць ударам якую‑н. частку цела, параніць. Разбіць калена. □ Я губляў апошнія сілы, некалькі разоў падаў, разбіў да крыві твар. Шамякін.

3. Паздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць. Атрад разбілі на тры часткі. Лынькоў. Нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. // Разм. Размяняць. Разбіць дзесяць рублёў.

4. Нанесці паражэнне; перамагчы. [Нявідны:] — Таварышы! Наша партыя, загартованая ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі. Колас. У сорак другім годзе Савецкія войскі пад Сталінградам разбілі і пагналі фашыстаў. Чарнышэвіч.

5. перан. Даказаць беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць, памылковасць каго‑, чаго‑н. Марыля патрабуе такога лектара, які б ушчэнт разбіў «святога» Луку, што ўжо трэці год жыве на лёгкім хлебе ў Белай Крыніцы. Навуменка.

6. Папсаваць яздой, раз’ездзіць. Разбіць дарогу. // Растаптаць, знасіць (абутак). Дзеду боты праслужылі сорак год, Бо стары ў руках абутак свой насіў, А ўнучак як надзеў, дык і разбіў. Корбан. // Расстроіць (музычны інструмент). Разбіць раяль.

7. Растрэсці, разварушыць, раскінуць (сена, гной і пад.). [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла. Козел. А на пожні сена, як шафран пахучае, раніцай разбілі. Ядвігін Ш.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што‑н., закласці. Разбіць парк. □ У абедзенны перапынак рабяты разбілі футбольнае поле і валейбольную пляцоўку. Сергіевіч. Вясной перад .. домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар. Лось.

9. Паставіць, раскінуць (палатку, лагер). А сёння новыя палаткі Разбілі ў полі юнакі. Прыходзька.

10. У друкарскай справе — аддзяліць прамежкамі, павялічыць разбег паміж чым‑н. Разбіць радкі ў наборы.

11. Разм. Распляскаць, размяць, зрабіць большым у аб’ёме. Разбіць шкуры. Разбіць чыгунную балванку. □ [Конь] ужо зубы з’еў траха не напалавіну, ды і жывот разбіў, як сяннік. Якімовіч.

12. Пазбавіць руху, зрабіць бяссільным (пра параліч і пад.).

•••

Разбіць лёд — зрабіць першы крок, пакласці пачатак чаму‑н.

Разбіць сэрца каму — зрабіць няшчасным каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́на 1, ‑ы, ж.

1. Пашкоджанне тканак жывога арганізма, парушэнне яго цэласнасці. Смяротная рана. □ Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану. Мележ. Цяжкія раны ад апёку на руках і спіне, ад болю [Васіль] страціў прытомнасць, цяпер, здавалася хлопцу, перасталі ныць. Ваданосаў.

2. перан. Душэўны боль, пакуты. [Лузавец:] — Мне думаецца, работа — самыя найлепшыя, самыя дзейсныя лекі ад усякай раны. Усё, аб чым баліць душа, павінна вылечыць праца... Краўчанка. Ніколі не залечваюцца раны на сэрцы ў таго, Хто быў жывым З крывёю ад радзімы адарваны. Аўрамчык. // Пра шкоду, страты, прычыненыя чаму‑н. З дапамогай брацкіх народаў краіны Беларусь залячыла раны ваеннага ліхалецця, адбудавала гарады і вёскі. «Звязда». Свабодная зямля Загоіць хутка свае раны. Танк.

•••

Агнястрэльная рана — рана, прычыненая куляй або асколкам баявога зарада.

Жывая рана — а) рана, якая яшчэ не зажывае; б) перан. вострае, нядаўняе гора, пакута.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хоць ты да раны кладзі гл. класці.

ра́на 2, прысл.

1. Раніцай, уранні. Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі. Брыль. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко. // у знач. наз. ра́на, нескл., н. Раніца. З вечара да рана.

2. Раннім часам, у першы перыяд раніцы. [Віктар] ведаў, што Зелянюк паедзе ўранні, але не думаў, што гэтак рана. Зарэцкі. — Навошта так рана .. [Паўліка] будзілі? — запытала маці. С. Александровіч. // безас. у знач. вык. Пра ранні час. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка.

3. Да ўстаноўленага або патрэбнага часу. Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай. Брыль. І Дзімка рады быў — завязе спорненька вязку [сена] на кірмаш, не вельмі стоміцца і рана дамоў вернецца. Капыловіч. // безас. у знач. вык. Пра тэрмін, які яшчэ не настаў, не прыйшоў. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. // безас. у знач. вык. Пра непадрыхтаванасць да чаго‑н., адсутнасць прычын для чаго‑н. Пачынаць будаўніцтва яшчэ рана. □ Салдаты, каторыя вярнуліся з вайны без рук ды без ног, кажуць — адчайвацца яшчэ рана. Якімовіч.

•••

Рана ці позна, рана-позна — калі‑н. (пра тое, што абавязкова павінна здарыцца).

Раным-рана — вельмі рана, як толькі можна рана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, прамы, без выгібаў. З узгорку далёка відаць было жоўтае пескавое палатно шашы, роўнае, як струна. Крапіва. Роўны, як бы пракладзены па шкуру, канал у перспектыве звужаўся ў маленькую чорную кропку. Краўчанка.

2. Гладкі, без упадзін і ўзгоркаў. Поле ляжала роўнае як кінуць вокам. Адамчык. Мы аглядаем месца, дзе любяць збірацца ласі ўвосень. Гэта — узвышаная мясцовасць з даволі роўным рэльефам. В. Вольскі. // Без сучкоў, вузялкоў і пад. А калоды ўсе такія тоўстыя, такія гладкія, роўныя — паглядзець і то было люба. Колас.

3. Аднолькавы, пастаянны ў якіх‑н. адносінах на працягу якога‑н. часу, якой‑н. адлегласці. Зіма ў тым годзе была роўная. □ Чарнявы гэты хлапец — без кашулі, босы, густы і роўны загар ляжыць на ягоным целе. Мікуліч. // Спакойна, без павышэння і паніжэння (пра голас, гукі). Спакойны, роўны тон .. [Верынага] голасу вывеў Мікалая з раўнавагі. Дамашэвіч. І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працяжна роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас. // Раўнамерны. Электрычная лямпачка разлівала па стале з-пад сіняга абажура роўнае мяккае святло. Бядуля. Праз нейкі момант пайшоў роўны, спорны дождж. Грамовіч. Пад роўны шум ліўня ўрэшце я заснуў. Місько.

4. толькі мн. Аднолькавыя намерам. Ля самых пуцей ляжалі роўныя кучы вугалю, загадзя нарыхтаваныя для пагрузкі на паравоз. Лынькоў. [Талерка] падскочыла на месцы і разбілася на дзве роўныя часткі. Бядуля. // Аднолькавы з кім‑н. па якіх‑н. прыкметах. Былі толькі двое, з якімі .. [Зубовіч] адчуваў сябе роўным. Трапілі яны ў астрог не зусім звычайным чынам. Машара. Па вечарах глядзелі Бясплатнае кіно: Як роўныя, сядзелі З байцамі заадно. Гілевіч.

5. перан. Ураўнаважаны (пра характар, паводзіны чалавека). Дзед не кіпеў ужо, быў аж на дзіва стрыманы і роўны. Мележ.

6. Які знаходзіцца на адной лініі з кім‑, чым‑н. (па вышыні, глыбіні і пад.). Мы палолі ў полі лён Цэлы дзень, Роўны з намі вырас ён, Маладзец! Муравейка.

7. Які мае аднолькавыя з кім‑н. правы, становішча, значэнне. — Табе, сынок, кажу яму, заўсёды знойдзецца дзяўчына з роўных нам. Гартны.

8. Які дакладна адпавядае чаму‑н. па велічыні, мае пэўную велічыню. Рост роўны двум метрам. Адлегласць роўная пяці кіламетрам. □ — Ёсць сіла, Роўная красе, Багатшая за ўсе багацці. Глебка.

•••

Быць на роўнай назе з кім гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)