паступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Уладкавацца куды‑н., стаць членам, удзельнікам чаго‑н. Паступіць на работу. □ І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сержант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Шамякін. — А як жа мне ў камсамол паступіць? — пытаецца Рыгор. Галавач. Паступіць на завод .. [Тарасу] параіў Андрэй Міхайлавіч. Якімовіч.

2. Павесці сябе пэўным чынам, зрабіць нейкі ўчынак. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як паступіць яму далей. Колас. — Ты правільна паступіў, што асадзіў яго [Салагуба] крыху. Машара. Хацелася растлумачыць яму [Максіму], што хоць жорстка яна [Глаша] паступіла, але інакш не магла. Гроднеў.

3. Быць дастаўленым куды‑н., атрыманым кім‑н. У бальніцу паступіў хворы. Паступіла скарга. □ Раніцай паступіў загад рыхтавацца ў паход: пакаваць сувязную гаспадарку на фурманкі, быць гатовымі на выезд. Машара. // Перайсці, перадацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н. Уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго [дзеда Талаша] распараджэнне. Колас.

4. Рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., апынуцца дзе‑н. (пра паветра, ваду, газ і пад.). Ток паступіў у правады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.

2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.

3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.

4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадзява́цца, ‑дзяю́ся, ‑дзяе́шся, ‑дзяе́цца; ‑дзяёмся, ‑дзеяце́ся; незак.

1. на што, з інф., без дап., са злучн. «што». Мець надзею, спадзяванне, разлічваць на што‑н. Ішоў [Папас] вуліцаю ля кааператыва, спадзяваўся напаткаць каго [са] знаёмых. Галавач. Ілка ўсё яшчэ на нешта спадзяецца і сядзіць на месцы. Лупсякоў. А я ўсё спадзяваўся І верыў... Эх, надзеі! Калачынскі. // чаго, са злучн. «што». Чакаць чаго‑н. Апошнія словы балюча кальнулі Сцёпку, хоць гэтага ён і спадзяваўся ад бацькі. Колас. Што дасі заўтра, доля зманлівая, Спадзяюся пацехі я мала. Купала. — Гм, — паморшчылася пані, — гм, я не спадзявалася, што ты кепска выхаваны. Бажко. / 1 ас. адз. цяпер. спадзяю́ся, у знач. пабочн. [Доктар:] — А тое, што я тут вам гаварыў, спадзяюся, застанецца між намі. Машара. [Ганя:] — Без маёй прысутнасці вы, спадзяюся, усё высветліце і разберацеся... Грамовіч.

2. на каго-што. Мець упэўненасць у кім‑, чым‑н.; мець спадзяванні на каго‑н. А сябры чакаюць, спадзяюцца на яго — Янку Корвуна. П. Ткачоў. Значыць, .. [Рабы] хітруе і не вельмі спадзяецца на мяне. Якімовіч. На .. [Бумажкова] спадзяваліся як на чалавека, які ў рашучы момант дасць верную параду. Чорны.

•••

Спадзявацца на манну нябесную — разлічваць на выпадковую ўдачу, на што‑н. дармавое.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., каго.

1. Прывабіць (чым‑н. прынадным, прыемным і пад.). У свой час .. [Сяргей] думаў Міхася лодкай спакусіць. Шыцік. Кожны прадавец імкнуўся як мага вышэй падняць сваю клетку або жэрдачку, на якой сядзела птушка, каб спакусіць багатых пакупнікоў. Арабей. // Адыграць ролю спакусы, захапіць. Хлопцаў спакусіла рэчка: яны адразу ж парушылі строй, рвануліся да берага. Якімовіч. А можа цябе спакусілі прыгожыя сукенкі і жакеты выпешчаных купецкіх і памешчыцкіх дачок і ты адважыўся прыняць нават іх веру? Паслядовіч. Спакусіў Цабенку ячмень, які спатрэбіўся яму для фермы. Шашкоў. // Прывабіць сваёй прыгажосцю; выклікаць сімпатыю да сябе. Але мяне іншае цікавіць. Раскажы, з кім ты меў спатканне. Што за прыгажуня такая спакусіла цябе? Хто яна, саперніца мая? Машара. Можна сказаць, што.. [Тамара] паставіла сабе за жыццёвую мэту: спакусіць яго, зрабіць палюбоўнікам. Шамякін.

2. Падгаварыць, падбіць на што‑н. нядобрае. І што яшчэ горш, спакусіў на благі ўчынак і легкадумнага таварыша свайго — Барадатага. Лынькоў. Прыйшоў і Пецька, які спакусіў Мішу лавіць сн[е]гіроў. Якімовіч.

3. Пяшчотамі, абяцанкамі дабіцца ад жанчыны (дзяўчыны) інтымнай блізкасці. «Магіла льва» — чуллівая гісторыя разбітага кахання асілка — юнага Машэкі да красуні дзяўчыны Наталькі, якую прывабіў і спакусіў пан. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.

2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.

3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.

1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.

2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».

•••

Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.

[Ад ням. Turm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; незак.

1. Нахіляцца, нагінацца. Не налажылася.. [Рыгорыха] да гэтакай работы. Тут пілу тузае, як папала, сама ўгору глядзіць, ці не хінецца ў гэты бок вяршыня. Крапіва.

2. перан. Мець ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Вось той жа Лапцін. Паглядзіш — быццам і стараецца, усё правільна робіць: у каго прагул — скажа, хто да гарэлкі асабліва хінецца — пры ўсіх крычыць. Савіцкі. Цяжка было зразумець, чаму такі дужы, плячысты хлопец зусім не хінецца да зямлі, не мае да яе ласкі. Шахавец.

3. перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. [Ігар] зразумеў, што кахае Рэню мацней, чым да гэтага кахаў іншых дзяўчат. А вось Рэня не хінулася да яго. Сіняўскі. [Марыля:] Але ты [Зося] не ведаеш, што цябе чакае, як будзеш так хінуцца к яму, як калінка да явара? Сябе згубіш і нас вечным сорамам абняславіш. Купала. // Шукаць збліжэння з кім‑н. Марат чамусьці хінуўся да хлопцаў больш сталых, да тых, у каго на выцвілых гімнасцёрках яшчэ былі відны сляды ад ордэнаў. «ЛіМ». Юзік сам не ведаў аб сваёй папулярнасць Быў ён чалавек ціхм[я]ны і трымаўся сваёй пугі, як другі чалавек зямлі, і ні да чога і ні да кога не хінуўся. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хма́ра, ‑ы, ж.

1. Вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, град, снег. Нізка звіслі над зямлёю Хмары снегавыя. Колас. — А вунь і хмара. — Усе пападымаліся на ногі, сталі глядзець у той бок, куды паказаў пальцам Пятро: сапраўды, з-за лесу ўставала чорная хмара. Капыловіч. Навісла хмара, грымнуў гром, і буйнымі кроплямі забарабаніў у вокны дождж. Чарнышэвіч. // чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і пад.). Кажуць, пасля вызвалення тут было голае месца, адны каміны стаялі ды вецер ганяў над пажарышчам хмары попелу. Шамякін. // каго-чаго. Пра вельмі вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Хмара камароў. Хмара варон. □ Іх [цягнікі] на кожным паўстанку, Бы ўраджайнае лета, Спатыкалі дзяўчаты І хмары касцоў. Танк. [Валодзя:] — На Мінск налягаюць хмары самалётаў, дамы ў агні, здаецца, нават брук гарыць. Васілеўская.

2. перан. Выкарыстоўваецца ў некаторых выразах для абазначэння змрочнага стану, заклапочанасці, смутку, тугі. Зноў адчыняліся дзверы, і паказваўся твар, заліты светам радасці ці, наадварот, зацягнуты цёмнай хмарай нездавальнення. Васілевіч. Цяжка жылося зараз Надзі.. На яе жыццё апала цяжкая чорная хмара. Машара.

•••

Хмара хмараю — а) незлічона многа, вялікая колькасць, многа-многа; б) пра панурага, сумнага чалавека.

Хмары навіслі (згусціліся, сабраліся) над кім-чым — каму‑н. або чаму‑н. пагражае небяспека, бяда, няшчасце і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́яць, ка́іць ’караць’ (Нас.). Магчыма, ’лаяць’, параўн.: «Сам покай его, а я скольки раз каив, да каиння мойго не слухаець» (Нас., 227), параўн., каіне ’пакаранне, кара’: «Бог пошласць нам каинне», «Ниякога каиння не слухаець гетый человек» (Нас., там жа), і каінне ’раскаянне’, гл. яшчэ каята і інш. Другая форма дзеяслова — каяцца ’прызнаваць сваю віну, памылку перад кім-н., усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым; спавядацца’ (БРС, ТСБМ), ’шкадаваць аб зробленым’ (Чач.), ’наракаць на самога сябе’ (КЭС, лаг.). З новых слоўнікаў: каяцца (ТС) і каяцца ’раскайвацца’ (лід., круп., Сл. паўн.-зах.). Статус слова не вельмі ясны; што датычыцца зваротных форм, неабходна мець на ўвазе, што ў некалькіх выпадках дзеяслоў сустрэўся ў прыказцы, адзначанай на вялікай тэрыторыі, па гэтай прычыне невядома, якой канкрэтна мове або храналагічнаму зрэзу належыць слова. Параўн. круп.: «Не будзе каяцца чалавек, рана ўстаўшы і молад ажаніўшыся» (Сл. паўн.-зах., 2, 450), «Не кайса, шо молоды жэніўса і рано ўстаў» (ТС, 2, 187), «Не кайся, рано вставши, молодо оженившись» (Грынчанка, 2, 229). Улічваючы рад вытворных і некаторыя самабытныя значэнні ў бел. мове, можна думаць, што тут не было (выключаючы некаторыя даныя ў асноўным у літаратурнай мове) запазычання са сферы царкоўнай лексікі. Слова вядома большасці славянскіх моў: укр. каятися ’каяцца, раскайвацца’, каяти (кого) ’лаяць, караць (каго)’ (апошняя форма прыводзіцца няясна з якой крыніцы Бернекерам), рус. каять, каяться вядома ў розных значэннях (у дыялектах), звяртаюць на сябе ўвагу такія, як ст.-рус., рус.-ц.-слав. каꙗти ’ганіць’, арханг. каять ’лаяць, сварыцца, праклінаць’, аланец. ’біць, караць’. Польск. kajać się ’каяцца, раскайвацца’, в.-луж. kać so ’раскайвацца’, чэш. káti ’шкадаваць, загладжваць віну’, káti se ’раскайвацца, каяцца’, славац. kajať sa ’раскайвацца, каяцца’, славен. kájati ’ганіць, асуджаць’ і інш., kájati se ’каяцца, раскайвацца’, серб.-харв. ка̏јаті, ка̏јати се ’раскайвацца’, ’шкадаваць’ (вельмі цікавае значэнне ’помсціць (аб кроўнай помсце)’, kȁjati se ’раскайвацца’, макед. кае се ’каяцца, раскайвацца’, балг. ка́я се ’каяцца, раскайвацца, шкадаваць’, ст.-слав. каꙗти сѧ ’каяцца’. Значэнне ’караць, ганіць’, верагодна, неабходна лічыць асноўным для прасл. kajati. Апошняе — другасны дзеяслоў (дуратыўны, на ‑ati, з падоўжаным вакалізмам кораня, магчыма, з і. -е. *k​ōi. Бліжэйшай і.-е. адпаведнай формай з’яўляецца ст.-іран. (авест.) kāy‑ ’каяцца’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 115–116; Фасмер, 2, 216 (дзе прыводзяцца як адпаведнасці таксама ст.-інд. cáyatē ’ён помсціць, карае’ і далейшыя вытворныя). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 499; вельмі падрабязна Слаўскі, 2, 22–23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́; -вёў, -вяла́, -вяло́; адвядзі́; зак., каго.

1. Ведучы, суправаджаючы, даставіць у якое-н. месца.

Ён адвёў хлопца пад плот і пасадзіў на траве.

2. Перавесці (войскі і пад.) на іншую пазіцыю, перамясціць назад, у тыл.

А. атрад на поўнач ад вёскі.

3. Завесці на некаторую адлегласць ад каго-, чаго-н.

А. ўбок.

4. Адхіліць; змяніць напрамак руху чаго-н., накіраваць убок ад каго-, чаго-н.

А. рукі.

Думаюць, куды б а. ваду з поля.

5. Змяніць напрамак позірку, перастаўшы глядзець на што-н.

А. вочы.

6. перан. Даць іншы кірунак, перавесці (увагу, думку і пад.) на што-н. іншае.

7. перан. Папярэдзіць што-н. небяспечнае, непрыемнае.

А. небяспеку ад сваіх.

8. перан. Адхіліць што-н. неадпаведнае, непрыдатнае.

А. кандыдатуру.

9. Даць у чыё-н. распараджэнне; прызначыць, выдзеліць для якой-н. мэты.

Гасцінны гаспадар адвёў нам два пакойчыкі.

10. Надаць тое або іншае значэнне, вызначыць ролю, месца каму-, чаму-н.

11. Правесці, адчарціць.

А. палі ў сшытку.

Адвесці вочы — хітруючы, адцягнуць чыю-н. увагу ад чаго-н.

Адвесці душу — падзяліцца з кім-н. тым, што набалела; выказаць каму-н. свае патаемныя думкі; задаволіць якое-н. моцнае жаданне.

Вачэй не адвесці — аб чым-н. вельмі прыгожым, прывабным.

|| незак. адво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. адво́д, -у, М -дзе, м. і адвядзе́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)