пустацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.
1. Кветка, якая не дае плода. Пчала — гэта не толькі фабрыка мёду, а і добрая прыбаўка ўраджаю: там, дзе яна садзіцца на кветку, не бывае пустацвету. Якімовіч. / у знач. зб. «— Будзе садавіны ў гэтым годзе, — з задавальненнем думаў дзед Ігнат, — пустацвету амаль .. няма...» Васілевіч. [Яблыні] зацвіталі часта, здаралася, што і ўвосень давалі цвет, а яблыкаў усё не было. І толькі нядаўна, у самыя апошнія гады, кончыўся пустацвет... Чыгрынаў.
2. перан. Чалавек, дзейнасць якога не прыносіць карысці людзям, грамадству. — Ты чуў калі, што значыць слова жыта? Не? Жыццё, сын! — А нахлебнік — пустацвет заўсёды. Карпаў. // Пра тое, што не прыносіць ніякай карысці, не мае значэння. Словы падбіраліся хутка, імкліва, і сярод іх на дзіва мала траплялася пустацветаў або сказаных не да месца. Кулакоўскі. У навелістыцы апошняга часу на кожны ўдалы твор прыпадае, мабыць, не меней за пяць пустацветаў. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́йбішча, ‑а, н.
1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.
2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.
3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.
2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.
3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.
•••
Гуляць у хованкі гл. гуляць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вунь, часціца.
1. указальная. Ужываецца для ўдакладнення месца ці месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Вунь там, каля тых дубоў. Вунь дзе ён вынырнуў. А вунь, што гэта за дрэва? □ Вунь дзе ён, наш «саманны завод», каля самай дарогі, у глінішчах. Брыль.
2. вылучальная. Вылучае або падкрэслівае значэнне таго ці іншага слова ў сказе. Глядзі, вочы вунь у іх зусім зліпаюцца. Вунь і нядаўна іх бачылі на вуліцы. □ І ці не Яноль толькі выглядае гэта вунь там з-за елкі? Колас. [Тэкля:] — На дварэ ўжо восень, лісты вунь асыпаюцца. Краўчанка.
3. узмацняльная. У спалучэнні з займеннікамі ўказвае на меру або ступень якасці чаго‑н. Вунь глядзіце, колькі каменняў выбралі. Бядуля. [Дзямід:] — Вунь след які глыбокі ды шырокі. В. Вольскі.
4. у знач. прысл. У тым месцы, не тут. Вунь відаць вёска. □ Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца! Ах, не тое!.. Адвярнула!.. Гэта шышка на сасонцы. Купала.
•••
Вунь (яно) што! Вунь (яно) як! — вокліч для выказу здзіўлення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́та, ‑ы, ДМ ‑ла́це; Р мн. ‑ла́т і ‑ла́таў; ж.
1. звычайна мн. (пала́ты, ‑ла́т і ‑ла́таў). Уст. Вялікія пышныя пакоі ў палацы; харомы. Падзеі, паказаныя ў фільме, не выходзяць за межы царскіх палат і шынкоў. Новікаў.
2. Вялікае, пышна аздобленае памяшканне, прызначанае для якой‑н. спецыяльнай мэты ў Старажытнай Русі. Княжацкія палаты.
3. Асобны пакой, дзе ляжаць хворыя ў лячэбных установах. Перад вачыма паўставала шпітальная палата, у якой зусім нядаўна ляжаў.. [Сяргей] сам... Сіўцоў.
4. Назва вышэйшай заканадаўчай установы, якая ўваходзіць у склад Вярхоўнага Савета СССР. Палата Савета Саюза. Палата Савета Нацыянальнасцей.
5. Назва прадстаўнічых устаноў у некаторых краінах. Народная палата Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Палата абшчын. Палата лордаў.
6. Назва некаторых дзяржаўных устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі. Казённая палата. □ Акружны суд прысудзіў адабраць пашу ад сялян. Сяляне пераносяць справу ў судовую палату. Колас.
7. Назва некаторых дзяржаўных устаноў у СССР. Кніжная палата. Гандлёвая палата. Палата мер і вагі.
•••
Гранавітая палата — вялікі зал (частка Крамлёўскага палаца ў Маскве), які атрымаў сваю назву ад знешняй абліцоўкі буйным гранёным каменем.
[Ад лац. palatium — дварэц, палац.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уга́, выкл.
Ужываецца пры выяўленні, паказе чаго‑н. значнага, цікавага або нечаканага ў значэнні: вось як, вось яно як, вось яно што. — Уга, во які госць у нас, гаворыць .. [Даніла] сваім вечна спакойным І роўным голасам І сунімаецца ў парозе, каб напіцца вады. Скрыган. І павага мне — уга! — Ад сыноў у хаце. Бялевіч. Другі б уга як нос задраў, а Васіль Кузьміч і віду не падаў, што нешта здарылася. Лобан. — Уга, брыгадзір сімфонію слухае! — засмяяўся Пецька. Мыслівец. // у знач. вык. Многа, даволі; колькі хочаш. Нядаўна прачытаў адзін «раман»... Вады — уга! Вады — даволі! А солі, неабходнай солі — І каліва няма. Валасевіч. Гэта ў іх тут, у пасёлку, нічога цікавага няма, ды і на станцыі таксама, а ў Маскве — уга! Васілёнак. // Ужываецца пры пярэчанні, адмаўленні чаго‑н. у значэнні: не, не так. — Цішэй! — пачуўся прарэзлівы голас. — Могуць немцы поезд спыніць і выкінуць усіх нас адсюль. — Уга! — запярэчыў другі. — Будуць яны з намі валаводзіцца, ім цяпер сваю б шкуру ўратаваць! Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанта́н, ‑а, м.
1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.
2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.
3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.
[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмы́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. З шумам выпускаць паветра праз ноздры. Праз паўгадзіны Клава бачыла, як нядаўна звязаны і скрыўлены жандар чмыхаў, як лось, мыючыся каля бочкі з вадою. Чорны.
2. Усміхаючыся, смеючыся, плачучы, утвараць гук носам ці губамі. Сям-там пачалі мужчыны чмыхаць, хлопцы шаптацца ды дзяўчаты падраготваць. Мурашка. Пад самае ранне прыехала з горада Хадося і, распрогшы кабылу, за хлявом.. доўга паціху чмыхала, уздрыгваючы плячыма, сморкала ў фартух, закрывала твар. Галавач.
3. З шумам выпускаць праз пэўныя адрэзкі часу паветра, пару, адпрацаваныя газы. Недалёка грукатаў цягнік. Нават чуваць было, як ён натужна сон і чмыхаў. Новікаў. Адсюль ужо былі бачны першыя хаты Затокаў і чутно, як чмыхае каля клуба рухавічок. Жычка.
4. перан. Разм. Сердаваць, злавацца, выражаючы незадаволенасць чым‑н. — Цьфу ты, нацыя бабская... — нездаволена чмыхаў дзед. — Ты да яе [Палаткі] як чалавек, а ў яе сваё ў галаве... Лынькоў. Камендант нездаволена чмыхаў, стоячы на паравозе, а Пецік увіхаўся каля Трапезы. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праляжа́ць, ‑жу, ‑шыш, ‑жыць і прале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
1. Прабыць у ляжачым становішчы некаторы час. Цэлы дзень праляжалі разведчыкі ў канаве. Васілеўская. Пастушок праляжаў на зямлі хвілін дзесяць і папоўз. Чорны. [Ціток] пралежаў на клеці тры ночы і нічога не прысачыў. Лобан. // Ляжаць хворым некаторы час. Паранены, .. [Бінке] вымушан быў легчы ў шпіталь і праляжаў там ажно пяць месяцаў. Шамякін. Назаўтра ў Рыты падскочыла тэмпература. Да самага Новага года, болей месяца, яна праляжала хворая. Навуменка. [Маці:] — Давай, сын, вядзі маладую гаспадыню ў хату. А то не маю сіл во, і адзін бог ведае, колькі пралежу пластом. Чыгрынаў.
2. Прабыць які‑н. час без ужывання, без увагі. [Аляксей] нядаўна атрымаў пісьмо з дому. Яно недзе пралежала два тыдні, але ўсё роўна было навіною з дому. Машара. А сцэнарый, скручаны ў трубачку, так і праляжыць да заўтрашняга дня, бо няма чаго над ім і думаць. Гаўрылкін. Падводную лодку з дна паднялі. Доўга праляжала, з сорак трэцяга. Б. Стральцоў.
3. перан.; што. Атрымаць пролежні ад доўгага ляжання. Праляжаць сабе бок. // Пратаптаць, сапсаваць што‑н. ляжаннем. Праляжаць канапу. □ — От хай ляжаць [грошы старых выпускаў], есці ж не просяць, месца не пралежаць. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвісці́, цвіту, цвіцеш, цвіце; цвіцём, цвіцяце; незак.
1. Раскрывацца, распускацца (пра кветкі). Спарыш і дзяцельнік гусціліся ля дарог, цвілі і вялі жоўтыя кветкі. Чорны. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей. // Мець кветкі; быць пакрытым кветкамі. На полі першая раса. І сталі яблыні цвісці... Броўка. Сад цвіў густа і дружна. Дуброўскі. Касі луг, як цвіце. З нар. / у перан. ужыв. Паглядзі, як наўкол прыгожа, Калі неба цвіце на ўсходзе. Гілевіч. На Санькавым твары цвіце вясёлая ўсмешка. Якімовіч. Густою чырванню цвілі На мне мае бінты. Пысін.
2. перан. Знаходзіцца ў стане фізічнага росквіту; быць здаровым, прыгожым. «Цвіце кабета, хоць і турбот у яе багата», — мімаволі падумаў Ваўчок. Хадкевіч. // Быць радасным, ажыўленым. Пералічваючы ў лагеры захопленыя трафеі, партызаны цвілі ад радасці. Бураўкін. Аляксей заўсёды цвіце ўсмешкай, яго можна назваць сімпатычным. Навуменка.
3. перан. Паспяхова развівацца, квітнець. Нядаўна тут цвіло, дыхала прыгожае, зайздроснае жыццё. Лупсякоў. Наша мова, якая вякамі пагарджалася, нарэшце цвіце і красуе разам з народам. Дамашэвіч.
4. Пакрывацца цвіллю. Спрадвеку цвіла вада ў гэтых сажалках. «Звязда». Уставайце, хлеб даядайце, а то вы спіцё, а хлеб цвіце. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)