здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.
2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.
3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ілю́зія, ‑і, ж.
Скажонае ўяўленне, уражанне, заснаванае на падмане пачуццяў; прыняцце ўяўнага за сапраўднае. Аптычная ілюзія. □ Ілюзія руху была настолькі вялікая, што ад хуткасці зацінала дыханне. Мележ. У сляпым жа палёце не відаць лініі далягляду, зрок не правярае самаадчування, і лётчыку часамі здаецца, што самалёт ідзе з наборам вышыні або хіліцца набок. Гэта ілюзіі. Алешка. // Уражанне, бачнасць чаго‑н. Наяўнасць у пакоі некалькіх люстраў — вялікае трумо, люстра ў шафе і вялікі трэльяж каля ложка на начным століку, а таксама мноства крыштальных рэчаў — стваралі ў пакоі ілюзію празрыстасці. Рамановіч. Ілюзія мацярынства была такой моцнай, што часам і сама яна [Таццяна] цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. // Памылковае ўяўленне аб чым‑н.; надзея на што‑н., пазбаўленая рэальных падстаў. Народніцкія ілюзіі. Цешыць сябе ілюзіямі. Паддавацца ілюзіям. □ Так былі развеяны марныя ілюзіі добрага і дастойнага чалавека, нібыта ён пісьменнік. Лужанін.
[Фр. illusion — зманлівае ўяўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
Разм.
1. Адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н.; брыдзіцца. Тараска гадзіўся жаб. Юрэвіч.
2. Псавацца ад забруджвання. Адзенне гадзіцца.
гадзі́цца 1, ‑джу́ся, ‑дзі́шся, ‑дзі́цца; незак.
Разм. Быць прыгодным, падыходзячым для чаго‑н., адпавядаць якім‑н. патрабаванням. — Я вывучаў дакументы і думаў: вось гэта для маёй дысертацыі падыходзіць. І гэта гадзіцца. Арабей. // безас. (звычайна з адмоўем). Варта, трэба, к месцу. Сцёпка перамог сябе; не, спаць не гадзіцца! Колас.
•••
Гадзіцца ў бацькі (у маці, сыны і пад.) каму — адпавядаць па ўзросту чыйму‑н. бацьку (маці, сыну і пад.).
Куды гэта гадзіцца; нікуды не гадзіцца — вельмі дрэнна, дрэнны.
гадзі́цца 2, гаджу́ся, го́дзішся, го́дзіцца; незак.
Разм. Канчаць спрэчку; згаджацца, пагаджацца. Рэдкія выпадкі лаянкі толькі на кароткі час раскідалі іх дружбу, і хлопцы скора зноў гадзіліся. Колас. Слугі князя з дарам князевым прыйшлі, З Вялем-волатам, з дружынаю гадзіцца. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.
1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.
2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.
3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адно́сіны, ‑сін; адз. няма.
1. Характар паводзін, абыходжання каго‑н. з кім‑, чым‑н. Выхаваць сацыялістычныя адносіны да сродкаў вытворчасці. □ Дзіўнымі былі адносіны Максіма да Машы. Шамякін. Дзеці нейкім сваім дзіцячым пачуццём разбіраюцца ў шчырасці дарослых, у адносінах іх да сябе. Васілевіч. // Погляд на што‑н., разуменне чаго‑н. Камуністычныя адносіны да працы.
2. Сувязі паміж людзьмі, пэўнымі групамі ці краінамі, якія ўзнікаюць у працэсе іх дзейнасці, суіснавання. Дыпламатычныя, гандлёвыя, эканамічныя адносіны. Адносіны паміж настаўнікамі і вучнямі. Таварыскія адносіны.
3. Узаемная сувязь, залежнасць з’яў або іх кампанентаў. Адносіны прычыны да выніку. Пытанне аб адносінах свядомасці да матэрыі.
4. Дачыненне да каго‑, чаго‑н., сувязь з кім‑, чым‑н. І прозвішча яго — Дарожка — ніякіх адносін, здаецца, да дзятлаў не мае. Якімовіч.
•••
Ва ўсіх адносінах — з любога пункту гледжання.
У адносінах да каго, чаго — ужываецца ў якасці прыназоўніка са значэннем напрамку дзеяння.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.
1. Паставіўшы што‑н. кругом, абгарадзіць, абкружыць каго‑, што‑н. Абставіць што-небудзь дошкамі. □ Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і смяецца над усім светам. Чорны. // Разм. Уставіць, заставіць што‑н. чым‑н. па краях ці на ўсёй паверхні. Абставіць паліцы кнігамі.
2. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку. [Ксяндзу] адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Колас. // Абсталяваць дэкаратыўную частку тэатральнай пастаноўкі. Багата абставіць спектакль.
3. перан. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго‑н. Абставіць сустрэчу з дэпутатамі. □ Езуіты ўмелі абставіць справы так, што Кася ледзь не да сканчэння вучобы ў гімназіі шчыра верыла ў бога. Карпюк.
4. Разм. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н.; апярэдзіць каго‑н. у чым‑н. — Калі дзяўчынка не будзе разявай, — перабіў.. [Джорджа Лоўрэнса] дырэктар, — яна зможа хутка пайсці ўгору і абставіць некаторых нашых красунь. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.
1. Намачыць, змачыць злёгку, трохі. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Каб не плёскаць вадой, Маша асцярожна памачыла ручнік і выцерла твар. Шамякін. // Зрабіць зусім мокрым; вымачыць. Сагнуўшы ногі, [Андрэй] пачуў, што мокрыя калені: памачыў у расу, калі ішоў ля жыта. Пташнікаў. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі памачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Лынькоў.
2. Разм. Прыгубіць. Галя памачыла губы і адставіла [шклянку]. — Што гэта вы — і за сябе не хочаце выпіць? Сабаленка. Андрэй прынёс з хаты цёплае пойла, забеленае мукой. Кабыла ў ім толькі памачыла мызу. Чарнышэвіч.
3. Апусціць ручку з пяром у чарніла, чарніліцу. Прыстаў даў пратакол. Дзед Хрушч прысеў за стол, узяў ручку, памачыў у чарні[лі]цы пяро і выразна .. вывеў сваё прозвішча, пасля чаго па-рыцарску вярнуў пратакол прыставу. Колас.
4. і без дап. Мачыць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Прыняць, узяць з рук у рукі, у сваё распараджэнне ўсё або частку таго, што здаюць. перадаюць, уручаюць. Папрымаць кнігі ад чытачоў. Папрымаць тэлеграмы.
2. каго. Залічыць у склад чаго‑н. усіх, многіх. Папрымаць выпускнікоў школ на работу. □ [Міхал:] — А сам Лазавы хіба не ведае, як ты працуеш у калгасе, не ведае пра тваю дапамогу партызанам? [Люба:] — Ну, такіх, як я, былі тысячы, хіба ж можна ўсіх у партыю папрымаць? Васілевіч.
3. каго. Дапусціць да сябе для агляду, для размовы па якіх‑н. справах усіх, многіх. Папрымаць хворых. Папрымаць наведвальнікаў.
4. што. Зняць, забраць адкуль‑н. усё, многае. Папрымаць талеркі са стала. Папрымаць табурэткі з сярэдзіны пакоя.
5. што і без дап. Прымаць некаторы час. А пакуль што вось вам рэцэпт, зайдзіце ў аптэку, вазьміце таблеткі і папрымайце перад сном некалькі дзён. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Пакаштаваць, папрабаваць на смак. Маці заглянула ў кубкі: Ліза не адпіла і адной трэці. Паспытала яе чай — зусім не салодкі. Шамякін. — А гэта я табе клубнікі прынесла, а то ў бальніцы тут напэўна і не паспытаеш яе... Васілевіч. — Каб не займаўся дзед з Міколкам паляваннем, то не давялося б нам курацінкі паспытаць! Лынькоў.
2. перан. Разм. Перажыць, зведаць у жыцці, на практыцы. [Мікола:] — Не лічу сябе вінаватым перад табой нават і ў тым, што не быў у дэфензіве і не паспытаў таго, што давялося табе. Машара. — Як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе. Грамовіч. // перан. Адведаць, спазнаць. Прынесла Тэкля вужышча. Узяў Саўка вяроўку ў рукі і пытае: «А гэтай штукі паспытаць не хочаш?!» С. Александровіч.
•••
Паспытаць на сваёй скуры што — пераканацца ў чым‑н. на сваім вопыце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нутро́, ‑а, н.
1. Унутраныя органы чалавека або жывёлы; вантробы. [Максім] адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад,.. як абцугамі сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч.
2. Унутраная частка чаго‑н. Светлыя ніці пранізалі пыльнае цёмнае паветра, і хлопчык бачыў усё змрочнае нутро свайго памяшкання. Самуйлёнак. Нутро камяніцы завалена попелам, абгарэлымі бэлькамі, скінутымі з гары рэйкамі. Шынклер.
3. перан. Унутраная сутнасць каго‑н. Мяшчанскае нутро. □ На першы погляд Жлукта — Чарскі вельмі мілы, прывабны чалавек. Выдатная знешнасць, добрыя манеры. Гэтым ён некаторых спачатку і бярэ. Пазнаюць яго сапраўднае нутро толькі пазней. Сабалеўскі. Выгляд авечы, а нутро воўчае. Прыказка. // Пра ўнутраны псіхічны свет, душу. У Ніны апусціліся рукі. Сумленне тачыла яе нутро. Гроднеў.
•••
Заглянуць у нутро гл. заглянуць.
Не па нутру — быць не даспадобы.
Пераесці нутро гл. пераесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)