падчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. і чаго. Паддзеўшы чым‑н., зачапіць, захапіць. Падчапіць бусаком бервяно. □ Стась узлез на лодку, стаў на карму і асцярожна, узяўшы лёгкае вясло, падчапіў ім расліну пад самае карэнне. Дубоўка. Марачок выпіў з крышкі тэрмаса і скарынкай падчапіў салакі. Караткевіч.

2. Разм. Прычапіць звычайна ў дадатак да чаго‑н.; узяць на буксір. Са станцыі падышоў запасны паравоз і, падчапіўшы заднія вагоны, адцягнуў іх назад. Лынькоў. Буксір падчапіў за карму наш вялізны белы цеплаход. Сіпакоў. // Начапіць, прычапіць да чаго‑н. Падчапіць на слупы тэлефонны провад.

3. перан.; і чаго. Разм. Набыць, атрымаць; нажыць. Дык, кажуць людзі, вяселле хутка згуляем. Ой, хітрыя гэтыя Маўчуны! Такую нявестку хочуць падчапіць! Шамякін. Пачатак восені выдаўся золкі, і, каб не вялікае жаданне падчапіць шчупака, я і не падумаў бы, на ноч гледзячы, выбірацца з хаты. Кандрусевіч. [Баласпай:] — З такімі сябрамі, як у цябе, не штука і ліхаманку падчапіць. Беразняк.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, паставіўшы ў няёмкае, смешнае становішча. Пасварыліся.. [суседзі] летась.. Толькі з той пары ўсё здаецца Ігнату, што сусед на яго «зуб точыць», на людзях падчапіць заўсёды стараецца. Каршукоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паці́ху, прысл.

1. Нягучна, ціха. [Вучні] баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: — А што, бабка, ён [настаўнік] сярдзіты? Колас. Мікола паціху загадаў: — Кладзіся! — і сам адпоўз за куст. Шчарбатаў. // Ледзь-ледзь, злёгку. Над галавой паціху шумелі сосны, мігацела зоркамі чорнае неба. Асіпенка. // Асцярожна, стараючыся не рабіць шуму. Паціху, каб не пабудзіць старых, .. [Паходня] пасунуўся быў у свой пакой, але на печы пачуўся шорах і потым голас гаспадыні. Хадкевіч. // Асцярожна, злёгку. Таццяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча. Шамякін.

2. Павольна, не спяшаючыся. Спачатку ішлі паціху, затым камандзір загадаў падцягнуцца. Жычка. Іван паціху наламаў ядлоўцу і густа падаслаў пад бок. Новікаў. Дый чарвячка не грэх было ўжо замарыць. Паціху Касцёр расклалі пад старой Сасной. Корбан. // Мала-памалу, непрыкметна. Праз мост пантонны полк ішоў да рання, Не бачачы, што ён паціху тоне. Гаўрусёў. Лагер лесарубаў паціху засыпаў. Машара. // Спакойна, без хваляванняў. [Стараста:] На ліха я ў старасты пайшоў, паціху сядзеў бы, свой кавалак хлеба маючы. Самуйлёнак.

3. Употай, непрыкметна для каго‑н. Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і ўголас гаворыць: — Нічога, прывыкнеш, Настачка! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадме́т, ‑а, М ‑меце, м.

1. Канкрэтная матэрыяльная з’ява, якая ўспрымаецца органамі пачуццяў як нешта існуючае асобна і якая мае пэўныя ўласцівасці і якасці. Змрокі мякка асядалі на зямлю, робячы прадметы лёгкімі, аднастайна шэрымі. Карпаў. // Рэч, пераважна бытавога ўжытку, якая абслугоўвае тую ці іншую патрэбнасць. Прадметы хатняга ўжытку.

2. З’ява рэчаіснасці, падзея, факт.

3. Тое, што служыць, з’яўляецца аб’ектам, крыніцай і пад. чыёй‑н. дзейнасці, мыслі, чыйго‑н. пачуцця. Прадмет даследавання. □ Прадметам і крыніцай літаратуры.. [Купала] лічыў аб’ектыўную рэчаіснасць, жыццё і працу народа, імкненні і спадзяванні працоўных. Івашын. Прадметам мастацтва з’яўляецца жыццё, чалавек у яго грамадскіх сувязях і адносінах да рэчаіснасці. Конан.

4. Тое, што служыць матэрыялам якой‑н. дзейнасці. Большасць сённяшніх чытачоў, відаць, мае прыблізнае ўяўленне аб прадмеце гэтай гаворкі. Лужанін. // Крыніца тых або іншых пачуццяў, перажыванняў.

5. Уст. разм. Чалавек, які выклікае пачуццё любві, цягі да сябе. — Твой аграном сёння лопнуў бы ад рэўнасці, каб убачыў, як ты выглядаеш, — не ўцярпеў .. [Саша], упікнуў свой ранейшы прадмет захаплення. Васілевіч.

6. Вучэбная дысцыпліна. Віця расказала, якія ў яе адзнакі, якія прадметы даюцца ёй лёгка, якія цяжка. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаку́н, ‑а, м.

1. Конь з высокімі бегавымі якасцямі. Данскі скакун. Арабскі скакун. □ Скача ўлева, скача ўправа Конь-скакун. Чарот. З калгаснай стайні скакуноў Паспешна хлопцы запрагаюць. Танк. З-за ўзгорка на сівым скакуне паказаўся коннік. Гамолка.

2. Пра таго, хто скача (скочыў). [Грышка] падбег да самага краю і падаў руку Мельніку. Але ў яго не хапіла сілы выцягнуць гора-скакуна, і ён сам пачаў з’язджаць уніз. Рунец. // Спартсмен, які займаецца скачкамі. Спаборніцтвы скакуноў на лыжах.. прынеслі перамогу спартсменам «Лакаматыва». «Звязда».

3. Пра таго, хто не сядзіць на месцы, любіць скакаць, бегаць. — Іванка, ты спіш, ці што? Змарыла цябе, скакун ты гэтакі. М. Стральцоў. // перан. Пра тых, хто бегае, вышукваючы выгаду. Тутэйшыя мужчыны.. ведаюць, што дзе робіцца, носам чуюць, дзе рублём пахне. Няхай сабе назараўскія клічуць іх скакунамі. Да дзелавітых людзей мянушка не надта прыстае. Б. Стральцоў.

4. Разм. Той, хто танцуе, умее танцаваць. «Што ж ты стаў, .. Мікола? І чаму ж у круг не хочаш выйсці? Ты ж быў гэткім скакуном калісьці?» Макаль.

5. Жук, які пералятае нібы скачкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

1. Рабіць халодным; ахалоджваць, астуджваць. Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Чорны. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. / у безас. ужыв. Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму.. [Якаў] адчуў, як пачало халадзіць спіну, і хутка вылез. Кулакоўскі.

2. і без дап. Выклікаць адчуванне холаду. Два грузчыкі.. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварамі супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Ніна прыпала да вады, якая здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла, — піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Мележ.

3. перан. (звычайна са словамі «сэрца», «душу», «кроў» і пад.). Агортваць холадам пры моцным хваляванні, страху і пад. [Сцяпан] моцна адчуў сваю самотнасць. Гэта пачуццё пракрадвалася і халадзіла яго душу і раней. Дуброўскі. / у безас. ужыв. Ад страху ўсяго.. [Лёньку] халадзіла, і ляцеў ён бы на крылах. Капыловіч.

4. безас. без дап. Пра халоднае надвор’е. Дні стаялі пагодлівыя, а па начах ужо халадзіла, сяды-тады націскаў марозік. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цеплыня́, ‑і, ж.

1. Нагрэтасць чаго‑н. Сашка Стафанковіч сядзеў, прыціснуўшыся да Любы.. ён адчуваў цеплыню яе твару. Чорны. Цёплымі аставаліся адны слёзы, ды і іх цеплыню.. [Лёдзя] адчувала не тварам, а далонямі. Карпаў. Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. // Цёплае паветра ад чаго‑н. нагрэтага, гарачага; больш-менш высокая тэмпература, якая выходзіць ад чаго‑н.; цёплае асяроддзе. Ад торбы [з печанай бульбай] ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. Лынькоў. [Марына] адразу ж падхапілася, бо ўспомніла, што цеплыня — гэта ўжо вораг адмарожаным.. нагам. Лупсякоў. // Цёплае надвор’е; цёплы клімат. Тым часам цеплыня з кожным днём бралася ў большую сілу, вясна наступала напорыста і ўпэўнена. Краўчанка. Бук добра расце ў парнай цеплыні Калхіды. Самуйлёнак.

2. Адчуванне ўнутранага цяпла, унутранай сагрэтасці. Лабановіч чуе, як прыемная цеплыня разыходзіцца па целе, і яму зусім добра тут. Колас. Гарачун адчуў, што па целе ў яго хваляю разлілася цеплыня. Васілёнак.

3. перан. Дабрата, сардэчнасць; добрыя, шчырыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Нам не забыць навечна Цудоўнай дружбы дні, Сяброўскіх слоў сардэчных, Сяброўскай цеплыні. Кірэенка. Стары ветэран друку з цеплынёй успамінае свае сустрэчы з беларускім паэтам [М. Багдановічам]. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экра́н, ‑а, м.

1. Перасоўны шчыт для аховы ад гарачыні ці святла. Паставіць экран ля каліна.

2. Спец. Прыстасаванне з паверхняй, якая адбівае, паглынае ці пераўтварае выпраменьванне розных відаў энергіі з мэтай аховы ад выпраменьвання ці яго выкарыстання. Экран плаціны. Экран паравога катла. □ Упершыню экраны ў дамбах зроблены з торфу і пяску. Галавач. // Паверхня для ўзнаўлення светлавых адбіткаў, сігналаў і пад. Экран радара. □ Павел зірнуў на экран тэлевізара, які паказваў падземную залу ракетадрома, дзе сабраліся ўсе, хто праводзіў іх, хацеў знайсці Валю ў натоўпе, ды не паспеў. Шыцік.

3. Нацягнутая на раму белая тканіна для дэманстрацыя фільмаў, дыяпазітываў і пад. На сцэне — столік, пакрыты чырвоным, крэслы і нават трыбуна. Там вісела ўжо не раз палотнішча экрана. Брыль. У класе ўжо вісіць экран, некалькі хлапчукоў дапамагаюць кінамеханіку перамотваць стужкі. Жычка.

4. перан. Кінамастацтва. Дык дзякуй за тое, мой дружа, Што ты вось ад гэтых бяроз Любоў нашу, вернасць і мужнасць — Усё да экрана данёс. Прыходзька.

•••

Шырокі экран — кінаэкран з павялічаным полем агляду, які набліжае ўспрыйманне фільма да ўмоў рэальнага бачання.

[Фр. écran.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Учапіўшыся за што‑н. рукамі, нагамі і пад., вісець у паветры (пра чалавека, жывёл, насякомых). Звісаць з турніка на выцягнутых руках. □ Намалёваны [малпы] так, быццам яны звісаюць, пачапіўшыся хвастом за галінку дрэва. Грамовіч. Звісаюць пад кожнаю кветкай На лапках касматых чмялі. Калачынскі. // Спускацца ўніз, вісець, трымаючыся на чым‑н. адным канцом або канцамі (аб прадметах). Лямпа нізка звісала на дроце — старая, закураная гаспабарова лямпа, да таго яшчэ спавітая тытунёвым дымам. Пестрак. З плота па тоўстых, як канат, сцёблах звісалі жоўтыя гарбузы. Аляхновіч. // Быць апушчаныя ўніз (пра канечнасці, галаву і пад.). Маленькая загарэлая рука Андрэйкі амаль да локця звісае з ложка. Кавалёў. Шчаня нічым не нагадвала аўчарку: ні вушамі, што звісалі ўніз, ні танюсенькім хвосцікам. Шыловіч. // Абвісаць, не аблягаючы плячэй, стану (пра вельмі шырокую вопратку). Адзенне звісала з.. [Чыжыка], відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі. Лупсякоў. // Спадаць уніз пасмамі, косамі і пад. (пра доўгую поўсць, валасы). І мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

2. Нахіляцца, перагінаючыся цераз што‑н. (пра людзей). Маці звісае над калыскай. Дзеці звісаюць з поручняў галовамі ўніз. □ [Крамарэвіч] ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча. Чорны. // Згінаючыся, нахіляцца ўніз; павісаць (пра вецце, галіны і пад.). Гнуткія галіны, што звісалі ледзь не да самай зямлі, пры лёгкім ветрыку ціха шумелі. Даніленка. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць размешчаным, навісаць над кім‑, чым‑н. Пасівелыя яліны, гнілое карэнне ды вялізныя камяні звісалі над чорным бяздоннем. Шашкоў. Нізка звісала свінцовае неба. Ракітны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трымацца ў паветры нерухліва або расплываючыся, ахінаючы што‑н. Над возерам слаўся туман. Доўгія пасмы яго кудзеляй звісалі над вадой. Сіняўскі.

5. перан. Узнікаць, пагражаючы каму‑н. (пра небяспеку, бяду і пад.). Чуе Цімох — і над ім Звісае няўхільная кара. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сардэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 1 знач.). Сардэчная мышца. Сардэчная дзейнасць. // Звязаны з хваробамі сэрца (у 1 знач.). Сардэчная недастатковасць. □ [Ксёндз:] — У мяне быў сардэчны прыпадак... Чарнышэвіч. У гэты ж дзень у Лукер’і Назараўны здарыўся сардэчны прыступ, і яе забралі ў бальніцу. Марціновіч. // Прызначаны для лячэння хвароб сэрца (у 1 знач.). Сардэчныя сродкі.

2. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 2 знач.); звязаны з пачуццямі, настроем, перажываннямі чалавека. Стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчныя болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце. Колас. З узрушаным сардэчным трапятаннем Яго [салаўя] ўсе слухалі наўкол. Корбан. // Звязаны з сяброўскімі адносінамі, агульнымі інтарэсамі двух або некалькіх чалавек; блізкі. Сардэчныя адносіны. Сардэчная прывязанасць. □ Сардэчным другам ён [Аляксейчык] мне быў. Бялевіч.

3. Спагадлівы, добры, чулы (пра чалавека, яго характар). Казалі: — От быў чалавек — душа, Сардэчны і прынцыповы... Прануза. [Навум:] — Мае родныя — прыемныя людзі, сардэчныя. Яны любяць цябе. Мікуліч. Такі ўжо характар у хлопца — сардэчны і просты. Брыль. // Поўны спагадлівасць добразычлівасці, дабраты. Сардэчная сустрэча. □ З кійком старая да яе [жанчыны] кульгае, сардэчным словам і яе вітае. Дубоўка.

4. Які ідзе ад сэрца, шчыры. Сардэчная падзяка. □ Маладзечна, Маладзечна, Мой паклон табе сардэчны. Русак. Аднаму хацелася выказаць .. [Дзюмону] сардэчнае спачуванне, другому — даць параду. Шамякін. // Які кранае за сэрца, поўны шчырага пачуцця. Твой голас сардэчны а мілы, як струны Пявучае ліры, спакойны, задумны. Купала. Ведала [Надзя] таксама, калі заспяваць ім, лясным салдатам, сардэчную песню. Васілевіч.

5. Звязаны з каханнем; любоўны. Сардэчная драма. Сардэчныя справы. □ Нэлі пашкадавала ўжо, што па восені адкрыла Вользе свае сардэчныя тайны. Савіцкі. Мы стаялі [ўдваіх], і тугая каса Ненарокам кранула мой твар, І тады я адважыўся і расказаў Пра сардэчны, як кажуць, пажар. Панчанка.

6. Каханы, любы. [Крочак:] — Дык гэта ваш сардэчны друг?.. Прашу даць тлумачэнне: Што значыць ваша засмучэнні? Каго ж кахаеце з нас двух? Колас.

7. у знач. наз. сардэ́чны, ‑ага, м.; сардэ́чная, ‑ай, ж. Родны, мілы (пры ўпамінанні пра каго‑н. з адценнем ласкі, жалю, спачування). — Жаць трэба, жаць, сардэчныя, Жаць грамадой адзінаю. Куляшоў.

•••

Сардэчная сарочка гл. сарочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тру́сіць 1 ‘дрыжаць ад страху, хвалявання’, ‘баяцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Жд. 1): тру́сіць трасца ‘трасца трасе’ (лун., стол., калінк., добр., лельч., ЛА, 3), трусі́ць ‘калаціць, трэсці ад тэмпературы’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘калаціць, аббіваць, абтрасаць’ (Ян., Мат. Гом.; петрык., Шатал., Пятк. 2), ст.-бел. трусити ‘тузаць, штурхаць; хутка рухаць уверх і ўніз, туды і назад’ (ГСБМ). Сюды ж тру́скі ‘дрогкі, няроўны, трасучы’ (Байк. і Некр., Растарг., Сцяшк. Сл.), тру́скій ‘тс’ (Янк. 3.; брагін., Шатал.), трускі́й ‘выбіты (пра дарогу)’ (Мат. Маг.), тру́ска ‘дрогка, трасучыся’ (Нас., Янк. 3., Ян.). Параўн. укр. труси́ти ‘калаціць, трэсці’, труси́тися ‘трэсціся, дрыжаць’, рус. труси́ть ‘трэсці’, труси́ться ‘трэсціся, баяцца’, н.-луж. tšusyś ‘трэсці’. Да прасл. *trǫsiti, якое з’яўляецца каўзатывам да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 102; Чарных, 2, 268; Махэк₂, 653; ЕСУМ, 5, 658), якому адпавядае лат. traušâtiês ‘баяцца’, што да і.-е. *tres‑ ‘трэсціся (са страху)’, гл. Бязлай, 4, 221; ESJSt, 16, 983. Сюды ж: трусі́ць чало на верацяно ‘трэсці чало (=кужаль) — для кудзелі’ (петрык., Шатал.), трусі́ць ‘трэсці, шукаючы што-небудзь’ (петрык., Шатал.; ТС), трусі́ць ко́міна ‘ачышчаць яго ад сажы’ (ТС, Мат. Гом.), трусі́ць рыбу ‘выбіраць рыбу з сеткі’ (калінк., Арх. ГУ), трусі́ць жолу́д ‘збіваць жалуды на корм’ (ТС).

Тру́сіць 2 ‘рассыпаць, патроху сыпаць тонкім слоем’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Федар. 7, Гарэц.), ‘імжаць’ (Бяльк.) трусі́ць ‘церусіць’ (карэліц., Нар. сл.), ‘сыпаць, церушыць’, ‘крапаць’, ‘пасыпаць соллю’ (Шымк. Собр., Сцяцк. Сл.; зэльв., Нар. словатв.), трусі́цца ‘растрасацца, рассыпацца (пра сена)’ (Бяльк:, Байк. і Некр.), ‘церушыцца, растрасацца’, ‘падаць маленькімі кроплямі, ісці паціху (пра дождж)’ (ТСБМ, Бяльк.; зэльв., Нар. словатв., Сцяшк. Сл.; іўеў., ЛА, 2), ‘сыпацца, натрасацца’ (смарг., лід., Сл. ПЗБ), ‘сыпацца патроху’ (Нас.). Параўн. укр. труси́ти ‘рассяваць’, рус. труси́ть ‘сыпаць’, в.-луж. trusyć ‘пасыпаць, рассыпаць, рассяваць’, чэш. trousiti ‘рассыпаць’, славац. trúsiť ‘сыпаць, рассыпаць’, славен. trósiti ‘рассыпаць, раскідваць’, балг. дыял. тръ́са ‘растрасаць, раскідваць віламі салому пры малацьбе’. Прасл. *trǫsiti — форма ітэратыва да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 110; Махэк₂, 653; Бязлай, 4, 233; ЕСУМ, 5, 658). Шустар-Шэўц (1539–1540) узводзіць сучасныя славянскія формы да прасл. *trǫs(k)‑/*trus(k)‑, параўн. трушыць, трухнуць, гл.

Трусі́ць 3 ‘разбіваць, раскідваць гной’ (беласт., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, да трусіць 1 ‘калаціць’, параўн., аднак, літ. trę̃šti ‘ўгнойваць’, што звязана з trèsti ‘гніць’ (Смачынскі, 688). Магчыма, балтызм пры другаснай ад’ідэацыі трусі́ць 2 ‘расцярушваць, растрасаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)