прадмет, ‑а, М ‑меце, м.

1. Канкрэтная матэрыяльная з’ява, якая ўспрымаецца органамі пачуццяў як нешта існуючае асобна і якая мае пэўныя ўласцівасці і якасці. Змрокі мякка асядалі на зямлю, робячы прадметы лёгкімі, аднастайна шэрымі. Карпаў. // Рэч, пераважна бытавога ўжытку, якая абслугоўвае тую ці іншую патрэбнасць. Прадметы хатняга ўжытку.

2. З’ява рэчаіснасці, падзея, факт.

3. Тое, што служыць, з’яўляецца аб’ектам, крыніцай і пад. чыёй‑н. дзейнасці, мыслі, чыйго‑н. пачуцця. Прадмет даследавання. ▪ Прадметам і крыніцай літаратуры.. [Купала] лічыў аб’ектыўную рэчаіснасць, жыццё і працу народа, імкненні і спадзяванні працоўных. Івашын. Прадметам мастацтва з’яўляецца жыццё, чалавек у яго грамадскіх сувязях і адносінах да рэчаіснасці. Конан.

4. Тое, што служыць матэрыялам якой‑н. дзейнасці. Большасць сённяшніх чытачоў, відаць, мае прыблізнае ўяўленне аб прадмеце гэтай гаворкі. Лужанін. // Крыніца тых або іншых пачуццяў, перажыванняў.

5. Уст. разм. Чалавек, які выклікае пачуццё любві, цягі да сябе. — Твой аграном сёння лопнуў бы ад рэўнасці, каб убачыў, як ты выглядаеш, — не ўцярпеў .. [Саша], упікнуў свой ранейшы прадмет захаплення. Васілевіч.

6. Вучэбная дысцыпліна. Віця расказала, якія ў яе адзнакі, якія прадметы даюцца ёй лёгка, якія цяжка. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)