Бу́нька ’бочачка’ (Яруш.), ’збанок’ (ДАБМ, 822), ’гліняная пасудзіна без вушка’ (Інстр. I), гл. яшчэ Клім. Укр. бу́нька ’гліняны посуд, збан з вузкім горлам’, польск. bunia, buńka. Слова няяснага паходжання. Варш. сл. (1, 234) лічыць, што гэта трансфармацыя слоў bania, bańka. Рудніцкі, 257 (толькі ўкр. матэрыял), таксама думае пра дэфармацыю слова ба́нка. Няясныя і адносіны (у сэнсе магчымасці запазычання) паміж мовамі, дзе зафіксавана бу́нька. Параўн. яшчэ чэш. buňka ’ячэйка пчаліных сотаў’, якое таксама не мае этымалогіі (аб гэтым Махэк₂, 77), а таксама назвы пасудзін: чэш. obuň, obuňka, славац. oboňa, obôn(k)a, obonija і да т. п., якія Махэк₂ (408) лічыць няяснымі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́рас. Укр. ве́рес, рус. ве́реск, ве́рес, польск. wrzos, чэш. vřes (дыял. таксама břez), серб. вре̑с, вре̑сак і г. д. Прасл. *versъ ’верас’. Роднасныя: лат. vìrsis, vir̂zis, літ. viržỹs ’верас’, vir̃kščiai ’моцнае бадылле бульбы і да т. п.’, лат. virksne ’куст бульбы’, грэч. ἐρείκη (*u̯er‑) ’верас’, ірл. froech ’тс’. Балта-слав. формы ўказваюць не толькі на першапачатковае прасл. *versъ, але і на *verzъ (чэш. дыял. břez, літ. viržỹs, лат. vir̂zis), *verskъ (рус. ве́реск, літ. vir̃kščiai, лат. virksne < *virsk‑), што можа сведчыць аб «праеўрапейскім» паходжанні слова, *versъ, *verzъ < і.-е. *u̯erk̑‑, *u̯erg̑‑. Гл. Фасмер, 1, 296; Траўтман, 362; Фрэнкель, 1264; Махэк₂, 702.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́льштук (БРС). Непасрэднае запазычанне з польск. halsz tuk ’тс’, якое ўзята з ням. Halstuch ’хустка на шыю’ (аб фанетыцы слова, у прыватнасці аб пераходзе ням. ‑ch > ‑k у польск. мове, гл. Слаўскі, 1, 396). Форма, блізкая да бел., існавала калісьці і ў рус. мове: гальштук (гл. Шанскі, 1, Г, 20). У форме га́лстук, а́лстук гэта слова вядома ў сучасных бел. дыялектах, а таксама ў ст.-бел. мове (гл. Сцяц. Нар., 97–98, са спасылкай на слоўнік Гарбачэўскага). Невядома толькі, ці сучасныя дыялектныя бел. га́лстук, а́лстук працягваюць старыя бел. формы, ці гэта запазычанне новага часу з рус. мовы?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гла́зіць ’глядзець; зяваць; сурочваць’ (Нас.). Рус. гла́зить ’тс’ (гл. СРНГ, 6, 187–188). Паколькі гэты дзеяслоў даволі шырока распаўсюджаны ў рус. мове, а ў бел., акрамя Насовіча, здаецца, больш нідзе не зафіксаваны і паколькі зыходная лексема глаз ’вока’ не характэрна для бел. мовы (глаз як запазычанне з рус. сустракаецца ў некаторых гаворках; параўн. Сл. паўн.-зах.), то можна меркаваць, што гэта запазычанне з рус. гла́зить. Адносна лексемы глазу́н ’разява, разявака’, зафіксаванай таксама толькі ў Насовіча, можна сказаць, што і яна ўзята з рус. глазу́н ’тс’ (гл. Даль), хоць і не выключаецца магчымасць самастойнага яе ўтварэння ў бел. мове на базе запазычанага гла́зіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гло́тка ’глотка’ (БРС., Касп., Бяльк.). Рус. гло́тка, укр. гло́тка ’тс’. Параўн. балг. глъ́тка ’глотка; глыток’, макед. голтка ’тс’. Фасмер (1, 415) адносіў да глото́к і параўноўваў з лац. glūtus ’глыток’, улічваючы магчымасць гукапераймання. Трубачоў (Эт. сл., 6, 159) лічыць вытворным ад асновы дзеяслова glъtati ’глытаць’. З пункту гледжання лінгвістычнай геаграфіі цікавым з’яўляецца той факт, што гэта лексема вядома толькі на абмежаванай тэрыторыі (няма ў зах.-слав. мовах) і яе можна аднесці да ліку праславянскіх дыялектызмаў. Гэта тым больш цікава, што дзеяслоў, ад якога ўтворана данае слова, вядомы на больш шырокай тэрыторыі (уключаючы і зах.-слав. мовы).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гі́ж ’насякомае Oestrus; муха, якая дакучае каровам у гарачыню; іначай зыкоўка’ (Нас.), гіж ’заедзь (авадні, мухі)’ (Бяльк.). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Бел. слова паходзіць з *gyžь, < *gyzjь. Аснова *gyz‑ сустракаецца яшчэ ў назве такога ж насякомага ў бел. (гіз) і н.-луж. мове (gizk). Бел.-луж. *gyz‑ — гэта апафанічная форма (ŭ : ū) да польск. giez ’тс’ (*gъzъ). Лексема гэта толькі зах.- і ўсх.-слав. Роднаснае: літ. gužė́ti ’спяшацца, бегчы натоўпам’, guža ’куча чарвей’. Гл. Слаўскі, 1, 278; Міклашыч, 423; Бернекер, 373; Трубачоў, Эт. сл., 7, 224. Параўн. яшчэ гіжа́ць, гізава́ць, газану́ць. Гл. яшчэ гіз.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касты́ль ’палка з загнутай ручкай’ (Бяльк.), кастылец, касты́ль ’тс’, ’крук’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. косты́ль ’кастыль’, ’вялікі драўляны цвік’, ’цвік з загнутым верхнім канцом замест шляпкі’, дыял. ко́стыль ’палачка для пляцення лапцей’, укр. дыял. кости́ль ’частка вялікай падоўжанай пілы’, косту́ль ’палка, посах’. У іншых слав. мовах вядома толькі славен. kostílja ’дрэва Celtis australis’, ’пугаўё (з гэтага дрэва)’. Гл. агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 167. Лічыцца вытворным ад прасл. *kostь ’косць і да т. п.’ (аб іншых значэннях гл. у Трубачова, Эт. сл.) суфіксам *‑ylь. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 582; Праабражэнскі, 1, 368; Фасмер, 2, 349; Трубачоў, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касцярня́ ’месца, дзе сабраны людскія косці’ (Нас.). Пад праформай *kosterъ Трубачоў (Эт. сл., 11, 154) разглядае формы з розных слав. моў: балг. дыял. костер ’крывы вінаградарскі нож’, макед. коштерица ’від змяі’, серб.-харв. кбстер ’від асятра’, польск. дыял. kościer ’пустазелле Bromus secalinus’, ст.-рус. костеръ ’грубае тоўстае сцябло некаторых раслін’, рус. костерь ’пустазелле’. У лік бел. форм трапіла вытворнае і зафіксаванае толькі ў Нас. косцерня (аб яго значэнні гл. вышэй). Такім чынам, можна меркаваць (відавочна, услед за Трубачовым), што гэта бел. слова з’яўляецца вельмі каштоўным рэліктам, хоць і ў вытворнай форме старога прасл. *kosterъ. Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 347–348.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касы́нка, ’касынка, хустачка’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк.). Слова, вядомае толькі ва ўсх.-слав. мовах. Акрамя бел. мовы, гэта лексема ёсць у рус. і ўкр. Параўн. рус. косы́нка ’хустачка трохвугольнай формы на галаву, па шыю’ (зафіксавана ўжо ў Ганчарова, Ляскова і іншых пісьменнікаў). Укр. коси́нка, якое прыводзіць Шанскі без указання крыніц, можа быць русізмам. Паводле Бернекера, I, 585, звязана з прыметнікам *kosъ ’косы’. Шанскі (2, К, 356) удакладняе, што касы́нка — гэта непасрэднае вытворнае ад іменніка рус. косыня ’касынка, хустачка’, якое яшчэ сустракаецца ў дыялектах і з’яўляецца дэрыватам ад прыметніка косой суфіксам ‑ын‑я. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 11, 179–180.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус. ката́р ’тс’, укр. ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск. katar ’тс’, ням. Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням. Katarrh узята прама з грэч. katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)