бульбя́нік, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у, зб. Бацвінне бульбы, цяўнік. Выраслы бульбянік закрываў малога амаль да плеч. Мележ. Жалезнымі граблямі дзядзька Іван зграбае апалае лісце і прэлую траву і кідае на кучу сухога бульбяніку. Васілевіч.
2. ‑а. Аладка з дранай сырой бульбы; тое, што і дранік. З рук у рукі .. нам пачалі перадаваць ежу. Яйкі і хлеб, мяса і загорнутыя ў капуснае лісце бульбянікі. Мехаў.
3. толькі мн. (бульбя́нішчы, ‑аў). Беларуская страва, прыгатаваная з варанай тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак.
4. ‑а. Разм. Пра таго, хто харчуецца пераважна бульбай. На снеданне — дранікі, Бабка — на абед. Называў бульбянікамі Магілёўцаў свет. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаго з інф. або са злучн. «каб».
1. Хацець што‑н. ажыццявіць, зрабіць, займець. Крылаў жадала б .. [Агата] на гэты час, каб пераляцець раптам к сыну. Мурашка. Спаткаўся з роднаю зямлёй, жадаю шчырым сэрцам роднай: каб больш не знацца нам з вайной, каб больш не знаць вайны ніводнай! Дубоўка.
2. каму-чаму. Зычыць, выказваць якія‑н. пажаданні. Жадаць людзям дабра. Жадаць дзецям добра вучыцца. □ [Страмілін:] Ну жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва. — Жадаю вам, браткі, удачы. — Іван Іванавіч паціснуў прадубленую, як падэшва, дзедаву далонь і маленькую Сашкаву руку. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Выказваць нязгоду з кім‑, чым‑н., прыводзіць доказ супраць чаго‑н. Калі Вера спрачалася з Кузьмой адна, тады ў яе хапала і смеласці пярэчыць, і упэўненасці ў сваёй праваце, і важкімі здаваліся аргументы. Дуброўскі. Іван Барай чакаў, што калі той [Кавалёў] пачне пярэчыць, то ў яго запасе ёсць яшчэ аргументы. Чарнышэвіч. Бацька і маці.. не пярэчылі сыну, калі той восенню зноў пачаў збірацца ў дарогу. С. Александровіч.
2. Не адпавядаць чаму‑н., мець у сабе супярэчнасць. Калі Сяргей пачуў ад бацькі, што яго збіраюцца ўзяць на работу ў райком, ён спачатку разгубіўся. Гэта пярэчыла яго планам. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распланава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
1. Размясціць, размеркаваць згодна з якім‑н. планам. На вялікім перапынку Іван Сямёнавіч паклікаў вучняў на двор, каб разам размеціць, дзе зрабіць клумбы, а дзе распланаваць спартыўную пляцоўку. Курто. Валя павярнула справу ў іншы бок: яна распланавала гладкую пляцоўку на асобныя квадраты і вызначыла месца для розных спартыўных гульняў. Якімовіч.
2. Размеркаваць у часе, намеціць план якіх‑н. дзеянняў. Распланаваць выхадны дзень. □ Я чакала Валеру. Яго хацела страчаць, .. і ўжо ў думках усё распланавала, як паеду на станцыю, як буду з нецярпеннем пазіраць на гадзіннік, як будзем разам варочацца са станцыі. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пале́гчы, ‑ляжа; ‑ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. палёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; зак.
1. Прыняць ляжачае, гарызантальнае становішча — пра ўсіх, многіх. Мужчыны пазаганялі коней у лозы і паляглі тут жа ў засені. Хадановіч. Калі дзеці палезлі спаць, Іван Пракопавіч падышоў да этажэркі, да кніг. Навуменка.
2. Прыгнуцца сцяблом да зямлі (пераважна пра збожжавыя расліны). Палягло на вытаптанай і размоклай зямлі пацямнеўшае жыта. Лынькоў. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася. Сачанка.
3. перан. Быць забітым, загінуць — пра ўсіх, многіх. Але суровы лёс салдацкі Ім выпаў — выжыць не змаглі. Ляжаць яны ў магілах брацкіх — За мір, за шчасце паляглі. Ляпёшкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́люс, ‑а, м.
1. Пункт перасячэння з зямной паверхняй уяўнай восі вярчэння Зямлі. Паўночны полюс. // Мясцовасць вакол гэтага пункта. Яшчэ тыдні за два да ад’езду Толева маці пачала збіраць і старанна ўпакоўваць чамаданы, быццам яны адпраўляліся на які Паўночны полюс. Даніленка.
2. Спец. Адзін з двух супрацьлеглых канцоў электрычнага ланцуга. Дадатны полюс. // Адзін з двух супрацьлеглых канцоў магніта або электрамагніта.
3. перан.; звычайна мн. (по́люсы, ‑саў). Што‑н. зусім супрацьлеглае чаму‑н. Міжволі прыгадаўся Іван Леўкін. Дзве славутасці — Леўкін і Задруцкі. Розныя людзі. Розныя душэўныя полюсы. Дадзіёмаў.
•••
Магнітны полюс — пункт зямнога шара, дзе магнітная стрэлка прымае вертыкальнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Перала́з, пэрэла́зы ’ход цераз паркан, плот’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Янк. 3., Бес., Федар., Касп., Растарг.), ’лавачка ў плоце ў тым месцы, дзе пералазяць праз яго’ (зах.-палес., Нар. сл.; ТС), ’плот з жэрдак’ (ц.-палес., Нар. сл.; драг., Сл. Брэс.; Ян.; пін., іван., ЛА, 4); ’месца ў плоце, дзе пералазяць’ (усх.-палес., Нар. сл.); ’нізкая агароджа вакол пчальніка’ (Нас.); перала́зы ’варотны ў двор’ (Сцяшк. Сл.). Укр. перела́з ’месца, дзе пералазяць праз пляцень’; рус. перела́з ’лавачка ў плоце, дзе пералазяць’; польск. prełaz ’месца, дзе пералазяць; лавачка, сходцы для пералазання на другі бок’, н.-луж. pśelězk, чэш. přelez, přílazek, славац. prielaz ’тс’, славен. prelàz ’горны праход, перавал’, серб.-харв. пре́лаз ’пераход, пераезд; брод’, макед. прелез ’лаз, пралаз’, балг. пре́лез ’пералаз, пераезд, пераход’. Прасл. *per‑lazъ/per‑lězъ. Да пера- і ле́зці, ла́зіць, ла́заць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Су́валака ’пакулле’ (Нас., Касп., Юрч.), ’вяроўка’ (Нар. Гом.), ’маніцы’ (Гарэц.), су́волока ’пырнік, Agropyron repens L.’ (іван., пін., ЛА, 1). Параўн. рус. су́волока ’зброд’, ’пустазелле; дрэнныя каноплі, якія пакідаюцца на полі’. Ад су- і валачыць, валаку; параўн. су́валач ’адыходы пры апрацоўцы лёну мяліцай’ (барыс., Жд. 1). Насуперак Фасмеру (3, 793) цяжка аддзяліць ад формаў з сінкопай су́валка ’рэшткі валакна пасля трапання льну, канапель’, ’блытанае валакно’ (Бяльк.; ушац., Шатал.), ’пакулле’ (Яруш.), ’сухія карэнні, пырнік’ (паст., ЛА, 4), ’высахлыя расліны, якія зграбаюць восенню з агародаў’ (Растарг.), сува́лка ’рэшткі льну, якія застаюцца пасля апрацоўкі яго ў церніцы’ (докш., Гіл.), су́волка ’вельмі тоўстыя ніткі’ (ТС). Параўн. рус. су́валка ’ачоскі (льна, канапель)’, паводле Фасмера (там жа), ад валитъ (гл. валіць 2). Борысь (Prefiks., 95) на аснове балцкіх адпаведнікаў, параўн. літ. są́valkos ’тое, што разам сцягнулі; галота, зброд’, узнаўляе прасл. дыял. *sǫvolka: *sъvelkti ’звалачы, сцягнуць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
акрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Паправіцца пасля хваробы, ачуняць; набрацца сіл, акрэпнуць. [Нупрэй:] — Думалі, ні за што не выжыве [Язэп]. Аж месяц-другі пасядзеў дома і акрыяў трохі. Сачанка. Ранены крыху акрыяў, але не настолькі, каб як след ахапіць розумам сваё становішча. Шарахоўскі. // Дасягнуць (пасля ваеннага разбурэння і пад.) ранейшага стану. Вёска яшчэ не зусім акрыяла ад трох акупанцкіх пажараў. Брыль.
2. перан. Ажыць душой. Іван.. чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. [Анюта:] — Каб мне хоць слоўца пра майго Казіка сказаў — дзе ён, што з ім, — дык я ўся душой бы акрыяла, свет перада мной адкрыўся б. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгажу́ня, ‑і, ж.
1. Прыгожая жанчына. Сама Таня, стройная прыгажуня, сядзела за сваім сталом, бразгаючы лічыльнікамі і зрэдку прыслухоўваючыся да размоў. Лупсякоў. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. // Разм. У звароце да жанчыны або дзяўчыны. Сядзіць у малым пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе. — Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца. Якімовіч.
2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.
•••
Пісаная прыгажуня — вельмі прыгожая, такая, як на малюнку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)