акамяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў цвёрдым як камень, ператварыўся ў камень. Акамянелы раствор. □ І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. Лынькоў. // перан. Які стаў цвёрды, сухі ад працяглага ляжання. І стаялі счарнелыя печы З пераваранай бульбай, З выкіпеўшай капустай, З акамянелым хлебам. Блатун. Зямля стала зусім акамянелай. Каваль.

2. перан. Які стаў нерухомым, замёр; застылы, аслупянелы. Ваня стаяў акамянелы. Няўжо праўда? Новікаў.

3. перан. Які страціў здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці; абыякавы да ўсяго. На пярэдняй парце, сціснуўшы галаву далонямі, сядзела з акамянелым тварам Рая. Шамякін. Пеця стаяў з акамянелым сэрцам, абхапіўшы рукамі худыя плечы маці, і таксама плакаў. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мёрзлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зацвярдзеў ад марозу. Чалавек пад бярозай кашлянуў і пайшоў прэч, загрукатаўшы ботамі па мёрзлай зямлі. Шамякін. Сухі вецер гнаў па мёрзлай раллі пясок. Ваданосаў. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Сонейка зірнула У мерзлае акно — І заззяла пышна Іскрамі яно. Журба. Як толькі Сцёпка параўняўся з адною хатай у сяле і зірнуў на яе мёрзлыя шыбы, ён адразу заўважыў гэта прагрэтае акеначка ў аконцы. Колас.

2. Сапсаваны ад холаду, ад марозу. Мёрзлая бульба.

3. Разм. Вельмі халодны, выстуджаны — аб памяшканні. [Чарноў:] — Дай .. [каню] на месяц аўса ды пастаў яго ў сапраўдную канюшню, а не ў гэту мёрзлую яму — .. і ты яго не пазнаеш. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць сухі шум, дакранаючыся да чаго‑н. або ад дотыку чаго‑н.; шуршэць. На дварэ курылася замець. Шарпалі па шыбах голыя галінкі бэзу, нібы прасіліся ў хату пагрэцца. Шашкоў. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку ржышча. Гарэцкі.

2. што. З шумам дакранацца да чаго‑н., кратаць, драпаць што‑н. Чутно стала, як аб пясок разбіваюцца хвалі, нібы якісьці звер шлёпае лапамі па вадзе і шарпае гальку. Дуброўскі. // Шукаць. Мусатаў збялеў. — Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б. Караткевіч.

3. што. Драць. Шарпаць адзенне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сухадо́л ’бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Яруш., Бяльк., Касп.), ’сенажаць на нізкім, але сухім месцы’ (БРС), ’роў з крутымі берагамі, які ўтварыўся ад веснавых вод’ (слаўг., шчуч., Яшк.), ’нізкае месца, якое заліваецца вясной; у іншую пару года звычайна сухое’ (усх.-палес., Талстой, Геогр.), ст.-бел. суходо́лъ ’сухая даліна, сухое нізкае месца’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суходо́л, суході́л, рус. суходо́л ’тс’. Да сухі і дол (гл.). Талстой (там жа, 129) адзначае нехарактэрнасць складаных слоў з першым элементам сух‑ для сучасных заходніх і паўднёвых славянскіх моў, параўн. славен. suhi dol, suha struga, але дадзеныя тапанімікі сведчаць аб існаванні аналагічнай словаўтваральнай мадэлі, параўн. славен. Suhodol, Suhodolnik.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́па1 ’куча, група’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., Бяльк., Яруш., Нар. сл., Яшк., ТС, Касп.). Укр. купа, рус. купа ’тс’, балг. купа ’капа сена’, макед. купа ’купа’, серб.-харв. ку́па, польск. kupa, чэш. kupa, славац. kupa, в.-луж. kupa ’тс’. Прасл. kupa адпавядае літ. kúopa, лат. kuopa ’тс’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш далёкія (Бернекер, 646; Траўтман, 138; Фрэнкель, 231).

Ку́па2сухі, здробнены торф’ (Нар. лекс.), ’перагной’ (Яшк.), ’дзе гоняць смалу, выпальваюць попел’ (Яшк.). Гл. купіцца.

Ку́па3 ’вялікая бочка для зерня’ (ТС, КЭС, лаг.). Ст.-бел. куфа ’тс’ (з 1583 г.) запазычана з польск. kufa, якое са ст.-в.-ням. kuofa (Булыка, Запазыч., 182). Магчыма, для бел. купа крыніцай быў н.-ням. або ст.-сакс. варыянт (параўн. ст.-сакс. kōpa ’тс’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лёд (род. лёду, мн. ільды́, (после гласных) льды, род. ільдо́ў (льдоў)) м. лёд;

дрэйфу́ючы л. — дрейфу́ющий лёд;

ве́чныя льды — ве́чные льды;

паля́рныя льды — поля́рные льды;

сухі́ л. — сухо́й лёд;

бале́т на лёдзе — бале́т на льду;

л. крану́ўся — лёд тро́нулся;

бі́цца як ры́ба аб л. — би́ться как ры́ба об лёд;

на языку́ мёд, а на сэ́рцы л.посл. на языке́ медо́к, а на се́рдце ледо́к

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зашы́цца, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.

Разм.

1. Забрацца ў куток, зацішнае, глухое месца і пад.; схавацца, затаіцца. Усё шчыльней ахутваў лясістыя горы цёплы туман — гэта радавала .. [Івана], так лягчэй было зашыцца ў лесе. Быкаў. Хлапчук зашыўся ў куток на печы і сцішыўся. Пальчэўскі. // Апусціцца, паглыбіцца ў што‑н. Зашыцца ў пясок. □ [Алёша] зашыўся з галавою ў сухі мох, як вожык, і заплюшчыў вочы. Якімовіч. Пацешны буксір, зашыўшыся па самы нос у ваду, напінаўся з усіх сваіх сіл і весела цягнуў .. баржу. Лынькоў. // перан. Цалкам аддацца якому‑н. занятку. Зашыцца ў работу.

2. Не справіцца з вялікай колькасцю работы ў пэўны тэрмін; закапацца. — Угаварваў дырэктар пасядзець у аддзеле кадраў, — смяецца Кайдалаў. — Дапамажы, кажа, аформіць працоўныя кніжкі, а то мы зашыліся. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курта́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З кароткім хвастом (пра жывёл). Так і здавалася, што тут ад шуму нашай машыны падымуцца і закружаць імклівыя куртатыя качкі. Скрыган.

2. Недастатковага росту; малы, кароткі. У натоўпе, што імгненна радзеў, Міхась заўважыў куртатага няўклюднага чалавека і вельмі ўзрадаваўся. Асіпенка. Хвойнік на балоце расце на купінах. Ён там куртаты, нізкі і напалову сухі. Галавач. / Пра пальцы. Калі Дарошка прыкурвае, я заўважаю, што вялікі палец на яго правай руцэ нейкі куртаты. Шынклер.

3. Кароткі, цесны (пра адзенне). Куртаты пінжак.

4. перан. Іран. Абмежаваны, няпоўны. Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча: куды ні зірні — усё той жа куртаты змест, гумар [якога] зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́ташні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага года; мінулагодні. З другімі, чым раней, пачуццямі ўязджаў цяпер Паходня ў Мінск. Леташнія перажыванні даўно ўлягліся. Хадкевіч. Тут было над чым задумацца, бо, нягледзячы на леташнія поспехі, сёе-тое ў брыгадзе не клеілася. Шыловіч. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. Сям-там выступалі з-пад снегу жоўтыя плямы пясчанай зямлі, мёртвыя цыбуры пабітых марозам красак і засохлыя вусікі леташняй травы. Колас. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. // Такі самы, як і ў мінулым годзе. Вясна ў Прусах надыходзіла дакладна такая ж, як і леташняя. Сергіевіч. // у знач. наз. ле́ташняе, ‑яга, н. Тое, што было ў мінулым годзе, засталося ад мінулага года.

•••

Як леташні снег (патрэбен) гл. снег.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць прытомнасць. Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ. Шамякін. // Анямець ад нечаканага страху, здзіўлення і пад. Зірнуў я і аж самлеў — за авечкамі з ашчэранай пашчай здаравенны рыжы воўк бяжыць. Ляўданскі. Паварушыліся [хлопцы] — і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, затаілі дыханне, прыслухаліся — нічога. Маўр.

2. Здранцвець, страціць адчувальнасць. Доўга Міхалка пісаў. Самлела, моцна зайшлася ў яго рука. Лужанін.

3. Знясілець ад стомленасці, спёкі і інш. Дзед адцягвае Лазара ад мяшка, і рукі ў Лазара дрыжаць мацней, вось-вось самлеюць пальцы і пусцяць мяшок. Галавач. [Гарпіна:] Ой, не, адпачнём пакуль у садзе, а то я так самлела ў спякоце, што хоць у бочку з вадой лезь... Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)