сцяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Схадзіць куды‑н. і прыйсці назад. [Пятрэсь:] — Ніхто і не глянуў, што я ў гэтых трантах туды прыйшоў... Ат, дарам толькі сцягаўся. Арочка.
2. Знасіцца. Касцюм сцягаўся хутка. // перан. Вычарпацца, зрасходавацца. Мінула яшчэ тры гады. Сілы Агеевы за гэтыя гады сцягаліся, растрэсліся па полі ды па лесе, як цягаў бярвенні. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сюсю́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Размаўляючы, замяняць шыпячыя гукі свісцячымі.
2. перан. Падроблівацца пад узровень развіцця, склад думак, мову і пад. каго‑н. (звычайна дзіцяці). Нельга з дзецьмі на адным павышаным тоне размаўляць. Нельга і адно толькі сюсюкаць. Юрэвіч. // Абыходзіцца з кім‑н. як з малым дзіцем, няздольным адказваць за свае дзеянні; празмерна апякаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сянны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да сена. Як толькі .. пачнуць прабівацца кволыя ранішнія прамяні, я выбіраюся з цёплага сяннога берлагу. Карамазаў. // Які зроблены з сена. Сянная пацяруха. Сянная мука. Сянны настой. // Прызначаны для сена. Сянны склад. Сянны прэс.
•••
Сянная ліхаманка — хвароба, якая праяўляецца цяжкім ліхаманкавым станам, узнікае ў людзей з павышанай адчувальнасцю ў час цвіцення раслін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улады́ка, ‑і, м.
1. Архірэй, мітрапаліт. Духоўныя ўладыкі з’яўляліся не толькі буйнейшымі феадаламі-прыгоннікамі, але і пастаянна займаліся гандлёвай і ліхвярскай дзейнасцю. Алексютовіч.
2. Тое, што і уладар. І чуем песні, крык: «Уладыка свету — Праца. Хай згіне капітал, вайна яму! пажар!» Чарот. — Хто закон тут? Я закон! Я ўсяму ўладыка... — Хоча вымавіць Ціхон, Ды не вяжа лыка. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Умацаваць што‑н. цаглянай кладкай і растворам цэменту, гліны і пад. Душу ўкладваў.. [Апанас] у сваю работу, шчыра, душэўна вучыў і Марыю, як роўна вывесці сцяну, як навечна ўмураваць цагліну. Васілевіч. / у перан. ужыв. Як толькі .. [мароз] надзейна ўмуруе пруток, да яго прывязваецца свабодны канец лескі. Матрунёнак. / у безас. ужыв. За ноч рэчку ўмуравала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уплыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уплысці, уплыць.
уплыва́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Рабіць уплыў; уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Тое, што на паэзію Купалы і Коласа ўплывала народная творчасць, яе паэтыка, заўважана і даказана нашай крытыкай даўно. Навуменка. [Алесь:] — Машыны, брат, не толькі маюць фізічную сілу, яны яшчэ здольны ўплываць і па розум людзей. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уцярпе́ць, уцярплю, уцярпіш, уцярпіць; зак. (пераважна з адмоўем «не»).
Устрымацца ад якога‑н. дзеяння, учынку; стрымацца. Не ўцярпеў панскі паляўнічы і расказаў людзям, што князь толькі на стаенніку гарцуе, а стралок з яго кепскі. С. Александровіч. — Якім, чаму ты піць не кінеш? Ты ж губіш сябе! Ты ж і сам гэта.. добра бачыш! — не ўцярпеў я. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; незак.
Разм. Франціць. [Люба] любіла фарсіць. Хоць вучыцца толькі ў дзевятым класе, а на руцэ — пазалочаны гадзіннік. Даніленка. Русіновіч сёння скінуў кіцель і фарсіў у Ярошкавым падношаным касцюме, гальштук і белую рубашку ўзяў у Рамашкі. Дамашэвіч. // Выхваляцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. У яго [Перагуда] было многа напускнога, і ён трохі фарсіў сваім дзівацтвам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фатаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., каго-што.
Адлюстроўваць на фотаплёнцы, на фатаграфіі. І ўсё ж шмат было незразумелага, і гэта трывожыла Сяргея. Для чаго яго фатаграфавалі з аўчаркай? Шахавец. Як толькі званы заціхлі, турысты хапіліся за свае фотаапараты, пачалі фатаграфаваць званіцу, уваход у храм, дворык. Краўчанка. // перан. Вельмі дакладна, натуралістычна перадаваць, капіраваць што‑н. (у мастацкай творчасці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фрэзерава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што і без дап.
Апрацаваць (апрацоўваць) фрэзай. [Чыкуноў:] — Дапамагае.. [кандуктар] у рабоце вельмі добра! Скажам, фрэзеруеце вы кранштэйн. Колькі часу трэба на разметку? Ага, сорак пяць мінут. Дык вось, кандуктар зберагае гэтыя сорак пяць мінут, усе да адзінай. Васілёнак. [Іван Фёдаравіч:] — Улічы [Шмыг], што толькі восем-дзесяць дзён у месяц будзеш фрэзераваць. Астатні час — тачыць цэнтраболт... Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)