ма́йстар, ‑тра, м.

1. Спецыяліст у якім‑н. рамястве, у якой‑н. галіне вытворчасці. Гадзіннікавы майстар. Буравы майстар. □ Мікалай Бугкавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінаўся над хамутамі. Курто.

2. Адміністрацыйны і тэхнічны кіраўнік асобнага ўчастка вытворчасці (цэха, змены і пад.). Зменны майстар. Дарожны майстар.

3. Чалавек, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе. Майстар высокіх ураджаяў. Майстар мастацкага слова. Майстар манументальнай скульптуры. □ Творчасць Янкі Брыля, аднаго з выдатных майстроў беларускай прозы, ўяўляе вялікую цікавасць як для даследчыка-літаратуразнаўца, так і для крытыка. Кучар. // на што і з інф. Разм. Аб лоўкім, здатным да чаго‑н. чалавеку. І дзядзька майстар быў на штукі, І быў механік на ўсе рукі. Колас. Настаўнік быў майстрам апавядаць. Бядуля.

4. Званне, якое прысвойваецца выдатным спартсменам. // Асоба, якая носіць гэта званне. Майстар спорту.

•••

Майстар на ўсе рукі — пра чалавека, які ўмее ўсё рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пары́ў, ‑рыву, м.

1. Раптоўнае і рэзкае ўзмацненне (ветру). Бура налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з жалезнае клеткі, усім цяжарам налягала на стрэхі будынін, з шумам ганяючы па іх патокі снегу. Колас. Сонца пякло моцна і парывамі ўзнімаўся вецер і гнаў па шашы пыл. Чорны.

2. перан. Уздым духоўных сіл, энергіі, імкненне да чаго‑н., да ажыццяўлення якіх‑н. мэт. Працоўны парыў. □ Было прыемна, што расце такая здаровая, жыццярадасная моладзь з высакароднымі парывамі да працы. Дуброўскі. «Я хачу на волю!» Гэта было тады яе [Ганны] гімнам, крыкам душы, бяссільным парывам. Няхай. // чаго. Моцнае, нечаканае праяўленне якога‑н. пачуцця (радасці, злосці, захаплення і пад.). Іншым разам Кацярына кінулася б .. [Паходню] насустрач, акрыяла душою, а цяпер чамусьці ў яе не было ніякай радасці, ніякага парыву пачуццяў. Ваданосаў. Праца — багатае слова, Гэта парывы натхнення, Гэта дзень заўтрашні, новы, Светлых агнёў зіхаценні. Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

1. Кветка, якая не дае плода. Пчала — гэта не толькі фабрыка мёду, а і добрая прыбаўка ўраджаю: там, дзе яна садзіцца на кветку, не бывае пустацвету. Якімовіч. / у знач. зб. «— Будзе садавіны ў гэтым годзе, — з задавальненнем думаў дзед Ігнат, — пустацвету амаль .. няма...» Васілевіч. [Яблыні] зацвіталі часта, здаралася, што і ўвосень давалі цвет, а яблыкаў усё не было. І толькі нядаўна, у самыя апошнія гады, кончыўся пустацвет... Чыгрынаў.

2. перан. Чалавек, дзейнасць якога не прыносіць карысці людзям, грамадству. — Ты чуў калі, што значыць слова жыта? Не? Жыццё, сын! — А нахлебнік — пустацвет заўсёды. Карпаў. // Пра тое, што не прыносіць ніякай карысці, не мае значэння. Словы падбіраліся хутка, імкліва, і сярод іх на дзіва мала траплялася пустацветаў або сказаных не да месца. Кулакоўскі. У навелістыцы апошняга часу на кожны ўдалы твор прыпадае, мабыць, не меней за пяць пустацветаў. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разу́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому дадзен розум, надзелены розумам. Разумная істота.

2. Разважлівы, кемлівы, надзелены жыццёвай мудрасцю. Старшынёй калгаса выбралі чалавека разумнага, памяркоўнага. Даніленка. Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Якімовіч. // Які разумее чалавека (пра жывёл). Разумны сабака. // Які выяўляе розум, праніклівасць. Разумны твар. □ Разумныя карыя вочы хлопца кагосьці шукалі. Ваданосаў.

3. Які сведчыць аб розуме, разважлівасці. Разумнае слова. □ [Сцёпка:] — Каб выказаць разумную думку, не трэба многа прыгожых і выкрутасістых слоў. Колас. // Багаты думкамі, змястоўны. У партфелі .. [старшыня сельсавета] насіў разумныя кнігі і наведвальнікам-сялянам зачытваў цытаты з класікаў марксізма-ленінізма. Шамякін.

4. Які адпавядае абставінам, лагічны ў даных умовах, мэтазгодны. Разумны ўчынак. □ [Крушынскі:] — Адзін плач тут не паможа, бацюшка, трэба нешта больш разумнае рабіць. Бядуля. У выніку такой разумнай арганізацыі працы і высокай працоўнай актыўнасці калгаснікаў абмалот быў праведзен у самыя кароткія тэрміны, збожжа паступіла ў калгасныя засекі. Залескі.

•••

Разумная галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.

2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.

2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

1. Выпадкова сустрэцца, надарыцца. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло. Ваданосаў. Але адступаць ужо было позна, і Пракоп .. рушыў да першай чалавечай постаці, што найбліжэй трапілася яму ў гэты час. Колас. // Дастацца. Абрыкосы, праўда, трапіліся пабітыя, з чорнымі бакамі. Дык мая суседка нафарбаванымі пальчыкамі старанна выбрала іх і шпурнула за акно. Грамовіч. Нявестка трапілася жанчына ўладная і... багатая на дзеці. Шамякін.

2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю; прыйсціся. Трапілася пачуць рэдкае слова. □ Адным разам Рыгору трапілася адзін на адзін пагутарыць з Гэляй. Гартны.

•••

Трапілася чарвяку на вяку — пра вельмі рэдкую ўдачу, шчаслівы выпадак.

Трапіцца на вочы каму — выпадкова звярнуць на сябе ўвагу каго‑н.

Трапіцца пад руку — выпадкова апынуцца каля каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаму́ 1, прысл.

1. пытальнае. З якой прычыны? І мне зноў успомніўся Галас. Чаму ён не згадзіўся ісці са мною праз лес? Колас.

2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова ў дапаўняльных сказах і адпавядае словам: па якой прычыне. Калі Марыя даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала. С. Александровіч.

3. у знач. злучн. Далучае сказы са значэннем выніку і адпавядае словам: таму, у выніку гэтага. І я ў захапленні, радасны і горды За свой край, народ, Убіраю ў сэрца дзіўныя акорды, Творчай сілы ўзлёт... Вось чаму я сёння не тужу па леце, Па сваёй вясне. Колас. На чым толькі мог [Даніла] ашчаджаўся, не траціў лішняе капейкі.. Вось чаму, калі часам дзеці ці жонка прасілі купіць селядца да бульбы ці алею да шаткаванай капусты, Даніла заўсёды знаходзіў што сказаць. Пальчэўскі.

чаму́ 2,

гл. што ​1 (у 1, 8 і 9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Акрыя́ць ’аджыць, паправіцца’, оклыгать ’тс’ (Нік.), акрыяты ’тс’ (Клім.), ст.-бел. окреять (1479) (Нас. гіст.). Слова праславянскае. Параўн. укр. окріяти, чэш. okřati, славац. okriať, серб.-харв. ока̀рјати (< *okrjati) (Бернекер, 1, 613). Параўн. таксама Супрун, Веснік БДУ, 1, 2, 70. Гл. крыяць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анцы́пар ’д’ябал’ (Касп.). Магчыма, кантамінацыя анціхрыст (гл. антыхрыст), люцыпар (Люцыфер), Анісіфар (Онисифоръ — Успенскі, Труды знак., 5, 487), а магчыма, і назвы зоркі на захадзе Antifer, улічваючы, што Люцыфер — старая назва Венеры (ССРЛЯ), назва зоркі тлумачыцца як лац. слова паводле ўзору Люцыфер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)