перажыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. перажываць.

2. Асобы псіхічны стан, які выяўляецца ў наяўнасці якіх‑н., звычайна непрыемных, адчуванняў, пачуццяў. Змучаны бяссоннем і душэўнымі перажываннямі, Злобіч меў цяпер выгляд яшчэ больш пахмуры і суровы. М. Ткачоў. У маладосці рэдка здараецца, каб не спалася, хіба толькі ў часы цяжкіх перажыванняў, гора. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакана́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераканаць (у 1 знач.) і стан паводле знач. дзеясл. пераканацца.

2. Цвёрды, непахісны погляд, упэўненасць. Адно толькі ведае.. [Кастусь] — усім сэрцам і душою будзе заўсёды служыць прыгнечанаму селяніну, роднай Беларусі. Гэта было глыбокае і непахіснае перакананне... С. Александровіч. Прамова .. [Мікітава] была не зусім гладкая, але ён гаварыў шчыра, з перакананнем. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Памацаць, абмацаць з якой‑н. мэтай усіх, многіх або ўсё, многае. Перамацаць усе кішэні. □ [Паліцэйскія] усё ператрусілі, перамацалі ў чамаданах і скрынях, у ложках і шафах. М. Ткачоў. [Дзед:] — Усё тут сваімі рукамі перамацаў. Можна прывязваць не толькі кароў, але і мядзведзяў. Паслядовіч. Перагледзела ўсё [Аня], перамацала рукамі, — нідзе не знайшла. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падра́жнівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Дражніцца час ад часу. То той, то другі з гасцей стараліся памагчы настаўніцы ўзяць за вуха непакорлівага, але ён вылузваўся, уцякаў і падражніваўся: — Кароткія ў вас рукі. Колас.

2. Даваць падставу каму‑н. спадзявацца на што‑н. [Рымша:] — Ён, мусіць, толькі з ёю падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Зак. да думаць.

2. Думаць некаторы час. Дачка падумала і кажа: — Нічога, тата, заўтра што-небудзь прыдумаем. Якімовіч.

3. 2 ас. адз. буд. паду́маеш у знач. выкл. Разм. Ужываецца для выражэння іроніі і пад. Падумаеш, далёкі свет — пяць кіламетраў. Васілевіч.

•••

Падумаць толькі! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, указанні на незвычайнасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажа́ць, ‑жну, ‑жнеш, ‑жне; ‑жнём, ‑жняце; зак., што.

1. Зжаць усё, многае. Зямля ўся жоўтая ад ячменю.. Толькі там, дзе яго пажалі ля дарогі, зямля здалёку здаецца белай, што іней. Пташнікаў.

2. перан. Атрымаць здабытак ад чаго‑н. зробленага; заслужыць. Хто агонь тут пасеяў, — Смяротны пажне тут пажар... Куляшоў.

3. і без дап. Жаць нейкі час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Пазнаць што‑н., атрымаць уяўленне аб чым‑н. Я пазнаўся з тайнамі юнацтва. Гілевіч. // Адчуць на ўласным вопыце, зведаць. Пазнацца з бядою. Пазнацца са славаю.

2. Добра пазнаёміцца з кім‑н., падружыцца. Пазнацца з суседзямі. □ Толькі два дні прайшло, Шэмет не паспеў яшчэ ні сам добра агледзецца, ні з людзьмі пазнацца. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўме́, прысл.

У галаве, у думках. Гэтыя словы бацька вымавіў у адзін дых — няйнакш, даўно насіў іх наўме і толькі чакаў зручнага выпадку, каб сказаць. Сачанка. У нас абодвух наўме адно войска, што ідзе па шашы. Сяркоў. // (з адмоўем «не»). Не да таго, не да гэтага. [Наталля:] Я і рада, што так выйшла. Не наўме цяпер вяселле. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недасве́дчанасць, ‑і, ж.

1. Адсутнасць ведаў, звестак аб кім‑, чым‑н. Недасведчанасць у пытаннях мастацтва. □ Мы не ведалі, як у нас на заводзе з ліццём, але сваю недасведчанасць паказваць не збіраліся. Б. Стральцоў.

2. Адсутнасць, недахоп жыццёвага вопыту. Наіўны ідэалізм, што некалі грэў іх юнацкія душы, быў адкінуты самім ходам жыцця, як толькі па змену недасведчанасці прыйшло веданне. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нездаво́лены, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае нездавальненне. Бушмар стаяў, як жывы, у .. [Аміліных] вачах, з ссунутымі брывамі, нездаволены, упарты... Чорны. // Які не атрымаў задавальнення ад каго‑, чаго‑н. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі. Пані Ганна была вельмі нездаволена паводзінамі дзяцей. Бядуля. // Які выражае нездавальненне. Нездаволены позірк. Нездаволены голас. Нездаволены выраз твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)