паступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Уладкавацца куды‑н., стаць членам, удзельнікам чаго‑н. Паступіць на работу. □ І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сержант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Шамякін. — А як жа мне ў камсамол паступіць? — пытаецца Рыгор. Галавач. Паступіць на завод .. [Тарасу] параіў Андрэй Міхайлавіч. Якімовіч.

2. Павесці сябе пэўным чынам, зрабіць нейкі ўчынак. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як паступіць яму далей. Колас. — Ты правільна паступіў, што асадзіў яго [Салагуба] крыху. Машара. Хацелася растлумачыць яму [Максіму], што хоць жорстка яна [Глаша] паступіла, але інакш не магла. Гроднеў.

3. Быць дастаўленым куды‑н., атрыманым кім‑н. У бальніцу паступіў хворы. Паступіла скарга. □ Раніцай паступіў загад рыхтавацца ў паход: пакаваць сувязную гаспадарку на фурманкі, быць гатовымі на выезд. Машара. // Перайсці, перадацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н. Уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго [дзеда Талаша] распараджэнне. Колас.

4. Рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., апынуцца дзе‑н. (пра паветра, ваду, газ і пад.). Ток паступіў у правады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́расці, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцем, ‑сцеце, ‑стуць; зак.

1. Стаць большым; падрасці. Трава вырасла за тыдзень. □ [Кравец:] — Добры вечар у хату, як маецеся? Ого-о, малая ўжо якая вырасла! Чорны. // Стаць дарослым, развіцца. З маленькага, слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака. Мурашка. // Правесці дзе‑н. свае дзіцячыя гады; выгадавацца. Нарадзіцца і вырасці ў вёсцы.

2. Павялічыцца колькасна ў памерах, аб’ёме, сіле і пад. Прыбыткі гаспадаркі выраслі. Атрад вырас у брыгаду. □ Першы кароткі канспект вырас за дзень у вялікую, цікавую аповесць. Бядуля.

3. Удасканальваючыся, дасягнуць больш высокай ступені. Выраслі майстры высокага ўраджаю. □ Вырасла новая, адданая сацыялізму інтэлігенцыя, якая выйшла з народу. Праграма КПСС.

4. Узнікнуць, з’явіцца. З жолуда вырас дуб. □ На захадзе вырасла чорная хмара. Чорны. На пустым месцы, у полі, вырас цэлы пасёлак, першая аснова новай.. формы маладога жыцця. Колас.

5. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Перад падарожным вырас горад. □ У гэты.. момант дзверы хаты адчыніліся, і на парозе вырас сувязны. Васілевіч.

•••

Вырасці на вачах — хутка вырасці.

Вырасці на лес гледзячы — вырасці вельмі высокім.

Вырасці ў чыіх‑н. вачах — павысіць свой аўтарытэт перад кім‑н., заслужыць павагу, прызнанне ў каго‑н.

Як з(‑пад) зямлі вырасці (з’явіцца) — нечакана ўзнікнуць, хутка з’явіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тра́піць1 ’паразіць цэль, пацэліць, метка кінуўшы, стрэліўшы’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Мядзв., Чуд., Сл. ПЗБ), ’знайсці, напаткаць, сустрэцца’ (Нас., Мат. Гом., Федар. 4, Янк. 2, ПСл; Сержп. Прымхі, Байк. і Некр., ТС), ’скеміць’ (Мат. Гом.), ’адгадаць, здагадацца, трапна, дарэчы сказаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), ’папасці, надарыцца’ (ТСБМ), ’увайсці, пранікнуць’, ’уладкавацца на работу, вучобу’, ’апынуцца’, ’знянацку наступіць, уступіць, зачапіць’ (там жа), ’паспець у час’ (Др.-Падб.), ’паспець, управіцца’ (ТС), ’магчы’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’папасці ў час, куды трэба’ (Нас., Касп., Янк. 2, Растарг.), трафі́ць ’знайсці’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’папасці; адгадаць’ (Шпіл.), ’змагчы’ (в.-дзв., там жа); тра́піцца ’сустрэцца, напаткацца’ (ТС), ’выпадкова сустракацца’, ’пападаць, здарацца’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп.), ’надарыцца’ (Бяльк., Касп.), ’знайсціся’ (люб., Ск. нар. мовы), трапля́ць ’нацэльваць’ (Ласт., Байк. і Некр., Нас., Шат.), трафля́ць ’тс’, трапля́цца ’пападацца, сустракацца’ (ТС, Растарг.; петрык., Яшк. Мясц.), трафля́цца ’удавацца ў каго-небудзь’ (Нас.), траф! — перадае цэлю ўдар (там жа), тра́фны ’цэлю’ (Гарэц.), тра́пны ’тс’ (Ласт.), ’надзейны’ (Нас.), ’жвавы, спрытны’ (навагр., Сл. ПЗБ), тра́пна ’ўдала, метка’ (Байк. і Некр.), траплі́вы ’які лоўка трапляе ў цэль’, тра́пля ’выпадак, нечаканасць’ (Нас.). Ст.-бел. трафити, трапити ’трапіць, сустрэць’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. trefić, trafić ’трапіць’ (Булыка, Запазыч., 324; Булыка, Лекс. запазыч., 189), ’патрапіць, здолець, адгадаць, рашаць’, ’дагаджаць’, ’удацца ў каго-небудзь падабенствам’, сучаснае польск. trafić ’пацэліць’, ’знайсці’, ’трапіць, куды належыць’, ’наткнуцца на каго-небудзь’, ’сустрэць’, ’перадаць падабенства’, што з с.-в.-ням. treffen, с.-ням. усх. traffenдасягнуць, трапіць, спаткаць’, ням. treffen ’трапіць’, ’ударыць, паразіць’ (Борысь, 639; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 395).

Тра́піць2, ст.-бел. трапити ’прыгнятаць, няволіць, мучыць’ (Гарб.), трапити, трафити, трахвиты ’засмучаць’ (1516 г., Ст.-бел. лексікон; КГС). Запазычана са ст.-польск. trapić ’мучыць, прыгнятаць’, сучаснае польск. trapić ’рабіць непрыемнасць, турбаваць’, што да прасл. *torpiti ’мучыць, прыгнятаць’, суадноснага з прасл. *tьrpěti ’цярпець’ (Фасмер, 4, 86; Борысь, 640; Бязлай, 4, 213), паводле Варбат (Этимология–1966, 104), каўзатыва ад *třepati ’драць, трапаць’. Гл. таксама трапёны.

Трапі́ць ’пераследаваць, гнацца па слядах’ (Ласт.), ’асочваць’ (хойн., Мат. Гом.). Да трап1 ’дарога, сцежка’, г. зн. ’ісці па следу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; заг. заедзь; зак.

1. Прыехаць куды‑н., да каго‑н. ненадоўга, пабыць дзе‑н. праездам. Вэня раздумваў і меркаваў — ці ехаць проста ў вялікую вёску, ці заехаць на край лесу да чалавека, у якога ён часамі падначоўваў, бываючы тут. Чорны. // па каго-што, а таксама з інф. Прыехаць з якой‑н. мэтай. Заехаць па дзяцей. Заехаў развітацца. // Уехаць куды‑н., у што‑н. Заехалі ў двор разгрузіць воз. Заехаць у гумно.

2. Едучы, апынуцца далёка або не там, дзе трэба. Заехаць на край свету. Заехаць у роў. □ Стары расказаў мне, што мы ехалі няправільна, і, каб не ён, то заехалі б да немцаў. Шамякін.

3. Едучы, дасягнуць патрэбнага месца. Завідна заехаць дадому. // перан. Разм. Зрушыўшыся са свайго месца, апынуцца дзе‑н. Ад прыемных ціхіх смехаў Чуць не да вуха вус заехаў. Колас.

4. Пад’ехаць не прама, а збоку, аб’ездам. Заехаць з левага боку. Заехаць наперад.

5. Едучы, завярнуць за што‑н., апынуцца за чым‑н. Заехаць за гару. Заехаць за дом. Заехаць за лес.

6. у што, па чым і без дап. Разм. груб. Ударыць. Заехаць у вуха. □ Пабольвала толькі пераноссе, па якім добра заехаў адзін увішны трактарыст. Дамашэвіч.

•••

Далёка не заедзеш чым або на чым — не дасягнеш многага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. Стаць больш моцным, устойлівым. Умацаваўся бераг ракі. Перасаджанае дрэва ўмацавалася ў новым грунце. // перан. Набыць большую сілу, стойкасць (пра думкі, пачуцці, якасці і пад.). Пасля нашых апошніх назіранняў у мяне асабіста ўмацавалася вера, што на Месяцы ёсць сапраўдныя багацці. Гамолка.

2. перан. Дабіцца, дасягнуць устойлівага становішча дзе‑н. (у грамадстве, на службе і пад.). Тут [у словах літаратара] чулася не выкпіванне няўмелай работы, а асуджэнне спробы ўмацавацца па грамадска-актыўнай пазіцыі. Лужанін. // Пранікнуцца ўпэўненасцю ў правільнасці чаго‑н.; замацавацца (у якой‑н. думцы і пад.). Умацавацца ў гэтай веры.. [Лабановічу] дапамаглі сяляне. Казека.

3. Стаць больш моцным, развітым. У выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце. «Звязда». [Костусь:] — Калі мы ўсё прыбяром з поля ў пару, дык калгас наш тады ўмацуецца. Чорны. // Палепшыцца, узмацніцца, удасканаліцца. Умацавалася дысцыпліна. □ Роля жанчыны, яе аўтарытэт у сям’і пры сацыялістычным ладзе выраслі і ўмацаваліся як ніколі. «Полымя».

4. Стварыўшы абарончыя збудаванні, замацавацца на якой‑н. тэрыторыі. Часць.. ужо здымалася з месца, каб умацавацца на новай пазіцыі кіламетраў за дзесяць на поўнач. Чорны. Каб не даць ворагу ўмацавацца на новым месцы, мы ішлі за ім няспынна некалькі сутак. Сіняўскі. Гаеўцы, прарваўшы фронт, перлі паўночнае крыло белапалякаў на захад, не даючы ім умацавацца для абароны. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Пачаўшы гуляць, захапіцца гульнёй, забавамі, развесяліцца. А дзіцё разгулялася. Яна падскоквала на каленях у маці, цягнулася да саламянага капелюша пажылога дзядзькі, .. шчабятала, нібы неўгамоннае птушаня. Корбан. // Аддацца нястрымнаму разгулу, п’янству. — А багацей гэты разгуляўся і стаў сябе перад раднёй паказваць, выхваляцца, што ён не да такіх рэстаранаў прывык. Ракітны.

2. Разм. Пагуляўшы некаторы час, напрактыкаваўшыся, пачаць гуляць лёгка і добра. Каманда разгулялася.

3. Даць сабе поўную волю; праявіць сябе ў поўную меру сваіх сіл, здольнасцей і жаданняў; разысціся. [Кажамяка:] Нават і не думай пра выган! Там вырасце такая трава, — будзе з касою дзе разгуляцца. Вазоў дваццаць сена! Гурскі. Раней .. мікалаеўцы секлі дровы, травілі сенажаці, як самі хацелі. Спрабавалі яны гаспадарыць у лесе і пры новым лесніку, але ў Міхала не вельмі разгуляешся. С. Александровіч. / Пра фантазію і пад. У збіўшыся на гэтую спакуслівую думку, камендант цяпер не расставаўся з ёю. Фантазія яго разгулялася. Якімовіч.

4. Дасягнуць у сваім праяўленні вялікай інтэнсіўнасці, сілы. Разгуляўся апетыт. Рэўматызм разгуляўся. □ Выцягнуць лодку назад аказалася яшчэ цяжэй, тым больш таму, што і ў студэнта разгуляліся нервы. Брыль. / Пра з’явы прыроды. На двары разгулялася лютаўская завіруха, засвістала за акном, забыла ў коміне. Шамякін.

5. Абл. Стаць ясным, сонечным пасля непагадзі. Разгулялася пагода. □ Неба разгулялася, і там-сям відаць былі нясмелыя, але выразныя агеньчыкі зорак. Значыць будзе пагода. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць перайсці з аднаго месца на другое; перамясціць. Перагнаць табуны на лепшую пашу. □ Маёр загадаў усе плыты перагнаць у вусце рачулкі, замаскіраваць іх у чароце. Няхай. Навальніца была нядоўга, яе вельмі хутка бокам перагнаў вецер. Сачанка. // Гонячы, прымусіць перайсці, перамясціцца цераз што‑н., куды‑н. Перагнаць статак цераз чыгуначны пераезд. Перагнаць лодкі на другі бераг. □ Спачатку перагналі цераз ручаёк кароў. Следам за імі, падкасаўшы да калень, перайшоў Грыша. Пальчэўскі. // Разм. Гонячы, мінуць, прапусціць які‑н. пункт.

2. каго-што. Рухаючыся хутчэй, апярэдзіць; абагнаць. Алена падхапілася і пабегла .. Але праз некалькі крокаў яе перагналі другія партызаны. Шамякін. // перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н., выйсці ўперад у якіх‑н. адносінах. Надоі малака ў іх кароў пайшлі ўверх. Цяпер часта можна было чуць, як Ганна Тамашкевіч гаварыла: — Ого, Тоня, сёння ты перагнала ўсіх — сто пятнаццаць літраў маеш. Шчарбатаў.

3. што. Раскласці, расшчапіць на састаўныя часткі пры дапамозе перагонкі (у 1 знач.); зрабіць перагонку. Перагнаць нафту. Перагнаць малако. // Разм. Ачысціць перагонкай. Перагнаць спірт. // перан. Разм. Перавесці што‑н. у іншы стан, у іншыя велічыні, знакі і пад. У гэтую раніцу быў замаразак, але сонца ўзнялося высакавата, паспела прыгрэць зямлю, перагнаць шэрань на траве ў расу. Дуброўскі. [Навум:] — Ён табе і стог сена вылічыць, і капец абмерае і кілаграмы ў пуды перагоніць. Ермаловіч.

4. каго. Надта стаміць, замучыць яздой. [Бурак Ціхон да Хрысціны:] — Вось і я! Добры дзень у хату! Я даваў табе каня На вяселле к брату? Конь ледзь ногі прывалок, Каня перагнала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. Рухаючыся павальней за іншых або затрымаўшыся, апынуцца ззаду. Дзед Цярэшка адстаў і пайшоў следам. Грахоўскі. Тацяна амаль што бегла, каб не адстаць ад .. [Лясніцкага]. Шамякін. // Выйшаўшы ў дарозе з цягніка, машыны і пад., не паспець сесці назад, не паехаць. Баючыся адстаць ад цягніка, некаторыя жанкі выйшлі на платформу, падзівіліся на вакзал. Васілевіч.

2. Апынуцца ззаду, не паспець за другімі ў выкананні якога‑н. плана, задання ў выніку маруднай або дрэннай працы. У .. [Юркі] зноў была запазычанасць па англійскай мове, і ён, пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Карпаў. // з адмоўем «не». Старацца рабіць не горш за іншых. [Канапелька:] — А наконт сенажаці справа ясная — пойдзе Арцём, дык і я не адстану. Бажко.

3. Не дасягнуць патрэбнага ўзроўню ў выніку замаруджанага развіцця. Адстаць у развіцці. Вытворчасць адстае ад попыту. □ Мы, што жылі пад уладай паноў, на цэлых дваццаць год адсталі ад нашай радзімы. Брыль.

4. У выніку запаволенага ходу паказваць больш ранні час, чым папраўдзе (пра гадзіннік). Гадзіннік адстае на пяць мінут.

5. Аддзяліцца ад чаго‑н.; перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н.; адысці. [Жанчына:] — Я ўжо не помню, куды.. [Пеця] тады хадзіў, толькі ў дарозе ў яго ад ботаў адсталі падэшвы. Сіняўскі.

6. Перастаць дакучаць, назаляць каму‑н.; адчапіцца. Маці, каб хутчэй я адстаў, сказала: — Ведаць усё будзеш — без пары састарэеш. Сачанка. Дойдуць, урэшце, да жытла, абагрэюцца, паядуць гарачае бульбачкі, і ўся хвароба адстане. Быкаў.

•••

Ад рук і ног адстаць — аб крайняй ступені зморанасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ля, ‑і, ж.

1. Свядомае і мэтанакіраванае рэгуляванне чалавекам сваёй дзейнасці. Сіла волі. Цвёрдая воля. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной. Колас. Пад дажджом, на ветры і холадзе працавалі маладыя будаўнікі, гартуючы сваю волю і выпрабоўваючы вытрымку. Грахоўскі. // да чаго. Упартае імкненне дасягнуць чаго‑н. Воля да перамогі. □ Не зламала вайна ды і не магла зламаць волі савецкіх людзей да жыцця, іх веры ў будучыню. Краўчанка.

2. Жаданне, патрабаванне. Дыктаваць сваю волю. Апошняя воля. Не па сваёй волі. □ Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля. Колас.

3. Улада, права. Тут ужо ваша воля. □ [Юрка] перастаў адчуваць матчыну волю над сабою. Карпаў.

4. Свабода, незалежнасць; проціл. няволя. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь. Колас. Ідзі пад сцягам баявым За волю ў бой крывавы. Бялевіч.

5. Гіст. Вызваленне ад прыгоннай залежнасці. Купіць волю.

6. Магчымасць дзейнічаць самастойна.

7. Становішча, пры якім жыццё чалавека, жывёл, птушак не абмежавана ўмовамі зняволення. Выйсці на волю. Выпусціць жураўля на волю.

8. Прастор, прыволле, раздолле. Рэкі разбурылі прыстасаванні, якімі людзі запаланілі іх, і вырваліся на волю. Самуйлёнак. Такая шыр бязмежная,.. Што крок, то волі знак! Колас.

•••

Вольнаму воля гл. вольны.

Вольная воля — нічым неабмежаваная свабода.

Воля ваша — рабіце, як лічыце патрэбным.

Даць волю каму-чаму гл. даць.

Даць волю рукам гл. даць.

Жалезная воля — непахісная, нязломная воля.

Людзі добрай волі гл. людзі.

На волю лёсу — без падтрымкі, без дапамогі, без нагляду.

Па добрай волі, добрая воля — без прымусу, добраахвотна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сур’ёзны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца грунтоўнасцю, станоўчасцю ў сваіх думках, учынках, адносінах да жыцця; удумлівы, паважны. Сцяпан — чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў. Колас. Яго [салдата] манера гаварыць, па-мужчынску стрымана і немнагаслоўна, выдавала ў ім чалавека ўжо сталага і сур’ёзнага. Васілевіч. // Які добра ведае сваю справу, удумліва адносіцца да справы. Сур’ёзны вучоны.

2. Які сведчыць пра ўдумлівасць адносін да чаго‑н.; грунтоўны. Звярнуць сур’ёзную ўвагу на дысцыпліну. □ [Лёдзю], напэўна, палохала ягоная [Цімкі] сталасць, сур’ёзны, як ужо ў мужчын, падыход да ўсяго. Карпаў. // Які заслугоўвае даверу; дадзены ўсур’ёз (пра слова, абяцанне).

3. Важны, значны па тэме, зместу, характару; змястоўны. Сур’ёзная музыка. Сур’ёзная кніга. □ Да сур’ёзных размоў Сцяпан не меў пільнай ахвоты. Дадзіёмаў. // Сапраўдны, непадробны. Сур’ёзнае пачуццё.

4. Які заслугоўвае, патрабуе ўвагі з-за сваёй важнасці, значнасці, складанасці. Сур’ёзная праблема. Прыняць сур’ёзнае рашэнне. □ Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Быкаў. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр. — Надта сур’ёзныя тут факты, — гаварыў рэдактар. Даніленка. // Які тоіць у сабе небяспечныя вынікі; небяспечны. Сур’ёзная хвароба. □ Рана была не вельмі сур’ёзная. Шахавец. // Істотны; вялікі; значны. Дасягнуць сур’ёзных поспехаў. □ [Сцяпан Іванавіч:] — У падполлі чатыры байцы — сур’ёзная баявая сіла. Новікаў. Ва універсітэцкім гарадку Парыжа мелі месца сур’ёзныя хваляванні. «Звязда».

5. Заняты якімі‑н. думкамі, засяроджаны; задумлівы, невясёлы. Левановіч насупіўся, зрабіўся сур’ёзны і стаў углядацца ўперад у бярэзнік. Пташнікаў. Дзе ж тут стаць сур’ёзнай, не смяяцца, як наўкол рагоча ўвесь народ!.. Жычка. // Які выказвае задумлівасць, заклапочанасць. Настачка зрабілася маўклівай, твар яе быў сур’ёзны, задуменны. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)