НІРВА́НА (санскр., літар. знікненне, згасанне),
у будызме і джайнізме канчатковае духоўнае выратаванне, якое дасягаецца асабістымі намаганнямі веруючага. Азначае найвышэйшы стан свядомасці, процілеглае сансары, калі адсутнічаюць перараджэнні і пераходы ад адной сферы сансарнага існавання да другой. Псіхалагічна стан Н. негатыўна апісваецца як адсутнасць жадання, прагі да жыцця ўвогуле, а пазітыўна — як стан дасканаласці, задаволенасці, самадастатковасці. Паводле тэорыі будызму, Н. — стан свабоды, незалежнасці, спакою, толькі чалавек можа дасягнуць Н. і стаць будай. Лічыцца, што поўнасцю дасягнуць Н. можна толькі пасля смерці, т.зв. парынірвана. У міфалогіі махаяны адрозніваюць некалькі ўзроўняў Н.
т. 11, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТУРЫ́ЗМ (ад франц. aventure прыгода),
дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках з мэтай дасягнуць лёгкага поспеху, выгады; справа, распачатая без уліку рэальных умоў і магчымасцяў. Як правіла, мае на мэце задавальненне карыслівых інтарэсаў, але ў большасці выпадкаў канчаецца правалам. Найб. страты грамадству прыносяць палітычны, эканам., ваенны авантурызм.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРАЙ НАДЗЕ́І МЫС (англ. Cape of Good Hope),
скалісты мыс на Пд Афрыкі (34°2′ паўд. ш. і 18°30′ усх. д.), у Паўд. Афр. Рэспубліцы. Партуг. мараплаўца Б.Дыяш, які адкрыў мыс у 1488, назваў яго мысам Бур, але партуг. кароль Жуан II перайменаваў яго ў Д.н.м., спадзеючыся дасягнуць адсюль Індыі.
т. 6, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ ((Andrée) Саламон Аўгуст) (18.10.1854, Грэна — кастр. 1897),
шведскі інжынер, даследчык Арктыкі. У 1882—83 прымаў удзел у навук. экспедыцыі на Шпіцберген. 11.7.1897 (з Н.Стрынбергам і К.Фрэнкелем) спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса на паветр. шары «Арол» уласнай канструкцыі, аднак загінуў на в-ве Белы (на У ад Шпіцбергена). Рэшткі экспедыцыі знойдзены ў 1930. У гонар Андрэ названа паўн. частка в-ва Зах. Шпіцберген (Зямля Андрэ).
т. 1, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСІРО́ЎКА (ням. Lasierung літар. пакрыццё палівай),
прыём тэхнікі жывапісу. На высахлыя шчыльныя слаі фарбы наносяць тонкія слаі празрыстых або паўпразрыстых фарбаў. Л. дазваляе змяніць, узмацніць або аслабіць колеравыя тоны, дасягнуць іх лёгкасці і гучнасці, узбагаціць каларыт, надаць яму большае адзінства і гармонію. Вядома са старажытнасці. Пашырана ў практыцы жывапісцаў 16—19 ст. як завяршальны этап стварэння карціны. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў кірунках жывапісу, арыентаваных на класічную традыцыю.
т. 9, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́РВІШ, дарвіш (перс. літар. бядняк, жабрак),
член мусульм. містычнага брацтва, суфій (гл. Суфізм). Сяліліся ў суфіцкіх манастырах як вандроўныя аскеты (факіры), жылі з міласціны. Брацтвы Д., заснаваныя на вучэнні суфізму, узніклі ў 11—13 ст., асабліва пашыраны ў Іране і Сярэдняй Азіі. Гал. прынцыпы Д. — беднасць, аскетызм і поўнае прысвячэнне Богу, гал. мэта — містычнае ўз’яднанне з Богам, якога імкнуліся дасягнуць шляхам рытуальнай малітвы, у некаторых брацтвах спалучанай з экстатычным танцам або акампанементам муз. інструментаў.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́РЫ ((Carey) Генры Чарлз) (15.12.1793—13.10.1879),
амерыканскі эканаміст, адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Выступаў супраць эканам. лібералізму, абгрунтоўваў неабходнасць ажыццяўлення палітыкі пратэкцыянізму, якая забяспечвае магчымасць кожнай краіне дасягнуць эканам. самадастатковасці. Лічыў, што законы прыроды ў стане забяспечваць пастаянны эканам. прагрэс і што паліт. эканомія павінна вывучаць адносіны чалавека да прыроды. Адмаўляў тэорыю вартасці і тэорыю рэнты Д.Рыкарда, атаясамліваў рэнту з працэнтамі на ўкладзены капітал. Асн. працы: «Прынцыпы палітычнай эканоміі» (т. 1—3, 1837—40), «Гармонія інтарэсаў...» (1851).
т. 9, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ НАРА́ДА ПА ЎРЭГУЛЯВА́ННІ ЛАО́СКАГА ПЫТА́ННЯ Склікана па ініцыятыве СССР, праходзіла з 16.5.1961 да 23.7.1962. Прадстаўнікі Бірмы, Вялікабрытаніі, ДРВ, ЗША, Індыі, Камбоджы, Канады, КНР, Лаоса, Польшчы, СССР, Тайланда, Францыі і Паўд. В’етнама прынялі Дэкларацыю і Пратакол аб нейтралітэце Лаоса, заявілі, што будуць паважаць яго суверэнітэт, незалежнасць, нейтралітэт, адзінства і тэр. цэласнасць. Пагадненні прадугледжвалі стварэнне ў Лаосе кааліцыйнага ўрада (сфарміраваны ў чэрв. 1962). Аднак рэалізаваць дамоўленасці і дасягнуць нац. адзінства ў Лаосе не ўдалося. У 1964 ЗША парушылі ўмовы пагаднення, пачалі бамбардзіроўкі тэр. Лаоса.
т. 6, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫ ((Parry) Уільям Эдуард) (19.12.1790, г. Бат, Вялікабрытанія — 8.7.1855),
англійскі даследчык Арктыкі. У 1819—24 кіраваў 3 экспедыцыямі на 2 караблях, якія былі пасланы на пошукі Паўн.-Зах. праходу. У час экспедыцыі адкрыў і даследаваў шэраг а-воў (Сомерсет, Мелвіл, Банкс, Карнуоліс і інш.) і праліваў (Ланкастэр, Прынс-Рыджэнт, Бараў, Мелвіл, Уэлінгтан і інш.) Канадскага Арктычнага архіпелага. У 1827 спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса (ад Шпіцбергена), дайшоў да 82°45′ паўн. ш. Яго імем названы архіпелаг арктычных астравоў, заліў, паўвостраў, 3 мысы.
т. 12, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНА́С (Parnasos),
горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч. г. Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.
т. 12, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)