зго́дны, ‑ая, ‑ае; ‑дзён, ‑дна.

1. Які выражае, дае згоду (у 1 знач.) на што‑н. — А яны ўсе згодны? — перабіў Рыгора Мілоўскі. — Вядома, што згодны, а то чаго б яны пайшлі сюды? Галавач.

2. з кім-чым. Які прытрымліваецца з кім‑н. адной думкі, адных поглядаў; салідарны з кім‑, чым‑н. Праўда, з дзеверам дружаць — У іх доля адна, Згодзен ён быць за мужа. Ды не згодна яна. Непачаловіч. І хоць абодва хлапчукі былі ў душы згодны з Зінай, але ім не хацелася, каб гэтае дзеўчанё думала, што яны слухаюцца яе. Скрыпка.

3. Які супадае з чым‑н.; падобны, аднолькавы. Сведкі далі згодныя паказанні.

4. Дружны; аднадушны. Так абое яны [Іван і Джулія], зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу. Быкаў. Не выстаяць бомбе ў змаганні з сям’ёю братэрскай, згоднай. Куляшоў.

5. Узгоднены, зладжаны. Патрэбна згодная, па выпрацаванаму плану, работа тысяч людзей, якая біла б у адзін пункт, а для гэтага трэба арганізацыя, у дадзеным выпадку настаўніцкая арганізацыя. Колас.

6. Стройны, гарманічны (пра музыку, спевы). — І крыжы на дол прыпалі І схінуўся верх лясоў І граць дзеду памагалі Хорам згодных галасоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыць, крыю, крыеш, крые; заг. крый; незак., што.

1. Рабіць над чым‑н. страху, дах, верх. Крыць павець. Крыць хату. Крыць машыну брызентам. // Разм. Рабіць (страху, дах і пад.). Будаўнікі канчалі крыць дахі баракаў. Броўка.

2. Разм. Прыкрываць, атуляць. Зноў вас пабачыў, бярозы старыя, ваша ўтульнасць ізноў мяне крые. Дубоўка. Неба з захаду цямнее. Крые даль смугою. Колас.

3. без дап. Разм. Ужываецца замест некаторых дзеясловаў для абазначэння дзеяння, якое выконваецца з асаблівай сілай, імклівасцю. Бераг — вось ён, зусім побач... Жвавей, матрос. Крый сажонкамі! Адпачываць будзеш пасля. «Беларусь».

4. У картачнай гульні — біць карту партнёра вышэйшай картай. Крыць валета дамай.

5. Разм. Заўзята крытыкаваць, лаяць каго‑, што‑н. Самакрытыка ў модзе — Недахопы стануць крыць. Глебка.

•••

Бог крыў гл. бог.

Крый бог (божа) — а) выражэнне перасцярогі, папярэджання не рабіць чаго‑н. Крый божа Звязаць вам З гэтым хлопцам лёс! Корбан; б) вырашэнне нежадання, недапушчальнасці чаго‑н. Калі сын з сям’ёю перабраўся ў сваю хату, дзед зрабіў брамку з замком, каб дзеці — крый божа — не залезлі ў садок. С. Александровіч.

Крыць матам каго — груба лаяць.

Няма чым крыць — няма чаго сказаць у адказ, у апраўданне.

Няхай бог крые гл. бог.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налі́ць, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. налі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; заг. налі́; зак.

1. што і чаго. Уліваючы якую‑н. вадкасць, напоўніць што‑н. Закіпеў чайнік. Святлана наліла шклянку і падала мужу. Шахавец. — Матуля, дайце нам папіць чаго-небудзь, — папрасіў адзін з.. [чырвонаармейцаў].. Хрысціна наліла кубак малака, працягнула старэйшаму. Жычка. / у безас. ужыв. Наліло поўную бочку дажджавой вады. // Уліць у што‑н. у якой‑н. колькасці. Наліць вады ва ўмывальнік. Наліць талерку супу. □ Аляксей Іванавіч змоўк, наліў у шклянку вады і выпіў. Скрыпка.

2. без дап. (пераважна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Разм. Тое, што і наліцца (у 4 знач.). Каласы ўжо налілі. □ Вінаград, наліты поўна сокамі, Хіліць долу гнуткія сукі. Калачынскі.

3. перан.; што. Напоўніць якой‑н. якасцю, якім‑н. пачуццём, адчуваннем. Ідзі, хай агорне душу, Налье вастрынёю зрок Трываласць твайго народа На першай з людскіх дарог. Лужанін. Распраналася .. [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ.

4. чаго і без дап. Разліць па паверхні чаго‑н. Наліць на стол вады. Наліць на абрус чарніла.

5. чаго. Зрабіць, вырабіць ліццём нейкую колькасць чаго‑н. Наліць дэталей.

•••

Цераз верх наліць (насыпаць) — наліць, насыпаць чаго‑н. звыш меры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́раз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «цераз» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. прасторы, месца і пад., упоперак якіх што‑н. размяшчаецца, з аднаго боку на другі, ад аднаго краю да другога адбываецца рух, дзеянне. Правесці атрад цераз балота. Перайсці цераз вуліцу. Пераплыць цераз мора. □ Колькі сілы цягнуць санкі Цераз пушчы, цераз горы, Цераз рэкі і азёры, Без дарогі, без шляхоў Адзінаццаць пар ласёў. А. Александровіч. Вялі прасторныя шляхі Цераз балоты, Цераз нетры, Цераз пяскі пустынь сухіх. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. на тых або іншых прамежках прасторы. Слупкі стаялі цераз кожныя пяць метраў. / У выразах «цераз плячо», «цераз плечы», «цераз спіну» і пад. Перакінуў цераз плечы ранец І падаўся доктар са двара. Звонак. Няцяжка.. [Нікіфаровічу] ўявіць і сябе малога, з парэпанымі нагамі, у зрэбных штоніках і з зашмальцаваным паскам цераз спіну. Броўка.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і пад., паверх якіх накіравана дзеянне або рух. Пераскочыў цераз ручаёк. Перакінуць цераз мяжу. Пераляцець цераз дах. □ Вялікі каменны мост цераз раку быў узарваны. Лынькоў. // (у спалучэнні з наз. «мера», «сіла» і пад.). Ужываецца для абазначэння звыш нормы, меры, мяжы і пад. Падняць цераз сілу. □ Цераз сілу і конь не вязе. З нар. // Паверх краёў. Цераз халяўкі набераце вады поўныя чаравікі. Калюга.

3. Ужываецца пры назвах асяроддзя, прадмета, праз якія хто‑, што‑н. праходзіць, пранікае. Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Шамякін. Непрыветна цераз вокны ночка пазірае. Колас.

Часавыя адносіны

4. Ужываецца пры ўказанні на прамежак часу, пасля якога што‑н. адбываецца. Прыехаў цераз два гады. Цераз пяць мінут перапынак скончыцца. □ Гэта к ёй [Карменсіце] — Недаступна далёкай — Як бацькоўскі да сына доўг, Незвычайныя словы Блока Перайшлі цераз горы гадоў. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. у тыя або іншыя прамежкі часу. Дзяжурыў цераз дзень.

5. Абл. Ужываецца для абазначэння часу ў адносінах да пары сутак. У той дзень у нас на полі работы не было: з самага рання і аж цераз поўдзень ішоў дождж перагонамі. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

6. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, з дапамогай або пры пасрэдніцтве якіх што‑н. адбываецца. Перадаць цераз суседа. □ Шлях ваш у заўтра — цераз калгас. Крапіва.

Прычынныя адносіны

7. Ужываецца для ўказання на прычыну ці падставу чаго‑н. Аслабеў цераз хваробу. □ [Пракоп:] — Які з майго Яўгена мужчына. Ажаніўся і тое, можна сказаць, цераз мяне. Баранавых.

•••

Пятае цераз дзесятае гл. пяты.

Цераз верх наліць (насыпаць) гл. паліць.

Цераз верх перці гл. перці.

Цераз галаву чыю гл. галава.

Цераз горла валіцца гл. валіцца.

Цераз край гл. край ​1.

Цераз пень калоду гл. пень.

Цераз сябе браць гл. браць.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хро́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Запіс гістарычных падзей у храналагічнай паслядоўнасці; летапіс. Варта было б успомніць, што сто гадоў назад П. Гільтэбрант надрукаваў урывак са Слуцкай хронікі; хроніка гэта ў той час захоўвалася ў Нясвіжскім архіве Радзівілаў. «Полымя». Жанр летапісу ці хронікі даўно ўжо склаўся ў біяграфічнай літаратуры. Г. Кісялёў.

2. Літаратурны твор, у якім паслядоўна выкладаецца гісторыя грамадскіх, палітычных і іншых падзей. Выдатнае месца сярод старажытных помнікаў пісьменнасці беларускага народа займаюць летапісы і хронікі. Чамярыца. // Гісторыя якога‑н. роду, сям’і. Сямейная хроніка Нявады-Лукашэвіча перапыняецца хронікай сям’і Сымона Ракуцькі. Дзюбайла. // Гісторыя якіх‑н. падзей, чыіх‑н. прыгод. [Ігналя] давай, як па кнізе, чытаць хроніку пройдзенага дня ад самага рання. Бядуля. Я коратка расказаў Зіне «хроніку» свайго жыцця, пачынаючы з ваенных гадоў. Васілевіч.

3. Кароткая інфармацыя аб бягучых падзеях (у газеце, часопісе, па радыё). Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было.. зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Колас. // Аддзел інфармацыі аб мясцовым бягучым жыцці (у газеце, часопісе).

4. Дакументальны фільм аб падзеях бягучага жыцця. Пеця авалодаў пакуль што самымі элементарнымі ведамі кінатэхніка.. Аднойчы яму нават пашанцавала самастойна прапусціць хроніку! Стаховіч.

[Грэч. chroniká.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плех1, пляшы́на ’голае месца на галаве, лысіна’, ’голае месца сярод поля, выгрызены лапік травы на лузе’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Жд. 1), паўн.-зах., гродз., зах.-віц. плех ’абсевак’, брэсц. плéх(а), паст. пляха́ ’тс’ (ЛА, 2). Рус. плеха́н ’лысы чалавек’, польск. plech ’лысіна’, plechy ’адзёр’, н.-луж. plěch ’плеш’, ’атожылак на клубняплодзе’, plěchac, plěchaty ’лысы’, в.-луж. plěch ’лысіна’, plěchač, plechaty ’лысы’, чэш. plech ’тс’, plechatý ’лысы’, plechy ’перхаць; струпы на галаве’, славац. plechavý, plechatý, plecháń ’лысы (чалавек)’, plechovo ’груба, непрыемна’, славен. plȅh ’чырвоная высыпка на скуры’, plẹ́ha ’голае месца ў лесе’, pléhi ’адзёр’, plehe (у XVIII ст.) ’шкарлятына’. Прасл. *plexъ (Сной–Бязлай, 3, 52) і *plěxъ ’лысы’, ’які лысее’, ’мясцовасць са слабой расліннасцю’ < і.-е. ploi̯k‑s‑os (Банькоўскі, 2, 606), а таксама *plъx (параўн. чэш. plchý ’лысы’) (Фасмер, 3, 281), роднаснымі якім з’яўляюцца літ. plìkas ’голы’, лат. pliks ’тс’, літ. pleĩ‑šė, pleĩkė ’лысіна’, plìkė, plėĩ‑n‑ė ’голая раўніна, пустое, бязлеснае месца’ < і.-е. *ploi̯‑so > (Буга, Rinkt., 1, 599).

Плех2, пле̂х ’дах’, ’вільчык даху’ (Яруш., Тарн., Бяльк.), плеш, пле́шакверх страхі, дзе сыходзяцца скаты, прыкрыты дошкамі, высланы кастрыцай’ (Сцяшк. Сл.; слонім., Сл. ПЗБ), ’страха’: стаяць два хлевушкі пад адным плехам (бераст., Сл. рэг. лекс.). Відаць, трэба адрозніваць лексему плеш (пле́шак), якая з плеш ’лысіна’ (гл.), ад плех, якая з польск. plech < чэш. plech ’тонкая бляшаная дошчачка, бляха, якою пакрываўся вільчык, каб вада не зацякала між дошкамі (плахамі) двух скатаў’ < ст.-в.-ням. blech або в.-в.-ням. blëch/plech ’бляха’ (Міклашыч, 14; Бернекер, 1, 59; Махэк₂, 457; Бязлай, 3, 53).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саламя́ ’салома або кастрыца, накладзеная на грэбень саламянай страхі’ (Шат.), ’верхняе бервяно, якое накладвалася на козлы і служыла непасрэднай апорай страхі’ (Малчанава, Мат. культ.), саламяно ’бэлька, якая вагаецца на слупе ў калодзежы з жураўлём’ (бых., КЭС), со́лам’е, со́ломʼя, со́ломʼе, со́лумʼе ’кладзь, якая служыла апорай страхі на сохах’ (калінк., лельч., Нар. сл.), ’чалеснікі ў пячы і верхняе спалучэнне іх’ (усх.-палес.), ’вялікі агонь у пячы’ (жытк., Нар. сл.), со́ламʼя ’чалеснік’ (Мат. Гом.), со́ламенне ’ямка для жару на прыпечку’ (калінк., Нар. сл.), со́ломjе, со́ломень ’чалеснікі’ (Шушк.), sołommie (Маш.), сало́мʼе ’скляпенне’ (петрык., Шатал.), со́ломjе ’вусце печы’ (Шушк.). Рус. царк.-слав. слѣмя, больш позняе (XVI ст.) соломина ’брус, бервяно, перакладзіна’, польск. ślemię, szlemię ’брус, вільчак’, чэш. slémě, slemeno ’брус, вільчак’, ’горны грэбень’, славац. slemā, slemeno ’брус, перакладзіна’, серб.-харв. шље̏ме ’вільчак’, ’горны грэбень’, славен. slé̥me ’тс’, балг. сле́ме ’вільчак’. Прасл. *selmę, ‑ene. Верагодныя паралелі толькі ў літ. šelmuõ, Род. с. šelmens ’вільчак, франтон, доўгі брус’, šelmenỹs ’тс’, лат. salmene ’саламяны капялюш’, гл. Траўтман, 301 і наст., Мюленбах-Эндзелін, 3, 674 і наст. Далей мяркуюць аб магчымасці і.-е. *kʼs(u̯)el‑ + суф. ‑men і параўноўваюць з грэч. σέλμα ’брус, памост, палуба’, англ.-сакс. sealma, selma ’ложа’ < ’драўляны ложак’; гл. Педэрсан, LF, 5, 59; Сной₁, 580; супраць Фасмер, 3, 669. Аналагічна БЕР, 6, 867 — ад і.-е. *sel‑ ’града’ з (kʼ)seul‑, якое роднаснае групам *suel‑, *seel‑, працягам якіх з’яўляецца ст.-в.-ням. swelle ’парог’ < герм. swalja, ням. Schwelle ’тс’. Махэк₂ (553) параўноўвае таксама з лац. culmenверх, вяршыня’, але гэта лічыцца фанетычна непрымальным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падда́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; зак.

1. каму-чаму і без дап. Уступіць знешняму ўздзеянню, націску, напору і пад. Дрэва паддалося вострай піле. □ Грыша пастукаў у дзверы галоўнага ўрача — ніхто не адгукнуўся, штурхнуў далонню — не паддаліся. Місько. // чаму. Змяніцца пад знешнім уздзеяннем. Расліны паддаліся скрыжаванню. Метал паддаўся апрацоўцы. // перан.; на што, чаму. Паверыць, згадзіцца з чым‑н. Паддалася нарэшце [Назарыха] ўгаворам. Прадала хату. Б. Стральцоў. Няхай сабе Міха брэша што хоча, а Юрка не паддасца на правакацыю і не палезе першы ў бойку. Паслядовіч. // чаму. Мець уласцівасці, якія неабходны для ажыццяўлення якога‑н. дзеяння. Паддацца расшыфроўцы. Паддацца вымярэнню.

2. каму і без дап. Уступіць у барацьбе, спаборніцтве і пад. Не паддацца ворагу. □ Ведае Сомік, што сам вінават, а паддацца бабе не хоча. Як гэта, каб яе верх быў? Крапіва. Сам.. [брыгадзір] працаваў, як вол, і мы стараліся не паддацца. Савіцкі. // каму-чаму. Падпасці пад уладу, уплыў людзей, знешніх абставін і пад. Паддацца дрэннаму ўплыву. □ Чаму я так хутка паддаўся гэтаму Кузю, раблю, што ён загадае, хаджу за ім? Жычка. // перан.; чаму. Падпасці пад уладу, уплыў якіх‑н. пачуццяў, уражанняў, фізічнага ўздзеяння і пад. Паддацца страху. Паддацца паніцы. □ [Рыгор] раптам паддаўся ваяўнічаму настрою. Гартны. А вапельная гара! А Сіняўскі гай... Хіба толькі той не паддасца чарам іх хараства, які ў харастве нічога не кеміць. Колас.

3. каму. Разм. У гульні — спецыяльна даць праціўніку выйграць. Паддацца партнёру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)