Буга́й 1. Рус. буга́й, укр. буга́й (> польск. buhaj). Запазычанне з цюрк. моў (тур. buɣa ’бык’, чагат. boɣa і г. д.). Праабражэнскі, 1, 50; Фасмер, 1, 228; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Брукнер, 47; Локач, 28; гл. таксама Шанскі, 1, Б, 209. Ст.-бел. бугай ’кастрыраваны бык’. Булыка (Запазыч., 50) лічыць запазычаннем з польскай мовы. Вельмі няпэўна.

Буга́й 2 ’птушка бугай, Botaurus stellaris’, рус. буга́й, укр. буга́й ’тс’. Да буга́й 1 (гл.): птушка выдае гукі, падобныя да рову бугая. Будзішэўска (Słown., 314) лічыць, што гэта ўсх.-слав. назва птушкі старажытная. Аб магчымых цюрк. уплывах на ўтварэнне гэтых назваў гл. Пальцаў, Тюрк. лекс. элем., 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бузава́ць ’біць, лупцаваць’ (Бяльк.), буза́ніць ’біць’. Рус. бузова́ть ’тс’, укр. бузува́ти ’тс’; ’рабіць вымову’. Запазычанне з польск. buzować ’тс’ (параўн. і buza ’лаянка, вымова’). Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Шанскі, 1, Б, 216. Польскае слова ўзята з італ. far buzzo ’злавацца’ (Брукнер, 51). Вельмі няпэўная сувязь усёй групы слоў з бузіна́ і да т. п., як і сувязь (Мацэнаўэр, Cizí sl., 127) з літ. baũsti ’прымушаць, караць’ (Фасмер, 1, 233; яшчэ Шанскі, там жа). Надта няпэўным з’яўляецца вывядзенне ўсх.-слав. (укр.) слоў прама з італ. мовы (так Рудніцкі, 241). Аб бузава́ць ’пэцкаць і да т. п.’ гл. пад буза́ 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́хал ’бусел’ (палес., КЭС). Магчыма, змена першапачатковага бу́сел пад уплывам дзеяслова бу́хаць. Але больш верагодным здаецца ўтварэнне непасрэдна ад бу́хаць (параўн. характэрны для бусла шум, стук, які ён робіць дзюбай). Параўн. ням. Klapperstorch ’бусел’ (klappern ’стукаць; ляскаць’). Параўн. яшчэ назву птушкі, таксама ўтвораную ад бу́хаць — бу́хала ’бугай’ (па крыку; Інстр. II), рус. бу́ха́ла, бу́хало ’бугай’, бу́хало ’пугач’ (да гэтага параўн. Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, VII, 99; Фасмер, 1, 254; Шанскі, 1, Б, 240). Бел. слову па марфалогіі дакладна адпавядае балг. бу́хал ’пугач’ (Strix bubo), таксама гукапераймальнае, гл. БЕР, II, 93; Будзішэўска, Słown., 121. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67–68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буя́н 1 буе́н ’непакладзены бык’ (ДАБМ, 883), буя́н ’бык’ (Дразд.). Бясспрэчна, звязана з буя́ць ’бушаваць, шалець, буяніць і да т. п.’ Форма буя́н вельмі падмацоўвае вывядзенне буя́к ’бык’ таксама ад буя́ць. Гл. яшчэ Лабко, Бел.-польск. ізал., 70–72.

Буя́н 2 ’птушка бык’ (Дразд.). Ад буя́н ’бык’. Параўн. іншыя назвы гэтай птушкі: буга́й, бык.

Буя́н 3 ’дэбашыр’, буя́ніць. Рус. буя́н, буя́нить і г. д. Шанскі (1, Б, 243) лічыць буян уласна рускім словам, вытворным ад буй ’смелы і да т. п.’ Але хутчэй буян, буяніць — утварэнні ад буяць ’бушаваць, шалець і г. д.’ прынамсі на бел.-рус. моўнай тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вурва́лак ’кусок палена, цурбалак’ (дзярж., З нар. сл.; Нар. сл.). Ад вы́рваць ’адарваць, аддзяліць’ з пераходам ы > у, гл. вы́рвалак ’вялікі кавалак’ (Бяльк.), або урва́ць ’захапіць, адарваць’; параўн. урвала́ ’жарт, каламбур’ (сакольск., Арх. Федар.), што адпавядае польск. kawał ’тс’ (і ’кусок, кавалак’). Параўн., аднак, бурва́лак ’палена і інш.’ (гл.), для якога ўказваюць літоўскую крыніцу (Арашонкава і інш., БЛ, 3, 36), і паралельныя формы гродз. ушва́лак і бушва́лак ’кусок палена’ (Цых., ад *шваліць?), брагін. ушва́рак ’тс’ (Шатал., ад шва́рнуць ’шпурнуць’?) і інш., адносна спарадычнай замены в на б у ізаляваных словах параўн. Машынскі, Kultura, 2, 2, 856, 884.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́да (часціца) ’‑небудзь’ (Нас.), іван. ляда ’абы’ (ЖСт., 2, 146), леда ’ледзь’ (Сцяшк. Сл.). Ст.-бел. лада ’абы’ (XVI ст.) Запазычана са ст.-польск. leda (XVI ст., а пазней больш шырока lada) ’ледзь-ледзь, -небудзь’. Параўн. яшчэ ст.-чэш. leda ’абы, каб толькі’, чэш. leda, славац. leda ’ледзьве’. Укр. леда ’(хто) б ні, усялякі’, ’ледзь’, бук. ’ледзь-ледзь’ — з польск. мовы. Паўн.-слав. lěda/leda, якое з lě(le) ’толькі, але, ледзьве’ і da (сцвярджальная, узмацняльная часціца) (Брукнер, 289; Махэк₂, 324; Слаўскі, 4, 21–22; Баўэр, Stud. a prace lingv., 4, 1960, 304; ESSJ SG, 2, 408–409; Булыка, Запазыч., 186).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кара́, укр. кора, рус. кора, чэш. kura, славац. kôra, польск. kora, балг. кора, серб.-харв. ко̏ра, славен. kóra узводзяцца да прасл. kora, якое мае ў якасці найбольш блізкіх адпаведнікаў лац. corium ’скурка, скура’, cortex ’кара’. Трэба таксама мець на ўвазе адпаведнікі да прасл. skora (Трубачоў, Эт. сл., 11, 44–45).

Ка́ра, укр. кара, рус. кара, чэш. kára, славац. kára, польск. kara, серб.-харв. ка́ра, ст.-слав. кара. Прасл. kara ўтворана ад дзеяслова karati ’караць’. Так, Трубачоў (Эт. сл., 9, 151), які насуперак Слаўскаму, 2, 65, мяркуе, што не karati < kara (тады б мы чакалі kariti, як slaviti < slava).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́сць, укр. користь, рус. корысть, чэш. kořist ’здабыча, трафеі’, польск. korzyść ’карысць’, серб.-харв. ко̏рист, славен. korȋst ’здабыча’. Зыходнае значэнне ’здабыча’ (Фасмер, 2, 343). Тады прасл. koristь ад koriti ў значэнні ’пакараць’ (чэш. kořiti, в.-луж. korić, рус. корить і інш.) (Міклашыч, 130), гл. карыць. Аднак гэта версія не мае тлумачэння з пункту гледжання словаўтварэння. Мы не ведаем суфікса ‑stь, з дапамогай якога б фарміраваліся назоўнікі ад дзеясловаў. Вельмі праблематычная версія аб koristati < ko‑ristati (ristati ’гнацца’) (Варбот, Этимология, 1970, 65–70). Іншыя этымалогіі яшчэ менш надзённыя. Агляд версій гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 71–73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́нь ’абалонь, верхнія слаі драўніны’ (Бяльк.), боло́на (Нас.), болона́ ’абза, верхні слой дрэва’ (Мядзв.), болонь ’не смалістая частка сасны’ (палес.). Рус. болона́ ’нарасць на дрэве’, бо́лонь ’верхні слой, мяккая кара дрэва’. У іншых слав. мовах формы з іншай семантыкай. Параўн. бало́на 1, бало́на 2, бало́нкі ’перапонкі’ (там і формы). Да прасл. bolna, bolnь, якое мае шмат значэнняў — ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і г. д.’ і, мабыць, ідэнтычнае з *bolna ’паляна, луг’. Адпавядае літ. bálnas ’белы’, грэч. φολίς ’луска’. Гл. Бернекер, 69; Фасмер, 1, 189; Траўтман, 25; Слаўскі, 1, 37; Шанскі, 1, Б, 157. Гл. абалонь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барахло́ (БРС, Нас., Сакал., Сцяшк. МГ, Шат.). Рус. бара́хло́, укр. барахло́. Бел. і ўкр. словы, мабыць, запазычаныя з рус. мовы. Слова не вельмі яснага паходжання. Старая версія пра запазычанне з манг. мовы (ССРЛЯ, I, 275; Рудніцкі, 78; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, V, 73–79) не вельмі пераконвае. Шахматаў (ИОРЯС, 7 (2), 352 і наст.) прапанаваў звязаць з ст.-рус. і дыял. бо́рошень ’дарожныя пажыткі, запасы; скарб і г. д.’ Далей звязваюць з чэш. brašna ’сумка’. Гл. Шанскі, 1, Б, 41. Шавялоў, Prehistory (414) лічыць, што ў слове барахло́ — «а-паўнагалоссе» і параўноўвае з укр. бо́рошно ’мука’. Вельмі няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)