ра́на ​1, ‑ы, ж.

1. Пашкоджанне тканак жывога арганізма, парушэнне яго цэласнасці. Смяротная рана. □ Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану. Мележ. Цяжкія раны ад апёку на руках і спіне, ад болю [Васіль] страціў прытомнасць, цяпер, здавалася хлопцу, перасталі ныць. Ваданосаў.

2. перан. Душэўны боль, пакуты. [Лузавец:] — Мне думаецца, работа — самыя найлепшыя, самыя дзейсныя лекі ад усякай раны. Усё, аб чым баліць душа, павінна вылечыць праца... Краўчанка. Ніколі не залечваюцца раны на сэрцы ў таго, Хто быў жывым З крывёю ад радзімы адарваны. Аўрамчык. // Пра шкоду, страты, прычыненыя чаму‑н. З дапамогай брацкіх народаў краіны Беларусь залячыла раны ваеннага ліхалецця, адбудавала гарады і вёскі. «Звязда». Свабодная зямля Загоіць хутка свае раны. Танк.

•••

Агнястрэльная рана — рана, прычыненая куляй або асколкам баявога зарада.

Жывая рана — а) рана, якая яшчэ не зажывае; б) перан. вострае, нядаўняе гора, пакута.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хоць ты да раны кладзі гл. класці.

ра́на ​2, прысл.

1. Раніцай, уранні. Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі. Брыль. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко. // у знач. наз. ра́на, нескл., н. Раніца. З вечара да рана.

2. Раннім часам, у першы перыяд раніцы. [Віктар] ведаў, што Зелянюк паедзе ўранні, але не думаў, што гэтак рана. Зарэцкі. — Навошта так рана .. [Паўліка] будзілі? — запытала маці. С. Александровіч. // безас. у знач. вык. Пра ранні час. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка.

3. Да ўстаноўленага або патрэбнага часу. Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай. Брыль. І Дзімка рады быў — завязе спорненька вязку [сена] на кірмаш, не вельмі стоміцца і рана дамоў вернецца. Капыловіч. // безас. у знач. вык. Пра тэрмін, які яшчэ не настаў, не прыйшоў. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. // безас. у знач. вык. Пра непадрыхтаванасць да чаго‑н., адсутнасць прычын для чаго‑н. Пачынаць будаўніцтва яшчэ рана. □ Салдаты, каторыя вярнуліся з вайны без рук ды без ног, кажуць — адчайвацца яшчэ рана. Якімовіч.

•••

Рана ці позна, рана-позна — калі‑н. (пра тое, што абавязкова павінна здарыцца).

Раным-рана — вельмі рана, як толькі можна рана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спі́на, ‑ы, ж.

1. Задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава ад шыі да крыжа. Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. В. Вольскі. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў. Заклаўшы рукі за спіну, .. [Булай] задаволена пазіраў на квяцісты графік. Шыцік. Я схапіў сачок, ускочыў у ваду .. і ўбачыў побач з сабою доўгую цёмную спіну шчупака. Якімовіч. / у перан. ужыв. Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Быкаў. Хвалі паўзуць няўмольна, Калматыя спіны іх гнуцца. Свірка. Сонца аглядае развітальным позіркам [в]острыя спіны стрэх. Крапіва.

2. Тое, што і спінка (у 3 знач.). Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль.

•••

Вецер у спіну каму гл. вецер.

Вывезці на спіне гл. вывезці.

Выехаць на чужой спіне гл. выехаць.

Гнуць спіну гл. гнуць.

Ездзіць на чыёй спіне гл. ездзіць.

За спінай — а) каго, чыёй, у каго таемна, без ведама каго‑н. [Джвучка:] — Вы мне тут сёння ўвесь вечар чаўплі, што за маім старшынствам жыццё было. Каму? Вам! Вы нажываліся за маёй спінай. Пташнікаў; б) каго, чыёй, у каго на чые‑н. сродкі; пад апекай каго‑н. [Якуб] жа робіць вялікую справу — адвучвае такіх лайдакоў, як ты, жыць за чужой спінай. Васілёнак; в) у мінулым. У Куляшова ўзлятаюць да зорак людзі, якія маюць за спінай вялікі, вопыт барацьбы за зямлю. Бярозкін; г) за сабой, ззаду. За спінаю ў мяне апынуўся горад, а наперадзе поле. Кавалёў. [Да салдат] дайшла вестка аб тым, што непадалёку, можна сказаць, за іх спінаю, размясціліся танкавая брыгада і полк «кацюш». Сіўцоў.

За спінай каго; з-за спіны каго — ззаду каго‑н., з-за каго‑н. Стоячы за спінай свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы. Колас. Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога і паплыла, паплыла, паплыла ўправа. Брыль.

Мароз па спіне ідзе (прайшоў, прабег) гл. мароз.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне гл. мурашка.

Не разгінаючы спіны гл. разгінаць.

Нож у спіну гл. нож.

Павярнуцца спінай да каго-чаго гл. павярнуцца.

Стаяць за спінай чыёй, у каго гл. стаяць.

Удар у спіну гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музыкальныя гукі; выконваць вакальныя творы, пець. Спяваць песню. □ Над Нёманам, Беразіной Яе [песню] спяваюць партызаны. Танк. // Умець пець. Марцін добра спяваў, танцаваў, весяліў людзей вострым словам. Брыль. Бадай ніхто так з хлопцаў не спяваў у Ельнічах, як Ляткоўскі. Вітка. // Цёхкаць, шчоўкаць, свістаць (пра пеўчых і іншых птушак). Яны [салаўі] спяшаліся спяваць, Яны сябе не шкадавалі, Як быццам свет уратаваць Сваёю песняю жадалі. Дайнека. // перан. Гаварыць, чытаць нараспеў. — Вечар добры, вечар добры! — неяк асабліва ласкава спявае .. [Амэля] ў адказ на прывітанне Антака Мазалеўскага. Васілевіч.

2. каго-што і без дап. Выконваць оперную партыю; выступаць на сцэне, у тэатры спеваком, спявачкай. Спяваць Анегіна. □ Спяваў на сцэне млява Ленскі Пра залатыя дні вясны. Панчанка.

3. перан.; без дап. Быць прасякнутым пачуццём радасці, усхваляванасці, захаплення. Хіба можна злавацца, калі спявае ўся твая істота? Шамякін. Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай! Купала. Ты скажы такое слова, Каб душа спявала, Ад каторага б на сэрцы Рана зажывала. Русак.

4. перан. Меладычна гучаць (пра музычныя інструменты). [Юра] трос грыф: гітара сама спявала і плакала. Васілевіч. Спявалі мяхі распісныя, Скакалі між пальцаў лады. Калачынскі. // Рыпець, пішчаць, свістаць (пра розныя прадметы). Над пшанічным полем спявалі кулі. Чорны. Калі ж ішоў у свіран ураджай, — Спявалі пілы і сякеры ў лад. Астрэйка. / Пра завыванне ветру, мяцеліцы і пад. Ой ты, вецер, не шумі, Не спявай так нудна! Колас. Віхура, відаць, яшчэ не зусім уляглася. Усю ноч спявала пад акном. Машара.

5. што. Усхваляць, услаўляць у вершах, песнях каго‑, што‑н. Пісьменнік хоча адгукнуцца на ўсё, што адбываецца ў савецкай краіне. [Максім Танк] спявае гімны вызваленню. Бугаёў. І паэт, як добры, пільны гаспадар, спявае славу працы. «ЛіМ». / у паэт. ужыв. Гімн чалавечай працы Спяваюць кельмы гучна. Аўрамчык.

6. Разм. Многа гаварыць аб чым‑н. з карыснай мэтай. Ён [Богут] перад ёю выдыгае, як закаханы, малады. «Мальвіна, жонка дарагая!» — Спявае ён на ўсе лады. І распытаў, як гасцявала. Колас. // Гаварыць іншае, чым раней. Пасля сходу ён пачаў інакш спяваць.

•••

Спяваць асанну (кніжн.) — узносіць, усхваляць каго‑н.

Спяваць на новы лад — а) пець новыя песні; б) гаварыць па-іншаму, не так, як раней.

Спяваць славу — расхвальваў, праслаўляць каго‑н. [Паходня:] — Ты з большым здавальненнем слухаў, як спяваў табе славу Бабейка: «Паважаны таварыш дырэктар», «таварыш Ваўчок распарадзіўся». Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ствары́ць, ствару, створыш, створыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць існуючым. Савецкая дзяржава першая стварыла штучныя спадарожнік Зямлі і Сонца. «ЛіМ». Вынаходнікі і канструктары стварылі са шкла і металу штучнае чалавечае сэрца. Матрунёнак. Нават аўтаматы, якія, здавалася, ведалі ўсё, не змаглі даць адказу, ці можна стварыць такое малекулярнае злучэнне ў зямных умовах. Шыцік. / Пра чалавека, жывыя істоты і пад. [Зямля] ж у малады свой век Стварыла цуд, які ўзвялічан Вялік[і]м імем — Чалавек. Чарнушэвіч. Не могуць кветкі гэткія дружыць І разам у адным букеце жыць, — Такімі ўжо стварыла іх прырода. Корбан. // Пакласці пачатак. Руднік .. успомніў словы Тарасіхі: «А ты ж ствары тут новае жыццё...» А як стварыць? Кірэенка. // Набыць, здабыць працай. Людзі стварылі багацце калгаса. «Работніца і сялянка». // Напісаць (навуковы, літаратурны, музычны твор, карціну); скласці. Натуральна, што стварыць адразу добры ва ўсіх адносінах падручны — справа цяжкая. Шкраба. Максім Багдановіч стварыў гэтыя радкі ў перыяд, калі эстэтычныя погляды аформіліся і ўстанавіліся. Майхровіч. // Намаляваць мастацкі вобраз сродкамі мовы. Аўтар «Тараса на Парнасе» першы ў нашай літаратуры стварыў канкрэтны, «жывы» вобраз беларускага працоўнага селяніна. Казека. / Пра іншыя мастацкія вобразы. [Архітэктары] стварылі адухоўлены высокай мастацкай праўдай вобраз паэта-барацьбіта, вешчуна, гуманіста [Янкі Купалы]. «Помнікі». // Паказаць, сыграць (па сцэне). С. Бірыла стварыў і іншыя цікавыя вобразы ў п’есах Галубка. «ЛіМ».

2. Арганізаваць, сфарміраваць. Стварыць калгас. □ Ермакоў уцёк з некалькімі таварышамі ў лес, дзе стварыў невялічкую партызанскую групу. Мележ. На адным са сваіх сходаў камсамольцы вырашылі стварыць пры сельсавеце камітэт узаемадапамогі. Пальчэўскі.

3. Падрыхтаваць, забяспечыць што‑н., зрабіць магчымым што‑н. Але каб перацягнуць .. [самалёт] .. і стварыць умовы для ўзлёту, трэба папрацаваць не аднаму дзесятку чалавек. Шамякін. Перамога СССР у Вялікай Айчыннай вайне, утварэнне сусветнай сістэмы сацыялізма стварылі для .. [вызваленчай барацьбы народаў каланіяльных краін] .. спрыяльную абстаноўку. «Звязда». Узаемная павага, давер’е, сумленнасць — вось якую атмасферу .. удалося стварыць [Дзеншчыкову] сярод брыгадзіраў калгаса. Карпюк. / Пра славу, аўтарытэт, папулярнасць і пад. Усё ж [токі] Ксеркс сваёй расправай стварыў сабе такую славу, што і дарослыя, і дзеці яго ўсе ведаюць на свеце. Дубоўка. // Выклікаць з’яўленне чаго‑н., стаць прычынай чаго‑н. Стварыць цяжкасці.

4. Сфарміраваць, надаўшы адпаведныя рысы. Праца стварыла чалавека. □ Прырода стварыла .. [дзядзьку Язэпа] такім для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохі пасмяяцца над ім, а пасля над ім жа горка заплакаць. Чорны. // Надаць якія‑н. уласцівасці, рысы ў працэсе развіцця. // Прыдумаць, уявіць сабе. Мы не паклонімся богу, — Бога стварыў чалавек. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урэ́заць, урэжу, урэжаш, урэжа; зак.

1. што. Адрэзаўшы частку чаго‑н., укараціць, паменшыць. Урэзаць крысо.

2. перан.; што. Зменшыць, скараціць аб’ём, колькасць, склад чаго‑н.; убавіць. Урэзаць зарплату. Урэзаць норму. Урэзаць штаты. Урэзаць расходы. // Абмежаваць. Урэзаць правы. Урэзаць паўнамоцтвы.

3. што ў што. Уставіць у выдзеўбанае, выразанае паглыбленне. Урэзаць замок у дзверы.

4. што і чаго (пераважна з адмоўем «не»). Разм. З цяжкасцю адрэзаць што‑н. вельмі цвёрдае. Мяса такое мерзлае, што не ўрэзаць.

5. што і чаго. Разм. Адрэзаць чаго‑н. [Міход:] — Урэжце [цётка Хіма] акрайчык свежага хлеба ды пашукайце ў каморы марожанага сальца. Я гэтак яго люблю. Сабаленка. [Дачка] ўнесла з каморы збан мёду, вялікі сыр, урэзала вяндліны. С. Александровіч. // Нарэзаць невялікую колькасць чаго‑н. [Сабастыян:] А я кагадзе дома каровам сечкі ўрэзаў, салому папалам з канюшынаю мяшаў. Чорны.

6. перан.; што і без дап. Разм. Нечакана і гучна заіграць, заспяваць; грымнуць. Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсе закруціліся па хаце. Гарэцкі. Ідзе рота ў сталовую — песня гучыць. Як урэжуць «Тачанку» — усе вулачкі і закавулачкі дрыжаць. Ракітны. — Ото ўжо ўрэзаў, дык урэзаў! — смяялася бабка. — Каб яшчэ бубен, дык і танцаваць можна б было! Каліна. — Пайграем? — спытаў Санька і, доўга не думаючы, з усяе сілы ўрэзаў па белых касцяных дошчачках пяцярнёй. Сяркоў.

7. каму, па чым і без дап. Разм. Моцна ўдарыць. [Мятла:] — Калі Сяргей збіў паліцэйскага з ног, дык другі ўрэзаў яму па галаве, і ён упаў. Машара. [Камейша:] — Дзівіцца чалавек, чым так урэзаў, нягоднік, што адразу зваліў з ног... Пальчэўскі. [Вася:] — Я не стрываў, схапіў.. [Вярстоўскага] загрудкі і ўжо размахнуўся, каб урэзаць яму ў твар, ды ён лоўка перахапіў маю руку. Гаўрылкін. // Пабіць, збіць; пакараць. Ну ж і ўрэзалі тады.. [сялянам] казакі, і цяпер чухаюцца. Грахоўскі.

8. Разм. Імкліва паімчацца, пабегчы. Здымае шапку [старшыня сельсавета] з галавы і да яго: «Кось-кось!» — Нібыта ў шапцы той аўса ўволю. Але дурных няма, Буланы конь у поле Ўрэзаў так, што толькі ўзняўся пыл. Корбан. // Пайсці, паліць (пра дождж). Янка ўжо амаль дайшоў да чоўна, калі дождж урэзаў як след. Лупсякоў.

9. што. Разм. Рэзка і катэгарычна сказаць, заявіць што‑н. Пачуўшы песню ў другі раз, Міканор, хоць і ведаў, што Алёша можа пакрыўдзіцца, не прамаўчаў, бязлітасна ўрэзаў праўду-матку пра песню. Мележ.

•••

Урэзаць дуба — тое, што і даць дуба (гл. даць).

Урэзаць штуку — тое, што і адпаліць штуку (гл. адпаліць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаце́ць, хачу, хочаш, хоча; незак.

1. чаго, каго-што, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Мець жаданне, ахвоту да чаго‑н., адчуваць патрэбу ў кім‑, чым‑н. Хацець вады. Хацець есці. □ — Ну, дык хочаш вучыцца? Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў: — Ыгы. Брыль. [Жлукта:] Дык вы хочаце, каб я пайшоў да вас за бухгалтара? [2‑гі кліент:] Ды не, што вы! Крапіва. Гарохам дзедаў смех якоча, А сэрца руху, шуму хоча. Колас. // Мець жаданне зведаць, пазнаць што‑н. Ён хоча хімію вывучаць. // Разм. Адчуваць любоўную цягу да каго‑н. Хачу пацалаваць вас.

2. каго-чаго, чаго ад каго і са злучн. «каб». Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. Хацець шчасця. □ [Эмілія:] — Калі яшчэ не было гэтага агульнага руху за мір, я ўсё роўна не хацела вайны і баялася смерці. Маўр. Аднаго хачу на гэтым свеце: Так наладзіць з доляю зямной, Каб ніколі не прыйшлося дзецям Чырванець за зробленае мной. Гілевіч.

3. з інф. Мець намер зрабіць што‑н. [Партызаны] хацелі перасекчы чыгунку і выйсці да горада Іўе, у вольны ад блакады раён. Брыль. — Я хацеў ракаў налавіць, — нясмела адказаў Казік. Чарнышэвіч. // у спалучэнні з адмоўем. Адказацца што‑н. рабіць. [Русаковіч:] А я не хачу паступацца сваімі ідэаламі. Крапіва. Не хачу я гуляць, дзе народ Толькі гора цярпіць на вяку, Дзе сіротка стаіць ля варот, Есці просіць, падняўшы руку. Купала.

4. з інф. Разм. Ужываецца для абазначэння магчымасці, імавернасці ажыццяўлення чаго‑н. Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вот-бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Хочаш сесці на хвою, сеў на хвою, на дуба — на дуба, а то і на хату высокую можна сесці. Лынькоў.

5. З адноснымі займеннікамі і прыслоўямі ўтварае спалучэнні са значэннем азначальнасці: кожны, усякі (прадмет, месца, час і пад.). Я прабыў у «Барацьбіце» да вечара — блукаў, дзе хацеў, і гутарыў, з кім хацеў. Хадкевіч. [Рак:] — Не чапай мяне, Іван Світанік.. Я табе за гэта, што хочаш, зраблю. Якімовіч.

•••

Еш не хачу гл. есці.

Калі хочаш (хочаце) гл. калі ​2.

Хочаш не хочаш — незалежна ад чыйго‑н. жадання.

Як левая нага хоча гл. нага.

Як (сабе) хочаце (хочаш) — а) як вам падабаецца. — Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала! Колас; б) нягледзячы на любую думку. Як хочаце, а ён вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́сці несов.

1. есть, ку́шать;

ве́льмі хаце́лася е. — о́чень хоте́лось есть;

е́шце, калі́ ла́ска — ку́шайте, пожа́луйста;

2. есть;

густы́ дым еў во́чы — густо́й дым ел глаза́;

3. есть;

яду́ць камары́ — едя́т комары́;

моль есць адзе́нне — моль ест оде́жду;

4. перен. (мучить) есть, глода́ть;

мяне́ есць туга́ — меня́ ест (гло́жет) тоска́;

5. перен., прост. (изводить) грызть, есть;

е. каго́-не́будзь з ра́ніцы да ве́чара — грызть (есть) кого́-л. с утра́ до ве́чера;

◊ е. вача́мі — есть глаза́ми;

е. про́сяць — (шутл., об обуви) есть про́сят;

еш — не хачу́ — ешь — не хочу́;

е́жма (по́едам) е. — по́едом есть;

дарэ́мна хлеб е. — зря хлеб есть;

е. чужы́ хлеб — есть чужо́й хлеб;

е. хлеб — (з чаго) име́ть сре́дства к жи́зни;

ма́ла ка́шы еў — ма́ло ка́ши ел;

пасалі́ўшы, мо́жна е. — сно́сно; та́к себе; бо́лее или ме́нее;

е. папо́ўніцы — есть (упи́сывать) за о́бе щёки;

есць як не ў сябе́ — и куда́ то́лько у него́ дева́ется;

няха́й бу́дзе — е. не про́сіць — запа́с карма́на не дерёт;

хлеб-соль еш, а пра́ўду рэж — посл. хлеб-соль ешь, а пра́вду режь;

чаго́ не ясі́, таго́ ў рот не нясі́ — посл. чего́ не ешь, того́ в рот не неси́;

па ім няха́й хоць воўк траву́ есць — погов. по нему́ хоть трава́ не расти́;

у го́ры жыць ды з пе́рцам е. — погов. ирон. в го́ре жить и с пе́рцем есть;

хто не працу́е, той не есць — посл. кто не рабо́тает, тот не ест

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

калі́

1. нареч., вопр. когда́;

к. ж вы пры́йдзеце? — когда́ же вы придёте?;

калі́ гэ́та бу́дзе? — когда́ э́то бу́дет?;

2. нареч. (в какое-л. время) когда́-нибудь;

ці чуў ты к. тако́е? — слыха́л ли ты когда́-нибудь подо́бное?;

3. нареч. (в будущем, не скоро) когда́-то;

к. гэ́та ён яшчэ́ прые́дзе? — когда́-то он ещё прие́дет?;

4. нареч., разг. (иногда) когда́;

к. мо́жна, к. не́льга — когда́ мо́жно, когда́ нельзя́;

5. союз временной когда́;

к. ўзышло́ со́нца, мы ўжо былі́ до́ма — когда́ взошло́ со́лнце, мы уже́ бы́ли до́ма;

6. союз условный е́сли; раз; когда́;

к. працава́ць, дык працава́ць — е́сли рабо́тать, так рабо́тать;

к. гля́неш з паго́рка, то ўсё ўба́чыш як на дало́ні — е́сли (когда́) взгля́нешь с холма́, то всё уви́дишь как на ладо́ни;

к. не ве́даеш, не гавары́ — е́сли (раз) не зна́ешь, не говори́;

◊ к. то́е было́ — э́то бы́ло да́вным-давно́;

як к. — когда́ как;

к. што яко́е — в слу́чае чего́;

к. ла́ска! — а) пожа́луйста; б) добро́ пожа́ловать!;

каб ды к. б — е́сли бы да кабы́;

к. рак сві́сне — когда́ рак сви́стнет;

к. на то́е пайшло́ — (в знач. вводн. сл.) е́сли на то пошло́;

каб ды к. б вы́рас у ро́це грыб — погов. е́сли бы да кабы́ вы́росли во рту грибы́;

к. худ, не лезь на кут — посл. всяк сверчо́к знай свой шесто́к; по одёжке протя́гивай но́жки

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ле́та, ле́то, ліэ́то, лі́то ’самая цёплая пара года’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., ТС; драг., стол., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.), лі́та (мн. л.) ’слаі ў драўніне, паводле якіх вызначаюць узрост дрэва’ (Клім.; бяроз., Шатал.), ’год’ (Касп., Яруш.), лета ў лета ’круглы год’ (ТСБМ), на ле́та ’на будучы год’ (Яруш., Бяльк.), лета ле́цкае ’на працягу ўсяго лета’ (Ян.), ліэто, літо ’цыкл летніх абрадавых песень’ (Бес., Клім.), драг. літа́ (мн. лік) у выразе: выхо́дытэ з літ ’перыяд заканчэння клімаксу ў жанчын’ (І. Лучыц-Федарэц), памянш. летка, летко, ле́цечка (Кл., Шат., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), ле́тны, летні, літный, ле́тненькі (ле́тнянькі, летні́нькі) ’летні’, ’цёплы, цеплаваты, ледзь цёплы, трохі падагрэты’ (Сцяшк., Бяльк., Шат., ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах.; нясв., Жд. 2, Др.-Падб., Гарэц., Юрч.), лудз. ’яравы’ (Сл. паўн.-зах.), слуц. ле́ткі ’тс’ (Нар. словатв.), летавы ’летні’ (Федар. Дад.), ваўк. летні ’стары’ (БНТ, Лег. і пад.), ст.-бел. лѣтный, лѣтний ’які адбываецца летам, які прызначаны для выкарыстання летам’, ’аднагадовы, адналетні’, ’немалады’ (Булахаў, Гіст., 113). Укр. літо, рус. лето, польск. lato, палаб. lʼotü в.-луж. lěćo, н.-луж. і в.-луж. lěto, чэш. léto, славац. leto, славен. lę́to, серб. ле̏то, харв. ljȅto, макед. лето, lʼatu, балг. лято, ст.-слав. лѣто ’самая цёплая пара года’ > ’год (= час ад лета да лета)’, прасл. lěto. Найбольш пераканаўчай са шматлікіх версій пра паходжанне лексемы можна лічыць этымалогію Ваяна (BSL, 64 (2), 124–126), які супастаўляе прасл. lěto з літ. lė̃tas ’павольны, ціхі, спакойны, лагодны’, лат. lę̄ts ’лёгкі’, лац. lēnis ’лагодны, памяркоўны’ і адносіць іх да і.-е. *lē‑ ’паслабіць, зрабіць больш лёгкім’. Махэк₂ (328) супастаўляе слав. lěto з лац. laetus, якое першапачаткова мела значэнне ’добры, прыемны, уцешлівы’, ’які добра выглядае’. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изол., 21–22) адносіць прасл. lěto (vermę) да італ. інфільтратаў, супастаўляючы яго з лац. laetus ’багаты, плённы, квітнеючы, радасны, спрыяльны, прыемны, бліскучы, шыкоўны, тлусты’. Такім чынам, прасл. lěto (з суф. ‑to, як žito) азначала ’час, перыяд, калі палягчэла з холадам, калі ўсё цвіце, калі чалавеку прыемна, радасна, калі ўсяго ў дастатку’. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 70–71; Фасмер, 2, 488–489; Скок, 2, 336–337; Бязлай, 2, 137.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калыва́ць ’вагаць, хістаць’ (БРС; зах.-бел., Весці), калывацца (БРС, ТСБМ, Бір.; Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Федар.). Магчыма, сюды і ашм. калыта́цца ’ківацца’ (зуб… калытайацца), калі гэта не з калатацца ’калаціцца, трэсціцца — ківацца’. Фанетычна дакладная паралель ва ўкр. коливати ’хістаць, калываць’, ’ісці павольна, хістаючыся’, што неабходна разглядаць як бел.-укр. інавацыю на базе больш архаічнага *kolybati (рэканструкцыю дазваляюць зрабіць зафіксаваныя ў рус. і каш. арэалах лексемы, статус укр. колибати, якое прыводзіць Фасмер, 2, 299, няясны). Паводле Трубачова, Эт. сл. 10, 164, да шырока вядомага прасл. kolěbati. Звяртаецца ўвага (там жа, 130), што ‑y‑ ў *kolybati хутчэй за ўсё дыфтангічнага паходжання, калі гэта сапраўды ў адносінах ‑ě‑, ‑oi‑ ў kolěbati. Той факт, што ад *kolybati утвораны інтэнсівы kolysati/kolyxati (больш шырока вядомыя ў славянскіх мовах), безумоўна, сведчыць на карысць вялікай архаічнасці формы *kolybati. З даўніх прапаноў спробы знайсці і.-е. адпаведнікі (Патабня, Цупіца) падтрымкі не знайшлі, як і меркаванні Міклашыча, а пазней Бернекера аб сувязі з kolo. Слаўскі (2, 347) не выключае магчымай сувязі з гукапераймальнымі ўтварэннямі (аналагічныя думкі яшчэ ў Бернекера і Скока) тыпу польск. дыял. klebotać, chlebotać ’калываць, хістаць, муціць’, рус. хлебать і асабліва дыял. хлебестать ’калывацца, хістацца і да т. п.’; БЕР (2, 550) дапускае і.-е. праформу *k​u̯ol‑ што вельмі няпэўна; спосаб утварэння няясны. Трубачоў (Эт. сл., 10, 130, 395) прымае як найбольш верагодную версію, якая была распрацавана Голубам–Копечным (176) і Махэкам₂ (268), дзе kolěbati разглядаецца як прэфіксальнае. Пры гэтым пярэчанні датычаць у першую чаргу самога факта такога рашэння, паколькі ў дэталях этымалогія Махэка дастаткова абгрунтаваная. Сапраўды, падобныя прэфіксальныя ўтварэнні (тыпу ўкр. ковертати) сустракаюцца сярод дзеясловаў руху, другая частка злажэння добра параўноўваецца Махэкам з літ. láibas ’тонкі, высокі’, лат. laībs ’тонкі, слабы’, што з семантычнага пункту погляду таксама сумненняў не выклікае. Трубачоў (Эт. сл., 10, 164) адзначае, што, калі тлумачыць *ko‑lěb‑ < *loib‑, як Махэк₂, 268, фанетыку кораня *lyb можна разумець як экспрэсіўную трансфармацыю *loib‑ > *lŭb‑ > *lyb‑, а гэта знаходзіць аналогію ў літ. мове, дзе, магчыма, роднаснае láibas мае экспрэсіўны варыянт lùiba, luibà; аб адносінах ui/аі (< і.-е. оі) гл. Буга, Rink., 1, 459; 2, 263; а lùiba спецыяльна 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)