валасо́к, ‑ска, м.

1. Памянш. да волас (у 1 знач.); маленькі, кароткі волас.

2. Ніткападобныя варсінкі на скурцы раслін. Каранёвыя валаскі.

3. Тонкая металічная ніць, дроцік у якім‑н. прыборы, механізме. Валаскі [лямпачак] былі распалены як след, да жоўтага колеру, але апарат чамусьці маўчаў. Краўчанка.

•••

Вісець (ліпець) на валаску (на павуцінцы) гл. вісець.

На валасок (валаску) ад смерці — вельмі блізка ад смерці. Не раз выпадала быць на валаску ад смерці. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каніце́ль, ‑і, ж.

1. Вельмі тонкая металічная, звычайна залатая або сярэбраная, ніць для вышывання. На Мсціслава і пана Адама пацягнуўся з вышыні паток струменьчыкаў, падобных на залацістую каніцель, аблытаў іх, зрабіў залацістыя валасы Маеўскага рыжымі. Караткевіч.

2. перан. Разм. Нудная зацяжная справа, валакіта. — Бачыш, у брыгадзе і з ворывам дрэнь, і з фермай не клеіцца, і з куратнікам каніцель. Гурскі. // Дарэмная трата часу.

•••

Цягнуць (разводзіць) каніцель гл. цягнуць.

[Фр. cannetille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбуры́цца, ‑бурыцца; зак.

1. Разваліцца, разламацца, рухнуць. — За вайну шахты ўсе разбурыліся, ладзіць іх трэба. Галавач. // перан. Парушыцца, распасціся. У хаце Раманюка разбурылася мая сям’я. Савіцкі. — Прыміце з гэтага масіву толькі два гэтыя будынкі — і ўвесь ансамбль разбурыцца. «ЛіМ».

2. перан. Не ажыццявіцца, не спраўдзіцца. Перад Алесем стаяла дзяўчына. І адразу ўсе ягоныя ўяўленні разбурыліся. Тонкая і гнуткая ў таліі, шырокая ў клубах, высокая ў невялікіх грудзях. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штрых, ‑а, м.

1. Тонкая, кароткая лінія, рыска (малюнка, чарцяжа, партрэта, карціны і пад.). [Рамір] адбегся ад планшэта, .. шырока ўзмахнуў рукой; Вера ведала, што ён зрабіў першы штрых. Асіпенка.

2. перан. Асобны момант, характэрная рыса, падрабязнасць чаго‑н. Варты ўвагі і некаторыя штрыхі, што характарызуюць паасобныя асаблівасці даўніх народных звычаяў паўночнага Палесся. Ліс. Байку Крапівы жывіла жыццё, канкрэтная рэчаіснасць — яна давала не толькі тэмы, вобразы, але асобныя штрыхі, дэталі. Гілевіч.

[Ням. Strich.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лінва́ ’вяроўка’ (слуц., Сл. паўн.-зах.), лы́нва ’вяроўка, па якой паднімаюць вулей на дрэва’ (Анох.). Укр. валын., гуц., вінніцк. ли́нва, ли́новка ’тоўсты канат’, бойк. ли́нва, ла́нва ’акоўка асады дышля ў возе’. Утворана ад ліна ў выніку кантамінацыі з верва < прасл. vьrvь (гл. вербы). Пераход ‑vь > ‑ва з’яўляецца характэрным для бел. і ўкр. моў. Польск. linewkaтонкая вяроўка’ запазычана з укр. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэга́лы ’калёсы для перавозкі снапоў і сена’ (брасл., Сл. ПЗБ), рыґалы ’спецыяльная рама на возе’ (пух., Жыв. сл.). Рус. ре́гель ’падпорка, перакладзіна; даўгая тонкая планка’. Відаць, з польск. rygiel ’бэлька’ < сяр.-н.-ням. regel ’рычаг, падпорка’, першакрыніца нар.-лац. regula ’кій, планка’ (Фасмер, 3, 457). Форма дры́галы ’жэрдкі, прымацаваныя да калёсаў вазіць бярвёны’ (Стан.) утварылася паводле народнай этымалогіі ад дрыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́нка1 ‘гульня ў карты’ (Бяльк., ТС). Укр. льв. три́нка ‘тры тузы’, рус. тринка ‘картачная гульня’, польск. trynka ‘тройка (у картах) — тры тузы, тры козыры’. Да тры, гл. Брукнер, 578; мажліва суаднесці з аргат. трын ‘тры’ (< цыг. tin ‘тс’).

Тры́нка2 ‘пра худую жанчыну’: худая як трынка (ТС). Няясна. Магчыма, да тры́на (гл.) у выніку пераносу значэння: ‘сухая, тонкая кастрыца’ > ‘сухая, худая жанчына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іро́нія. Крыніца запазычання: грэч. εἰρωνεία ’пытанне’, потым ’пытанне, якое ставіць у тупік’, ’тонкая насмешка’, адкуль лац. ironia. У бел. мову слова трапіла праз рус. (Крукоўскі, Уплыў, 77). У рус. з 10‑х гадоў XVIII ст. (Біржакова, Очерки, 365) з польск., улічваючы націск (Фасмер (2, 139) не выключае магчымасці французскага ці нямецкага пасрэдніцтва, Шанскі (2, I, 114–115) называе французскую крыніцу).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плява́1, пле́ўка, пле́вачка, плі́вка ’вельмі тонкая скурка ў жывёльным або раслінным арганізме’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ’тонкая плеўка на вадкасці’ (Нас.; сміл., Стан.), ’перапонка’ (Нас., Шат.), ’дыяфрагма’ (гродз., Мат. АС; воран., дзятл., Сцяшк. МГ; добр., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; Сл. Брэс.; ЛА, 1), плівусьці́нычка ’тоненькая плёнка’ (Бяльк.); пляву́цінка ’плеўка (пра лёд)’ (карэліц., Нар. лекс.); укр. пліва́, рус. плева́, славін. plìeva ’празрыстая абалонка вока’, палаб. plevo ’павека’, славен. plẹ́va ’тс’. Прасл. *plěva, роднаснае літ. plėvė̃ ’плёнка, скурка’, лат. plêve ’тс’, лац. palea ’чырвоная скура ў пеўня пад дзюбай’, ст.-грэч. ἐπίπλοος ’сальнік’ (Фасмер, 3, 277). Сюды ж пля́вачкі ’пласткі, геркулес’ (шальч., Сл. ПЗБ). Гл. таксама пле́ва.

Плява́2 ’пшанічная і аўсяная мякіна’, пле́вы ’парожнія каласы ў стаячым на полі збожжы’ (Нас.). З польск. plewa ’мякіна’ < прасл. (зах.) *pelva = (усх.)/*polva > бел. пало́ва (гл.). Паводле Фідроўскай, (Зб. Багародзіцкаму, 145), запазычана са ст.-слав. плѣва ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стрэ́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Вострая, тонкая трэска, востры асколак шкла, металу, які залез пад скуру. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы. Быкаў. Дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.

2. перан. Разм. Пра надакучлівага і прыдзірлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ж ты, дзядзька Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)