ко́сць, -і, мн. ко́сці, касце́й, ж.

1. Асобная састаўная частка шкілета хрыбетных жывёл і чалавека.

Ключычная к.

2. мн. Астанкі цела нябожчыка.

3. зб. Іклы, біўні некаторых жывёл, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў.

Слановая к.

Упрыгожанні з косці.

4. мн. Кубікі або пласцінкі з рознага матэрыялу для гульні.

Гуляць у косці.

5. якая. Пра сацыяльнае паходжанне.

Панская к.

Да касцей — вельмі моцна (прамокнуць, прамерзнуць і пад.).

Легчы касцьмі — загінуць.

Скура ды косці — пра вельмі худога чалавека.

|| памянш. ко́стачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

Перамываць костачкі каму — абгаворваць, пляткарыць.

Разабраць па костачках — вельмі падрабязна.

|| прым. касцявы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.), ко́сны, -ая, -ае (да 1 знач.) і касцяны́, -а́я, -о́е (да 3 знач.).

Касцявая тканка.

Косныя хваробы.

Касцяны гузік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

*Асце́рбаць, остэ́рбаты ’выжыць, акрыяць’ (Клім.). Укр. остербати, остербнути ’тс’, рус. стербнуть (стар.) ’цвярдзець, чарсцвець, церпнуць’, устрабляти, устрабити (царк.) ’лячыць’, польск. postrobić ’узмацніць’, дыял. ostróbka ’ліхаманка’, чэш. ustrabiť se ’асвяжыцца’, ст.-чэш. ostrabiti ’ўзмацніць’, славац. strabiť sa ’лячыць’ і інш. Ст.-рус. усторобитися ’выздаравець’, устрабити(ся) ’вылечыцца’, устрабие, устраба ’вылячэнне’, устробитися ’выздаравець’; ст.-слав. устрабити ’вылечыць’. Ці не ў выніку кантамінацыі з гэтым словам в.-луж. strowy ’здаровы’? Слова лічаць праславянскім (*storb‑/*stьrъ‑), роднасным з і.-е. *ster‑; параўн. грэч. στέρφος ’цвёрдая скура’, літ. tar̃pti ’ўзмацняцца, выздараўліваць’ (думка Махэка, Recherches, 39, параўн. Фрэнкель, 1063), магчыма, ням. sterben (Траўтман, 284) і інш. Гл. Фасмер, 3, 756.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́лена ’падол (ніжні край спадніцы)’ (нараўл., ельск., Мат. Гом.), ’ніжні край кашулі’ (Арх. Федар.), ’прыпол’ (лун., Сл. Брэс.; ТС), пе́ліна ’прыпол’ (Мат. Гом.), пелена́ ’падол, прыпол’ (ПСл). Укр. пе́лена́ ’падол кашулі; ніжні край страхі’, рус. наўг., пск. пелена́ ’сшытая полка; палотнішча’, чэш., славац. plena, славен. peleníca, pelna, plẹ́na, pleníca, pelníca, серб.-харв. ре̏лена, pelèna, макед., балг. пелена, ст.-слав. пелена. Прасл. *pelenā і pelnā, роднасныя лац. pellis < pelnis, ст.-грэч. πέλαςскура’, ст.-в.-ням. fel ’тс’, ст.-англ. filmen ’скурка (на крайняй плоці)’, літ. plėnė̃ ’скурка, плеўка’, ст.-прус. pleynis < і.-е. *pel‑ ’покрыва, адзежа, абалонка’ (Махэк₂, 458; Аткупшчыкоў, Из истории, 134–135). Гл. таксама пеляна́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагаві́ца ’празрыстая вонкавая абалонка вока’ (ТСБМ), рус. рогови́ца, укр. рогі́вка, польск. rogówka, чэш. rohovka, в.-луж. rohowka, серб. ро̏жна навлака, славен. roženica, балг. ро́говица, літ. ragenà. Хутчэй за ўсё, слова мае сувязь з арагаве́ць ’стаць цвёрдым’, паколькі абазначае цвёрдую абалонку вока, параўн. ням. Hornhaut ’рагавіца’, якое складаецца з Horn ’рог’ і Hautскура’, франц. cornée ’рагавіца’, corne ’рог’, ’арагавеласць’. Паводле Бязлая (3, 191) адпаведнае славенскае слова з нямецкага слова, што з’яўляецца калькай лац. cornea ’тс’. Менш верагодна сувязь з рог2 ’вугал, куток’, аднак, тады цяжка даць семантычнае абгрунтаванне. Па іншай версіі лічыцца суфіксальным вытворным ад ро́гавы (< рог), матывацыяй у такім выпадку мог паслужыць рознакаляровы адліў знешняй часткі рогаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саф’я́н ’мяккая, добра вырабленая звычайна яркага колеру авечая скура, якая ідзе на кніжныя пераплёты, абутак, абіўку мэблі’ (ТСБМ), сапʼя́н ’тс’ (ТС). Рус. сафья́н, укр. сапʼя́н, сафʼя́н, польск. safian, чэш., славац. safián, балг. сахтия́н. Праз цюркскія мовы, параўн. тур., балкар., карач. saxtijan ’тс’, крым.-тат., кыпч. saktyjan (гл. Радлаў, 4, 256, 282; Фасмер, 3, 566) з перс. sextijān ’тс’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Махэк₂, 535), якое звязана з пярс. sext ’моцны, цвёрды’ (Локач, 140). Этымалогія Міклашыча (287) і Брукнера (479) ад назвы горада Саффі у Марока аспрэчваецца Літманам (гл. Фас мер, 3, 566). Ст.-бел. сафьянъ, сафьанъ, сафиянъ з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тава́р1 ’свойская рагатая жывёла’ (ТСБМ), ’худоба, статак’ (Некр. і Байк.), ’буйная рагатая жывёла’ (Янк. Мат., Мат. Гом.), ’каровы; быдла’: kózy nie tavár (Пятк. 2), това́р ’тс’ (ТС, ПСл, Маш.), ’каровы і коні’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. таваръ ’маёмасць’: а таваръ их на грабежь (Альтбаўэр); сюды ж вытворныя тава́рац, това́рац ’каровы’, ’рагатая жывёла’ (Нар. Гом., ТС), ’жывёла, свойская скаціна (каровы, авечкі)’ (Нар. Гом.), тава́рына, това́рына ’(адна) карова’ (Мат. Гом., ТС), тава́раччы ’каровін’, тава́рачэ мʼясо ’ялавічына’ (лельч., Жыв. сл.). Укр. това́р ’свойская рагатая жывёла’, рус. паўдн. това́р ’гурт рагатай жывёлы’. Да прасл. дыял. (усходняга) *tovarъ ’свойская жывёла’, ’маёмасць’, прычым другое значэнне развіваецца ў ’прадукт працы, выраблены на продаж’ (гл. наступнае слова) і мела, безумоўна, вытворны ад першага характар, г. зн. ’маёмасць у выглядзе свойскай жывёлы’. Менавіта ў гэтых першасных значэннях запазычана з цюркскіх моў, параўн. тур. davar, tavar ’дробная хатняя жывёла, авечкі; хатняя жывёла; маёмасць’, караім., тат. тувар ’хатняя жывёла; жывёліна’, ’уючная жывёліна’ і інш., дзе яны захаваліся. Але ўжо раней назіраюцца натуральныя семантычныя зрухі: ’маёмасць у выглядзе свойскай жывёлы’ → ’маёмасць’, ’багацце’, параўн. ст.-цюрк. tawar, tïwar ’хатняя жывёла; маёмасць’, ed tavar ’(пагалоўе) жывёлы’, tavar ’маёмасць; даніна; дар’, ’дабро, багацце; тавар’, tavarluq ’скарбніца, казна’ і пад. (Ёлкіна, ЭИРЯ, 2, 116–129; Фасмер, 4, 67–68; Чарных, 2, 247; ЕСУМ, 5, 586 з далейшай літ-рай.). На думку Мартынава (Лекс. Палесся, 9), на поўдні Беларусі выцесніла старое гавя́да (гл.). Ст.-бел. товаръ ’свойская жывёла’ фіксуецца толькі ў XVII ст. і запазычана са ст.-укр. товаръ ’скаціна, пераважна рагатая’ (Зяневіч, АКД, 6).

Тава́р2 ’прадукт працы, выраблены на продаж; прадмет гандлю’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ст.-бел. товар ’тс’: выдеръ пять, бобръ и иншый товаръ весь у целости есть (пач. XV ст., КГС). Укр. товар ’тс’, рус. товар ’тс’, польск. towar ’тс’, чэш. tovar ’выраб; тавар’, старое н.-луж. towara ’тс’, славен. tovor ’груз; ноша’, серб.-харв. то̀вар ’тс’, балг. това́р ’груз; паклажа’, макед. товар ’тс’. Вынік ранняга семантычнага развіцця прасл. *tovarъ ад ’свойская жывёла’ да ’маёмасць’ і ’тавар’, пераходны этап дэманструе макед. товар ’мера вагі (у тым ліку збожжа, віна, солі, дроў і інш., што пераносіў наўючаны асёл)’, параўн. грэч. γομάρι ’паклажа, груз’ і ’асёл’, паводле Іліеўскага (Прилози, 22, 1–2, 22), прасл. *tovar роднаснае тур. davar, tavar ’свойская жывёла, маёмасць’. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1522; Глухак, 634 (зыходным лічыць ’паклажа на кані або асле, адкуль ’груз, ноша’ і ’асёл’).

Тава́р3 ’вырабленая скура на абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; узд., Жд. 1), ’суцэльныя загатоўкі на боты’ (Сцяшк.), ’матэрыял; вырабленая скура на боты, туфлі’ (навагр., ЖНС), ’фабрычная тканіна’ (карэліц., Шатал.), ’фабрычная матэрыя’ (лях., Янк. Мат.), тува́р ’суцэльныя загатоўкі для ботаў’ (Сакал.). Рус. дыял. това́р ’вырабленая скура; скура для абутку’. Звужэнне са спецыялізацыяй значэння тавар2 (гл.), параўн. наступнае слова.

Тава́р4 ’бярвенне (на плыту)’ (лоеў., чач., Мат. Гом.). Параўн. рус. разан. тава́р, тава́р пи́льнай ’першасна апрацаваны матэрыял (галоўным чынам пра піламатэрыялы)’. Метанімічны перанос з тавар2 (гл.) у значэнні ’маёмасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Пасадзіць асобна ад каго‑, чаго‑н. Белая [трусіха] паспрабавала залезці ў карытца нават з лапкамі, і Данік асцярожна адсадзіў яе. Краўчанка. [Пецю] назаўтра ж адсадзілі на заднюю парту, аднаго — на ім, на ўроках аж скура гарэла. Пташнікаў.

2. Разм. Прымусіць пакінуць якое‑н. месца, не даць доступу да чаго‑н. Прыбытнага адсадзілі ад стала, потым выціснулі з бакоўкі. Кулакоўскі.

3. Спыніць кармленне матчыным малаком, размясціць асобна ад маткі. Адсадзіць цяля.

4. Пасадзіць яшчэ раз нанава (пра расліны). [Несцер:] — Усе.. пасохлыя дрэвы адсадзілі занава. Кулакоўскі.

5. Спец. Струменем вады або паветра аддзяліць карысны выкапень ад пустой пароды.

•••

Адсадзіць пячонкі (нутро) (груб.) — моцна збіўшы, пашкодзіць унутраныя органы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змякчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; страціць цвёрдасць, калянасць. Скура на руках змякчылася.

2. Стаць менш суровым, строгім; быць больш мяккім, лагодным, падатлівым. Сэрца змякчылася. □ Сцёпка значна змякчыўся. Ён прыветна зірнуў на Алёнку і сказаў мнагазначна: — Можа я і буду вучыцца, гэта яшчэ невядома. Колас. / Пра твар, вочы і пад. Алесеў твар ад .. нечаканай радасці змякчыўся і прасвятлеў. Васілевіч.

3. Страціць сілу, рэзкасць; зменшыцца, аслабець. Боль змякчыўся. Вецер змякчыўся. // Зрабіцца менш суровым, цяжкім. Твар .. [жанчыны] прасвятлеў, быццам яе ўласнае гора крыху зменшылася, змякчылася. Лынькоў.

4. Быць вымаўленым з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палаталізавацца (пра зычныя гукі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́пацца, ‑аецца; незак.

1. Даваць трэшчыны, разломвацца, раздзірацца; трэскацца. Лопаецца скура на руках. Лёд лопаецца. □ Лопаліся шыбы вокнаў, і з іх вырывалася клубы дыму і языкі полымя. Лупсякоў. Уначы ад марозу лопаліся бярвенні ў сценах. Хомчанка. // Ірвацца з трэскам. Струны лопаюцца. Трос лопаецца. // Трэскаючыся, распадацца. На ўзгорках ужо зусім суха. Лопаюцца прыгрэтыя сонцам пупышкі арэшніку. Жычка. // Выбухаць, разрывацца (пра бомбы, снарады, міны і пад.). Снарады сталі густа, са скрогатам лопацца над танкамі. Мележ. // Надзімаючыся, разрывацца і знікаць. У лужынах на асфальце ўсхопліваліся і, праплыўшы крыху, лопаліся бурбалкі. Карпаў.

2. перан. Разм. Цярпець поўную няўдачу, крах. Лопаюцца планы. Лопаюцца надзеі.

•••

Лопацца са смеху — тое, што і паміраць са смеху (гл. паміраць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тава́р, ‑у, м.

1. Прадукт працы, выраблены на продаж.

2. Усё, што з’яўляецца прадметам гандлю. Тавары масавага ўжытку. □ Развозяць і разносяць з .. пякарні тавар: булкі, абаранкі, хлеб. Бядуля. Калі пакупнікоў ля ларка станавілася меней, старая італьянка пачынала на ўсю вуліцу расхвальваць свой тавар. Лынькоў.

3. Абл. Свойская рагатая жывёла. На захадзе сонца, калі будуць з пашы гнаць тавар, я паеду дадому, каб заўтра зранку зноў быць тут, на гэтай ціхай лясной паляне. Сачанка. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прымаўка.

4. У шавецкай справе — вырабленая скура. Накупіў юнак гавару і пашыў сам чаравікі. Дубоўка.

•••

Жывы тавар — людзі, якімі гандлююць у эксплуататарскім грамадстве (рабы, прыгонныя, прастытуткі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)