Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́РА,
вонкавае покрыва цела чалавека і жывёл; ахоўны бар’ер паміж навакольным асяроддзем і арганізмам. Ахоўвае цела ад мех. уздзеянняў і траўмаў, пранікнення розных рэчываў і мікраарганізмаў, удзельнічае ў пачуцці дотыку, дыханні, абмене рэчываў, напр., водна-салявым (за суткі выдзяляе да 500 мл вады), сінтэзе вітамінаў, выдзяленні, тэрмарэгуляцыі (82% цеплавых страт), сакрэцыі і экскрэцыі, дэпаніраванні крыві. Вытворныя скуры: валасы, потавыя, сальныя, малочныя залозы, пазногці, кіпцюры, пер’е, капыты і інш.
Мае 3 слаі: эпідэрміс (паверхневы слой, шматслойны эпітэлій), дэрму (уласна С., сярэдні злучальнатканкавы слой, багаты сасудамі і нервамі) і гіпадэрму (глыбокі слой, падскурная тлушчавая клятчатка). Афарбоўка С. абумоўлена пігментнымі клеткамі. Пра паталаг. змены С. гл. Дэрматозы, Дэрматыт.
Літ.:
Калантаевская К.А. Морфология и физиология кожи человека. 2 изд. Киев. 1972;
Кожа: (Строение, функция, общая патология и терапия). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Скура вырабленая 9/568—569
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́РА ШТУ́ЧНАЯ,
матэрыял прамысл. вытв-сці, які выкарыстоўваюць як заменнік натуральнай скуры. Паводле характару вытв-сці, тыпу матэрыялаў і вырабаў адрозніваюць С.ш. мяккія, цвёрдыя (тыпу кардону) і сінт. падэшвенныя матэрыялы; класіфікуюць таксама паводле прызначэння (абутковыя, адзежныя, галантарэйныя, дэкаратыўна-гаспадарчыя, тэхн. і інш.).
Мяккія С.ш. — пераважна мнагаслойныя рулонныя матэрыялы, якія маюць валакністую аснову (тканіна, трыкатаж, нятканыя матэрыялы і інш.) з нанесеным на яе палімерным (каўчукавым, поліамідным, полівінілхларыдным, нітрацэлюлозным і інш) ці сумешчаным (з сумесі асобных палімераў) пакрыццём У абутковай прам-сці для вырабу верху абутку шырока выкарыстоўваюць сінтэтычную скуру — С.ш. на нятканай аснове з порыстым вонкавым поліэфірурэтанавым пакрыццём, якая знешнім выглядам і ўласцівасцямі падобная на мяккую вырабленую скуру. Мяккія С.ш. выкарыстоўваюць таксама ў швейнай, скургалантарэйнай, паліграф. прам-сці. Цвёрдыя С.ш. — адна- ці мнагаслойныя ліставыя матэрыялы, якія вырабляюць праклейваннем суспензіі скураных і раслінных валокнаў (размолатыя адходы гарбарнай, абутковай, швейнай вытв-сці, утылю) пераважна латэксамі сінтэтычнымі з наступнай апрацоўкай паводле тэхналогіі, блізкай да тэхналогіі вытв-сці паперы і кардону. Моцныя, устойлівыя да сцірання, захоўваюць фіз.-мех. ўласцівасці ў намочаным стане. Выкарыстоўваюць для вырабу ўнутр. (вусцілкі, заднікі) дэталей абутку, дарожных сумак і чамаданаў. Сінтэтычныя падэшвенныя матэрыялы выкарыстоўваюць для вырабу падэшваў, падноскаў, абцасаў, набоек. Да іх адносяць падэшвенную гуму — фармаваныя і штампаваныя дэталі і пласціны порыстыя (гл. Сітаватая гума) і маналітныя, а таксама фармаваныя дэталі з пенаполіурэтанаў і падэшвы з тэрмапластаў і тэрмаэластапластаў. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРАДЭРМІ́Я, дэрматасклероз,
пашкоджанне скуры, якое характарызуецца яе дыфузным або абмежаваным ушчыльненнем з далейшым развіццём фіброзу і атрафіі пашкоджаных участкаў.
Адрозніваюць ачаговую (пашкоджваецца толькі скура) і сістэмную С. (пашкоджваецца скура, слізістыя абалонкі, унутр. органы). Пры ачаговай С. вылучаюць 3 стадыі: ацёкавая эрытэма (пачырваненне скуры), склероз (скура шчыльная, колеру слановай косці) і атрафія са стратай валасоў. Лячэнне комплекснае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРЖ (Odobaenus rosmarns),
адзіны від сям. маржоў атр. ластаногіх. 3 падвіды. Пашыраны кругапалярна. Жывуць статкамі на ўзбярэжжах, летам на плывучым лёдзе ўтвараюць логавішчы да 3—4 тыс. асобін. Лапцеўскі падвід (O.r. laptevi) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. самца да 4,1 м, маса да 2 т (самкі адпаведна да 3,7 м і 1,1 т). Скура тоўстая (да 4 см) з кароткімі рэдкімі валасамі. У самца на грудзях, шыі і лапатках скура ўтварае бугры. Іклы верхняй сківіцы ператварыліся ў біўні (гл.Маржовыя іклы). Кормяцца пераважна доннымі жывёламі (малюскамі, ракападобнымі, чарвямі). Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2—3 гады. Промысел абмежаваны. Выкарыстоўваюцца біўні, мяса, скура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́РМА (ад грэч. derma скура),
злучальнатканкавая частка скуры пазваночных жывёл і чалавека, якая знаходзіцца пад эпідэрмісам; уласна скура. Развіваецца з мезадэрмы. Д. вял., ці малая рухома злучана з органамі, што ляжаць ніжэй, падскурнай рыхлай злучальнай тканкай, часта багатай тлушчавымі адкладамі. Складаецца з 2 слаёў: паверхневага сасочкавага (мае сасуды, забяспечвае жыўленне эпідэрмісу і яго вытворных) і сеткаватага (выконвае апорную функцыю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ГАРБА́РНЫ ЗАВО́Д.
Працуе з 1930 у Магілёве. У Вял.Айч. вайну частка абсталявання эвакуіравана ў г. Сяміпалацінск (Казахстан). Адноўлены ў 1944. У 1948—55 рэканструяваны і расшыраны. У 1957 уведзены ў эксплуатацыю рантавы цэх. З 1992 арэнднае прадпрыемства, з 1997 адкрытае акц.т-ва «Гарбар». Асн. прадукцыя (1999): юфць тэрмастойкая, цвёрдая скура для нізу абутку, скура шлейна-седлавая, сырамятная.