адсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Пасадзіць асобна ад каго‑, чаго‑н. Белая [трусіха] паспрабавала залезці ў карытца нават з лапкамі, і Данік асцярожна адсадзіў яе. Краўчанка. [Пецю] назаўтра ж адсадзілі на заднюю парту, аднаго — на ім, на ўроках аж скура гарэла. Пташнікаў.

2. Разм. Прымусіць пакінуць якое‑н. месца, не даць доступу да чаго‑н. Прыбытнага адсадзілі ад стала, потым выціснулі з бакоўкі. Кулакоўскі.

3. Спыніць кармленне матчыным малаком, размясціць асобна ад маткі. Адсадзіць цяля.

4. Пасадзіць яшчэ раз нанава (пра расліны). [Несцер:] — Усе.. пасохлыя дрэвы адсадзілі занава. Кулакоўскі.

5. Спец. Струменем вады або паветра аддзяліць карысны выкапень ад пустой пароды.

•••

Адсадзіць пячонкі (нутро) (груб.) — моцна збіўшы, пашкодзіць унутраныя органы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)