ко́рань, -я, мн. карані́, каранёў, м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы.

Выкапаць куст з коранем.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе.

К. зуба.

3. перан. Пачатак, аснова чаго-н.

К. зла.

4. У граматыцы: асноўная частка слова без суфікса і прыстаўкі.

Правільна вызначыць к. слова.

5. У матэматыцы: лік, які пры ўзвядзенні ў пэўную ступень дае дадзены лік.

Квадратны к.

Здабыць к.

Глядзець у корань (разм.) — унікаць у сутнасць якой-н. справы.

Вырваць з коранем — канчаткова пазбавіцца ад чаго-н.

На корані — пра расліны: не зжаты, не скошаны.

Пад корань

1) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што-н.).

Высякаць кусты пад корань;

2) канчаткова (разбураць, знішчаць).

Пусціць карані — трывала, надоўга абаснавацца дзе-н.

У корані

1) зусім, абсалютна (не згаджацца з чым-н.);

2) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.).

У корані змянілася жыццё.

|| памянш. карэ́ньчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. каранёвы, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мо́ршчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак.

1. Збірацца ў маршчыны (пра скуру, часткі твару). Велікаваты тонкі нос моршчыўся, і ад таго выразней выступалі баразёнкі зморшчын ля вачэй. Асіпенка. Каравая моршчыцца скура, Аброс [лясун] цёмным мохам, як пень. Багдановіч.

2. Моршчыць твар (ад болю, незадаволенасці і пад.). Вадэйка ўздрыгвае ўсім сваім вялікім целам, пакутліва моршчыцца. Навуменка. Бацька, скурчыўшыся, ляжаў у прымятым аеры ля раўка і моршчыўся ад болю. Бажко.

3. перан. Пакрывацца маршчынамі, рабізной (пра паверхню вады). Ад ветру з прысвістам шумелі голыя кусты, у затоках і невялікіх сажалках моршчылася цёмна-сіняя вада. Дуброўскі. Рачулкі моршчыліся ў пене. Бядуля. // Рабіцца няроўным, пакрывацца складкамі (пра адзежу, рэчы). Малатабоец Міша Чэчат глядзіць, .. як моршчыцца і сапе на ўсё нутро куртаты скураны мех. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́як,

1. прысл. Нейкім чынам, спосабам. Апошні зубр, які адбіўся ад статка.. і якому пашанцавала неяк застацца на волі, быў у 1919 годзе забіты ў пушчы браканьерамі. В. Вольскі. [Віктар:] — Ці не пусцілі б вы ў.. [хату] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі. // Чамусьці. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якія паспелі апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.

2. прысл. Аднойчы. Неяк у вольны дзень пайшлі [Міколка з дзедам] рыбу лавіць на раку. Лынькоў. Выйшаў неяк Апанас з кузні, прысеў на бервяно, што ляжала ля жалезнага ламачча. Даніленка.

3. безас. у знач. вык., з інф. Разм. Нельга, няма як. [Віця:] — Ну, гайда са мной?.. [Аўгінька:] — Хату неяк кінуць адну, а то б.. пайшла... Ды і малых нешта няма. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уста́віцца, устаўлюся, уставішся, уставіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ўнутр чаго‑н. Шыба ўставілася ў раму.

2. Разм. Пільна глядзець па каго‑, што‑н.; утаропіцца. На двары Яхім спыніўся, уставіўся ў зямлю вачамі, як бы нешта разважаў. Колас. — Ты што, праўду гаворыш, ці жартуеш? — Тарэнта раптам ажывіўся, уставіўся адным сваім вокам спачатку ў Мікодаў твар, пасля ў Сузонаў. Галавач. — Што, тата? Табе холадна? — і Томас сінімі вачыма ўставіўся на бацьку. Броўка. // Накіраваць позірк на каго‑, што‑н. Вочы [у Юркі] акругліліся, павыпучваліся і ўставіліся ў кусты. Пташнікаў. Да шыбы прыпаў напалоханы жаночы твар, потым знік, і на хлопцаў ўставіліся насцярожаныя вочы гаспадара. Новікаў. Чорныя вочы з густымі вейкамі запытальна ўставіліся на Антона. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лаба́за ’вялікі дом’ (Мат. Гом.), узнікла ў выніку пераносу значэння паводле падабенства з либиз ’свіран, склад’ і інш. Параўн. аналагічнае драг. хата бы клуня ’вялізная хата’.

Лабаза́, лабуза ’сцяблы буйной травы’ (З нар. сл.), ’жорсткае сена або розная трава, пустазелле’ (слуц., БНТ, Лег. і пад.), ’благое сена з асакі’ (КЭС, лаг.), полац. ’балотнае асакаватае сена’ (Нар. лекс.), лъбъзи ’нізкаякаснае сена з грубай, тоўстай травы’ (Нар. сл.), ’галіны’ (Сцяшк., Сл.). Укр. лабаз ’бадзяк клейкі, Cirsium erisithales L.’, лабазник ’спірэя, Spirea ulmaria L.’, лабу́з ’пустазелле; лісты, якія пакрываюць качаны кукурузы’, лабузіння ’сцяблы, пустазелле’, лобузіння ’расліны, якія застаюцца ад летняй гародніны’; рус. арханг. лабаза ’боцікі, Aconitum lycoctonum Jacq.’, ’трава з белай вир-шынкай’, лабазник ’спірэя’, польск. łobozg ’пустазелле’, Łoboź, tabuz ’сцяблы, кусты; вадзяныя расліны, чарот, сітняк, рагоз’, labas ’пустазелле’, серб.-харв. лабудина ’кукурузная салома; абадраны з катаха кукурузны ліст’, ’вехцік з ліпы, канапель’ (lobud ’даўбешка, доўбня, клін’, ’лісты кукурузы’ < тур. lobut). Прасл. lobozъ генетычна роднаснае са ст.-інд. вед. libuja ’чарот, ліяна’, палі labuja‑ ’тс’ ст.-грэч. λάβυξος, нейкая духмяная расліна’ (Петэрсан, ΚΖ, 46, 146–150; Бернекер, 1, 726; Фасмер, 2, 443). Супраць Слаўскі (5, 129); Фрыск (2, 67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаза́, лоза́кусты і галлё некаторых парод вярбы, вінаграду’ (ТС, ТСБМ, Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’вярба вушастая, Salix aurita L.’ (Кіс.), ’вярба попельная, Salix cinerea’ (Кіс.), лаза белая ’вярба белая, Salix alba L.’ (Касп.). Укр. лоза, рус. лоза, лозина, ст.-рус. лоза ’вінаград’, польск. łoza, ст.-чэш. loza, славац. loza, lodza, славен. lóza, серб.-харв. ло̀за, макед. лоза, балг. лоза, ст.-слав. лоза. Прасл. loza ’гнуткі дубчык, галінка’, пазней ’вярба’, ’вінаградная лаза’. На след першаснай матывацыі наводзяць балг. ло́зя ’віцца, выгінацца, зварочваць’ і літ. lóžinti ’выгінаць, згінаць трохі’ (Слаўскі, 5, 240). Роднаснымі з’яўляюцца літ. lazdà ’кій, арэшнік’, ’націна бульбы, бобу, цыбулі’, lazà ’палка’, ’арэшнік’, лат. lagzda, lazda, lęgzda (аб балт. ‑zd‑, якое адпавядае слав. ‑z‑, гл. Уленбек, KZ, 40, 552–561; Леві, KZ, 40, 422; Слаўскі, SP, 1, 427), ст.-прус. laxde ’тс’, алб. lajthí, lejthí, lethí ’арэшнік’, перс. räz ’лаза’. Магчыма, лаза звязана са слав. lěska ’кій’ (Эндзелін, ИОРЯС, 17, 4, 120). Непераканаўча Бернекер (736): прасл. loza < lasā; неверагодна Махэк (Recherches, 10, 25 і наст.), які параўноўвае лексему з літ. lasà, lèsti ’корм’, ’дзяўбці’; няпэўна звязваць яе са ст.-грэч. ὀ‑λόγινονὀζὦδες (у Гесіхія). Непрымальнымі з’яўляюцца і іншыя версіі, педалічаныя Фасмерам (2, 512–513), Слаўскім (5, 240–241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.

1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.

2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.

3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.

4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абадра́ць, абдзяру, абдзярэш, абдзярэ; абдзяром, абдзераце; зак., каго-што.

1. Здзерці з усіх бакоў, з усёй паверхні чаго‑н. верхні слой, пакрыццё і пад.; абдзерці. Абадраць кару. □ Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. // Падрапаць руку, твар і пад. Драпануў Вараны ў кусты направа, абадраў аб каравы пень на баку скуру і залапатаў капытамі ўніз, к рэчцы. Чорны.

2. перан. Разм. Тое, што і абабраць (у 2 знач.).

•••

Абадраць (абдзерці, абабраць, аблупіць) як ліпку — адабраць усё начыста, аграбіць. Айда, мурзатыя, на працу! Што? Яны нас хутка абдзяруць, як ліпку! Лынькоў.

Абадраць як сідараву казу — абадраць, абабраць поўнасцю, цалкам. А Мікіцёнак учора каня купіў у Даўгінаве, але кульгавы, падла, і Мікіцёнак усунуў сорак рублёў цыгану, чорту лысаму. Абадралі як сідараву казу. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Тое, што і ляцець (у 1 знач.), з той толькі розніцай, што лятаць абазначае дзеянне, якое паўтараецца ці адбываецца ў розных кірунках. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах. Лынькоў. На ўласныя бачыў я вочы, Як чайкі над морам ляталі. Бялевіч. // Мець здольнасць трымацца і перамяшчацца ў паветры. Не ўсе птушкі лятаюць. З нар.

2. перан. Разм. Хутка бегаць, хадзіць, ездзіць, насіцца. З палаты ў палату .. [Марына] лятала быццам на крыл[ах] у сваім лебядзіна-белым халаце і накрухмаленай касынцы. Грамовіч. А немцы ляталі па полі, перапорвалі кусты і канавы — усё шукалі парашутыста і не маглі знайсці. Дайліда. // Хутка рухацца. Лятаюць рукі па клавішах.

•••

Летам лятаць — тое, што і летам ляцець (гл. ляцець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. што. Рабіць роўным, гладкім, прамым; выраўноўваць. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. Хлопцы лёталі на веласіпедах, ганялі футбол, а я сядзеў і раўнаваў іржавыя цвікі ды складаў дошкі. Савіцкі.

2. каго-што. Лічыць роўным, аднолькавым у якіх‑н. адносінах. Пры ацэнцы ведаў нельга ўсіх раўнаваць.

раўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго і без дап.

Адчуваць, выказваць рэўнасць. Сцяпан успомніў, як у восьмым класе закахаўся ў Кацю Васільчыкаву, жвавую, тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі, і як смешна раўнаваў яе да свайго школьнага сябра Уладзіка, разважлівага і не па гадах сталага хлопца. М. Стральцоў. Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою.. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)