зня́цца, знімуся, знімешся, знімецца; зак.
1. Пакінуць якое‑н. месца, адпраўляючыся ў дарогу. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. Раніцаю тавар зняўся з месца. Лупсякоў.
2. Вызваліцца ад чаго‑н. і набыць магчымасць рухацца (пра судна). Зняцца з якара. Зняцца з мелі.
3. Сцягнуцца, ссунуцца (пра адзенне, абутак). Боты лёгка зняліся.
4. Аддзяліцца, злезці з якой-небудзь паверхні. Грым лёгка зняўся. Кара знялася з дрэва.
5. Саскочыць з чаго‑н. (пра што‑н. навешанае). Дзверы зняліся з завесаў.
6. Сфатаграфавацца. Дэлегаты зняліся каля турэмнай сцяны. Галавач. // Прыняць удзел у кіназдымцы, выканаўшы якую‑н. ролю. Зняцца ў кінафільме.
•••
Зняцца з уліку — перастаць быць на ўліку дзе‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́дучы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае наступіць, адбыцца. Там гавораць аб будучым шчасці сваім, Аб сумесным жыцці, аб жыцці маладым. Куляшоў. // Наступны. Будучы год. Будучай вясною.
2. Такі, які рыхтуецца, павінен стаць тым, кім яго называюць. Старая маці Зоські спагадна на .. [Сымона] паглядала, як на будучага зяця. Бядуля. [Кастусь] не мог зразумець, чаму так груба і зняважліва адносяцца педагогі да сваіх выхаванцаў — будучых настаўнікаў. С. Александровіч.
3. Дзеепрысл. цяпер. ад быць.
4. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Час, які ідзе ўслед за цяперашнім; сукупнасць наступных падзей. [Сакратар абкома:] — А ты глядзі наперад, Васіль Мінавіч, у будучае заглядвай. Шамякін.
5. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Доля, лёс; кар’ера. Будучае маладога настаўніка. Будучае артыста.
•••
Будучы час гл. час.
У будучым — у далейшым, потым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захапле́нне, ‑я, н.
1. Незвычайны ўздым пачуццяў, найвышэйшае задавальненне чым‑н. Быць у захапленні ад канцэрта. □ Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення:.. убранне так пасавала да [Сашы] што яна здавалася казачна прыгожай. Шамякін.
2. Усхваляванасць, запал, натхненне. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць [Крулеўскі і Бусыга] з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Колас. Студэнтачка, амаль падлетак, з захапленнем у вялікіх вачах, па-дзіцячы натхнёна чытае на польскай мове — купалаўскае.. «Я не паэт»... Брыль.
3. Павышаны інтарэс да чаго‑н.; любімы занятак каго‑н. Захапленне тэатрам. □ Адным з многіх захапленняў Сяргея Аляксандравіча быў спорт. Лобан.
4. Улюбёнасць у каго‑н. [Міхаіл Палікарпавіч] здольны быў лёгка захапіцца, і кожнае захапленне здавалася яму мацнейшым, чым папярэдняе. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе́я,
1. Дзейнасць; справа. Там добрая дзея, дзе два арэ, а трэці сее. Прыказка. // толькі мн. (дзе́і, дзей). Учынкі, паводзіны, дзеянні. У дзень яго [Леніна] зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухайся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго! Звонак.
2. Падзея, аб якой ідзе гутарка. Дзея адбываецца ў часы белапольскай акупацыі ў БССР. Крапіва. Зменены фінал драмы. Апошняя карціна — новая. Дзея адбываецца ў полі, на дарозе. Тут сустрэлася Ірынка з чырвонаармейцам. Кудраўцаў. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Так забаўляла ўсіх ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.
3. Закончаная частка драматычнага твора або тэатральнай пастаноўкі; акт. Камедыя ў трох дзеях.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́сія, ‑і, ж.
1. Адказная роля, высокае прызначэнне каго‑н. Наша партыя высока нясе рэвалюцыйны сцяг марксізма-ленінізма і пралетарскага інтэрнацыяналізму, з гонарам ажыццяўляе сваю гістарычную місію, нястомна змагаецца за перамогу камуністычных ідэалаў. Брэжнеў. Літаратура і мастацтва выконваюць у савецкім грамадстве пачэсную місію. Шкраба.
2. Заданне, даручэнне. Найбольш адказная місія — спыніць дзяўчынку, не спалохаўшы, і наладзіць з ёй сувязь, была даручана мне. Брыль. Анэтка павінна памятаць, што на яе ўскладаецца важная місія — быць аховаю сям’і і гэтага хутарка. Колас.
3. Пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва пры якой‑н. дзяржаве звычайна на чале з пасланнікам, а таксама памяшканне, якое займае такое прадстаўніцтва.
4. Прадстаўнікі адной дзяржавы, якія пасылаюцца ў другую са спецыяльнай мэтай. Ваенная місія.
5. Місіянерская арганізацыя.
[Ад лац. missio — адпраўленне, пасылка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нада́рыцца, ‑рыцца, зак.
1. безас. з інф. Прыйсціся, выпасці каму‑н. І вось аднойчы, неяк скора пасля Айчыннай вайны, мне надарылася быць недалёка ад Лапаціч. Пальчэўскі. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка. // Здарыцца, дастацца на чыю‑н. долю. І ўжо трэба ж такому зноў надарыцца: апошні сын вымушаны апрануць на сябе шынель. Гроднеў.
2. Выдацца, выпасці. [Валя:] — Як толькі надарыцца вольная часінка — прыходзьце абавязкова. Я цяпер дома, і клопатаў у мяне мала. Пасядзіце ў садзе, адпачняце... Савіцкі. І вось надарыцца часамі Мароз над ўсімі маразамі. Колас. Ноч надарылася цёмная, без аніводнай зоркі на небе. Васілёнак.
3. Трапіцца, сустрэцца. Пакідаць карову нанач адну было рызыкоўна — мог надарыцца звер. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надысці́, надыду, надыдзеш, надыдзе; пр. надышоў, ‑шла, ‑шло; заг. надыдзі; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, пачацца, наблізіцца. Надышоў вечар. Надышло свята. Надышоў канец змены. □ Калі надышла залацістая восень, Рыгорку завялі ў школу. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ахапіць, авалодаць. Зноў надышоў страх. Галавач.
3. Разм. Прыйсці, з’явіцца куды‑н. Так і ляжалі, сцякалі крывёю маці і сын, пакуль не надышлі суседзі, не завезлі ў бальніцу. Арабей. // Прыбыць на месца прызначэння; быць дастаўленым. Поезд надышоў у час. □ [Следчы:] — Едзьце, сябры, зараз у Азярышча. Можа, за гэты час туды надышлі якія весткі. Пестрак. // Насунуцца, закрыць неба. Надышлі хмары.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. З’явіцца, узнікнуць (пра думкі, успаміны і пад.). Надышло рашэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́пуск, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. напусціць (у 2, 4 і 7 знач.).
2. Частка адзення, якая свабодна звісае, выступае над чым‑н. Кофтачка з напускам. □ Выйшлі ў Галіцу завідна, каб да змяркання быць у школе. Бацька — у сінім суконным пінжаку ў палоску, у карычневых штанах з напускам на боты. Паўлаў. // Навіслая частка капелюша, кепкі. Пасыпаны рабаціннем носік Банадзюка зусім гінуў пад напускам капелюша. Пестрак. // Частка прычоскі, што навісае на лоб. Прычоска з напускам. □ У кабінеце, акрамя старшыні, сядзелі два чалавекі. Адзін быў старэйшы, з напускам валасоў на лоб, а другі — маладзейшы. Ермаловіч. // Частка даху, якая звісае. Дах клетак робіцца з напускам.
3. Спец. Спуск сабак з прывязі на звера ў час палявання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каму-чаму і без дап.
1. Выклікаць сімпатыю, добрыя пачуцці да сябе. Аўгінні падабалася Таня — рашучая, разважлівая, смелая. Новікаў. Усім падабаўся вясёлы, жвавы хлапчына Алешка. Якімовіч. // Выклікаць інтарэс у асоб іншага полу. Валя належала да таго тыпу дзяўчат, якія падабаліся гэтаму хлопцу. Чорны.
2. Быць прыемным, адказваць пэўным патрабаванням. А што асабліва падабалася Макарку, дык гэта шасейная дарога.. Як слаўна было прайсціся па гэтай дарозе! Колькі паваротак рабіла яна, пралёгшы між узгоркаў і сядзіб, перасекшы лясы і балоты! Колас. Рыце падабалася падарожжа на возе. Васілевіч. // безас. з інф. Любіць рабіць што‑н., атрымліваць задавальненне ад чаго‑н. Падабаецца дзяўчынцы паліваць кветнік. Пальчэўскі. [Страказе], відаць, падабалася сядзець на нагрэтай сонцам чароціне. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае падабенства з кім‑, чым‑н., нагадвае каго‑, што‑н. Падобныя з твару, браты шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго. Шамякін. На парозе з’явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што іх можна было адрозніць толькі па прычосках. Грахоўскі. Перасыльная біржа была вельмі падобнай на лагер ваеннапалонных, толькі меншая намерам. Якімовіч.
2. Такі, як гэты (пра які ідзе гаворка). Другі падобны выпадак здарыўся ў курортным горадзе Дуброўніку, дзе мы жылі некалькі дзён. Брыль.
3. У геаметрыі — які мае падобнасць (у 2 знач.). Падобныя многавугольнікі. Падобныя конусы.
•••
І падобнае (скарочана: і пад.) — ужываецца ў канцы пералічэння, паказваючы на тое, што яно можа быць прадоўжана.
Нічога падобнага гл. нішто 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)