перацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць з аднаго месца ў другое або цераз што‑н. Перацягнуць гарматы на новыя пазіцыі. Перацягнуць канапу ў другі пакой. □ Лодку [хлопцы] перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. // Разм. Перавезці, перанесці ўсё, многае. [Тарэнта:] — За зіму лес перацягну, а з вясны, як адсеюся, пачну зруб ставіць. Галавач.

2. перан.; каго. Разм. Угаварыць або прымусіць перайсці ці пераехаць куды‑н.; пераманіць на чый‑н. бок. Перацягнуць сябра з цэха ў лабараторыю. □ [Вэня:] — Памятаеце, як я ўспомніў пра вас і перацягнуў вас з мястэчка сюды? Чорны. Зелянюк пачуў гамонку, выйшаў пацікавіцца, паслухаць, разгаманіўся сам і нарэшце перацягнуў усіх да сябе. Зарэцкі. Адам Некраш перацягнуў на бок партызан батальённага ўрача, немца Ганса (прозвішча не памятаю). Дзенісевіч.

3. перан.; каго-што. Разм. Паступова выкрадаючы, прысвоіць сабе ўсё, многае. Перацягнуць да сябе чужое дабро. □ — Бач, які ты сквапны, гатоў усё калгаснае перацягнуць сабе. Федасеенка.

4. што. Спец. Перанесці частку набору з адной старонкі на другую.

5. што. Працягнуць што‑н. далей, чым трэба. Перацягнуць лінію.

6. што. Апусціцца ніжэй пад уздзеяннем большага цяжару; пераважыць. Адна шаля перацягнула другую. □ Банжын думае раму партала, на якой будзе стаяць і вежа, і электраматоры, падняць наверх у гатовым выглядзе. А пад’ёмнік.. абавязкова перакуліцца. Рама цяжэйшая — перацягне. Шыцік. // перан. Дабіцца перавагі над кім‑, чым‑н., аказацца больш важкім, значным. Набытая мазалём капейка перацягне лёгкі рубель.

7. каго. Аказацца мацнейшым у спаборніцтве, пры якім праціўнікі цягнуць што‑н. у розныя бакі.

8. каго-што. Вельмі туга перавязаць, сцягнуць чым‑н. Надзя адарвала яшчэ шкумат ад сваёй кашулі, перацягнула рану, уссунула валёнак. Бураўкін.

9. што. Нацягнуць што‑н. тужэй або яшчэ раз. Перацягнуць шыны на колах. Перацягнуць канапу.

10. чым. Разм. Балюча ўдарыць чым‑н. гнуткім; хвоснуць. Перацягнуць па спіне бізуном. □ Яўхім роў так, нібы яго рэзалі. — Уставай, гад, бо лейцамі перацягну! Чарнышэвіч.

11. што. Перарабіць, нерашыць (пра скураны абутак). Перацягнуць боты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. прапаў, ‑пала; заг. прападзі; зак.

1. Згубіцца, знікнуць невядома куды (з прычыны крадзяжу, нядбайнасці і пад.). Сума грошай, што прапалі з банка, была вялікая. Чорны. [Хведар:] — У маёнтку, дзе стаіць усё начальства, паперы нейкія прапалі... Чарот.

2. Перастаць з’яўляцца дзе‑н.; знікнуць. Праз які тыдзень Косцік зноў прыйшоў на тое месца. Але грыбоў не было. Кінуўся ён туды-сюды, — прапалі баравікі! С. Александровіч. [Дзед:] — Гэй, Ляксей! Дзе ты прапаў? Пайшлі... Шуцько. // Адправіцца, пайсці куды‑н., не вярнуцца, знікнуць, не даўшы пра сябе знаць. Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому і прапала немаведама дзе. Скрыган. Сам Андрэй вярнуўся з перавязанай шыяй, а Васіль зусім прапаў. Пальчэўскі. // Знікнуць з поля зроку; перастаць быць бачным ці чутным. Пятро ўбачыў стагі. Ён глядзеў на іх, пакуль яны не прапалі з вачэй, — за маркотна-мройным даляглядам. М. Стральцоў. У канцы сяла гукі гармоніка перамяшаліся з сабачым брэхам і прапалі. Лобан.

3. Знікнуць, страціцца. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў. Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух. Дамашэвіч.

4. Загінуць; памерці. — Пазбавішся кавалка хлеба, прападзеш нізавошта. Шынклер. Так і прапалі абодва браты праз зайздрасць чалавечую. Скрыган. // Загінуць, здохнуць (пра скаціну). [Даміра:] — За два месяцы на калгасных фермах ніводнае парася не прапала. Асіпенка. // Спыніць рост, завянуць, засохнуць (пра расліны). — Ну, пра гэта можна пасля пагаварыць, — заўважыла Маша. — А вось скажыце, Лаўрэн Карпавіч, чаму ў калгасе «Сейбіт» лён прапаў? Гроднеў.

5. Трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча. — Прапаў!.. — ледзь чутна толькі прамовіў Сяргей і змоўк, апусціўшы нізка галаву... Нікановіч.

6. Прайсці без карысці. Тры з паловай гады падпольнай працы, працы ў самых складаных і цяжкіх умовах, не прапалі дарэмна. Гурскі.

•••

Без вестак прапасці — бясследна знікнуць (пра чалавека).

Пішы прапала гл. пісаць.

Прападзі ты пропадам! — выказванне моцнага раздражнення, злосці з прычыны чаго‑н.

(І) след прапаў гл. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таямні́ца, ‑ы, ж.

1. Тое, што яшчэ не пазнана, не стала вядомым. Строга вартуючы нетраў сваіх таямніцы, Цягнецца пушча да самай заходняй граніцы. Куляшоў. Цягне пайсці, .. выведаць, угледзець, што ўстае за той дымкай, якая завалакла небасхіл, схавала-спавіла лясы і далёкія-далёкія белыя будынкі трактарных станцый ля шашы .. Дымка — таямніца, невядомы свет з маленства. Пташнікаў. Пісьменнік як бы яшчэ і яшчэ раз разглядае кожнае слова, яго паходжанне, яго будову, імкнецца зазірнуць у таямніцы майстэрства народа, які стварыў гэтае слова. Юрэвіч. // Скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Трэба многа ўсім вучыцца, Трэба многа ведаў мець, — Можна свету таямніцы Толькі з імі зразумець. Кірэенка. [Кастусь:] Пражыла [маці] доўгае жыццё, бачыла столькі і гора, і несправядлівасці, дажыла да новага веку, а ўсё засталася, як сляпая. І гэта ў час, калі .. у неба запушчаны спадарожнікі Зямлі, раскрыта тайнае тайных — таямніца атама. Краўчанка. // Пра тое, што прыцягвае сваёй загадкавасцю, сваёй таямнічай прыгажосцю. Мы хацелі, наадварот, жыць, бачыць яшчэ нябачанае, тое для чаго прыехалі сюды: Італію, якая толькі-толькі пачынала адкрываць нам свае таямніцы. Мележ. І хоць Парфенчык ведаў многія таямніцы ляснога велікана, аднак заўсёды быў сабраны, насцярожаны. Шчарбатаў. Распранутая,.. [Джулія] .. адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Быкаў.

2. Тое, што наўмысна хаваецца ад іншых, трымаецца ў сакрэце. І хоць Болесь павінен быў захоўваць таямніцу дзейнасці сваёй групы, ён па старой памяці часта заходзіў да нас у брыгаду і апавядаў пра ўсё цікавае, што ў іх рабілася. Карпюк. [Толя і Міхась] пакляліся адзін аднаму чэсным піянерскім словам хаваць сваю таямніцу да таго часу, пакуль не знойдуць партызан. Якімовіч. Майка зірнула на гэты дуб. Вось ён стаіць нерухомы, маўклівы, верны друг і таварыш яе маленства, каму давярала яна безліч сваіх дзіцячых таямніц. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбі́цца, узаб’юся, узаб’ешся, узаб’ецца; узаб’ёмся, узаб’яцеся; зак., на каго-што.

1. Нечакана наскочыць на каго‑, што‑н.; наткнуцца. Узбіцца на камень. Узбіцца на востры сук. □ Ад невялічкай газнічкі, што стаяла на паліцы каля абразоў, хапала святла толькі на тое, каб не ўзбіцца на чалавека. Лобан. Аслеплены дымам, Міша ўзбіўся на нейкі цабэрак і паляцеў потырч. Арочка.

2. Нечакана сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. непажаданым, непрыемным; напароцца. Узбіцца на засаду. □ [Ляснік:] — Перадумаў я, хлопцы. Начуйце. Час позні, можна і на ваўка дзе ўзбіцца. Паўлаў.

3. Разм. Натрапіць, напасці на што‑н. Шафёр, абмінаючы замёрзлыя лужыны, усё хмурыў твар, пасля, кіламетраў якіх праз сорак, узбіліся на шашу. Чыгрынаў. [Салдат:] — Ішоў, ішоў, узбіўся на бураковае поле. А ў лагчынцы, бачу, салдаты буракі капаюць. Лужанін. // перан. Дайсці, дапасці да чаго‑н. (у думках, размове і пад.). [Грэчка:] — У апошні момант узбіўся быў на цікавы сон. Няхай. Гутарка ўзбілася на залатога кухара, і, падвыпіўшы, госці пажадалі паглядзець на яго. Гарэцкі.

4. Разм. Узабрацца на верх чаго‑н., насесці, налезці на каго‑, што‑н. Пад рабінай была лавачка, мокрая яшчэ ад дажджу, не высахла, і на яе ўзбіліся дзеці. Пташнікаў. Злавіў [Базыль] свайго сівага аж каля балота і, ледзь узбіўшыся на яго шырокую спіну, ступою накіраваўся на пацяробы. Нікановіч.

5. без дап. Стаць пышным. Падушкі ўзбіліся. // Успеніцца ад моцнага струменя, узбівання і пад. На піве ўзбілася пена.

6. Разм. З цяжкасцю абзавесціся чым‑н., разжыцца. Рана .. [Рымша] асірацеў, але і адзін неяк-такі ўзбіўся на гаспадарку. Якімовіч. Узяцца адразу за будоўлю ўсё ніяк не выпадала: і з лесам было цяжка, і на грошы лішнія ўсё ніяк не маглі ўзбіцца. Васілевіч. Адзін час .. [Максім Астапавіч] узбіўся на каня і наймаўся вазіць тавар адсюль у Мінск і з Мінска сюды. Чорны.

•••

Узбіцца на капейку — разжыцца на грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сукро́, мн. л. сукры́ ’кучары’ (Ласт.), ’локаны’ (Касп.), ’завіткі валасоў або шэрсці’, адз. л. сукра́ (Крывіцкі, вусн. паведамл.), сюды ж сукра́вы ’кучаравы’ (Ласт.), сукрава́ты ’крутавата спрадзены’ (Сл. ПЗБ), сукра́ты ’моцна звіты, ссучаны, тугі’ (Ласт.), сукры́сты ’кучаравы’ (Гарэц., Касп.), ’крута спрадзены’ (Сл. ПЗБ), а таксама вытворныя ад іх: сукраватка (гл.), су́кравіца ’закрутка на крутой нітцы’ (Сл. ПЗБ), сукрак (гл.), су́крат ’скручаная пятля ці вузел на нітцы’ (ЛА, 5); су́кратка ’тс’, су́кратак ’скрутак ільновалакна’ (Сл. ПЗБ), су́кроток ’скручаная нітка пры крутой пражы’, су́кротка ’сударга’: хватае су́кротка ногі у водзе (КСТ), сукряцы́ ’скручаныя ніткі, заікання ў палатне’, адз. л. сукрец? (Сл. ПЗБ), сукра́ч ’скручаная пятля ці вузлік пры прадзенні’, ’скрутак сена’ (КСТ), сукрані́цы ’закруткі на нітках (Жд. 2), су́крыцца, гл. Да прасл. *sukrъ ’звіты, скручаны’, параўн. літ. sukrùs ’вяртлявы, жвавы; круты’, sùkras ’тс’, лат. sukrs ’жвавы, энергічны’. З іншай ступенню вакалізму гл. сукарак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухі́ ’не мокры, пазбаўлены вільгаці’, ’сухарлявы, хударлявы’, ’незабалочаны’, ’засохлы (пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, ТС), ’нішчымны’ (Сл. Брэс.), ’посны; без тлушчу, без прыпраў’ (Вешт.); сюды ж су́хлы ’невільготны, сухаваты’ (Ласт.). Укр. сухи́й ’сухі; хударлявы; нішчымны, без тлушчу’, рус. сухо́й ’сухі; хударлявы’, стараж.-рус. сухъ, польск. suchy, в.-луж. suchi, н.-луж. suchy, чэш., славац. suchý, серб.-харв. сух, славен. sȗh, балг. сух, макед. сув, ст.-слав. соухъ ’сухі’. Прасл. *suchъ роднаснае літ. saũsas ’сухі’, лат. sàuss, ст.-прус. sausai прысл. ’суха’, грэч. αυος ’сухі’, с.-н.-ням. sôr ’сухі’, ст.-інд. çoṣos ’сухасць’ і г. д.; гл. Траўтман, 250 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 776–777; Покарны, 880–881; Фасмер, 3, 813; Махэк₂, 591–592; Скок, 3, 357–358; Шустар-Шэўц, 1376–1377; узводзяць да і.-е. *sau̯so‑ ’сухі’, гл. Бязлай, 3, 339; Борысь, 586; ЕСУМ, 5, 486–487. Гл. таксама сохнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́каць ’утвараць свісцячыя гукі’, ’выказваць сваё незадавальненне, злоснічаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Шат., Некр.; ашм., Стан.), ’шыпець (аб гусях)’, ’выказваць незадавальненне, пагражаць’ (Нас.), ’сіпець; наракаць’ (Сл. ПЗБ), ’пакрыкваць на старэйшых’ (Цых.), ’кідаць сярдзітыя рэплікі’ (Варл.), ’сіпець (пра гадзюку)’ (Некр., Варл., ЛА, 1), ’шыпець’, сы́кацца ’абараняцца пагрозлівым шыпеннем’ (ТС), сыча́ць ’сіпець, свісцець’ (Байк. і Некр.), сычэ́ць ’сыкаць’ (ТСБМ), сыча́ць, сыча́ті, сычэ́ты ’тс’ (вільн., беласт., драг., Сл. ПЗБ), сык ’сіпенне’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж сы́кацень ’гад, змяя’ (ТС). Укр. сича́ти, си́кати ’шыпець, утвараць свісцячыя гукі’, рус. сы́кать, польск. sykać, syczeć, syknąti, в.-луж. sykać, н.-луж. sykaś, чэш. sykati, syčeti, славац. syčať, серб.-харв. сѝкати, славен. síkati, síčati. Прасл. *syčati і *sykati, гукапераймальнага паходжання; гл. Фасмер, 3, 817; Махэк₂, 548; Міклашыч, 335. Борысь (590) узводзіць да і.-е. гукапераймальнага элемента *sū‑, які адлюстроўвае сыканне; Шустар-Шэўц (2, 1384) параўноўвае яшчэ з *sik‑ (гл. сікаўка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяка́ць ’смаркаць’ (Ян.), ся́каць ’тс’ (Сл. ПЗБ), ся́каты, ся́катэ ’смаркаць’ (кам., драг., Сл. ПЗБ; Нар. ск.); сняка́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ, Скарбы), часцей з прыстаўкай: высякаць ’высмаркаць’ (Янк. 2); сюды ж форма зак. тр. се́кнуць ’лінуць’ (ТС). Параўн. укр. ся́кати ’смаркаць’, рус. исся́кнуть ’высахнуць; вычарпацца’, стараж.-рус. сѧкнути ’тс’, польск. siąkać ’высыхаць; смаркаць’, в.-луж. sakać ’высыхаць, пераставаць цячы’, чэш. sákati ’паціху сцякаць, сачыцца’, славац. siahnuť ’перастаць цячы’, серб.-харв. усе́кнути ’смаркацца’, славен. usékniti se ’высмаркацца’, балг. се́кна ’перастаць цячы, высахнуць’, ’смаркацца’, дыял. со́кнам ’смаркацца’, макед. секне ’пераставаць цячы, высыхаць’, се секне ’смаркацца’. Прасл. *sęknǫti ’сачыцца; высыхаць’, роднаснае літ. sèkti ’апускацца’, лат. sĩkt‑ ’засыхаць’, с.-в.-ням. sîchte ’дробны’, ірл. sesc ’сухі, бясплодны’; да і.-е. *sek‑ ’сцякаць; пераставаць цячы’; гл. Фасмер, 3, 826; Траўтман, 256–257; Скок, 3, 216; Шустар-Шэўц, 1265; ЕСУМ, 5, 496; Глухак, 543; Борысь, 544.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сямёра ’у колькасці сямі (звычайна без назоўніка або з назоўнікамі агульнага роду, назвамі маладых істот і інш.)’ (ТСБМ), се́мера ’тс’ (Некр. і Байк., Пятк. 2), се́меро ’тс’ (ТС), ст.-бел. седмера ’тс’, побач з вседморо ’ўсямёра’ (Карскі 2–3, 55). Параўн. укр. се́меро, рус. се́меро, польск. siedmioro ’тс’, в.-луж. sedmory ’сямікратны’, н.-луж. sedymory ’тс’, палаб. sedmärë, чэш. sedmero, славац. sedmoro, славен. sedmero, серб.-харв. се̏дморо, ст.-слав. седмеро, седморо ’тс’. Прасл. *sedmero, *sedmoro ўтворана на базе ад’ектываванага лічэбніка *sedmerъ/*sedmorъ ад *sedmь (гл. сем) пры дапамозе суф. ‑er, ‑or (Фасмер, 3, 599; Лукінова, Числ., 323), параўн. чацвёра (гл.). Сюды ж сямёрка ’лічба сем, у колькасці сямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ’памер касы’ (Сцяшк., Мат. Гом.), ’дзве капейкі серабром, роўная па старых разліках сямі капейкам асігнацыямі’ (Нас.), семёрка ’медная манета двухкапеечнай вартасці’ (Растарг.), семерко ’сем штук’ (Рам. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́нны ’дзяшовы, недарагі’, ’малакаштоўны, пусты’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ; зах.-бел., ЛА, 3), та́нна ’дзёшава’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), та́нно ’тс’ (Федар. 4, Сл. ПЗБ), та́на ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́нні ’дзяшовы’ (Сл. ПЗБ), та́ны ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́нный ’тс’ (Бяльк.), сюды ж танне́й ’дзешавей’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тане́й ’тс’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), та́нняй ’тс’ (паст., вільн., Сл. ПЗБ), тане́йшы, та́ньшы ’тс’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. таний (1637 г.), тане (1616 г.), таней, танший (КГС). Геаграфія і гісторыя ўжывання слова сведчаць пра запазычанне з польск. tani, дыял. tanny ’тс’, якое разглядаецца як граматычны гіперызм, што ўзыходзіць да прасл. *tunjь ’танны’, гл. Фасмер, 4, 19; спецыяльна: Борысь, Etymologie, 471–474; Шустар-Шэўц, Зб. Бернштэйну, 474–480; Этимология–1967, 74 (збліжае польск. tani з *tъnъk ’тонкі’). Параўн. тунны, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)