Рым ’дрыгва, топкае месца’ (Ян.), укр. дыял. рим ’яма з вадой’, ’лог, заліты вадой’, ’глыбокі роў’. Няяснае слова. Можна меркаваць роднасць да польск. ryma ’насмарк’, чэш. rýma ’насмарк’, славац. réma ’насмарк’, ст.-слав. рема ’выцяканне’, роума, рюма ’сцяканне’, ст.-ням. reuma ’насмарк’, фр. rhume ’прастуда, катар’, лац. rheuma, reuma ’выцяканне’, нова-грэч. ῥεῦμα ’насмарк’, літ. rymà ’насмарк’. Польская і чэшская лексемы лічацца запазычаннямі з франц. rhume, якое з грэч. ῥεῦμα (Мацэнаўэр, 301; Махэк₂, 527). Але гэта няпэўна. Здзіўляе падабенства з рус. ры́мбаць, ры́нда́ть ’гразнуць у балоце’, ’правальвацца нагамі ў балота, праз лёд або снег’, ры́ндало ’балота’, якое з доляй верагоднасці лічаць запазычаннем з фін. rämpiä ’ісці праз балота, снег’, ’рухацца наперад з цяжкасцю’ (Фасмер, 3, 528). Параўнай ры́маць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Турні́р ‘спаборніцтва рыцараў у Сярэднявеччы, цяпер звычайна спартыўнае спаборніцтва’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову (турни́р ‘тс’) з нова-в.-ням. Turnier, якое са ст.-франц. to(u)rnei ‘тс’ ад torner ‘абарачацца’ < лац. tornāre ‘паварочваючы, тачыць выраб на варштаце’ (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 683–684). Ст.-бел. турнея ‘турнір, спаборніцтва’ (XVI ст.), пазней таксама ‘беспарадак, разлад’ (ГСБМ), узыходзіць да ст.-франц. tourneoi ‘рыцарскія спаборніцтвы паводле дакладных правілаў’, а ст.-бел. турнай ‘тс’ (XVI ст.) — з чэш. turnaj ‘спаборніцтва рыцараў’, якое праз ст.-в.-ням. (turnei — баварскае вымаўленне ‑aj) прыйшло са ст.-франц. tournoi (праванс. tornei) ‘тс’ < torner ‘абарачацца, вярцецца’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Голуб-Ліер, 494; Махэк₂, 661; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бука́та ’булка хлеба’ (Касп., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. I), бука́тка (Нас.). Запазычанне з рум. мовы (праз укр. бука́та або польск. bukata ’тс’). Рум. bucátă ’кусок’ (паходзіць з лац. buccata). Спецыяльна аб бел. слове гл. Врабіе, Зб. Расэці, 994; ён жа, RomSl., 14, 134 (лічыць, што пасрэднікам была ўкр. мова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ліквіда́цыя ’спыненне дзейнасці, існавання чаго-небудзь’ (ТСБМ), ліквідаваць ’спыніць дзейнасць’ (Сцяшк., ТСБМ) паходзяць з польск. likwidacja (спачатку ’апошні разлік’, пасля ’закрыццё прадпрыемства’, ’знішчэнне’, likwidować, якія праз італ. liquidazione, liquidare ’апошні падлік’, ’праводзіць разлік’, узыходзяць да с.-лац. liquidatio, liquidare ’выясняць’ < лац. liquidus ’ясны, светлы, чысты’ (Слаўскі, 4, 254–255).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Генера́л ’генерал’ (БРС). Рус. генера́л, укр. генерал. У гэтым значэнні запазычанне (у бел. і ўкр. мовах, магчыма, праз рус.) з ням. General < франц. général. Параўн. Фасмер, 1, 401; Шанскі, 1, Г, 50. Ст.-бел. генералъ, енералъ, еноралъ ’судовы выканаўца’ < ст.-польск. jenerał, generał (< ням.); гл. Булыка, Запазыч., III.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ґісо́ны ’цэментныя трубы для студні’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне. Першакрыніцай з’яўляецца франц. caisson ’кесон’, якое трапіла ў гаворку праз рус. кессо́н, польск. keson. Форма ґісо́ны адлюстроўвае азванчэнне пачатковага к‑ > ґ‑, што нярэдка назіраецца ў запазычаных словах (пры наяўнасці ў слове аднаго з санантаў: ‑р‑, ‑л‑, ‑м‑ ці ‑н‑).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Канду́ктар ’праваднік’ (ТСБМ, Яруш.). Паводле Фасмера (2, 310), у рус. мове — праз польск. або з ням. Калі прыняць першае, дык у бел. мову прыйшло з польск. konduktor, якое з франц. conducteur ’тс’ з ад’ідэацыяй да с.-лац. conductor, conducere ’зводзіць, пераводзіць’ (Слаўскі, 2, 410; Шанскі, 2 (К), 256).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арцукі́ ’бульба адвараная’ (Сцяшк.). З ням. дыял. êrtšok ’бульба’, магчыма, праз літ. ė́rčiukas ’тс’ (слова ўжывалася ў XIX ст. — LKŽ). У нямецкім слове, напэўна, адлюстравалася ўзаемадзеянне з Artischocke ’артышок, якое дало другую частку, і Erde ’зямля’, адкуль першая частка. Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 83.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аўды́тар (КТС), ст.-бел. авдитор (1670) ’член царкоўнага суда’ (Булыка, Запазыч.), ’старшы вучань у класе, які выслухоўвае ўрокі таварышаў’ (Грыг.). Запазычана праз польск. audytor або непасрэдна з лац. auditor ’слухач, суддзя, што вядзе допыт’, магчыма, паўторнае запазычанне ў беларускую літаратурную мову з рус. аудитор. Параўн. Рыхардт, Poln., 31.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)