уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Удалы, спрытны; маладзецкі. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула. Лынькоў. [Клаўдзія Пятроўна:] — Я і не ведала, што ты [Харытон Ігнатавіч] ў мяне такі хвацкі прамоўца. Васілёнак.

2. Разм. Вельмі добры, слаўны. [Дзед:] — Кара цяпер добра здымаецца, свісцёлкі дужа хвацкія будуць. Рылько. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі. Навуменка. // Вясёлы, заліхвацкі. З балалайкай у Андрэя заўсёды спалучалася ўяўленне шырокай вуліцы рускага сяла, хвацкай прыпеўкі. Пестрак. З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэты вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці. Брыль.

3. Разм. Спрытны, умелы. Хвацкія рукі ў дзеда. □ Паглядзеў пан на работу ды кажа: — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць, — і падаў Паўлюку сцізорык, дзе было многа ножыкаў і розных іншых прычындалаў. С. Александровіч.

4. Разм. Прыдатны для выкарыстання, ёмкі. Хвацкі рубанак. □ Даніла тым часам нікнуў за шафу і дастаў адтуль вельмі ж хвацкую кавеньку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сугне́й ’нелюдзень, дзіклівы, пануры чалавек’ (ТСБМ, Сцяшк., Бір. Дзярж.; чырв., З нар. сл.), сугне́д ’тс’ (карэліц., Нар. лекс.), сугне́т ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Конфікснае ўтварэнне су- + ‑й ад гне́сці, гняту (гл.); сугнед і сугнет утвораны ад асновы прэзенса з узнаўленнем этымалагічнага ‑е‑ пад націскам. Да семантыкі параўн. гне́сца ’скнарнічаць, быць скупым для самога сябе’ (Гарэц.). Іншага паходжання, відаць, сагне́й ’зняважліва пра сагнутага, гарбатага’ (Варл.), якое да сагнуцца, гл. гнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сці́пер’е (сьципіере) ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Бес.), сты́пэрье, сты́пірье, сты́пырье, сты́пырне ’тс’ (Сл. Брэс., Нар. лекс.), сти́пер ’сцябло’ (Бел.-укр. ізал.), сцепʼёр ’маркоўнік’ (ТС). Параўн. укр. степі́р ’парастак расліны’, степі́ра, стипі́ре ’пер’е цыбулі’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад шчыпяры́ ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Сл. Брэс.), гл. шчыпе́р. Літ. stìbiras ’сцябло, парастак’ ад stỹbti/stỹpti ’расці высокім, тонкім’ у якасці крыніцы запазычання (Лаўчутэ, Балтизмы, 133) ненадзейнае, аднак магло паўплываць на фанетыку слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сці́плы ’просты, стрыманы, без прэтэнзій’, ’невялікі, сярэдні’ (ТСБМ), ’скромны, ціхі’ (Гарэц.), ’ціхі, пільны’ (Варл.), ’гаспадарлівы’ (Мат. Маг.), ’эканомны; скупы’ (Мат. Гом.), сці́пл(н)ы ’скромны, ціхі, лагодны; просты’ (Некр. і Байк.). Як відаць з апошняга, не можа разглядацца асобна ад сціпны (гл.); параўн., аднак, сціплы ’стройны (?): (хвоі) стаяць — прыгожыя, сціплыя — застыглі ў святой нерухомасці (М. Зарэцкі), што магло б сведчыць аб уплыве літ. stỹpti ’цягнуцца (уверх)’ на семантыку слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сырадэ́ля ’аднагадовая кармавая расліна сямейства бабовых, Ornithopus L.’ (ТСБМ, Кіс.), сэрадэ́ля ’тс’ (Некр. і Байк., Цых.), сарадэ́ля, серадо́ля, сэрадэ́ль ’тс’ (Кіс.), салідэ́ра ’тс’ (Арх. Вяр.). Праз польск. saradela, seradela, дыял. saladera ’тс’ з ісп. serradella (парт. serradeld), якое паходзіць ад ісп. serrado ’зубчасты; вызублены’; назва па форме лістоў (SWO, 678; ЕСУМ, 5, 215). Відаць, памылкова палес. серэдэля (середелʼа) у запісе Дзендзялеўскага (Бел.-укр. ізал., 25) ідэнтыфікуецца як ’расліна Taraxacum vulgare Schrk.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіневаро́ць ‘пралеснік шматгадовы, Mercurialis perennis L.’ (гродз., маг., Кіс., Байк. і Некр.). Да сіні і ‑варочаць; магчыма таму, што расліна пры сушцы набывае сіні або фіялетавы колер; гл. Нейштадт, Определитель, 371 і наст. Параўн. балг. син отврат ‘расліна, якая ў вадзе набывае сіні колер’ з той жа ўнутранай формай. Рус. синеворо́т, во́рот сини ‘казялец едкі’, якая, паводле Аненкава (290), часта ўжываецца ў чараўніцтве і таму, відаць, ад приворот ‘нагавор; прыварот, прычароўванне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танцо́ўка1 ’танцорка’ (Нас., Байк. і Некр.). Утворана ад танцаваць (гл.) па тыпу польск. tańcownica, tańcowniczka ’тс’ у пары з tańcownik ’танцор’. Ст.-бел. танцо́вница, тане́чница ’танцорка’ (пач. XVI ст., КГС) з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі, параўн. яшчэ польск. tanecznica ’танцорка’.

Танцо́ўка2 ’апенька лугавая, жывунец падарожны’ (ваўк., Расл. св., Сярж.–Яшк.). Відаць, да папярэдняга слова, што звязана з размяшчэннем (“утварае карагод”) або са знешнім выглядам (іншая назва сухано́жка, мае часам выгнутую ножку).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́пля1 ’пліта (кавалак шкла і пад.)’ (карэліц., З нар. сл.). З польск. tafla ’тс’ з заканамернай заменай ф на п у народнай мове, параўн. фасо́ля/пасо́ля і пад., польскае слова з ням. Tafel ’дошка, пліта, панель’, што ўрэшце ўзыходзіць да лац. tabula ’тс’ (Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 528).

Та́пля2 ’чапля’ (Мат. Гом.). Відаць, дэфармаванае чапля ’тс’ (гл.), збліжанае да тапі́ць ’акунаць у ваду’ (гл. тапіць1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тоц у выразе: тоц у тоц ’вельмі падобны’ (ТС). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад падобнага выраза точ у точ ’вельмі дакладна, падобна’, гл. точ. Праблему складае канец слова, гл. аналагічнае чаргаванне ў цот (гл.) пры рус. чёт ’парнасць, пара’. Параўн. макед. дыял. тоцки ’толькі, адзіна; зусім мала’, якое Тодараў (Этим. етюди, 83) выводзіць з то́лку ’столькі’ (< *толцки); разм. тоцне ’цюкнуць’. Магчыма, пад уплывам тыц (гл.) таго ж паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)