шматабяца́ючы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае многа каштоўных якасцей і таму падае вялікія надзеі. Шматабяцаючы студэнт. Шматабяцаючы хірург.
2. Які заключае ў сабе намёк на што‑н., якое‑н. абяцанне; які прадракае што‑н. значнае. Шматабяцаючы позірк. □ Быў і сорам, які змагаўся з пачуццём вострай, шматабяцаючай цікаўнасці. Брыль. [Маіны] словы прыносілі.. [Мікалаю] нешта балюча блізкае, шматабяцаючае і таксама балюча недасяжнае... Карпюк.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
Су́піць ’хмурыць (бровы)’ (ТСБМ, ТС), ’хмурыць, моршчыць, сцягваць’ (Нас.), су́піцца ’пахмурна ссоўвацца (пра бровы)’, ’хмурыцца, дзьмуцца (пра чалавека)’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), ’хмурыцца, змрачнець’ (ТС), ’паколваць і свярбець’ (мсцісл., З нар. сл.), моро́з су́піць ’адчуванне моцнага холаду’ (КСТ), су́піць холадам ’стан хворага, калі цела працінае холад’ (чач., ЖНС). Укр. су́пити, рус. су́пить ’хмурыць’, польск. sępić ’тс’, чэш. posupný ’хмуры’. Традыцыйна выводзіцца ад суп 2 (гл.), паколькі ў гэтай птушкі нібы хмуры позірк, так ужо Міклашыч, 315; гл. Фасмер, 3, 48, 804; Махэк₂, 477; ЕСУМ, 5, 593. Аднак канцэнтрацыя ўвагі ў народнай мове на знешніх адчуваннях (мороз супыць яйцо, Нас.) дазваляе звязаць з харв. sȕpica ’дробны выраст на скуры’, якое Борысь (Etymologie, 408–409) выводзіць са *ščuplъ ’дробны, тонкі’ (гл. шчуплы, шчыпаць).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
апусці́ць, -ушчу́, -у́сціш, -у́сціць; -у́шчаны; зак.
1. каго-што. Перамясціць у больш нізкае становішча.
А. сцяг.
2. што. Схіліць, нахіліць.
А. галаву.
А. вочы (скіраваць позірк уніз).
3. каго-што. Змясціць у што-н. куды-н. уніз.
А. пісьмо ў паштовую скрынку.
4. Перавесці з вертыкальнага становішча ў гарызантальнае, адчыняючы або зачыняючы што-н.
А. шлагбаум.
5. што. Зрабіць пропуск, выключыць.
Пры чытанні а. слова.
6. каго-што. Занядбаць, запусціць.
А. гаспадарку.
|| незак. апуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. апуска́нне, -я, н.
|| наз. апушчэ́нне, -я, н.
 Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс) 
затрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Застацца, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася. Паехалі ўсе, і толькі Іван затрымаўся ў Зарэччы, затрымаўся праз хваробу. Шахавец. — Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі. Шамякін.
2. Спыніўшы свой рух, застацца дзе‑н. на пэўны час. Шклянка пакацілася, затрымалася на самым краі. Шахавец. [Нэля] затрымалася на хвіліну перад люстрам у гардэробнай. Лупсякоў. // Спыніцца на чым‑н. (пра погляд, позірк і пад.). Позірк Паходні затрымаўся на рабаватым твары маладога трактарыста. Хадкевіч. // перан. Спыніцца, запаволіцца (пра ход, рост, развіццё чаго‑н.). Будаўніцтва дома затрымалася. З-за непагоды ўборка затрымалася.
3. Не зрабіць чаго‑н. у тэрмін; запазніцца з чым‑н. — Прабачце, што так затрымаўся з пісьмом. Карпаў. // Спазніцца, не прыйсці ў час. — Прабач, што затрымаўся, — вінавата сказаў ён Лене, зайшоўшы за шырму. Кулакоўскі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
затума́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Зацягнуць туманам, смугой, вільгаццю і пад. // Зацьміць, завалачы вочы (пра слёзы). Слёзы, як ні стрымлівала іх [Ганна], набеглі на вочы, затуманілі позірк. Мележ. // перан. Пазбавіць яснасці, выразнасці; замарачыць. Хваляванне затуманіла старэчы розум, выцвілыя вочы засціла сляза. Мехаў. Гандлёвы азарт, прага нажывы затуманілі свядомасць, буйных і дробных бізнесменаў. Гамолка.
•••
Затуманіць вочы каму — звесці ў зман; абхітрыць.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
зі́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Кідаць позірк на каго‑, што‑н.; паглядаць. Вада ў рацэ гарэла і пузырылася, як брага. Шэмет зіркаў на кожную бурбалку. Лобан. Я ўзняў галаву і глянуў на дзяўчынку, што сядзела побач і зіркала то ў кніжку, то на мяне ды хітравата ўсміхалася. Мыслівец. / Пра вочы. Вочы з-пад барановай шапкі з адвіслымі вушамі зіркаюць востра, пільна. Мележ.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
каке́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да какецтва; які імкнецца спадабацца, какетнічае. Какетлівая дзяўчына. // Уласцівы какетцы; разлічаны на тое, каб падабацца, звярнуць на сябе ўвагу. Какетлівы позірк. □ [Жанчына] зірнула ў люстра, што стаяла ля сцяны насупроць, паправіла какетлівым рухам капялюш. Мурашка.
2. Які мае прыгожы, прывабны выгляд. Какетлівае ўбранне. □ Карычневы шалік з нейкай какетлівай вясёлкай на махрыстых капцах атуляў яе твар. Брыль.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
лі́пкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка прыліпае, прыстае; клейкі. Ліпкі грунт. Ліпкае павуцінне. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. // Пакрыты слоем клейкага рэчыва. На алешніку лісце ўжо вялікае, але ліпкае, з чырванаватымі прожылкамі. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Неадчэпны, назойлівы. Ліпкі позірк. □ Міхась наліваў па шклянцы, і на душу яго зноў пачыналі капаць цёплыя, ліпкія кроплі Капейкавых слоў. Брыль.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
насцеражы́ць, ‑ражу, ‑ражыш, ‑ражыць; ‑ражым, ‑ражыце, ‑рагуць і насцяро́жыць, ‑рожу, ‑рожыш, ‑рожыць; заг. насцеражы; зак., каго-што.
Выклікаць насцярожанасць, напружаную ўвагу, трывогу. Патруль, каб не насцеражыць нас, увесь час ішоў за намі на адной дыстанцыі, не рызыкуючы аднак затрымаць. Карпюк. — Праходзьце, бацюхна, праходзьце, — сказаў фельчар, як звычайна, але позірк ягоных вачэй насцеражыў Сяргея. Сіўцоў. Маша зноў змаўчала. Гэта насцярожыла Васіля. Шамякін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
няве́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не выяўляе ветлівасці да іншых; непрыветлівы. Косця на першы погляд здаваўся дзяўчатам надта хмурын, няветлівым. Карпюк. // Які выражае непрыветлівасць; пазбаўлены ветлівасці. Няветлівы позірк. Няветлівы прыём. □ Загадчык выпрастаўся, надзьмуўся, вочы яго сталі калючымі, няветлівымі. Шамякін.
2. Які парушае прынятыя правілы прыстойнасці; нетактоўны. — Ды забаўляйце ж вы гутаркай .. [дзяўчыну]!.. — Прабачце, я і сапраўды няветлівы. Ды мы гэта хутка паправім. Брыль.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)