канве́ер, ‑а, м.

Прыстасаванне для бесперапыннага перамяшчэння вырабаў пры іх апрацоўцы ад аднаго рабочага да другога або для транспарціроўкі грузаў. Па грукату, што рабілі .. [адліўкі], падаючы на канвеер, які нёс іх кудысьці ў цёмны правал у сцяне, адчувалася, што адліўкі важкія, з металу. Карпаў.

•••

Зялёны канвеер — сістэма планавай вытворчасці зялёных кармоў для бесперапыннага забеспячэння жывёлы на працягу ўсяго пашавага сезону.

Па канвееру — ад аднаго да другога (перадаваць і пад.).

Сысці (сыходзіць) з канвеера гл. сысці.

[Англ. conveyer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жале́за, ‑а, н.

1. Хімічны элемент, цяжкі коўкі метал серабрыстага колеру, які ў спалучэнні з вугляродам утварае чыгун і сталь. Выплаўка жалеза з руды. Каваць жалеза.

2. Звычайная (бытавая) назва малавугляродзістых сталей. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч. // зб. Вырабы з гэтага металу. Ліставое жалеза. Дахавае жалеза.

3. Жалезістыя рэчывы як лячэбны сродак. У цыбулі многа жалеза. Большая частка жалеза ў целе чалавека знаходзіцца ў гемаглабіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Цвёрдасць металу, якая дасягаецца гартаваннем; уласцівасць загартаванай рэчы. Сталь высокага гарту.

2. перан. Стойкасць, вынослівасць, набытыя ў барацьбе з цяжкасцямі, неспрыяльнымі ўмовамі; сіла волі. Бальшавіцкі гарт. □ Вайна — вялікае выпрабаванне гарту людзей і чыстаты, трываласці пачуццяў. Мележ.

3. перан. Стан найбольшага напружання, узбуджэння, хвалявання. Смутак часамі ападаў да лёгкай журбы, пасля зноў даходзіў да найвялікшага гарту. Чорны.

4. Сплаў свінцу, волава і сурмы для адліўкі друкарскіх шрыфтоў.

[Ад ням. hart — цвёрды.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Летучы, дасягнуць якога‑н. месца. Арол даляцеў да вяршыні гары. Даляцець да Месяца. □ Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Ажно да гарматы са свістам даляцелі кавалкі металу. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджваючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра гукі, пахі і пад.); данесціся. З ветрам даляцеў да вушэй Янавых чалавечы крык. Галавач. Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Вострая, тонкая трэска, востры асколак шкла, металу, які залез пад скуру. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы. Быкаў. Дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.

2. перан. Разм. Пра надакучлівага і прыдзірлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ж ты, дзядзька Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сып, ‑у, м.

1. Дробныя плямкі, прышчыкі на скуры і слізістых абалонках, якія з’яўляюцца ад некаторых знешніх уздзеянняў (холад, перагрэў і пад.) і ўнутраных прычын (некаторыя інфекцыйныя хваробы, парушэнне абмену рэчываў і пад.). Дзіцятка ж полымем гарэла, Па целу сып злаякасны пайшоў. Корбан. // Разм. Захворванне, пры якім з’яўляюцца прышчыкі, плямкі.

2. Разм. У тэхніцы — невялікая шурпатасць на паверхні металу пры пашкоджанні яго ржой.

3. Разм. У друкарскай справе — рассыпаны шрыфт з пераблытанымі літарамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Свіння. — На плоў толькі барашак падыходзіць, — тлумачыў, седзячы на акне, худы чарнявы палонны. — Свініна? Чушка? Не-э-эт! — закапыліў ён нос і махнуў рукою: — Не-эт! О, у нашым Андзіжане робяць плоў! С. Александровіч. Сыч задумаў нейкі свінарнік на тысячу галоў чушак з механізаванай кармакухняй. Паслядовіч.

чу́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Злітак металу ў форме бруска.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кава́ль ’рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Жыв. сл., Касп., КТС, Мал., Нар. сл., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяц. БНС, Сцяшк., Шат., Яруш.). Укр. коваль, рус. дыял. коваль, польск. kowal, н.-луж. kowal, чэш. дыял. koval, славац. дыял. koval. Паўн.-слав. kovalь, nomen agentis да kovati, гл. Слаўскі, 3, 21. Адносна словаўтварэння гл. спец. аб паўн.-слав. суф. ‑ljь Слаўскі, ZPSS, 11, 1963, 87. Трубачоў (Ремесл. терм., 334–335) звяртае ўвагу на параўнальна новы з пункту погляду словаўтварэння характар назваў каваля ў славянскіх мовах (kovalь, kovarь, kovačь, kuznьcь, kuznikъ), аднак адзначае, што істотных аргументаў супраць таго, што гэтыя словы існавалі ў праславянскай мове, хоць і позняга часу, няма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паласа́ ’тонкі, доўгі кавалак якога-н. матэрыялу (металу, тканіны, паперы і пад.); доўгая, параўнальна вузкая частка якой-н. прасторы, паверхні, якая вылучаецца чым-н.’ (ТСБМ, Нас.), полоса́ ’тс’ (ТС), пало́ска ’шнур зямлі’, пало́сна ’палосамі’ (Бяльк.), палаза́ ’паласа’ (Сл. ПЗБ), полоса ’назва меры мяса, сала’ (КЭС, слуц.). Агульнаслав. (рус., укр. полоса ’паласа’, польск. plosa ’палоска зямлі, поле’, серб.-харв. пла̏са ’кавалак лёду, пляма’ і г. д. Прасл. polsa. Роднасныя с.-н.-ням. falge, ’поле пад парам’, бав. falg, англ.-сакс. fealg, англ. fallow, с.-в.-ням. valgen ’пераворваць’, гальск.-лац. olca ’зямля, прыгодная пад раллю’ (гл. Фасмер, 3, 315). Іншыя версіі лічацца менш верагоднымі: роднасць з літ. pàlšas ’бляклы’ (Міклашыч, 256), або з полаз, паўзці (Праабражэнскі, 2, 96).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́ран, ‑рна, м.

1. Кавальская печ для награвання металу, забяспечаная мяхамі і паддувалам. У кузні было горача. Ярка палала вуголле. У горне ляжаў прадаўгаваты кавалак распаленага дабяла жалеза, ад яго з лёгкім трэскам разляталіся ў бакі блакітныя іскры. Курто. // Спецыяльная печ для абпальвання керамічных вырабаў.

2. перан.; чаго. Цяжкасці, выпрабаванне якія загартоўваюць, робяць стойкім каго‑, што‑н. Паэзія М. Танка.. вытрымала суровыя выпрабаванні, прайшла сапраўдную загартоўку ў горне жыцця. Шкраба.

3. Ніжняя частка доменнай печы, дзе згарае паліва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)