палама́цца, ‑ломіцца; пр. паламаўся, ‑малася; заг. ‑ламіся; незак.

1. Раздзяліцца, распасціся на часткі пад дзеяннем якой‑н. сілы. Скрынка была збіта з тоненькіх дошчачак — бойся, што паломяцца. Пташнікаў. [Дзіміна:] — Паламаўся электрод, але зрасцілі. Карпаў. // Лёгка паддацца ломцы; стаць ломкім, крохкім. [Вольга:] — Авёс ад перастою паламаўся... не можна жаць. Мележ.

2. Сапсавацца, стаць непрыгодным. Крэсла паламалася. □ [Куліна:] — Сёння дажджу няма, таксі павінна пайсці. Гэта ўчора нешта ў ім паламалася. Чыгрынаў.

3. перан. Парушыцца, разбурыцца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). На станцыі [Шура] доўга чакала цягніка. Расклад яго цяпер зусім паламаўся. Арабей. // Змяніцца ў горшы бок. Але абураў і мучыў сам факт. Лёдзя не паступіла [вучыцца], і жыццё яе паламалася. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для лоўлі рыбы, птушак і пад. з перакрыжаваных нітак, замацаваных на роўных прамежках вузламі. Плесці сетку. □ Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [Марціна] адмысловая. Колас.

2. Прыстасаванне рознага прызначэння з перакрыжаваных нітак, вяровак, дроту і пад. Сетка для валасоў. Валейбольная сетка. Ложак з жалезнай сеткай. □ Пад столлю напоўніліся жоўтым цьмяным святлом закрытыя сеткамі лямп[ачкі]. Самуйлёнак. Ад куслівых пчол на твар Напінае сетку [пчаляр]. Калачынскі. Механікі хутка скінулі з самалётаў маскіровачныя сеткі, памаглі надзець парашуты і падсадзілі лётчыкаў у кабіны. Алешка.

3. перан.; чаго. Што‑н. падобнае на мноства скрыжаваных, пераплеценых ліній, нітак. Сетка павуціны. Сетка правадоў. Сетка маршчынак. □ Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прамяні. Дуброўскі. Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу. Гамолка. Сташэўскі, здалося Каршукову, хітра прыплюснуў павекі, пакрытыя чырвонай сеткай жылак. Асіпенка. Апоўдні.. [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль.

4. Разм. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў, сплеценая з вяровак, шнуркоў і пад. У руцэ.. [жанчына] трымала сетку, з якой тырчалі рыльцы радыскі. Даніленка. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі. Адамчык.

5. Разм. Кашуля з тканіны рэдкага пляцення, рэдкай вязкі.

6. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць якіх‑н. дарог, каналаў, ліній сувязі і пад. Чыгуначная сетка. Сетка падземных дарог. Тэлефонная сетка. Асушальная сетка. Арашальная сетка. □ А навокал.. паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог. Зарэцкі.

7. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе‑н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў і пад. Гандлёвая сетка. □ Густою сеткаю школ, бібліятэк, дамоў культуры пакрылася наша рэспубліка. «Беларусь». За апошнія гады ў нашай рэспубліцы створана шырокая сетка палітычнай асветы. «Звязда».

8. Клеткі, якія атрымліваюцца ў выніку разлінейвання паперы, карты і пад. Геаграфічная сетка. Градусная сетка. □ [Камандзір роты] дастаў з планшэткі карту і, схіліўшыся, пры святле ліхтарыка пачаў разглядаць скрэмзаную сетку кіламетроўкі. Грамовіч.

9. Спец. Расклад, шкала, схема. Тарыфная сетка.

10. Другі аддзел страўніка жвачных жывёлін.

11. У радыётэхніцы — крацісты электрод электроннай лямпы. Сетка электроннай лямпы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)