Электрод 1/203; 3/318; 4/307; 5/252, 513; 11/437

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

электрод

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́Д (ад грэч. katodos шлях уніз, вяртанне),

1) адмоўны электрод хім. крыніцы току.

2) Электрод электра- і радыётэхн. прылад (апаратаў), электралітычных ваннаў і інш., які далучаецца да адмоўнага полюса крыніцы току.

3) Крыніца электронаў у электравакуумных і газаразрадных прыладах. Паводле віду электроннай эмісіі адрозніваюць тэрма- і фотаэлектронныя, халодныя К. і інш.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНО́Д [ад грэч. dyn (amis) сіла + (электр)од],

электрод у фотаэлектронных памнажальніках, некат. электронных лямпах і інш. прыладах, які выпрамяняе больш электронаў, чым трапляе на яго. Гл. таксама Другасная электронная эмісія.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНІТРО́Н [ад лац. ignis агонь + (элек)трон],

кіроўны ртутны вентыль з дапаможным пускавым электродам. Дапаможны электрод дазваляе кіраваць пачаткам запальвання асн. дугі і мяняць сярэдняе значэнне сілы току ад найб. да нуля. Выкарыстоўваецца ў магутных выпрамніках току прамысл. частаты, электрапрыводах, зварачных апаратах, цягавых падстанцыях і інш.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,

узорны гальванічны элемент, які служыць мерай эрс і напружання пастаяннага току. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры (напр., у патэнцыёметрах), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні з мерай.

У якасці Н.э. найб. пашыраны ртутна-кадміевыя элементы Вестана з вадкім электралітам (насычаныя і ненасычаныя) і насычаныя без вадкага электраліту (малагабарытныя). Патрабаванні да Н.э. стандартызаваныя. Насычаны Н.э. з вадкім электралітам узнаўляе эрс з дакладнасцю да 0,0005%, змены эрс да 5 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 1 мкА. У пераноснай апаратуры выкарыстоўваюцца пераважна ненасычныя Н.э., якія маюць дакладнасць да 0,002%, змены эрс да 20 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 10 мкА, менш адчувальныя да мех. уздзеянняў і змен т-ры.

Схема будовы насычанага нармальнага элемента: 1 — ртутны электрод; 2 — дэпалярызатар; 3 — электрод з амальгамы кадмію; 4 — крышталі сульфату кадмію; 5 — электраліт — насычаны водны раствор сульфату кадмію.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ў электрахіміі,

адхіленне значэння электроднага патэнцыялу ад раўнаважнага пры праходжанні праз электрод знешняга эл. току. Велічыня П. можа мяняцца ад долей мілівольт да некалькіх вольт, залежыць ад матэрыялу электрода, характару электродных працэсаў, саставу раствору, т-ры і звычайна тым большая, чым большая шчыльнасць эл. току.

Адрозніваюць П. канцэнтрацыйную і электрахімічную. Канцэнтрацыйная П. абумоўлена адрозненнем, прыэлектроднай канцэнтрацыі рэчыва, што ўдзельнічае ў электродным працэсе, ад яго канцэнтрацыі ў аб’ёме, выкліканым малой скорасцю дыфузіі кампанентаў раствору. Электрахімічная П., ці перанапружанне, абумоўлена канечнай скорасцю працэсаў, што адбываюцца непасрэдна на паверхні электродаў: перанос электрона праз мяжу электрод/раствор, гетэрагенныя хім. рэакцыі, утварэнне новай фазы і інш. Звычайна П. непажаданая (павышае расход эл. энергіі пры электролізе, зніжае карыснае напружанне гальванічных элементаў), аднак у некаторых выпадках карысная: прыпыняе працяканне непажаданых пабочных працэсаў (напр., выклікае тармажэнне карозіі металаў).

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГАВА́Я ЛЯ́МПА,

газаразрадная крыніца святла, якое ўзнікае пры гарэнні электрычнай дугі паміж вугальнымі электродамі. Найб. пашыраны Д.л. высокай інтэнсіўнасці, дадатны электрод якіх мае кнот (пераважна з солей рэдказямельных элементаў). Яркасць лямпы да 2000 Мкд/м². Выкарыстоўваецца ў пражэктарах, кінапраекцыйных апаратах і інш. Вынайдзена П.​М.​Яблачкавым у 1876 («свечка Яблачкава»).

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРА́ДНІК электрычны,

прыстасаванне (апарат, прылада) у выглядзе 2 ці некалькіх электродаў, раздзеленых дыэлектрычным прамежкам (паветрам, газам, цвёрдым целам). Пры павышэнні напружання да пэўнага (прабойнага) значэння прамежак паміж электродамі прабіваецца эл. разрадамі, што прадухіляе ў эл. абсталяванні прабой ізаляцыі паміж праваднікамі.

Вентыльны Р. мае шэраг іскравых прамежкаў, паслядоўна з якімі ўключаны нелінейныя рэзістары; прызначаны для аховы ізаляцыі электраабсталявання ад атм. і камутацыйных перанапружанняў. У трубчастым Р. іскравы прамежак размешчаны ў канале трубкі, зробленай з ізаляцыйнага газагенерыруючага матэрыялу (газ, вылучаны пры разрадзе, гасіць дугу). Трубчасты Р.: выкарыстоўваецца ў асн. для аховы паветраных ЛЭП ад перанапружанняў. Існуюць таксама Р.: газавы (для аховы апаратуры правадной сувязі), імпульсны (у імпульсных прыладах), кіравальны (у імпульсных мадулятарах), рэзанансны (у антэнных камутатарах радыёлакацыйных станцый) і інш.

Разраднікі: а — вентыльны (1 — разрадныя іскравыя прамежкі; 2 — ізалюючыя дыскі); б — фібрабакелітавы трубчасты (1 — пробка са стальным каўпаком; 2 — электрод, 3, 4 — фібравая і гетынаксавая трубкі); в — кіравальны іскравы (1 — кіроўны электрод; 2 — асноўныя электроды).

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РАЧНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,

комплекс тэхнічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для зваркі. Бываюць ручныя (гарэлкі зварачныя для газавай зваркі, электратрымальнікі для дугавой і інш.), механізаваныя (шлангавыя паўаўтаматы для дугавой зваркі з механізаванай падачай зварачнага дроту, механізаваныя ўстаноўкі для мікразваркі) і аўтам. (самаходныя і падвесныя зварачныя галоўкі, зварачныя трактары, спецыялізаваныя зварачныя ўстаноўкі, у т. л. аўтаматызаваныя для мікразваркі). Аўтам. З.а. пры дугавой і электрашлакавай зварцы падае электрод у зону зваркі, перамяшчае дугу і электрод адносна вырабаў, якія злучаюцца.

Тэхналагічна злучанае паміж сабой З.а. аб’ядноўваюць у стацыянарны або перасоўны зварачны пост, а некалькі тэхналагічна звязаных пастоў — у зварачную лінію. Пасты аснашчаюцца: зварачнымі генератарамі (пастаяннага або пераменнага току павышанай частаты для дугавой зваркі, у т. л. пад флюсам і ў ахоўных газах); зварачнымі трансфарматарамі (для сілкавання зварачных працэсаў пераменным токам пры дугавой і кантактнай зварцы); зварачнымі выпрамнікамі (з селенавымі або крэмніевымі паўправадніковымі элементамі для сілкавання зварачнай дугі пастаянным токам пры дугавой ручной і аўтам. зварцы); спец. прыстасаваннямі (зварачныя цялежкі, стэнды, кантавальнікі, маніпулятары, клямары); інструментамі (наладачныя, вымяральныя і інш.). Зварачныя аўтаматы і робаты, якія шырока ўкараняюцца ў вытв-сць, забяспечваюць аўтаматызацыю дугавой і кантактнай зваркі.

Літ.:

Сварка в СССР. Т. 1—2. М., 1981;

Прох Л.Ц., Шпаков Б.М., Яворская Н.М. Справочник по сварочному оборудованию. 2 изд. Киев, 1983.

Да арт. Зварачнае абсталяванне. Схема зварачнага трансфарматара з рухомай абмоткай: 1 — ручка рэгулятара велічыні току; 2, 3 — рухомая і нерухомая абмоткі; 4 — магнітаправод; 5 — дэталь, якая зварваецца; 6 — электрод.
Да арт. Зварачнае абсталяванне. Зварачны трактар для дугавой зваркі ў ахоўных газах: 1 — зварачная гарэлка; 2 — вадатокаправод; 3 — электрарухавік; 4 — механізм падачы электроднага дроту; 5 — цялежка.

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)