скары́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Цвёрды вонкавы слой хлеба, пірага і пад. Уліта Антонаўка занесла на стол гарачы пірог, .. накрыла ручніком, як пакрывала [хлебныя боханы], выняўшы іх з печы і абмыўшы румяную скарынку вадой. Шамякін. Свежы, з тоўстай бліскучай скарынкай быў хлеб. Мікуліч. «Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом. — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог». Панчанка. // Пра ежу, харч, сродкі для існавання. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. Цягаў мяшкі пукатыя Ён дзень у дзень, каб мець Скарынку, каб за хатаю Шчэ пачакала смерць. Панчанка.

2. Верхні зацвярдзелы слой чаго‑н. Захрабусцела пад лапцямі нечапаная скарынка снегавой цаліны. Крапіва. Пастукала [Маня] рыдлёўкай — не лезе ў грунт. Толькі верхнюю скарынку сяк-так знімае. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́ляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прычыняць боль, ціснуць, націраць. Лямкі рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Карпюк. Цэмент, калючыя каменьчыкі набіваліся ў чаравікі і мулялі ступню. Вышынскі. / у безас. ужыв. [Селянін] за плячыма нёс нешта важкае, яму, відаць, муляла, ён часта спыняўся і папраўляў мяшок. Гурскі.

2. перан.; каму-чаму і без дап. Турбаваць, непакоіць, трывожыць каго‑, што‑н.; дакучаць каму‑н. Убачыўшы трох мужчын разам ды шчэ плуг каля іх, рэдка хто мог уцярпець, каб не падысці і не пацікавіцца. А падышоўшы, уцягваўся неўзаметку ў гутарку і садзіўся, невыразна адчуваючы, што яму яшчэ муляе нейкая невялікая работа, якую трэба зрабіць да вечара. Крапіва. [Зарэцкі:] — У мяне часта бывае так, што якая-небудзь ідэя.. муляе ўвесь час, пакуль ад яе не адчэпішся. Скрыган.

•••

Муляць вочы каму — назаляць каму‑н. чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)