Бра́вы ’бравы’ (Нас. Сб., Шат., БРС), ’прыгожы’ (Лысенка, ССП). Рус. бра́вый, укр. бра́вий. Запазычанне з франц. brave (можа, праз ням. brav) або з італ. bravo ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 205; Шанскі, 1, Б, 184–185. Да гісторыі і распаўсюджання слова ў еўрапейскіх мовах гл. яшчэ Клюге, 98; MESz, 1, 367 (там і літ-ра). Шатэрнік лічыць гэта слова русізмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́нне1, ме́ннье, ме́ня ’маёмасць’, ’маёнтак, багацце’ (Яруш., Шат., Дун.-Марц.), ст.-бел. менье, мене ’маёнтак’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. mienie ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78), якое ўзыходзіць да прасл. jьměmьje ’тс’, ’скаціна’ (Копечны, Zákl. zásoba, 141). Шатэрнік (157) выводзіць бел. лексему з польск. мовы.

Менне2, ме́ньня, мэ́ньне, ймэ́ньне ’імя’ (докш., Янк. Мат., Сл. ПЗБ; стол., Нар. лекс.; Мат. Гом., Клім.). Да іме́нне (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́льгаць ’сырасць, макрата; вада, вадкасць’ (БРС, КТС, Нас.; КЭС, лаг.; Мал., Бяльк., Шат., Касп.); ’адліга’ (Нас.). Укр. ві́льгість ’вільгаць, сырасць’. Лексема запазычана з польск. wilgoć ’тс’ (Шатэрнік, 46; Пальцаў, Лекс. і грам., 38; Цвяткоў, 60) ці дакладней са ст.-польск.: ст.-бел. вилкость (з XV ст.) ст.-польск. wilkość (Карскі, Труды, 310). У сучаснай бел. мове маецца вельмі шмат новаўтварэнняў з пачатковым вільгаць‑: вільгатнець, вільгацеабмен, вільгацеаддача, вільгацелюбівы, вільгацепадʼёмны, вільгаціць, вільгацеёмістасць, вільгацястойкі, вільгацяўстойлівы і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мэнка ’мука, пакута’ (Сцяшк., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; бяроз., Выг. дыс.; стаўбц., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’фігура распятага Хрыста’ (швянч., там жа), мычыць, мэнчыцца ’мучыць, вельмі мучыць, цягнуць, валаводзіць’, ’пакутаваць’ (Мал., Шат., Юрч., івац., Сл. Брэс.; Сцяц., Сл. ПЗБ; міёр., З нар. сл.; віл., Нар. сл.). З польск. męka ’пакута’, męczyć ’мучыць’ (Шатэрнік, 161; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10 і 13; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 96–97). Аналагічна мэнчанік ’пакутнік’ (шальч., Сл. ПЗБ) з польск. męczennik (Мацкевіч, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́лас ’крык, шум, бойка і да т. п.’ (БРС, Нас., Шат.), таксама гала́с (Нас., Сцяшк. МГ). Шатэрнік выводзіў гэта слова з польск. hałas, але апошняе само запазычана (h‑) з усх.-слав. (бел., укр.) моў (гл. Слаўскі, 1, 397, які, праўда, услед за іншымі даследчыкамі лічыць, што польск. слова ўзята з укр. мовы). Этымалогія ўсх.-слав. слова няпэўная. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка hala!). Іншыя шматлікія версіі (агляд іх гл. у Слаўскага, 1, 397–398) пераконваюць менш. З га́ла́с звязана бел. дыял. галасава́ць ’гучна крычаць’ (Шатал.); параўн. і ўкр. галасува́ти ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ніць ’ганіць, ганьбаваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк.). Укр. га́нити, рус. га́нить ’тс’ (толькі ў зах. і паўд. гаворках, гл. СРНГ, 6, 134–135), польск. ganić, чэш. haněti, haniti. Гэта слова сустракаецца толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (у паўднёвых славян няма). Паходжанне яго спрэчнае. Лічыцца роднасным са слав. дзеясловам *ganjati: *goniti: *gъnati ’гнаць, ганяць’. З іншага боку некаторыя этымолагі думаюць пра запазычанне з ням. (с.-в.-ням.) hōna або роднаснасць з *gadъ, *gaditi. Агляд версій гл. у Слаўскага, 1, 254–255. Шатэрнік (гл. заўвагу ў яго слоўніку), здаецца, хоча лічыць бел. слова запазычаннем з польск. ganić. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус. ката́р ’тс’, укр. ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск. katar ’тс’, ням. Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням. Katarrh узята прама з грэч. katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мітрэ́нга, мітрэнг̌а, мітрэнка, в.-дзв. мітрэга ’трывога, хваляванне, непакой, сумятня, разлад, турбота, шум, перапалох, перашкода, прыгода’, бялын. ’вечарынка, бяседа’ (ТСБМ, Нас., Касп., Янк. 1, Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; рагач., КЭС; бялын., Нар. сл.), стол. замытрэ́шка ’непакой’ (Вярэніч, вусн. паведамл.), мітрэнжыцца, мітрэнжыць, ваўк. мярэжыць, чэрв. мітрэжыцца, трак. мітранг̌аваць ’трывожыць, адчуваць непакой, недамаганне’, ’марудзіць’, мітрэнжанне ’сварка’, ’перашкода’ (Нас., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Нар. лекс.). З польск. mitręga ’перашкода’, ’цяганіна’ (Шатэрнік, 158; Пальцаў, Лекс. і грам., 38; Кюнэ, Poln., 77), якое ўтварылася пры дапамозе суф. ‑ęga ад mitr‑, роднаснага з mitwać ’блытаць’ mituś — гл. мі́тусь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляда́ік, ліда́ік, ліда́ек, ляда́йка, ляда́шка ’сімптом ванітаў, непрыемнае, пакутлівае адчуванне перад ванітаваннем, моташнасць’, ліда́шна, лідаі́шна, ліда́шта ’моташна’, ляда́ча ’млосна, дрэнна’, лядае́к, лядая́к ’цяжка, невыгодна, нязручна’, ляда́ко ’дрэнна’, ляда́ка ’тс’, шчуч. ’непагадзь, вельмі дрэннае надвор’е’ (Мядзв., Мікуц., Касп., Шат., Бяльк., Мат. Маг., Яўс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.). Сюды ж прыметнікі: ляда́кі, ляда́йкі, ляда́ікі ’дрэнны, нізкай якасці; пусты, непаслухмяны, абы-які’, ’паганы, сярдзіты’, ’плаксівы (дзіця)’, ’слабы, нездаровы’, ’брыдкі, непрыстойны, спешчаны’, ’нікуды не варты’ (Булг., Мікуц., Жд. 1, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Запазычана са ст.-польск. leda jak ’абы-як’, якое складаецца з прасл. lěda ’толькі, абы’ (польск. lada > бел. леда) і jako ’як’ > jaki ’які’. Паланізмам лічыў гэту лексему і Шатэрнік (151).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лахма́н, лахманы́, лахманэ́, лахмане́, лахманё ’старая адзежына, вопратка, рызман; паношанае або парванае адзенне’, ’кавалкі, абрыўкі адзення, матэрыі’ (ТСБМ, Сцяшк., Касп., Яруш., Шат., Мат. Гродз., Мат. Гом.; трак., брасл., паст., навагр., беласт., Сл. паўн.-зах., КЭС), ’вынашаная, падраная адзежына мясцовага вырабу’ (КЭС, лаг.), даўг. ’бялізна’, гарад., шальч., беласт. ’адзежына’ (экспрэс.) (Сл. паўн.-зах.), лахмані́на, лыхмані́на, лахмо̂ні́на ’старая вопратка, зношанае адзенне’, ’анучка’ (Жд. 1, Юрч., Яўс., Грыг., Нас.), лахма́нік ’блузка, адзежына’ (чэрв., Жд. 2), ’абадранец’ (Яруш.). Укр. ла́хма́н, лахма́й, лахманина, лахма́нка, лахма́ння, лохман, рус. цвяр., смал., варонеж., пск., разан. ло́хма́н, лохмо́н, польск. łachman, łachmany, łachmanina, łachmana, в.-луж. łachman, славац. lachman. Паўночны праславянізм lachmanъ < lachъ, утвораны пры дапамозе суф. ‑manъ > ‑ман (як рызман, сукман). Памылкова Шатэрнік (146) выводзіць бел. лахман з польск. łachman. Да лах1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)