урві́цель, ‑я, м.

Разм.

1. Хапуга, хабарнік. [Турава:] — Колькі плаціш [за кватэру]? [Стэфка:] — Дваццаць пяць. — Ого-о! Ну і ўрвіцелі! Хапуны! — Турава злосна і брыдка вылаялася. Савіцкі.

2. Лаянк. Галаварэз, вісус. [Мацей Хмылю:] — Скідай дровы, урвіцель чортаў, не трэба далей везці. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліхоцька, ліхо́цькочортаў сын’ (ТС). Да ліхата́ (гл.). Магчыма, звязана са ст.-польск. lichocko ’вельмі кепска, бедна’ (XVII ст.), чэш. lichotský ’нешчаслівы, няўдалы’. Аб экспрэсіўным суфіксе ‑ка гл. Сцяцко (Афікс. наз., 160).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гро́зьба, ‑ы, ж.

Разм. Абяцанне прычыніць каму‑н. непрыемнасці зло; запалохванне, пагроза. Будуць лаяць — няхай лаюць, Будуць біць — няхай і б’юць, — Тыя грозьбы не пужаюць І не кратаюць нічуць. Колас. Адбегшы, здалёк чую.. грозьбу: — Папомніш ты мяне, галетнік чортаў! Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́зін, ‑а, м.

Дванаццаць аднолькавых прадметаў; камплект з дванаццаці аднолькавых прадметаў. Тузін хустак. □ Марынка выпарала рыжык, Ірынка — з тузін казлякоў, Максімка — жоўты грузд, Што выйшаў На свет адзін, без дружбакоў. Калачынскі. Галоўны бухгалтар, між іншым, славіўся тым, што мог выпіць за адзін прысест цэлы тузін шклянак чаю. Васілёнак. [Базыль] нічога не мае супраць піва і адлічвае грошы на тузін бутэлек, бо ён жа выйграў. Колас.

•••

Чортаў тузін — трынаццаць (па забабонных уяўленнях — нешчаслівы лік.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́здань, ‑і, ж.

1. Бяздонная прорва, невымерная глыбіня. Вузкая дарога пятляла сярод гор і раптам кідалася ўніз, нібы спяшаючыся на Чортаў мост, каб абысці багну і бездань. Мяжэвіч. Як жа добра цяпер апусціць у самую глыбіню студні дзюбу старога «жураўля», дастаць з цёмнай, страшнаватай бездані цяжкае драўлянае вядро, расплёскаць на босыя ногі сцюдзёную ваду, прыпасці сухімі губамі да мокрай сасновай клёпкі!.. Брыль. // Бязмежная прастора (марская, нябесная). З цёмнай бездані неба зрэдку далятаў ледзь чутны рокат матора. Лынькоў.

2. перан. Вялікая колькасць чаго‑н., што нельга палічыць; безліч, процьма. Бездань найтанчэйшых пачуццяў.

3. перан. Тое, што раздзяляе, раз’ядноўвае каго‑н. з кім‑н.; прынцыповыя разыходжанні паміж кім‑н. у чым‑н. Ад’язджаючы, пятнаццацігадовая дзяўчынка не ведала, якой безданню ляжа паміж ёю і яе названым братам граніца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́нар, ‑у, м.

1. Грамадская або маральная годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу. Выдатная праца — справа гонару кожнага грамадзяніна. □ Пераступіць граніцу са сцягам вызвалення ў руках, ці ж гэта не радасць, не гонар? Пальчэўскі. Але нідзе, Нідзе, мой дружа верны, Не спляміў я Наш гонар баявы. Кірэенка.

2. Павага, слава. Гонар пераможцам. □ — Як відаць, вы [Максім] багаты чалавек, — адказала гаспадыня, — такая акуратнасць робіць вам гонар. Машара.

3. Перавялічанае ўяўленне пра сваю годнасць; фанабэрыстасць, пыха. «О, чортаў шляхціц! — падумаў Якаў. — Столькі ў цябе гонару, што невядома, з якога боку прыступіцца...». Чарнышэвіч.

•••

Дошка гонару гл. дошка.

Збіць гонар гл. збіць.

Мець гонар гл. мець.

Робіць гонар гл. рабіць.

У гонар каго (высок.) — у знак павагі да каго‑н., ушанавання памяці аб кім‑н.

[Ад лац. honor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́зін ‘дванаццаць аднолькавых прадметаў’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шпіл., Ласт., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.; смарг., беласт., гродз., Сл. ПЗБ), ту́зін і тузі́на ‘тс’ (Байк. і Некр.); ту́зін ‘нізка рыбы’ (мядз., ЛА, 1), ту́зень ‘нізка грыбоў’ (валож., там жа), ‘бярэма, вязанка’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тузинъ, туженъ, тузанъ, тузина, тужина, тузынъ ‘тузін’ (1498 г., ГСБМ). Апошнія запазычаны са ст.-польск. tuzin ‘тс’, якое са ст.-франц. douzaine (Карскі, Белорусы, 137; Булыка, Лекс. запазыч., 155). Борысь (655) пасрэднікам для польск. tuzin бачыць с.-в.-ням. totzen, tutzen ‘тс’, якое са ст.-франц. dozeine ‘дванаццатка’ < douze ‘дванаццаць’ < лац. duodecim ‘тс’, гл. таксама Фасмер, 4, 115. Махэк₂ (659) крыніцай для польск. tuzin вызначае ст.-чэш. tucen, tucet і tusen, якія з ням. Tutzet, Dutzet, пашыраных у XVI–XVII стст. у сувязі з дванаццацярычнай метралогіяй; засцярогі адносна чэшскага пасрэдніцтва для польск. tuzin падае Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402), мяркуючы аб прамым запазычанні с.-в.-ням. totzen. Іншы погляд у Лаўчутэ (Балтизмы, 133): слова ў славянскія мовы прыйшло з літоўскай мовы (літ. tuzìnas ‘тузін’), пярэчанні гл. Анікін, Опыт, 289–290. Сюды ж чо́ртаў ту́зін ‘трынаццаць, нешчаслівы лік’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяру́н ’удар маланкі з громам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат.; Бяльк., Сцяшк.; ашм., Станк.; вільн., паст., брасл., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), ’бог грому і маланкі’ (ТСБМ, Ласт.), перу́н ’гром з маланкай’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’нячысцік’ (ТС), пе́рун ’гром з маланкай’ (чэрв., пух., ст.-дар., Сл. ПЗБ; Воўк-Лев., Татарк.), сюды ж пяру́нбо́жжая стрэ́лка ’белемніт, чортаў палец’ (барыс., Ляц.), сперуне́ць ’спрахнуць, згінуць’ (слонім., Жыв. НС). Укр. Перу́н ’бог грому, маланкі і дажджу’, пе́ру́н, пе́рім, пе́рум ’гром’, рус. Перу́н, перу́н ’бог грому; гром; маланка’, польск. Piorun, piorun ’тс’, каш. ṕören, ṕorun, paro̊n ’злы дух; пярун (лаянка)’, чэш. Perun, perun ’міфічная істота; гром’, славац. Perun, pierun, perún, paron ’тс’ (лаянка)’, палаб. Peräunedån ’чацвер’ (калькуе ням. Donnerstag). У паўднёваславянскіх мовах толькі ў вытворных і тапонімах: славен. perunovi kamniчортаў палец, белемніт’, харв. perùnika ’касач, Iris’, славен. perúnika ’тс’ (магчыма, запазычана з харвацкай; звязана з Perun ’бог грома і маланкі’, бо мае доўгія і вострыя лісты, што напамінаюць стрэлы, Сной₂, 508), балг. перуни́ка ’расліны ятрышнік, Orchis; касач, Iris’, макед. перунига ’касач, Iris’ (паводле БЕР, 5, 182, звязаны з імем бога грому, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. дыял. *perunika); горы Pèrun у Харватыі (Глухак, 475), назвы вяршыняў гор у Македоніі і Балгарыі Перун, Перен, Пирин (Вражиновски, Народна митологија на Македонците, 1. Скопје–Прилеп, 1998, 22–23). Прасл. *Perunъ (тэонім) і *perunъ ’той, хто б’е, паражае’, апошняе матывуецца дзеясловам *perti, *pьrati (гл. перыць, праць) і выступае ў якасці канкрэтнага, рэчыўнага (з элементамі адушаўлёнасці, параўн. суфікс пошта agentis ‑unъ) абазначэння грому з маланкай (Трубачоў, Этногенез₂, 197), што, аднак, не выключае ўспрыняцця яго ў якасці бога, параўн. прыведзеную вышэй назву белемніта. Пра гэта сведчыць таксама табуізацыя назвы, параўн. каш. paro̊n, taro̊n, ṕornëk (SEK, 4, 168 і інш.). Бліжэйшымі роднаснымі лічацца літ. Perkū́nas, лат. Pḗrkūns, літ. perkū́nija ’навальніца з громам і бліскавіцамі’, прус. percunis ’пярун’, што дае падставы Іванову і Гамкрэлідзе (Индоевр., 615) дапусціць варыянтнасць асновы і.-е. *p​(h)eru і *p​(h)erk​(h)u; акрамя названых параўн. яшчэ алб. Perëndi ’бог неба, якога просяць пра дождж’ і “яцвяжскае” Pjarkus ’пярун’ (гл. Зінкявічус, Балто-слав. исслед., 1983), ст.-інд. Parjánya‑ ’бог дажджу; дажджавое воблака’. Гл. Фасмер, 3, 246–247, з літ-рай (адмаўляе роднаснасць славянскіх і балтыйскіх форм); Бязлай, 3, 27; БЕР, 5, 182; Глухак, 475–476; Махэк₂, 445. Пра сувязі назваў бога грому з назвамі дуба (“перунова дрэва”) і скалы (“месцазнаходжанне бога грому”) гл. Іванаў-Тапароў, Иссл., 76, 123; Мартынаў, Этимология–1997–1999, 103; Марчэўска, Etnolingwistyka 9–10, 122; Шустар-Шэўц, SlW, 34; Іванаў, Зб. Бернштайну, 1991, 27. Да семантыкі тэонімаў у сувязі з назвамі бога грому параўн. Алінеі, Зб. Івічу, 87. Банькоўскі (2, 584) непераканаўча разглядае беларускія, украінскія і славацкія назвы як запазычанні з польскай, а літ. perkū́nas ’пярун’ лічыць роднасным прасл. *perkъ (гл. перак) з першасным значэннем ’той, хто валіць дрэвы папярок дарогі’ (там жа, 848).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сын, ‑а; мн. сыны, ‑оў; м.

1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Было ў .. [Прыборнага] шэсць дачок і ніводнага сына. Шамякін. Тады сыноў рыбак паклікаў: — Дзеці, шукайце лёсу лепшага на свеце. А. Вольскі.

2. звычайна мн. (сыны́, ‑оў). Бліжэйшыя патомкі, маладое пакаленне. І сэрцы не запэцкаюцца ў брудзе — Нам сорамна не будзе за сыноў. Панчанка. І мастакі і скульптары шукаюць Сакрэты рысаў, фарбаў, Каб як найлепш увекавечыць Для будучых сыноў зямлі Магутны воблік Леніна, — Усім цяпер вядомы. Бядуля.

3. (звычайна ў зваротку). Уст. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да свайго духоўніка або асобы духоўнага звання. — Ідзі, мой сын, і болей не грашы! — Сказаў архірэй на развітанне і блаславіў музыку ад душы, Не палажыўшы жаднага спагнання. З. Астапенка.

4. (з азначэннем). Уст. Асоба мужчынскага полу, якая належыць да пэўнага грамадскага саслоўя. Купецкі сын.

5. каго-чаго. Кніжн. Чалавек як ураджэнец, жыхар якой‑н. мясцовасці або прадстаўнік якой‑н. нацыянальнасці. Сын стэпаў. □ Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! Купала. // Чалавек, кроўна, цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Сыны рэвалюцыі. □ Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. // Чалавек, на якім адбіліся характэрныя рысы якой‑н. эпохі. Сын свайго часу. □ Сыны вякоў. Эпох і пакаленняў З лучынай смольнай, З дымным ліхтаром Спускаліся ў зямныя сутарэнні Крышыць руду жалезную Кайлом. Верамейчык.

•••

Блудны сын (жарт.) — пра члена сям’і або якога‑н. калектыву, што не падпарадкоўваецца яго волі, парушае яго парадкі (з евангельскай прытчы пра непакорнага сына, які пайшоў з бацькоўскага дому, а пасля бадзяння з раскаяннем вярнуўся да бацькі).

Гадзіцца ў сыны каму гл. гадзіцца ​1.

Сукін (чортаў) сын — ужываецца як лаянкавы выраз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ска́ла1 ‘прылада, пры дапамозе якой наматваюць цэўкі’ (докш., Янк. Мат.). Рус. скала́, ска́ло, ска́лка ‘тс’. З *съкало, першапачаткова назоўнік з суф. ‑dlo ад *sъkati (рус. скать); з інш. ступенямі чаргавання гл. сукно, сукаць, сучыць (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 631). Параўн. сукала (гл.). Сюды ж, відаць, ска́ла ‘скрутак лубу, дубовай кары’: здымалі кару, скручвалі ў трубу — “скалу” і затаплялі “ў мачышчах” (Лакотка, Борыс, Сцежкамі дзядоў. Мн., 1986, 124). Параўн. аднак скала́ ‘бяроста’ (гл. наст, слова), дзе больш прымальным здаецца паходжанне ад *skal‑ ‘сячы, калоць’.

Ска́ла2 ‘бяроста’ (Бломкв.). Параўн. рус. скала́, ска́ла ‘тс’, разам з скала́ ‘каменная глыба’ звязваецца з ска́лить ‘трэскацца’, што да *skel‑/*skal‑, роднаснага літ. skélti ‘расколваць’, skalà ‘лучына, трэска’, лат. skals ‘тс’ (Фасмер, 3, 630), насуперак Тапарову (Балтийские яз., 46), які лічыць падмаск. скала́ ‘бяроста’ субстратным балтызмам. Гл. спецыяльна Анікім, Опыт, 278.

Скала́1 ‘каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.; ашм., Стан.), ‘вельмі цвёрдая гліністая глеба’ (Касп.; астрав., Ск. нар. мовы), ‘вапняк’ (Касп., Сл. ПЗБ), ‘камяністая глеба’ (ЛА, 2), ‘буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі’, ‘празрысты лёгкі мінерал, т. зв. “чортаў палец”’ (Яшк.), “скалою зовутся и кремень, и кремневые орудия каменного века — «перуновы стрелы»” (Рам. 5, 176), ‘выемка ў прырэчным камені’ (лях., Архіў БЭЛА), ст.-бел. скала ‘каменная гара’ (XVIII ст., Карскі 2-3, 459), укр. скала́ камень’, рус. скала́ ‘каменны ўцёс, каменная глыба’, ст-рус. скала ‘скала’, польск. skała ‘скала; камень’, старое ‘расколіна’, в.-луж., н.-луж. skała ‘скала’, чэш. skála ‘скала; камень’, славац. skala ‘камень’, славен. skála ‘скала’, ‘трэска’, балг. скала́ ‘камень’, макед. скала ‘каменны выступ’. Прасл. *skala. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skeliu, skelti ‘расколваць’, skílti, skįlù ‘трэскацца’, skalà ‘шчапа, лучына’, лат. skala ‘тс’, ст.-ісл. skilja ‘расчляняць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 545, Траўтман, 264. Усё да і.-е. кораня *(s)kel‑ ‘калоць, рэзаць’. Першаснае значэнне слова ‘востры камень, камень, які атрымаўся ў выніку расколвання ў адрозненне ад каменя ў глебе, рачной гальцы і да т. п. Борысь (550) *skala разглядае як дэрыват ад прасл. *skolili з рэгулярным падаўжэннем галоснага ў корані o → a, параўн. рус. дыял. осколить ‘абцясаць вакол, ачысціць’, якое далей да *(s)kel‑. Гл. яшчэ БЕР, 6, 718; Сной₂, 570 (*skala лічыць дэрыватам ад *skaliti, гл. скаліць).

Скала́2 ‘маланка’ (капатк., ДАБМ, камент., 901; малар., іван., лях., пін., стол., лун., мазыр., Архіў БЭЛА). Фармальна, як і скала1, да кораня *(s)kel‑, г. зн. ‘якая расколвае (неба)’. Але магчыма і непасрэдна звязаць гэтыя два значэнні праз фальклорна-міфалагічныя ўяўленні славян, паводле якіх скала ‘страла Перуна (каменная)’; такія скалы́, таксама як гром і маланка, адносіліся да арсенала Перуна (аб чым падрабязна Іванаў–Тапароў (Иссл., 85 і наст.), якія параўноўваюць з палескімі назвамі кавалкаў крэменю, якія знаходзяць на полі: перуно́выя стрэ́лы, перуно́ў па́лец. Скал(к)а ‘перуновая страла’ адпавядае хец. perun‑ ‘скала’ (= камень = пярун), гл. Іванаў–Тапароў, Бел. лекс., 59, што аспрэчваецца Страхавым (Palaeoslavica, 12, 2, 251) як занадта аддаленае.

Скала́3 ‘каляровае рэчыва чырвонага колеру ў гліне ў ганчароў’ (бабр., Нар. словатв.), скалі́стая гліна ‘гліна з такім рэчывам’ (там жа). Скала́ інакш называецца кра́сная іржа́ (там жа). Міхайлаў (вусн. паведамленне) адносіць слова да скала1, таму што гэта праслойка звычайна больш цвёрдая, чым гліна. Сюды ж, відаць, скала́ ‘вялікія плямы ржаўчыны на вадзе’ (ТС), гл. скалка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)