го́нар, ‑у, м.

1. Грамадская або маральная годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу. Выдатная праца — справа гонару кожнага грамадзяніна. □ Пераступіць граніцу са сцягам вызвалення ў руках, ці ж гэта не радасць, не гонар? Пальчэўскі. Але нідзе, Нідзе, мой дружа верны, Не спляміў я Наш гонар баявы. Кірэенка.

2. Павага, слава. Гонар пераможцам. □ — Як відаць, вы [Максім] багаты чалавек, — адказала гаспадыня, — такая акуратнасць робіць вам гонар. Машара.

3. Перавялічанае ўяўленне пра сваю годнасць; фанабэрыстасць, пыха. «О, чортаў шляхціц! — падумаў Якаў. — Столькі ў цябе гонару, што невядома, з якога боку прыступіцца...». Чарнышэвіч.

•••

Дошка гонару гл. дошка.

Збіць гонар гл. збіць.

Мець гонар гл. мець.

Робіць гонар гл. рабіць.

У гонар каго (высок.) — у знак павагі да каго‑н., ушанавання памяці аб кім‑н.

[Ад лац. honor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)