прабе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся; зак.

1. Прабегчы нямнога. Дагура ўскочыў, прабегся па палянцы. Асіпенка.

2. Зрабіць прабег пры ўзлёце ці пасадцы (аб самалёце).

3. Хутка пранесціся (пра вецер, святло і пад.). Раптам зашумеў вецер, прабегся верхавінамі кустоў, маланка асвятліла цемень неба. Сапрыка.

4. Тое, што і прабегчы (у 5, 6 знач.). [Хлапчук] артыстычна ўскінуў рукі і прабегся пальцамі па клавішах. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смаля́к, ‑а, м.

Смалісты кавалак дрэва. На агні яркім полымем гарэў смаляк, і ад гэтага за кругам святла цемень здавалася яшчэ больш густой. Краўчанка. У грубцы весела разгараліся смалякі, страляла іскрамі. Шамякін. А я яшчэ памятаю, калі людзі смалякамі ды лучынай асвятляліся. Сіняўскі. // толькі мн. (смалякі́, ‑оў). Насычаная смалой драўніна хваёвых парод, якая выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу каніфолі, шкіпінару і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увабра́цца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся; пр. увабраўся, ‑бралася; зак. (пераважна ў пр. часе).

1. Пранікнуць унутр чаго‑н., паглынуцца, уцягнуцца. Дзёгаць увабраўся ў юхтовыя боты.

2. Разм. Усяліцца куды‑н. [Соня:] — Праўда, пуста яшчэ ў нас — толькі ўвабраліся. Дадзіёмаў.

3. Разм. Забрацца, залезці куды‑н. [Адам] пайшоў назад у лес, увайшоў у самую цемень, увабраўся ў гушч[а]рню і лёг на зямлю. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

услу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Уважліва прыслухацца, стараючыся пачуць, зразумець што‑н. Насцярожанымі вачыма акінуў.. [Паніковіч] сход, прэзідыум і ўслухаўся ў гаворку прамоўцы. Быкаў. Генадзь услухаўся ў мелодыю, у словы песні і далучыўся да ўсяго спеўнага гурту. Сабаленка. Тады.. [Ірка] ўслухалася: нехта стукаў далёка ў лесе, і недзе рыпеў снег. Пташнікаў. Стаўшы пасярэдзіне гумна, яшчэ раз прагна ўслухалася [Аксіння] ў начную цемень, сілячыся ўлавіць, учуць след жывога чалавечага дыхання. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце; зак., што.

1. Пакрыць тканым узорам. Заткаць настольнік арнаментам. // перан. Заплесці, зацягнуць густой сеткай чаго‑н. Павук заткаў вугал павуцінай. // перан. Пакрыць сабой, схаваць пад сабой. Тонкія белыя воблачкі заткалі сонца і самі наскрозь пачырванелі. Хомчанка. Цягучая цемень ночы заткала месячык у небе. Нікановіч.

2. Паставіўшы кросны, крыху паткаць, праткаць вузкую палоску. Загнаць кросны.

3. у што. Увесці ткучы; уткаць. Заткаць чырвоную нітку ў бераг.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагро́злівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае пагрозу. Пагрозлівы выраз твару. Пагрозлівыя словы. □ Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны і пагрозлівы бацькаў позірк. Шамякін.

2. Які тоіць у сабе пагрозу. Толькі жоўтыя трасіры памчаліся ў невядомую, цяпер пагрозлівую цемень... Лупсякоў. З першых сваіх крокаў шахтапраходчыкі сустрэліся з вельмі пагрозлівымі з’явамі. Кулакоўскі. Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́гат, ‑у, М ‑гаце, м.

Гучны, нястрыманы смех. Ад рэчкі даносіўся вясёлы рогат. Мабыць, нягледзячы на цемень, салдаты купаліся. Навуменка. Андрэю завязалі вочы і далі ў рукі вялізарныя ножніцы, і ён пад гамерычны рогат моладзі пайшоў .. адрэзаць цукерак. Лобан. // Пра гукі, якія нагадваюць гучны смех. Пад Маладзечнам шмат лясоў: Там, у гушчары дрэў Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка.

•••

Пакаціцца (паехаць) ад (з) рогату гл. пакаціцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напаі́ць, ‑паю, ‑поіш, ‑поіць; зак., каго-што.

1. Даць напіцца, выпіць чаго‑н. Напаіць каня вадой. Напаіць гасцей чаем. □ [Жанчына] вельмі шпарка, вынесла малака, напаіла .. [раненых] і павяла кудысьці ў цемень поля. Чорны. І крынічка напаіла, Хлопцу сілы аднавіла. А. Александровіч.

2. Давесці да стану ап’янення. Напаіць гарэлкай. □ Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Якімовіч.

3. перан. Насыціць, напоўніць чым‑н. Напаіць стэп вадою. □ Дажджы над борам прагулі, Карэнні напаілі. Кляўко. Кволы, але непаўторны, .. [пах бэзу] напаіў паветра. Чарнышэвіч. Прыляцела вясна-чараўніца, Напаіла вадою крыніцы. Журба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашы́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Стаць больш шырокім; расшырыцца. Трэшчына пашырылася. □ Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі.

2. Павялічыцца ў колькасці, у аб’ёме. Былы Гальвасаўскі млын пашырыўся на чатыры колы. Чорны. // Стаць больш поўным, рознабаковым. У тэматычных адносінах круг творчасці Ул. Дубоўкі значна пашырыўся. Глебка.

3. Стаць вядомым многім, распаўсюдзіцца. Хутка слава пра Маніну градку пашырылася далёка за межы ўласнага агароду. Якімовіч.

4. Расшырыць кола свайго дзеяння, ахапіць сабой. Пакуль хвароба не пашырылася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. У новай пяцігодцы кінасетка Мінска пашырыцца. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарні́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чарніла. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Некаторыя з .. [выразаў] тут жа тлумачыліся, развіваліся на палях газеты дробнымі чарнільнымі надпісамі. Шамякін. // Прызначаны для чарніла. Чарнільны парашок. Чарнільны прыбор. // Такі, як у чарніла (пра колер). Змяркалася. Цемень змагалася з віднатою — неба налівалася сінім чарнільным колерам. Капыловіч. // Чорны, цёмны. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільнай навальнічнай цемры. Караткевіч. / у вобразным ужыв. Ды затапіла неба чырвань, Пабеглі цені па вадзе, І ноч ад нас чарнільнай шырмай Адгарадзіла светлы дзень. Сербантовіч.

•••

Чарнільны арэшак гл. арэшак.

Чарнільная душа гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)