ЗМРОК,
аптычная з’ява ў атмасферы перад узыходам і пасля заходу Сонца; паступовы пераход ад дзённага святла да начной цемры і наадварот. Суправаджаецца зарою. Працягласць З. залежыць ад геагр. шыраты месца: чым бліжэй да экватара, тым ён карацейшы; ад схілення Сонца: у аддаленых ад экватара зонах, дзе летам Сонца апускаецца пад гарызонт на невялікі вугал, вячэрні З. сутыкаецца з ранішнім і цемень зусім не настае (белыя ночы). Адрозніваюць З. грамадзянскі (сонца апускаецца пад гарызонт да 6°), навігацыйны (ад 6° да 12°) і астранамічны (ад 12° да 18°).
т. 7, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТА́МЕТР (ад грэч. pente + metron мера, стапа),
антычны вершаваны памер; пяцістопны дактыль, раздзелены цэзурай на 2 роўныя часткі. Схема (-◡◡-◡◡-//-◡◡-◡◡-). У 1-м радку стопы дактыля (-◡◡) могуць заменьвацца на стопы спандэя (-́-́), у 2-м не заменьваюцца. Выкарыстоўваўся толькі з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. У сілаба-танічным вершаскладанні пры перадачы П. рытмічна моцным складам адпавядаюць націскныя, рытмічна слабым — ненаціскныя. П. сустракаецца ў творах А.Пушкіна, Лесі Украінкі. У бел. паэзію П. увёў М.Багдановіч (цыкл «Пентаметры»):
З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.
(2-і і 4-ы радкі — П.).
В.П.Рагойша.
т. 12, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)