Прахало́да ’свежасць паветра’, про́халадзь ’халадок, умераны холад’ (ТСБМ). Укр. прохоло́да, рус. прохла́да ’тс’ (< ц.-слав. прохладъ ’прахалода, свежасць’; гл. Фасмер, 3, 385). Дэрыват з суф. ‑а ад прахалодаць ’астыць’, параўн. укр. прохолодати. Далей да холад, параўн. ахало́на (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
асвяжа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прыносіць, дае асвяжэнне. Удзень.. [мянтуз], як правіла, спіць дзе-небудзь у нары пад берагам, пад карчамі і каменнямі, дзе нават у самы поўдзень стаіць паўзмрок і такі прыемны для яго асвяжальны халадок. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надрэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, размяшчаецца каля ракі. Надрэчны бор. Надрэчны бульвар. □ Сцежка ў вёску бяжыць, пятляе паміж надрэчных кустоў. Брыль. // Які жыве каля ракі. Надрэчныя жыхары выбіраліся з сваіх кватэр на больш высокія месцы. Шахавец. // Які бывае над ракой. Надрэчны халадок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пале́гчаць, ‑ае; зак.
Разм. Тое, што і палягчэць. За год каса нібы высахла, палегчала. Карпюк. Цяпер шашу з двух бакоў абступаў лес. На дарозе быў халадок, і Раі палегчала. Арабей. Хочацца піць. Каўтнеш глыток-другі вады з пляшкі — палегчае, але потым — зноў смага. Каршукоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прахало́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Свежасць паветра, якая выклікае прыемнае адчуванне (звычайна пасля гарачыні). У вартоўню хлынуў гулкі звон дажджу, дыхнула прахалодай і здаровай лёгкасцю. Адамчык. Пасля гарачага пяску і пылу дарогі нагам прыемна было чуць гладкі і цвёрды, як лёд, халадок току, свежую, прапахлую зямлёю і збажыною, прахалоду гумна. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цянёк, ‑ньку, м.
Зацененае, халаднаватае месца; халадок. Ляжала ў цяньку дварняжка і цікавала вачыма за спакойнымі рухамі дзеда. Лынькоў. Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі; Бруіліся ў цяньку іх хвалі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падшэ́рхнуць, ‑не; пр. падшэрх, ‑ла; зак.
Разм. Падсохнуць крыху ад марозу. [Параска:] — Я садамі ішла. Па садах сушэй. Ужо трохі зямля падшэрхла. Лобан. «Пад раніцу падшэрхла зямля». І слова гэтае «падшэрхла».. так перадае адчуванне, што нават і бачыш гэты маленькі марозік, і чуеш ранішні халадок. Скрыган. / у безас. ужыв. На вуліцы падшэрхла нанач, і.. боты месцамі грукалі па голай зямлі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Асаве́ц 1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.
Асаве́ц 2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
расцячы́ся, ‑чэцца; зак.
1. Пацячы ў розных кірунках па якой‑н. паверхні. Малако расцяклося па стале. □ Разгаліняцца раўчукі, Расцякуцца на спелыя грады. Камейша.
2. перан. Павольна распаўсюдзіцца дзе‑н., па чым‑н.; расплысціся. Прыемны пах расцёкся па кватэры. □ Па целу расцёкся неспакойны халадок, ахапіла прадчуванне блізкай небяспекі. Мележ. // Разысціся ў розныя бакі, падзяліўшыся на асобныя патокі. Па вузенькіх дарогах .. [сасновага] бору расцяклася дывізія. Шашкоў. Потым натоўп, як рака па рукавах, расцёкся па дарожках. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прані́злівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які рэзка гучыць, рэжа слых. Крык быў поўны такога адчаю і быў такі пранізлівы, што ўсе, хто сядзеў поплеч, мімаволі ўвабралі галовы ў плечы. Лынькоў. Раптам цішыню парушыў пранізлівы званок з пярэдняга пакоя. Рамановіч.
2. Вельмі моцны, рэзкі, які наскрозь пранізвае (пра холад, вецер, боль і пад.). Дзьмуў халодны, пранізлівы вецер. Асіпенка. Цемра пагусцела, і халадок з ракі стаў пранізлівы. Хадкевіч.
3. Востры, пільны (зрок, погляд і пад.). Саўку было нават трохі няёмка пад такім пранізлівым позіркам Цімохавых вачэй. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)