тлу́сты, -ая, -ае.

1. Які ўтрымлівае ў сабе шмат тлушчу.

Тлустая свініна.

2. Тоўсты, укормлены, сыты.

Тлустая індычка.

Т. карп.

3. Які атрымаўся ад тлушчу.

Тлустая пляма.

4. перан. Насычаны карыснымі рэчывамі.

Т. чарназём.

5. Тоўсты, з тоўстымі лініямі (пра лініі, друкарскія знакі, літары і пад.).

Т. шрыфт.

|| наз. тлу́стасць, -і, ж. (у 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сы́ты, -ая, -ае.

1. Які наеўся, не адчувае голаду; які поўнасцю здаволіўся.

С. (наз.) галоднаму не спагадае (прыказка). Сытае дзіця.

2. Тлусты, укормлены.

С. вяпрук.

3. Які ўтрымлівае шмат тлушчу.

Сытае мяса.

4. перан. Які жыве ў дастатку, у раскошы; заможны, багаты (разм.).

Сытыя дзялкі.

Сытае жыццё.

Сыты па горла (разм., неадабр.) — з лішкам, дастаткова каму-н. чаго-н.

|| наз. сы́тасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тлу́сты ’з вялікай колькасцю тлушчу’, ’тоўсты, укормлены, сыты’, (ТСБМ, Нас., Яруш., Шымк. Собр., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, Вруб., ТС, ЛА, 4), клу́сты, клу́скі ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), клусты́, клу́скі ’тс’ (Ласт.), клу́сный ’тс’ (Бяльк.), ст.-бел. тлустый ’тлусты’ (пач. XVI ст., КГС). Запазычанне з польск. tlustý ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ ’тлусты, тоўсты’ (Брукнер, 572; Борысь, 636). Варыянтнасць пачатку слова (тл‑, кл‑, пл‑) разглядаецца як вынік распадабнення (Сцяц. Нар., 61), якое назіраецца яшчэ ў польскай мове (Векслер, Гіст. 102). Гл. тоўсты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сыты, тлусты, укормлены, адкормлены, раскормлены; поўны, распаўнелы, паўнацелы, пухлы, гладкі, круглы (разм.) □ у целе, аж блішчыць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Ту́чны ‘тлусты’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал., Сцяшк. Сл.), ‘сыты, укормлены’, ‘угноены, добра апрацаваны (грунт)’ (Варл.), ‘вельмі сыты, з тлустасцю’ (Юрч. Сін.); памянш. ту́чненькі ‘тс’ (Ласт.), ту́чнае, тучно́е, туча́нае ‘топкае (сала)’ (Мат. Гом.; бялын., Янк. Мат., ЛА, 4), ту́шны ‘пажыўны’ (паўн.-усх., КЭС), ст.-бел. тучный ‘сыты, тлусты’. Параўн. укр. ту́чный ‘тлусты’, рус. ту́чный ‘тс’, польск. tuczny ‘ўкормлены, тлусты’, ‘пажыўны, сытны’, чэш., славац. tučný ‘тлусты, адкормлены, тоўсты’, в.-луж. tučny, н.-луж. tucny ‘тс’, славен. дыял. tučen ‘тс’, харв. tȕčan ‘адкормлены, цяжкі’, балг. ту́чен ‘тлусты, адкормлены’, ‘буйны, сакавіты (пра траву)’, макед. тучен ‘тлусты’, ‘пладародны’, ст.-слав. тоучьнъ ‘тс’. Прасл. *tučьnъ утворана ад *tukъ (гл. тук1) + ьnъ > *tukьnъ (сляды яшчэ ў стараж.-рус. тукьный) ‘тлусты, тоўсты, урадлівы’ (Цыганенка, 494; Шустар-Шэўц, 1556; Арол, 4, 123), параўн. літ. taũkinas ‘замазаны тлушчам, засалены’, лат. tàuks ‘тлусты, адкормлены’ і інш. Паводле Борыся (652), утворана ад *tučiti, гл. наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лут1, луток ’маладая ліпа, сук з ліпы, парастак, лазовы дубец, з якіх можна зняць кару на лыкі’, лу́цік, лу́цце ’скрутак лыка’, ’маладыя тонкія ліпы’, ’кара ліпы’ (Сержп. Грам., Нас., Нік. Очерки, Мікуц., Мядзв., Маш., Янк. БП, Шат., Шн. 1, Шн. 2, Дразд., Гарэц., Бяльк., Касп., Сцяшк. Сл., Шатал., Дэмб. 2, Янк. 1, ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; КЭС, лаг.; рэч., Нар. сл.; маз., З нар. сл.), тураў. лут і «гіперправільнае» лыт (у гэтых гаворках звычайна ы > у: мы́ла > му́ло) ’тс’ (ТС), луце́ц ’закручаны лут’ (КЭС, лаг.), лях. луток, лу́цік, віл. луце́ц ’ручка ў касе’ (Сл. ПЗБ). Укр. лут, лу́ття́ ’луцце’, закарп. лути́на ’дубец’, рус. лут, луть ’лыка, кара ліпы’, лута́ ’ліпа’, лутьё ’маладыя ліпкі’, польск. łęt ’дубец’, łęty, каш. łęta, łątë ’бульбоўнік’, славін. łąt ’кій’, мар. lut ’лыка’, loutka, серб.-харв. lȕtka ’лялька’. Прасл. паўн. lǫtъ, lǫta ’лыка’, ’маладая ліпа’ (Слаўскі, 5, 116–117; Фасмер, 2, 536; Урбуціс, Etiudai, 15), роднаснымі да якіх з’яўляюцца літ. lánta ’венік для лазні’, lentà ’дошка (спачатку ліпавая)’, ст.-в.-ням. linta, linda ’ліпа’, новав.-ням. lind ’лыка’, лац. lentus ’гнуткі, павольны’, алб. landë, lëndë ’лес — будаўнічы матэрыял’. Сюды ж лутовы ’лыкавы’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Гл. яшчэ луці́ца.

Лут2, лу́цік, лу́тка, лу́ткі ’вушак, бакавы стаяк асады дзвярэй і акон’ (Касп., Бяльк., Растарг., Мядзв., Нар. Гом., Юрч. Вытв., Мат. Гом., Мат. Маг.; рас., талач., Шатал.), ’шырокая дошка ў ніжняй частцы аконнага праёма’ (Яшкін, Бел. лекс., 166). Укр. лу́тка, рус. бран., смал., кур., калуж. лу́тка ’вяршнік’, ’бакавая частка шуфляды акна’. Да лут1. Утварылася ў выніку пераносу значэння ’лут’ > ’друк’ > ’дошка’ > ’стаяк асады, вяршнік’ (параўн. паморск. łąt ’кій, друк’, літ. lentà ’дошка’. Гл. таксама луці́ца.

Лут3укормлены, але не тлусты чалавек’ (полац., Нар. лекс.), як лу́т ’тоўсты, укормлены’ (пух., Сл. ПЗБ; Ян.), ’гультай, лежань’ (Дразд., Гарэц., ТС), луця́ро ’тс’ (ТС), мазыр. лу́цік ’добра дагледжанае парася’, лу́тковуй ’тлусты’ (З нар. сл.); укр. харк. луца́к, луца́н ’таўстатвары чалавек’. Балтызм. Параўн. літ. lùtis ’тоўсты, на кароткіх нагах’, ’няўклюда’, паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 2, 690), яшчэ і ’ўкормлены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тлу́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае шмат тлушчу. Тлустая свініна. □ Зямлянка напоўнілася смачным пахам тлустага баршчу. Шамякін. Магчыма нават, разважаў дзед,.. [Белалобая] таму і дае так многа тлустага малака, што ходзіць асобна, выбірае лепшую траву. Шуцько. // Які атрымаўся ад тлушчу. Тлустая пляма.

2. Тоўсты, укормлены, сыты. Наперад праціснулася Тэкля .. Яе тлусты падбародак затросся. П. Ткачоў. Ля Колі Жураўскага ляжаў добры тузін тлустых акунёў. Курто. Заяц тлусты, але паляжаў цэлы дзень і скура не адстае. Жычка. // Сакавіты, мясісты (пра расліны). Грыбоў — хоць касой насі: на імшарынах — махавікі, .. ваўнянкі і сыраежкі.. А яшчэ лісічкі-драбнухі, а тлустыя казлякі, а яркія падасінавікі на крэпкіх ножках! Лось.

3. перан. Насычаны карыснымі рэчывамі. Запраўленае ў тлустую і пульхную глебу насенне хутка і дружна прарасло. Паслядовіч. / Пра голас. Галасок Зэліка не [гарманіраваў] з яго .. магутнай фігурай. Такі чалавек павінен быў, здаецца, гаварыць тлустым, грудным басам. Бядуля.

4. Тоўсты, з тоўстымі лініямі (пра лініі, друкарскія знакі, літары і пад.). А адну заметку з «Звязды» ўпрыгожвалі нават не рыскі, а тлусты клічнік. Мехаў. «У палоне навуковасці», — прачытаў .. [Рыгор] набраны тлустым шрыфтам загаловак артыкула. Арабей.

•••

Тлусты кусок (кавалак) — тое, што і смачны кусок (кавалак) гл. кусок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сы́ты ’які не адчувае голаду’, ’укормлены, тлусты’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ’негалодны’ (Байк. і Некр.), ’тлусты, адкормлены’ (Касп., Пятк. 2, Мат. Гом., Нар. лекс., Сл. Брэс., Сцяшк., З нар. сл.), ’гладкі, тлусты’ (Жыв. НС), сы́тны ’сыты’ (ТС), сыць ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’сытасць; укормленасць’ (Нас., Бяльк.), сы́ціць ’карміць, насычаць’. Укр. си́тий, рус. сы́тый, стараж.-рус. сы́тъ(и), польск. syty, в.-луж., н.-луж. syty, чэш. sytý, славен. sýty, серб.-харв. си̏т, славен. sit, балг., макед. сит ’тс’, ст.-слав. сытъ ’сыты’. Прасл. *sytъ, відаць, роднаснае літ. sótus ’сыты, багаты, сытны’, лат. sats ’сытны’, ст.-прус. sātuinei ’насычаеш’, лац. satis ’досыць’, гоц. sōpa ’сыты’, ст.-в.-ням. sat ’сыты’, грэч. άατος ’ненасытны’ (Траўтман, 250; Мюленбах-Эндзелін, 3, 809; Вальдэ-Гофман, 2, 481; Покарны, 876), аднак пры гэтым цяжка патлумачыць адрозненні ў вакалізме. Іншыя даследчыкі ў сувязі з гэтым збліжаюць *sytъ са ст.-інд. çávas ’сіла, моц’, авест. sava‑ ’тс’, сюды ж ст.-інд. çū́ras ’моцны’, авест. sura‑ ’тс’, грэч. κυρος ’сіла, моц’ (Зубаты, LF, 28, 89; Фрэнкель, JF, 50, 7 і наст.). Борысь (590) узводзіць да дзеепрыметніка і.-е. *sū‑to‑ ’напоўнены, поўны’, што да і.-е. *seu̯‑ ’напаўняцца’, параўн. хец. sumai ’напаўняе’, гл. таксама Бязлай, 3, 238–239. Абмеркаванне іншых версій гл. Фасмер, 3, 821; ЕСУМ, 5, 245; Глухак, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які поўнасцю здаволіўся; які не адчувае голаду. — Цяжка табе, — паспачуваў Чыжык. — А ты цяпер займіся рыбалкай. Сам будзеш сыты і цётцы што-небудзь дасі. Няхай. — Еш сам, — засмяяўся марак. — А то не вырасцеш. [Сцёпка:] — Я сыты, не хачу. Хомчанка. / у знач. наз. сы́ты, ‑ага, м.; сы́тая, ‑ай, ж. Галодных сыты зразумець не можа, пакуль самога лёс не патрывожыць. Дубоўка. Сытаму сала не сніцца. Прымаўка. // Уласцівы чалавеку, жывёле, якія добра наеліся. Вахман заліўся сытым рогатам. Брыль. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў, І пасечнікаў (рыжыя барады, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка. Далёкі помню дзень: у лесе сыты крык драздоў, стагі ў лугах. Вялюгін. // перан. Поўнасцю, цалкам задаволены чым‑н. І цэлы дзень тады Шчасцем быў ён [Янка] сыт. Бядуля. А лепей не трывожыць успаміны, На ўсё жыццё ў нас кожны імі сыт. Пысін.

2. Разм. Укормлены, тлусты. Ад’еўшыся за лета, .. [дзікі] сытыя, сала бывае на мужчынскую дал[онь]. Пташнікаў. // Які належыць добра ўкормленаму чалавеку, жывёле. Гарадавы нездаволена скрывіўся і адышоўся ўбок, пакручваючы доўгі светлы вус на тоўстым сытым твары. Якімовіч.

3. перан. Разм. Які жыве ў дастатку, у раскошы. І стварылася ўражанне, што ўсе гэтыя сытыя і задаволеныя людзі [афіцыйнай Амерыкі] толькі і думаюць, каб мы яшчэ і яшчэ цешыліся крывавым феерверкам вайны. Лынькоў. // Заможны, багаты (пра жыццё). Але што значыць для такога чалавека [здрадніка] ўдзячнасць, калі ёсць больш моцныя магніты для яго — сытае жыццё? Мікуліч.

4. Багаты на яду, харчовыя прадукты. Купіў [дзед Малах] на марскім беразе домік, сабраўся дажываць век, ды сталася з чалавекам дзіва: усё кінуў у тым прыгожым і сытым краі, паміраць прыехаў у родную вёску. Карамазаў.

5. Разм. Сытны. Пасля сытай вячэры і самакрутак з духмянай махоркі дарэчы было б расцягнуцца .. і супачыць. Брыль. Застаўляе [пан Патоцкі] стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. / Пра пах, пару ад яды і пад. У млявым вячэрнім паветры стаяў сыты пах свежага малака. Самуйлёнак.

6. Які мае ў сабе шмат тлушчу. Сытае мяса.

•••

Сыты па горла — з лішкам, дастаткова каму‑н. чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)