*Каката́ць, какыта́ць ’сакатаць’ (Бяльк.). У якасці адпаведнікаў можна прывесці ўкр. кокотіти ’лепятаць, балбатаць’, верагодна, рус. ярасл., наўг. кокотать ’сакатаць’, польск. kokotać ’пра голас фазана ў час гульні (паляўнічы тэрмін)’, в.-луж. kokotać ’сакатаць’, н.-луж. kokotaś ’сакатаць і інш.’, славен. kokotáti ’тс’, серб.-харв. коко̀тати ’тс’, балг. дыял. кокоча ’выдаваць голасам ко‑ко’. Ёсць і формы з іншым суфіксам: польск. дыял. koktati, чэш. kokiati і наогул без суфікса: польск. і інш. kokać у розных блізкіх значэннях. Паралелі да бел. лексемы быццам бы дазваляюць рэканструяваць праслав. kokotati, аднак спосаб утварэння слова не вельмі ясны. Слаўскі (2, 332) мяркуе, што ад kokać (< *kokati, якое ад гукапераймальнага koko) з пашырэннем суфіксаў ‑ot‑: ‑ъt‑ або, магчыма, ад асновы kok‑ з тыповай для гукапераймальных дзеясловаў структурай ‑ъt‑ati, ‑ot‑ati. Параўн. і кокат (гл.). Да адзначанага польск. слова параўн. і літ. дыял. kakóti (пра пеўня).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казёнка1 ’невялікая кадушка, па форме (часцей) — усечаны конус’, аб’ём — на пуд-два збажыны, з адным ці двума вушкамі; карыстаюцца, калі перасыпаюць, пераносяць збажыну’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, як і казёнка ’сякера, шуфлік’ да казённы. Не выключана, што тут выпадак іншага роду. Рус. гаворкі ведаюць слова казёнка ў розных значэннях. Галоўныя з іх: ’шафа, камора, склеп, памост, ляжанка каля печы, адгароджаная частка хаты, лавачка і інш.’. Звяртаюць на сябе ўвагу такія дэфініцыі, як наўг. ’лаўка каля печкі ў выглядзе скрынкі’, ніжнегар. ’закрытая лаўка як разнавіднасць скрыні каля ўвахода ў хату’, па якіх можна меркаваць, што натуральнае значэнне ’ёмішча’ магло пашырыцца такім чынам, што казёнкамі называлі розныя канструкцыі з дрэва для захоўвання прадуктаў. З апісання рэаліі відаць яе дапаможнае прызначэнне; магчыма, гэта і не перанос з казёнка ’емішча’, а назва на сумежнасці, функцыянальнай сувязі з казёнкай ’каморай’. Пярэчыць гэтаму той факт, што само бел. казёнка ў значэннях, адэкватных прыведзеным вышэй рус., не фіксуецца і толькі некаторыя з іх (’лавачка’, ’кухня’, ’ляжанка’) ведаюць гаворкі, суседнія з беларускімі.

Казёнка2 ’сякера заводскага выпуску’ (Жд. 3; Янк. 2), ’шуфлік’ (Мат. Гом.). Утворана аналагічна рус. курск. казёнка ’казённая кватэра’ з выразаў казённая сякера і г. д. Семантычны кандэнсат з тыповай ‑к‑ суфіксацыяй. Параўн.: наступнае слова. Паколькі адпаведнікі не адшукваюцца, можна лічыць параўнальна познімі рэгіянальнымі дэрыватамі, што выцякае і з характару рэаліі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пругло́1 ’дужка паміж ручкамі ў папярочнай піле’, ’прыстасаванне для лоўлі дзікіх качак’ (ТС), рус. пругло́ ’сілок, пятля, пастка для птушак’, ст.-рус. пругло ’цянёты, сетка, пастка’, чэш. pruhlo ’сіло’, в.-луж. prudło, н.-луж. pšudło, славен. prógla, серб.-харв. пру́гло ’тс’, балг. прегло ’пастка для птушак’. Прасл. *prǫglo, паводле Слаўскага (SP, 1, 104), утворана ад дзеяслова *pręgǫ, prękti ’напружваць’ з інструментальным суфіксам ‑lo. Першаснае значэнне, відаць, ’наведзенае, нагнутае дрэўца, да якога прымацавала пятля, сіло’, параўн. Махэк₂, 488 і апісанне пругла ў ТС, 4, 233: “Як толькі качар праплываў праз уваход, ён чапляўся за наведзенае пругло. Яно паднімалася і зацягвала пятлю на шыі ў качара. Качар павісаў”. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1975, 31, якая ў якасці паралеляў прыводзіць нова-в.-ням. Sprigel, sprügel, sprugel, sprogel ’пругкая дужка, сілок’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло’. Параўн. Фасмер, 3, 388; БЕР, 5, 631; Шустар-Шэўц, 2, 1163; далей гл. пруг, пругкі.

Пругло́2 ’калодзежны журавель’ (ТСБМ, Янк. 1, Янк. 2, Бір.), ’вочап’ (слуц., Нар. словатв.), ’бервяно-рычаг калодзежнага жураўля’ (чырв., З нар. сл.), ’палка, якой замыкаюць кубел’ (Варл.). Паводле ДАБМ (к. 243), слова ў значэннях ’вага’ і ’журавель’ распаўсюджана на Случчыне, а на астатняй беларускай тэрыторыі — спарадычна. Польск. prągło і роднасныя ў аналагічных значэннях вядомы ў Вялікапольшчы, Сілезіі і на Веліньску (Ляшчынскі, RS, 31, 1, 30). Асноўнае значэнне разглядаемага слова ’бервяно; палка’ і тэрыторыя яго пашырэння наводзяць на думку аб запазычанні. Параўн. бел. пруглічка, якое Лаўчутэ (Балтизмы, 126) параўноўвае з літ. bruklýs (з менай ‑p‑/‑b‑, тыповай для балтыйскіх моў) ’тоўстая палка, адрэзак дрэва’, лат. sprũngulis ’маленькі круглы адрэзак дрэва; палка, пень’. Не выключаным застаецца і лакальнае семантычнае развіццё слав. *prǫglo ’пастка’, параўн. дэфініцыю рус. пругло́ ў Даля: ’усякая трымалка; падпорка; рычаг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Какалю́ка ’кій з самаробнай папярочкай’ (Дразд.). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Бел. слова знаходзіцца ў празрыстай сувязі з клюка ’тс’, параўн. рус., укр. клюка ’тс’ прасл.: в.-луж. kluka ’крук’, серб.-харв. кљу̏ка ’крук і інш.’ і г. д. Галосны ‑а‑ ў другім складзе ў выніку праяснення прыгуку (у форме каклюка) або, што не выключана, указвае на ўплыў іншай лексемы (тыпу какоўка ’папярочка’). Аналагічнае рус. пск. коколячка ’драўляны цвік, на які вешаюць умывальнік’, аднак відавочна, што калі галосны ‑(j)а‑ тут быў і ў зыходнай лексеме, генезіс яго іншы. Можна думаць, колячка адпавядае таксама пск. колка ’драўляны цвік, на які вешаюць шапкі, рушнікі і да т. п.’, дэмінутыў ад кол, параўн. бран., смал., кур. і інш. колок ’драўляны цвік у якасці вешалкі’. Калі гэта так, пск. слова ўтворана хутчэй за ўсё рэдуплікацыяй першага складу.’ Верагодна думаць і пра архетып кляч‑ (кокляч‑), параўн. кастр. клячик ’маленькі клін, драўляны гваздок’, ярасл. ’драўляная палачка, на якой вісіць аўчына, калі яе мнуць’. Пры такім тлумачэнні і бел. і пск. словы, як аналагічныя па ўтварэнню (коклюка, коклячка), можна параўнаць з рус. коклюха ’палка, дубінка’, коклюшка (паўдн.-урал.) ’папярочка ў лапаце’, аднак, рус. паралель патрабуе агаворкі. Па сутнасці, толькі адзінкавыя значэнні рус. коклюха (форма наогул рэдкая), коклюшка суадносяцца з семемамі, адзначанымі ў клюка, клюшка. Параўн. коклюшка ’палкі; рукаятка, верхні канец якой зроблены шыйкай з перахватам; верацяно з пражай; цэўка ў кроснах; карункі; вузел, якім сцягваецца пасярэдзіне перавясла і да т. п.’ і клюка, клюха ’дарожная палка, посах; качарга, крук; палка з загнутым канцом і інш.’, ключка ’невялікая палка або мыліца з загнутым верхнім канцом’, клюшка ’палка з загнутым канцом; качарга; драўляныя жэрдкі з загнутымі канцамі, якія падтрымліваюць латок у даху; дзерава, вырубленае з коранем і інш.’, гл. падрабязней СРНГ, 14, 88–89; 13, 319–320, 326–327. Падобныя недакладнасці вымушаюць сумнявацца ў прапанаваным яшчэ Мацэнаўэрам чляненні ко‑клюха, аднак і для версіі кокл‑юва за адзінкавымі прыкладамі (параўн. астрах. кокляк ’камень, кусок дрэва, качарга і да т. п. на дне рэчкі, за якія можа зачапіцца вудачка’) нельга знайсці падтрымку. Старыя параўнанні Праабражэнскага, 1, 331, з літ. kãklas ’шыя’, грэч. κύκλος ’круг, калясо’ ўяўляюцца таксама мала верагоднымі. Да бел. і пск. слоў яўна далучаецца і алан., арханг. коклёвка, коллевка (апошняя форма не вельмі надзейная, гл. СРНГ, 14, 88) ’палка з крывым верхнім канцом для апоры; кульба (звычайна ў старцаў), аднак нельга не адзначыць, што і тут вычляненне другой часткі слаба пацвярджаецца семантычна, — рус. калуж., пск. клёвка ’матыга, молат’, іншыя варыянты толькі ўскосна дазваляюць меркаваць аб сувязі гэтых слоў і вычлененай часткі клевка. Апрача гэтага, не вельмі ясна і з’яўленне ко‑ ў разгдядаемых словах, паколькі ўмоў для рэдуплікацыі быццам бы няма. Таму тут нельга выключыць уплыў лексікі з блізкай семантыкай, у структуры якіх аналагічная першая частка (ко‑) з’яўляецца заканамернай. Фасмер (2, 282) меркаваў аб прэфіксе ко‑ ў адносінах да рус. коклюха, але як у тым выпадку, так і ў дачыненні да бел. слова такую версію нельга прыняць, паколькі гэта лексіка не з’яўляецца тыповай у шэрагу ўтварэнняў з такім суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)